У рамках выставы «Жывыя традыцыі рамёстваў Беларусі» баба Наста трапіла на майстар-клас па ручной лепцы ад майстроў Алега і Ірыны Капусты. Крыху здзівілася: колькі дзяцей прыйшло разам з настаўніцай Святланай Родзевіч з першай Валожынскай сярэдняй школы.
Майстры падрыхтавалі гліняныя авальныя формы. З такіх можна рабіць, што хочаш: ці парася, ці сабачку, ці якое мышаня. На гэты раз вырашылі, што патрэбен кот: такі добры, сыты, які жыве ў кожнай вясковай хаце. Паказалі прыклад, якім ён можа быць. Расказалі, як ляпіць вочкі, лапкі, вусы і гэтак далей. Удакладнілі, навошта вада ў працэсе лепкі.


Дзеці былі так зацікаўлены. У кожнага выйшаў свой асаблівы кот. У кагосьці ён ціхі і добры, у кагосьці падобны на нейкага француза-спадарожніка, у кагосьці падобны на хітрага ці вяртлявага. Дзеці адчулі, як працаваць з глінай, які гэта цудоўны матэрыял – падатлівы і ў той жа час капрызны: калі што не так – можа разваліцца ўся работа. Гэта стала для дзяцей не проста гульнёй ці забавай, а важным этапам навучання і спатканнем з цудоўным светам творчасці.



Настаўніца Святлана Родзевіч падзялілася ўражаннямі:
– Нас запрасілі, і мы з радасцю пагадзіліся. Зараз якраз працоўнае навучанне ў школе, адзін з планавых напрамкаў – лепка, так што ўсё сышлося. Тым больш праца з глінай – гэта не толькі цікава, але і карысна: развіваецца дробная маторыка, а таксама ўседлівасць, якая дзецям проста неабходна. У маім класе лепка – адно з любімых заняткаў! Напярэдадні на занятку мы рабілі манаграму сваёй сям’і з пластыліну, а сёння перайшлі на сур’ёзны матэрыял – гліну. Тут я таксама вучуся для сябе. Такія тыдні і мерапрыемствы вельмі патрэбныя, каб дзеці знаёміліся не толькі з тым, чаму вучыць настаўнік, але і з людзьмі, якія могуць навучыць чамусьці новаму.





