Намеснік начальніка па вытворчасці цэха пластмасавых вырабаў райаграпрамтэхнікі Таццяна ЖУК прыйшла на прадпрыемства па волі лёсу: пасля заканчэння школы не паступіла, а дарослае жыццё пачынаць трэба было. Маладую дзяўчыну ўзялі ліцейшчыцай – ні пра саму работу, ні пра спецыяльнасць не ведала нічога. Аднак справа спадабалася, і ўжо праз год Таццяна Міхайлаўна зразумела – трэба павышаць прафесійны ўзровень: паступіла ў тэхналагічны ўніверсітэт на хіміка-інжынера-тэхнолага па вытворчасці і перапрацоўцы пластмасавых вырабаў.
Кіраўніцтва заўважыла яе мэтанакіраванасць, настойлівасць, арганізатарскія здольнасці, высокую працаздольнасць. Вынікам гэтага стаў паступовы кар’ерны рост. І ўжо на сёння Таццяна Жук да драбніц ведае ўвесь тэхналагічны працэс. На вытворчасці заняты 89 чалавек, з іх – 72 рабочыя. За мінулы год выручка ад рэалізацыі прадукцыі па цэху пластамасавых вырабаў склала 5918,4 тысячы рублёў, тэмп росту да мінулагодняга ўзроўню – 114 працэнтаў. Атрыманы прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі – 61,1 тысячы рублёў.
– Зараз у мае абавязкі ўваходзіць забеспячэнне вытворчасці ўсім неабходным, асабліва сыравінай, – расказвае Таццяна Міхайлаўна. – Мы падаём заяўкі камплетуючых у аддзел матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння прадпрыемства, некаторыя заказы робім самі, стараемся распрацаваць і ўкараніць новыя віды прадукцыі. Штодзённая праца прыносіць задавальненне: падабраўся харошы, дружны калектыў. Хаця, прызнаюся, кіраваць жанчыне няпроста: розныя сітуацыі бываюць, і да кожнага чалавека трэба знасці падыход. Радуе, што работнікі разумеюць мяне і падтрымліваюць.