28 сакавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Лізаветы Трафімаўны ВАЛАДКЕВІЧ – першага чалавека ў нашым раёне, які за атрыманне высокіх ураджаяў ільну ўдастоіўся звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Лізавета Трафімаўна Валадкевіч нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы Лоск у беднай шматдзетнай сям’і сялян. Рана засталася без бацькі. На долю сіраты выпалі паўгалоднае дзяцінства, цяжкая непасільная праца – з малых гадоў яна стала дапамагаць маці весці гаспадарку. Патрэба прымусіла яе і малодшага брата Юльяна пайсці батрачыць да заможных сялян. Спачатку дзеці пасвілі кароў, але гэта ўсё роўна прыносіла сям’і зусім невялікі прыбытак: за тую ж працу ім дваім гаспадар плаціў менш, чым аднаму даросламу парабку. А калі Лізавета падрасла, стала працаваць нароўні з дарослымі. Бралася за любую работу, каб пракарміць вялікую сям’ю.
Званне “Герой Сацыялістычнай Працы” было заснавана 27 снежня 1938 года. Гэта была вышэйшая ступень адрознення за заслугі ў галіне гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва ў СССР. Прысвойвалася людзям, якія праявілі працоўны гераізм, наватарскай дзейнасцю ўнеслі значны ўклад у павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, садзейнічалі ўздыму народнай гаспадаркі, навукі, культуры, росту магутнасці і славы краіны. Усяго высокай урадавай узнагароды ўдастоіліся 20613 чалавек. У нашым раёне – Лізавета Трафімаўна Валадкевіч і Зоя Макараўна Задора.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Лізавета Трафімаўна перажыла нямецка-фашысцкую акупацыю. У перыяд разгортвання партызанскага руху на Валожыншчыне сям’я Валадкевічаў стала надзейным памочнікам народных мсціўцаў. У небагатым сялянскім доме яны спыняліся на днёўку, адпачывалі пасля баявых аперацый, а гаспадары дзяліліся з імі апошнім кавалкам хлеба, мылі бялізну і латалі вопратку.
Да 1949 года Валадкевічы працавалі ва ўласнай гаспадарцы, затым усёй сям’ёй уступілі ў мясцовую сельскагаспадарчую арцель імя Ф. Э. Дзяржынскага (з 1963 года – калгас імя Чапаева, зараз сельгаспрадпрыемства “Лоск”), якая была арганізавана ў роднай вёсцы. Першы час Лізавета Трафімаўна была занята на розных работах у паляводстве, а затым перайшла ў ільнаводства, якое ў 1950-х гадах атрымала інтэнсіўнае развіццё ў сельскай гаспадарцы.
З мэтай павышэння ўраджайнасці і таварнасці лёну-даўгунцу ў арцелі былі створаны спецыялізаваныя льнаводчыя звёны. У 1958 годзе адно з такіх звёнаў узначаліла Валадкевіч. На гэтай пасадзе ярка праявіліся творчыя і арганізатарскія здольнасці Лізаветы Трафімаўны: яна падтрымала пачын радавой калгасніцы Еўфрасінні Дудко, якая прапанавала комплексны падыход пры вырошчванні лёну. Так звяно стала весці цыкл палявых работ – пачынаючы ад падрыхтоўкі глебы, пасадкі насення і заканчваючы абмалотам трасты. Жадаючы дасканала авалодаць новай прафесіяй, звеннявая і яе падначаленыя пастаянна займаліся самаадукацыяй, актыўна пераймалі перадавы вопыт знатных ільнаводаў Міншчыны, укаранялі ўсё новае, прагрэсіўнае ў сябе на ўчастку.
Л. Т. Валадкевіч адрознівалі выключная працавітасць і любоў да даручанай справы. У кароткі тэрмін яна здолела авалодаць майстэрствам вырошчвання паўночнага шоўку – і гэта ва ўмовах поўнай адсутнасці механізацыі, калі ўсе работы, нават самыя працаёмкія, выконваліся ўручную. У перыяд сёмай пяцігодкі (пашыранай: 1959-1966 г.г.) яе звяно дасягнула стабільна высокіх паказчыкаў, атрымліваючы багаты ўраджай такой складанай па агратэхніцы культуры, як лён. Ільнаводы працавалі ад цямна да цямна, імкнучыся з году ў год захоўваць і павялічваць ураджай. Дзякуючы зладжанасці і арганізаванасці ў працы, за суткі жанчыны ўбіралі па паўтара гектара важнай тэхнічнай культуры. Неаднаразова яны выходзілі прызёрамі ці пераможцамі штогадовага сацыялістычнага спаборніцтва ў раёне. Іх працу адрознівалі высокая культура земляробства, своечасовая ўборка раслін, ранняе (у жніўні) рассціланне і стараннае двухразовае сартаванне трасты.
