Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
18.09.2015. У Валожыне бываю некалькі разоў на год. Праўда, апошнім часам дабіраюся да землякоў з сябрамі на машыне, таму горада амаль не бачу. Прыехалі, выступілі, павячэралі і дамоў. Нядаўна ездзіў сам па сабе на маршрутцы. Гадзіна – і я ўжо ў Валожыне. Сышоў на аўтавакзале прама ў дождж. Вецер. Забег у памяшканне. У змроку каля акна на лаўцы сядзіць жанчына і чытае газету. На дзвярах, дзе раней была кавярня, вялікімі літарамі абвестка, што тут можна папіць гарачую гарбату і з’есці смачныя канапкі. Хачу зайсці. Дзверы не адчыняюцца. Пад абвесткай драбнюсенька: “Временно не работает”. Згадалася, як тут на пачатку 80-х бываў раз на месяц амаль пяць гадоў запар, калі ездзіў праводзіць літаб’яднанне “Рунь” пры раёнцы. Перапісаў расклад аўтобусаў і пайшоў у горад. На вуліцы дождж. Ад аўтавакзала да цэнтральнай плошчы ісці пад доўгую гару. Пакуль дайшоў, вымак, хоць і быў з парасонам. Спыніўся каля помніка Папу рымскаму Яну Паўлу ІІ, што каля касцёла Святога Юзафа. Падумалася з усмешкай: “Я ўзышоў на гару. Пайшлі далей разам!”
Прыходзіў паэт Юрась Пацюпа. У час адпачынку ён быў у маці ў сваіх Азёрах. Чысціў студню. У ёй скончылі жыццё самагубствам два мясцовыя каты. Вада верхаводка, таму няглыбака, метраў пяць. Сусед адпампаваў ваду, а потым Юрась па драбіне залез у студню і падаставаў усё, што туды патрапіла. Пазнаходзіў грузілы да вядра, якія гадоў пад сорак таму абарваліся і ляжалі на дне. У маіх Пугачах і ў наваколлі студні вельмі глыбокія. Гэтым летам амаль усе СМІ пісалі: “У Валожынскім раёне ў вёсцы Гярвелі раніцай 16 ліпеня загінуў 26-гадовы мужчына, які капаў пітную студню. Глыбіня складала 25 метраў, калі раптоўна абрынуўся грунт…”
Памятаю, як у Лягезах, калі я там гадаваўся да школы ў бабулі Ганны, мае дзядзькі Віця і Ваня з аднавяскоўцамі капалі студню. Капалі некалькі дзён. Потым доўга даставалі ваду белую, як малако, і мне, малому, думалася, што гэта сапраўднае малако. А ў гады тры, пасвячы гусянят на поплаве каля ляска, я ўваліўся ў студню, якой ужо ніхто не карыстаўся, і яна была схаваная ад людскога вока ў крапіве і лапуху. Добра, што ў студню было накідана ламачча, і яно ў метрах двух сядзела ў студні, як у горле смерці косці. Я ўпаў на ламачча. Быў лёгкі, і таму далей не праваліўся. Бабуля адшукала, і мяне дасталі. З таго часу заўсёды зазіраю ў студні, каб убачыць іх халодную і галодную глыбіню…
Стары сядзіць на лаўцы. Побач па апалай лістоце скачуць вераб’і, як цацачныя…
20.09.2015. З Людмілай выйшлі з дому а дванаццатай. Адведалі Ніла Гілевіча. Ён пра ўсё, што хацеў ведаць, па парадку, як на ўніверсітэцкім іспыце, распытаўся. Мы, здаецца, адказалі на ўсе пытанні на дзявятку. Людміле падарыў кніжку “Эпіграмы”, а мне 18-ы том свайго Збору твораў у 23-х тамах. У кніжцы напісаў: “Дарагому Віктару Шніпу на ўспамін пра нашы сустрэчы і гутаркі. З радасцю, што ў гэтым томе ёсць мая Вам падтрымка. Сардэчна – Ніл Гілевіч. 20.9.15”. Перад тым, як рабіць подпіс, зачытаў радкі пра мяне і ўрыўкі з вершаў. Незаўважна ў размове праляцелі дзве гадзіны. На вуліцы пачаўся дождж. Абяцаўшы, што не будзем абмінаць кватэру Ніла Сымонавіча, мы развіталіся.
