Героі класічнай камедыі зноў загаварылі са сцэны – з гумарам, запалам і па-беларуску. 24 кастрычніка ў Валожынскім раённым цэнтры культуры адбыўся І раённы фестываль-конкурс выканаўчага майстэрства «Пінская шляхта: сустрэча праз час», прысвечаны 160-годдзю выхаду ў свет знакамітай камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Для Валожыншчыны гэта асаблівая нагода: з нашай зямлёй звязаны жыццё і творчы шлях пісьменніка. Таму сустрэча з героямі «Пінскай шляхты» стала не толькі конкурснай праграмай, але і напамінам пра багатую культурную спадчыну роднага краю.
Пры ўваходзе ў цэнтр культуры адразу адчувалася асаблівая, шляхецкая атмасфера, якую стварыў народны калектыў «Скарбніца». Госці раённага фестывалю з першых крокаў траплялі ў мінулае.
Адмысловы вайб і настрой задавала інтэрактыўная выстава «Шляхецкі куток». Гэта была не проста экспазіцыя, а сапраўдная прастора для культурнага пагружэння, дзе кожны жадаючы мог дакрануцца да гісторыі: патрымаць у руках аўтэнтычныя рэчы XVIII стагоддзя і адчуць дух той эпохі, зрабіць памятны здымак, прысеўшы на стылізаваную лаўку шляхецкай хаты.
На сцэне суседнічалі паэтычнае словы і тэатральная гульня. Чатыры ўдзельнікі выступілі ў намінацыі мастацкага чытання, а тры калектывы прадставілі сцэны з камедыі. Кожнаму трэба было адчуць думку аўтара, перадаць характар героя і знайсці ў класічным творы тое, што застаецца блізкім сучаснаму гледачу.


У намінацыі «Мастацкае чытанне» першае месца заняла Ганна Шамагонава, другое – Арцемій Трус.


Яны – выхаванцы гуртка паэтычнага майстэрства «Летуценнік», які працуе пры Валожынскім раённым цэнтры культуры.

Спецыяльны дыплом за лепшы аўтарскі твор пра Валожынскі край і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча атрымала ўдзельніца народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства «Рунь» Марыя Мучынская.

Тэатральную праграму распачалі вучні сярэдняй школы № 1 г. Валожына. Анастасія Лебядзевіч і Ілья Малевіч увасобілі сустрэчу Марысі і Грышкі – маладых герояў, чыё пачуццё мусіць вытрымаць не адно выпрабаванне.


У сцэне былі і пяшчота, і хваляванне, і лёгкі камедыйны настрой. Выступленне атрымала дыплом І ступені, а Анастасія Лебядзевіч – яшчэ спецыяльны дыплом за лепшую жаночую ролю. Да выступлення юныя артысты рыхтаваліся пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алы Бітэль.


Сваё бачанне камедыі прадставілі вучні сярэдняй школы № 2. Яўген Кабушка і Аляксандра Богдан паказалі сцэну пра пана Куторгу і Марысю. Калектыў быў адзначаны дыпломам ІІ ступені.

Да выступлення дзяцей падрыхтавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Паплаўская.
Удзел школьнікаў у такіх конкурсах мае асаблівую каштоўнасць. Праз ролю, верш і выступленне перад гледачамі дзеці не проста знаёмяцца з беларускай класікай – яны пачынаюць адчуваць яе, вучацца выразна выказваць думкі, слухаць партнёра і адказваць за агульную працу. А за кожным упэўненым выхадам на сцэну стаяць час, цярпенне і вера настаўніка ў сваіх вучняў.



Маштабным акордам праграмы стала выступленне Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Артысты падрыхтавалі ўрывак з некалькіх дзеяў камедыі. Яркія характары, шляхецкія спрэчкі і народны гумар ажылі ў суправаджэнні аўтэнтычнай музыкі і песень.

Выступленне прынесла калектыву Гран-пры. Уладзімір Васільеў атрымаў дыплом за лепшую мужчынскую ролю, а Хрысціна Лямбовіч – за лепшую рэжысёрскую работу.

Калектыў СШ № 2 атрымаў цёплыя апладысменты, «прыз сімпатыі гледачоў» і шчырыя словы ўдзячнасці за яскравае выступленне.
Выступленні ацэньвала журы на чале з Таццянай Аляшэвіч. У яго склад таксама ўвайшлі Вераніка Ляшкевіч, Аляксей Герман і Наталля Жылевіч. Журы ўлічвала акцёрскае майстэрства, сцэнічную мову, перадачу гумару і сатыры, а таксама адпаведнасць касцюмаў і рэквізіту задуме пастаноўкі.
А пакуль журы падводзіла вынікі конкурсу, для ўдзельнікаў і гледачоў адбыўся канцэрт ад салістаў народнага ансамбля народнай песні «Сваякі», а таксама ад вакальнай групы «Гармонія». Шчырае выкананне і роднае слова знайшлі цёплы водгук у гледачоў.


Фестываль стаў не толькі спаборніцтвам за дыпломы. Ён даў дзецям і дарослым магчымасць выйсці на сцэну, паспрабаваць сябе ў беларускім класічным творы і адчуць, як адгукаюцца яго героі ў наш час. А яшчэ нагадаў, што любоў да літаратуры часта пачынаецца з настаўніцкага голасу, першай вывучанай ролі і падтрымкі, якая дапамагае пераадолець хваляванне.

Наш кар.