Самым рэкордным па ўраджайнасці стаў завяршальны год пяцігодкі. У 1965 годзе звяно Л. Т. Валадкевіч вырошчвала 20 гектараў лёну і з кожнага атрымала па 10 цэнтнераў валакна. Гэта было найлепшым паказчыкам па ўсім Валожынскім раёне. Больш за 2000 рублёў прыбытку дало звяно ў бюджэт калгаса з гектара пасеваў, а агульны даход звяна перавысіў 40000 рублёў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 красавіка 1966 года за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак лёну, Лізавеце Трафімаўне Валадкевіч прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і молат”.
Вялікая радасць у хлебаробаў калгаса імя Чапаева. Хутка разнеслася навіна з вёскі ў вёску, з хаты ў хату. Калгаснікі з вялікім гонарам за сваю зямлячку чытаюць указ урада. “Наша Ліза! – чуюцца воклічы. – Лізавета Трафімаўна! Малайчына!”
Суседзі, аднавяскоўцы, знаёмыя ад шчырага сэрца віншуюць перадавую працаўніцу арцелі з высокай урадавай узнагародай. Мы пазванілі ў калгас імя Чапаева. Да тэлефона падышоў старшыня сельгасарцелі Уладзімір Фёдаравіч Паташоў: “Радаснае хваляванне ахапіла кожнага з нас, калі мы даведаліся, што нашай зямлячцы – першаму чалавеку ў раёне – прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Гэта высокая ўзнагарода заваявана самаадданай працай”.
Сціплая, працавітая Лізавета Трафімаўна ўсю энергію аддае любімай справе. Вось і сёння многія з тых, хто жадаў павіншаваць звеннявую з узнагародай, не засталі яе дома. Яна накіравалася на льняныя палеткі, дзе вядзецца барацьба з небяспечным шкоднікам раслін.
“Сапраўды, майстар высокіх ураджаяў ільну! – адзываюцца аб звеннявой аграном калгаса Марыя Клімовіч і эканаміст Ірына Бартош. – Сёлета першым у калгасе звяно Лізаветы Трафімаўны пасеяла лён. Разам з механізатарамі Алегам Шаўлюком і Міхаілам Сліжам звеннявая працавала на сеяльным агрэгаце – за ўсім пільна сочыць яе гаспадарскае вока”.
Восьмы год узначальвае звяно Лізавета Трафімаўна. Разам з ёй працуюць вопытныя калгасніцы Ірына Русакевіч, Еўфрасіння Дурко, Вера Шурпік, Агафья Дурко, Алена Скапец, Аляксандра Дурко і зусім маладыя, як Марыя Лукашэвіч, Аляксандра Паўлюкевіч. Ім ахвотна перадае сваё майстэрства звеннявая – нездарма на працягу трох гадоў атрымлівае самыя высокія ўраджаі льну.
“Працоўная слава” за 17 мая 1966 года
На базе звяна Валадкевіч была створана школа перадавога вопыту. Лізавета Трафімаўна па крупінках перадавала маладым ільнаводам свой вопыт, вучыла любіць і шанаваць зямлю. Яе школу прайшлі дзясяткі кіраўнікоў ільнаводчых звёнаў раёна, з якімі яна шчодра дзялілася сакрэтамі майстэрства. Многія з іх сталі ўпоравень з настаўніцай і ў далейшым былі таксама адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі, самі сталі настаўнікамі моладзі.
Усе наступныя гады звеннявая пацвярджала высокае званне перадавой ільнаводкі, ударна працавала ў перыяд выканання заданняў восьмага і дзявятага (1966-1975) планаў развіцця народнай гаспадаркі. У завяршальным годзе восьмай пяцігодкі яе звяно атрымала па 5,4 цэнтнера насення і па 10 цэнтнераў валакна з кожнага з 18 гектараў на замацаваным участку. Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва калгасаў і саўгасаў раёна за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1970 годзе калектыў быў удастоены звання “Лепшае звяно па вырошчванні лёну”. За дасягнутыя поспехі ў снежні 1973 года Л. Т. Валадкевіч была ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, медалямі.
