Дзялюся з вамі гісторыяй і рэцэптам пра нашу сямейную салату, якая ўжо даўно стала традыцыйнай на ўсе святы. І асабліва любіць наша сям’я гатаваць яе ўвосень ці на Новы год.
Салата гэта не толькі смачная і прыгожая, але і вельмі карысная, бо робіцца з простых, звычайных для нас прадуктаў. А яшчэ яна так прыгожа і па-святочнаму выглядае на стале, што госці ахкаюць, калі яе ўбачаць.
Гісторыя салаты пачалася шмат гадоў таму. Жонка майго брата Юля прапанавала прыгатаваць нейкую новую страву. Вось яна і сабрала ўсё, што было пад рукой: крыху мяса, бурак, моркву ды капусту. І атрымалася такая смаката, што з таго часу мы гатуем яе кожны год. І не толькі на Новы год – на любыя святы, калі хочацца смачна паесці і пачаставаць гасцей. А як збіраемся разам гатаваць нейкі святочны стол, дык я заўсёды кажу: «Юля, без тваёй салаты ў мяне свята не будзе». Калі ставім стравы на стол, то «Каляровы вянок» заўсёды каля мяне бліжэй, так, на ўсякі выпадак.
Дык вось, слухайце ўважліва, як рабіць салату. Бяром свініну – грамаў 200-300, гэта на адну талерку з шырокімі бакамі, такую як для супу. Рэжам мяса брусочкамі і смажым на алеі з рэпчатай цыбуляй паўкольцамі. Крыху дадаём солі і чорнага молатага перцу. Адной сярэдняй цыбуліны дастаткова. Гатовае мяса разам з цыбуляй выкладваем у цэнтр падрыхтаванай талеркі. Доўга не смажце, не высушвайце мяса. Далей бяром адзін сыры бурак – варыць не трэба! Тром яго на буйной тарцы. Адну ці дзве морквы таксама тром на тарцы. Капусту дробна шаткуем – чвэрць невялікага качана. Усю гэту нашаткаваную ды нацёртую гародніну раскладваем па крузе на талерцы вакол мяса жменямі. Чаргуем: капуста, морква, бурак – і зноў капуста, морква, бурак. Выйдзе нешта падобнае на кветку ці вянок з мясной сярэдзінай.
На мяса наліваем маянэзу – 3-4 сталовыя лыжкі хопіць, мяса ўжо з маслам. Так і ставім на стол. А калі госці рассядуцца, то перамешваем гэту вітамінную сумесь двума лыжкамі. Усё – смаката!
Цікава, што на другі дзень, калі ўсё прамарынуецца, і калі салата нейкім цудам засталася, то яна становіцца яшчэ смачнейшай. Так што можаце гатаваць яе загадзя – яна не сапсуецца, а толькі набярэ смаку, але ж ужо будзе змяшаная і не такая прыгожая і рознакаляровая.
Дык вось, дарагія мае, даю вам усім наказ: паспрабуйце гэту салату на Новы год ці якое іншае свята. Няхай яна стане і вашай сямейнай традыцыяй. Бо самае галоўнае на свяце – не дарагія прадукты, а клопат і любоў, з якімі вы гатуеце для сваіх родных.
Баба Наста