Праз дождж пабеглі ў Нацыянальны мастацкі музей, каб паглядзець выставу карцін Адама Глобуса. Хацелі пакінуць запіс аб уражаннях, але не знайшлі дзённіка для водгукаў. Ці яго няма, ці яго ўжо скралі? Паглядзеўшы старыя іконы з Веткі, пайшлі на выставу “Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ-ХХ ст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі”. Карцін няшмат. Сярод іх творы І. Рэпіна, І. Шышкіна, В. Пярова, А. Саўрасава, В. Верашчагіна, В. Паленава, А. Куінджы, К. Каровіна, І. Левітана. Як эпіграф да выставы словы Паўла Траццякова: “Мне не трэба ні багатай прыроды, ні эфектнага асвятлення, ніякіх цудаў – дайце мне хаця б лужыну брудную, ды каб у ёй праўда была, паэзія, а паэзія ва ўсім можа быць, – гэта справа мастака…” Паэзія ў выставе ёсць. Зазірнулі ў дзённік водгукаў. Ужо шмат напісана ўдзячных слоў музею, але ёсць і такія: “У Вас божий дар!”, “Каровин рулит!”, “У меня внучка шестилетняя лучше рисует. Валерий. Минск”. І тут жа адказ Валерыю: “Жлоб!” Вярталіся дамоў праз дождж з кнігамі ад Гілевіча і са святлом ад убачаных карцін…
Гаворачы пра жыццё-быццё, Ніл Сымонавіч паскардзіўся: “Пражыў 80 гадоў, дзіцячыя не лічу, а ні разу не быў на шашлыках. Усё працаваў і працаваў, як на катарзе. Іншыя на выхадныя за горад, а я дома ў кабінеце – то нешта пішу, то нешта рыхтую да друку. Словам, не ведаю, што такое шашлыкі. Праўда, пра гэта асабліва не шкадую”.
22.09.2015. “У драматурга Дзялендзіка нядаўна чатыры кніжкі выйшлі. Адна ў вашым выдавецтве. Тоўстыя, як цэгла! Выдайце мяне хаця б таўшчынёй з грабавую дошку!” – кладучы мне на стол рукапіс, сказаў (ён так сябе называе) “літаратар сярэдняй рукі”…
Вецер. У двары за першай апалай лістотай, як за мышамі залатымі, бегае малады чорны кот…
24.09.2015. Працоўны дзень пачаўся з сустрэчы з Міхасём Казлоўскім. Ён з Маладзечна прывёз у падарунак сябрам вялікую валізу новых выданняў: сваю кнігу “Цяпло айчынных камянёў” і том “Выбраных твораў” Вольгі і Сяргея Сахаравых. Наклады невялікія – па сто асобнікаў. За свае грошы шмат не выдасі. Мяне асабліва парадавала кніга самога Міхася. У анатацыі напісана: “Вуліцы і дамы Маладзечна і Радашковіч, што памятаюць крокі вядомых пісьменнікаў і мастакоў роднага краю, гісторыя і жыццё насельнікаў невялічкай заходнебеларускай вёскі, літаратурныя партрэты знакамітых землякоў сталі галоўнымі героямі новай кнігі аўтара”. Для мяне гэта кніга будзе настольнай, бо яна пра мае родныя мясціны, пра маіх землякоў. Гартаючы выданне, падумалася: “Дзякуючы вось такім рупліўцам, як Міхась Казлоўскі, жыла, жыве і будзе жыць Беларусь!” Згадаліся ягоныя словы, звернутыя да некаторых “добразычліўцаў”: “Калі не можаце нічым дапамагчы мне ў выданні кніг нашых славутых землякоў, дык хоць не перашкаджайце і, трымаючы ў руках зробленае мной, не кажыце: “Мы б лепей зрабілі!” Зрабіце! Буду толькі рады!”
