Общество

Вопытны вадзіцель Павел Станкевич больш за 40 гадоў за рулём

Вадзіцель аўтамабіля 5 разраду аўтамабільнага парка № 14 Павел СТАНКЕВІЧ названы лепшым работнікам транспартных паслуг.

Сваю працоўную вадзіцельскую дзейнасць Павел Сямёнавіч пачынаў менавіта ў гэтым калектыве ў 1982 годзе. Але, адрабіўшы два гады, перайшоў у райсельгасхімію, дзе адпрацаваў тры дзясяткі гадоў, палову з якіх кіраваў аўтобусам. І сёння ўзгадваецца яго заўсёды дагледжаны, акуратны, чысты і бліскучы, як з салона, “ЛАЗ”. Усе яго “сабраты” з-за зношанасці і тэрміну эксплуатацыі даўно сышлі з лінейкі паслуг, а ён, нібы напамін пра савецкія часы, доўга яшчэ калясіў па дарогах.

Пасля скасавання арганізацыі вопытны вадзіцель ізноў вярнуўся ў родны аўтапарк, дзе сеў за руль грузавой машыны. І тут яго тэхніка, як кажуць у народзе, як цацка. За добрасумленную працу ў 2020 годзе Павел Станкевіч быў занесены на Дошку гонару прадпрыемства, неаднаразова заахвочваўся за працоўныя поспехі.

 Па жыцці Павел Сямёнавіч – вельмі сціплы, стрыманы, добразычлівы чалавек, умее падтрымаць, заўсёды прыйдзе на дапамогу. Прымае актыўны ўдзел у вырашэнні пытанняў, што тычацца гаспадарчай дзейнасці аўтапарка. Бацькоўскімі сцежкамі пайшоў і яго сын Дзяніс, які таксама працуе тут: ён працягвае сямейную дынастыю і такі ж акуратны, старанны і працавіты.