Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
(Пачатак у №№ 19, 20)
27.01.2012. Пакуль прыбіраў у бацькавай кватэры, наслухаўся ўспамінаў. Упершыню даведаўся, што ў бацькі акрамя брата Славіка і сясцёр Ноні і Галі была яшчэ сястра Іра. Яна пражыла тры гады і памерла ад нейкай даваеннай эпідэміі. Тады ў Пугачах хварэлі амаль усе дзеці. Бацька хварэў таксама, але неяк ачуняў, а Іра памерла. Пахавана ў Дубравах…
24.04.2012. Радаўніца. Дзякуючы сябрам з машынай, я з Людмілай і братам Вовам наведалі маму…
Ракаўскія могілкі густа абстаўлены машынамі. Машыны, нібыта жалезныя чаўны вакол вострава нябыту…
Машыну пакінулі на ўзбоччы дарогі і пайшлі да мамы напрасткі па полі. Ідучы, згадаў: “Жыццё пражыць — не поле перайсці…”
Маміну магілку Вова ўчора прыбраў, і нам сёння нічога не давялося рабіць. Запалілі свечку, Людміла пачытала малітву і мы памаліліся. І я пабачыў маму і слёзы на яе вачах. Не ўсе прыехалі…
Непадалёку ад могілак святая крыніца. Людзі бяруць ваду, як вечнасць…
Мама пахавана на ўзгорку. У метрах дваццаці ад мамы тыдзень назад быў выкапаны дол, але чалавека не змаглі там пахаваць, бо з зямлі прабілася крыніца…
Маміна магілка абгароджана так, каб потым было можна пахаваць каля мамы бацьку. Праўда, я намераў зямлі каля мамы яшчэ на чатыры магілы…
Адразу ж каля мамінай магілы кустоўе, у якім мы разгледзелі некалькі старых утравелых помнікаў. З аднаго даведаліся, што тут пахаваны людзі, якія памерлі сто гадоў таму. Значыць, і дзе пахавана мама, магчыма, таксама месца не пустое, але забытае…
Ходзячы па кустоўі і расшукваючы старыя помнікі, Людміла знайшла гняздзечка з трыма блакітнымі яечкамі, як кропелькамі неба…
Развітаўшыся з мамай, вырашылі знайсці магілу літаратуразнаўцы Тамары Чабан. Магілу не знайшлі, але сярод кустоў, дзе заканчваюцца цяперашнія могілкі, знайшлі цагляную браму, праз якую сто гадоў таму людзі хадзілі на могілкі. Цяпер за брамай трава і кусты, і зрэдку ў траве бачны каменныя помнікі, як акамянелыя мачты караблёў, што плылі ў вечнасць…
Наведалі магілу мамінага брата Паўла. Ідучы да машыны, нечакана сустрэлі цётку Марыю з нявесткамі. Родныя душы…
На могілках усе, і мёртвыя, і жывыя, як сваякі…
Пасля чатырох гадзін людзі пачалі раз’язджацца па дамах, і над могілкамі, дзе былі пакінуты памерлым вялікодныя яйкі і цукеркі, закружыліся груганы. Закружыліся, як над полем бітвы…
26.04.2012. З Людмілай ездзілі ў Смаргонь, дзе ў музычнай школе цэнтральная раённая бібліятэка арганізавала сустрэчу чытачоў з намі…
Праязджаючы каля Ракава, узгадаў Радаўніцу, калі мы ездзілі да мамы. Усё навокал зелянее, а мама ўжо гэтаму не радуецца. Цяпер у яе свае радасці…
Указальнік на Яршэвічы. Згадаліся вёска Крапіўнікі і цётка Манька, маміна старэйшая сястра, якая памерла 9 лістапада мінулага года, пражыўшы 93 гады. Калі маме сказалі пра тое, што яе сястра памерла, мама ўжо не заплакала, бо ёй самой заставалася пражыць крыху больш за тры месяцы…