25.09.2015. Некалькі тыдняў таму з Людмілай быў запрошаны на тэлебачанне для ўдзелу ў перадачы “Дыяблог”, якую сёння запісвалі ў студыі. Па нас дахаты прыехала машына. У “Дыяблогу” ўдзельнічаю другі раз, таму ведаю дарогу да тэлебачання. Шафёр жа не павёз нас простым шляхам па праспекце, а, нібыта спецыяльна, паехаў па тых мясцінах, дзе мы рэдка бываем. Напачатку праехалі каля дома, дзе жыў Максім Лужанін. Згадаліся гасцяванні ў яго. Потым каля Міскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, які мы з Людмілай у свой час закончылі. Мінаючы траўматалагічную бальніцу, узгадалася, як мы туды цэлы месяц ездзілі да сына, які ў школе на ўроку фізкультуры зламаў руку. Успаміны, на жаль, сумныя. Сустрэўшыся на тэлебачанні з Таццянай Сівец і Стэлай Чырковай, адразу ад іх ветлых усмешак, хоць на вуліцы і захмурэла, пасвятлела на душы. Пакуль я здымаўся, Людмілу ў грымёрцы рыхтавалі да запісу, а на вуліцы пачаўся дождж. Едучы на працу, думаў пра Барселону, у якой цяпер сонца…
27.09.2015. Праходзіў паўз Кальварыйскія могілкі. З дрэў злятае лістота, пакрываючы магілы залатым саванам. Адно старое дрэва, якое цалкам агалілася, стаіць, як велізарны чорны помнік усім, хто пахаваны на Кальварыі…
Вечарам Максім пайшоў да сяброў і пакінуў на Людмілу і мяне сабачку Міёну. Напачатку яна была спакойная, а потым, калі заўважыла, што яе кармільца няма, пачала шукаць яго і скуголіць. На канапе, дзе спіць Максім, Міёна ўнюхала гаспадарскае адзенне. Доўга спрабавала ўзлезці туды, але так і не ўзлела. Высака. Людміла ёй дапамагла, і сабачка, лёгшы на Максімавы нагавіцы і рубашку, пачала іх вартаваць…
28.09.2015. Поўня – нябесны гадзіннік, на якім не кожны бачыць стрэлкі…
Паглядзеў серыял “Есенин”. Някепскі. Галоўнае – гучаць вершы паэта. Нам бы хаця б двухгадзінныя мастацкія фільмы пра Уладзіміра Жылку, Уладзіміра Дубоўку, Уладзіміра Караткевіча. Я ўжо не кажу, што трэба фільмы пра Купалу, Коласа, Багдановіча, Танка. Спадзяюся, што некалі будуць кінафільмы пра ўсіх лепшых беларускіх пісьменнікаў, але, на жаль, мы іх ужо не зможам паглядзець…
29.09.2015. У мінулую дажджлівую суботу патэлефанаваў кампазітар Эміль Наско і запрасіў на творчую вечарыну, якая сёння прайшла ў філармоніі ў Малой зале імя Рыгора Шырмы.
Пасля працы да вечарыны ў мяне было вольных паўтары гадзіны. Зайшоў у “Цэнтральны” універсам, каб папіць гарбаты і з’есці пару канапак. Чарга была нядоўгай. Няспешна падсілкоўваючыся, згадаў, што гадоў дваццаць таму мы з Людмілай мелі магчымасць пасяліцца ў гэтым доме ў чатырохпакаёвай камуналцы на пятым паверсе. Там жылі нашы сябры і яшчэ адна сям’я. Надумаўшы раз’ехацца, яны нам прапанавалі аб’яднацца з Людмілінай маці і жыць у адной кватэры. На той час у гэтым аб’яднанні было некалькі мінусаў. Першы – пяты паверх і няма ліфта. Другі – адчыніш фортку, і свежага паветра не дачакаешся. Да ўсяго на праспекце стаіць бясконцы гул машын. Трэці мінус – пад кватэрай станцыя метро. Ну і самы маленькі мінус – жыццё з цешчай, якая хоць і цудоўная жанчына, але яна даўно ўжо была прывыкла жыць адна. Таму па суме гэтых прычын мы і адмовіліся ад пераезду на праспект…
У касе філармоніі, адстаяўшы пяць хвілін у чарзе, купіў білет на творчую вечарыну Эміля Наско. Канцэртная зала амаль была запоўнена. Так атрымалася, што побач сядзеў з мужам літаратуразнаўцы Лідзіі Савік і жонкай паэта-перакладчыка Рыгора Рымскага. Гучалі песні на словы Пушкіна, Лермантава, Твардоўскага. Найбольшую колькасць кветак атрымала спявачка Вольга Шаўчэнка. Цудоўная спявачка. Прыгажуня. Калі б быў у зале Сяргей Ясенін, думаю, ён бы адразу закахаўся ў яе, як у Айседору Дункан, і пасля вечарыны прызнаўся б у каханні. У выкананні харавой капэлы імя Рыгора Шырмы прагучала мая “Балада Рыгора Шырмы”. Здаецца, някепскі твор атрымаўся. Потым кампазітар запрасіў на фуршэт. Я напачатку пайшоў, але праз пяць хвілін, пакуль збіраліся госці, не развітваючыся, уцёк, бо я не Ясенін…
01.10.2015. Выдаць кнігу за свае грошы, як схадзіць у квартал чырвоных ліхтароў…
Удзельнічаў у чарговым пасяджэнні суполкі “Літаратурнае прадмесце”. Збіраліся ў майстэрні народнага мастака Беларусі Івана Міско. Прысутнічалі каля дваццаці жывых творцаў і паўтысячы мемарыялізаваных знакамітасцей. Гаварылі пра прафесіяналізм у творчасці. Чыталі вершы, слухалі песні. У печцы гарэў агонь, які чакаў свайго часу, каб ператварыць у попел напісанае, але не дачакаўся. Патух, як памёр з голаду…
02.10.2015. З сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі ў Пугачы.
