Баба Наста пазнаёмілася з адным са старажытных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – выцінанкай і з майстрам на майстар-класе, які адбыўся ў рамках выставы «Жывыя традыцыі рамёстваў Беларусі». Ёй аказалася зусім маладая дзяўчына Паліна Лоўчая, якая толькі пачала свой працоўны шлях.

Вось што расказала сама Паліна:
– Крыху больш за год працую ў Валожынскім раённым цэнтры культуры. Скончыла Маладзечанскі музычны каледж імя Агінскага. Там былі два напрамкі навучання: адзін па дэкаратыўна-прыкладным, дзе былі выцінанка, саломка і тэкстыль; другі – дрэваапрацоўка. Працаваць з дрэвам я неяк не адважылася, выбрала выцінанку. Гэта з першага погляду здаецца, што выцінанка такая простая і лёгкая, але ж гэта не так. Напрамак толькі што менш затратны ў падрыхтоўцы матэрыялаў: папера, кардон, нажніцы і крыху клею, ну і галоўнае – крышачку думаць галавой. Тэму для дыпломнай работы я выбрала цікавую, яна пераклікаецца з цяперашнім Годам беларускай жанчыны – па апавяданнях беларускай пісьменніцы Дануты Бічэль-Загнетавай. Цэнтральнай нотай работы – аб’ёмнай ці, лепш сказаць, паслойнай выцінанкі – стала жанчына, якая можа ўсё: ад дамашніх клопатаў і догляду сям’і да навуковай дзейнасці. Жанчына, як кветка, як сонца ў свеце. У яе руках трымаецца многае на зямлі.

На базе «Скарбніцы» я вяду два гурткі – «Пап’е-машэ» і «Майстэрню натхнення»; на базе другой школы – гурток «Папяровыя карункі»: тут усё пра выцінанку. Вось праз год працы магу сказаць,
што мне падабаецца працаваць з дзецьмі. Яны цікавыя і заўсёды захоплена слухаюць, заўсёды гатовы працаваць, нешта выдумляць.



Пакуль мы размаўлялі, на майстар-клас прыйшлі хлопец і дзяўчаты. Таксама прыгожая жанчына з дачкой-падлеткам. Гэта былі Алена Траццякевіч і яе дачка Паліна. Даволі часта яны прыязджаюць у вёску Родзеўшчына да бабулі. Убачылі аб’яву пра майстар-клас і прыехалі. Як паведаміла Алена, яны з дачкой творчыя і цікавяцца такімі майстар-класамі – дзе ёсць магчымасць пазнаць нешта новае. Алена паведаміла, што бабуля была швачкай і майстрам на ўсе рукі. Маці і дачцэ спадабалася і працаваць разам, і знайшлося пра што пагаварыць з майстрамі іншых напрамкаў.