Персанальны пенсіянер саюзнага значэння. Усё жыццё жыла ў роднай вёсцы Лоск. Не стала перадавой звеннявой 17 чэрвеня 1999 года.
Як і большасць людзей пасляваеннага пакалення, Лізавета Трафімаўна Валадкевіч працавала шчыра і самааддана, не шкадуючы ні сіл, ні часу, не ведала, што такое выхадныя. Простая сялянская дзяўчына з-за цяжкага матэрыяльнага становішча не змагла атрымаць адукацыю, аднак мела такую прыроджаную мэтанакіраванасць, цягу да ўсяго новага і перадавога, што ставіла рэкорды. Сваімі вынікамі яна пацвердзіла спрадвечную ісціну: чалавек працы – стваральнік усіх багаццяў.
Адна з вучаніц Лізаветы Трафімаўны Валадкевіч – Аляксандра Андрэеўна Паўлюкевіч, якая змяніла сваю настаўніцу на яе месцы, за стваральную працу ўдастоілася ордэна Леніна. Яна і сёння жыве ў роднай вёсцы, не сядзіць без справы – трымае карову, іншую жыўнасць. Вось як успамінае той час працы ў гаспадарцы:
– Я працавала ў звяне Лізаветы Трафімаўны рабочай па лёне. Усе мы яе ведалі і звалі паміж сабой Альжбетай. Строгая, патрабавальная, адказная, вельмі аддадзеная зямлі і любімай справе – такой памятаю нашу перадавую звеннявую. Яна была старэйшая за мяне на 20 гадоў – усе яе паважалі і слухаліся, гультаі ў яе не будуць: не прыйшоў 2 дні на работу, і ты ўжо не ў брыгадзе. Ураджай харошы атрымлівалі, плацілі добра, таму кожны трымаўся за работу. У нашым звяне было 30 чалавек жанчын рознага ўзросту. Рабілі надта цяжка, усё ўручную – ад цямна да цямна: увечары нават працавалі пад святло фар машыны. Упоравень за ўсімі ішла і Л. Т. Валадкевіч – не цуралася ніякай працы, нягледзячы на тое, што лічылася нашым начальнікам: абіваем лён – і яна з намі, сеем лён – і яна едзе на сеялцы. А лён – культура вельмі капрызная і далікатная, крыху час упусціў – і ўсе старанні змарнаваліся. Вось пасеялі, абышоў – адразу апрацоўвалі дустам: насыпалі ў панчоху, займалі рад і пасыпалі, а вецер разносіў. Пасля палолі – хадзілі адна каля адной, вырывалі пустазелле. Пачне цвісці, спець – станем рваць, а яна мерае дзялянкі па 10 сотак кожнаму – глядзіць, дзе які гатовы да ўборкі. Парвалі і ў кучкі ставілі (па 10 невялікіх снопікаў). Кожны меў свой радок, таму, калі вецер размахае, ідзём падымаць. Калі малацілі – усіх да работы прыцягвалі: дзетвары-хлапчукам па 10 гадоў, а яны ўжо за канём ходзяць, накладаюць снапы на воз. Вязуць на склад, малоцяць – малацілка была пад трактар. Насенне збіраюць, а мякіну аддзяляюць асобна. Пасля насенне сушылі на сонцы, чысцілі, а гэта, што абмалацілі, вазілі на поле на сенажаці – раскідалі і сцялілі ў радок. Як вылежыцца – падымалі: вязалі ў кулі (снапы вялікія, як можна абняць), мялі – мялка была пад электрычнасць, перадавалі па жменьцы ў цёрку, а затым у чыстку. Тады сартавалі: валакно складалі ў пучкі, звязвалі, а пасля, як машыну ці дзве намнуць, грузяць – высокую-высокую, як сена ці саломы. Вось тады звеннявая і вязе лён на станцыю. Там вызначае, што якім нумарам пойдзе, выпісвае квітанцыю і ўжо ведае, колькі грошай зарабілі. Я многа чаму ў яе навучылася: прарабіла звеннявой 9 гадоў – да 1973 года.
Алена ЗАЛЕСКАЯ