Адведалі бацькоў на Ракаўскіх могілках. Восеньская лістота, як пясок… Вянкі на свежых магілах, як незапаленыя кастры інквізіцыі… Непадалёку помнікаў падасінавік, як злеплены з пластыліну…
У Ракаве зайшлі ў краму, каб купіць атруты для вясковых пацукоў і мышэй. Няма. Нядаўна ўсю разабралі…
У Бузунах пустая буслянка на пазалацелым дрэве. Чорная, як згарэлая… На палях стаіць кукуруза, як войскі, якім няма куды адступаць…
У Пугачах восень. Светла і сумна. Пахне бульбоўнікам і познімі кветкамі, назвы якіх я не памятаю… Ад суседкі даведаўся: “Некалькі дзён таму на нашым перакрыжаванні загінуў Андрэйка! МАЗ з пяском урэзаўся ў ягоную машыну. Андрэйка быў харошым чалавекам…”
У хаце на стале ляжыць мая кніга “Заўтра была адліга”. Ляжыць, нібыта яе тут нехта чытае…
Яблыкаў няма ні на яблынях, ні на зямлі. Сёлета наш сад адпачываў… Прыляцела сарока. Села на плоце. Нібы пераканаўшыся, што тут свае, паляцела некуды…
Узаралі агарод. Дзядзька Толя вадзіў каня, а я хадзіў за плугам і, думаючы пра бацькоў, час ад часу чуў маміну просьбу: “Адпачні!” Швагер Віця адрамантаваў варотцы. Бацькі былі б задаволеныя… На лаўцы каля хаты сядзела сястра і парадкавала буракі і моркву. Хустка на ёй была завязана, як некалі ў мамы…
Вяртаючыся ў горад, я доўгі час у думках яшчэ быў у вёсцы. Там усё роднае…
03.10.2015. Зацьменне сланечніка…
Патэлефанаваў Алесь Квяткоўскі. Папрасіў зайсці ў майстэрню пагаварыць. Алесь рыхтуецца да адкрыцця выставы, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння Кастуся Тарасава. Ідучы ў краму па корм для нашага сабачкі, заглянуў да сябра ў майстэрню. Алесь паказаў новую карціну “Чорны квадратасланечнік”, якую стварыў па маім аднайменным вершы. Гледзячы на карціну, я пажартаваў: “Цяпер засталося толькі вуха адрэзаць!” “Не! Не буду рэзаць!” – усміхаючыся, адказаў Алесь і даў мне пачытаць кнігу “Ван Гог. Письма”, што выйшла ў 1966 годзе ў выдавецтве “Искусство”. Каб не забыцца, каму даў кнігу, Алесь напісаў маё прозвішча на сцяне майстэрні…
04.10.2015. Патэлефанаваў Георгій Барташ і выказаў жаданне паглядзець нашу Міёну. Праз хвілін дваццаць прыйшоў са сваёй кнігай вершаў і перакладаў “Ботиночки”, якая некалькі дзён таму выйшла з друку. П’ючы гарбату, гаварылі пра будучую прэзентацыю і наогул пра паэзію. Я разгарнуў выданне і натрапіў на верш, які запомніўся з дня, калі Людміла пісала да кнігі прадмову:
Ноябрьским утром, рано на рассвете
Уйду в страну, где тишь и благодать.
Но птахи малые, как будто дети,
Бессовестно продолжат щебетать.
Возок, стуча, проедет по брусчатке,
Неспешно туча в вышине пройдет,
И Бог – а он ведь женщина – рукой в перчатке
Мне по лицу, прощая, проведет.
Прачытаў і ў думках сказаў: “Вельмі хораша…”, а ўслых не паспеў, бо да нас забегла Міёна. На жаль, Георгій цяпер мала піша. Па некалькі вершаў у год. Новую кнігу з такімі тэмпамі давядзецца чакаць доўга.





 
        
        

 
        
         
        
         
                     
                     
                    