26.01.2013. Размаўляючы з цешчай, пачуў: “Калі памерла мая мама, я доўгі час ездзіла ў Чыжоўку да яе магілы. І неяк, папраўляючы свечку, так апякла палец, што аж узнік вялізарны пухір. А ў мяне дома бялізна замочаная з пральным парашком. Як цяпер мыць? І я расказала пра гэта памерлай маме, і, калі прыехала дамоў, на пальцы і знаку не было ад апёку…”
15.05.2013. Па справах да мяне на працу заходзіў Вячаслаў Рагойша. Гаварылі пра Радаўніцу і Ракаўскія могілкі. Ад Вячаслава Пятровіча даведаўся, што на месцы цяперашняй капліцы, што непадалёку ад могілак, раней была іншая капліца, да якой прыходзілі людзі па святую ваду. Пры Саветах мясцовы начальнік, які быў камуністам, уздумаў разбурыць капліцу. Па яго загадзе быў прыгнаны трактар, але трактарыст адмовіўся тросам зрываць купал. Начальнік сам не мог сесці ў трактар, бо быў аднаногі, і тады ён сказаў свайму сыну-школьніку сесці за руль, і хлопец сеў і зрабіў усё, што хацеў бацька. Разбурыўшы капліцу, мужчына надумаў да ўсяго заараць крыніцу. Доўга не мог знайсці трактарыстаў, якія б згадзіліся на такую справу, але ўсё-ткі знайшоў двух мясцовых мужыкоў. Пасля гэтага праз нейкі час мужчына некуды паехаў на машыне і прапаў. Доўга шукалі. Знайшлі яго выпадкова піянеры з піянерскага лагера разам з машынай у рэчцы каля Новага Поля. Праз год памёр адзін трактарыст, які заараў крыніцу са святой вадой, а яшчэ праз год і другі памёр…
17.05.2013. На Радаўніцу, ходзячы па Ракаўскіх могілках, з сястрой Валяй знайшлі магілу роднай сястры нашага дзеда Юзі Раманчык Зінаіды Іванаўны (1915-7.08.1985). Памятаю, як яна з сынамі прыязджала да нас у Пугачы. Звалі яе не Зінай, а Зенькай. Жанчынай Зенька была ёмкай. Магла выпіць добрую чарку, а потым добра пагаварыць і паспяваць. Памерла нечакана — інфаркт.
Побач з Зенькай пахаваны яе сын (нашага бацькі стрыечны брат) — Раманчык Анастасій Мікалаевіч (6.01.1934-13.06.1991). Дзядзьку звалі Стасем. Быў ён высокі і прыгожы. Побач з бабуляй Зенькай пахавана наша траюрадная сястра Раманчык Наталля Анастасьеўна (4.07.1967-1.07.1980). Тут жа недзе на Ракаўскіх могілках пахаваны яшчэ адзін сын Зенькі. На жаль, магілу мы з Валяй не знайшлі. Наш бацька апошнія гады і дні свайго жыцця нярэдка ўспамінаў сваю родную цётку Зеньку і яе сыноў, і ўнукаў…
12.07.2013. Мая прабабуля Крыстына Андрэеўна Шніп (у дзявоцтве Федаровіч) пражыла 62 гады. Нарадзілася ў 1885 годзе, памерла 20.03.1947 года. Яна была жонкай Шніпа Івана Кандратавіча (1866-1916), які ў царскім войску быў уланам і загінуў на Першай сусветнай вайне ў раёне Крэва. У іх было трое дзяцей — Юзя (майго бацькі бацька), які нарадзіўся ў 1911 годзе і памёр 5.10.1982 года. Пахаваны ў Дубравах. Другі сын — Янка (1914-13.05.1961). Пражыў 47 гадоў. Пахаваны ў Дубравах. Дачка — Зенька. У замужжы Раманчык Зінаіда Іванаўна (1915-7.08.1985). Жыла і пахавана ў Ракаве.
26.04.2014. З сястрой Валяй і яе дзецьмі Надзяй і Сяргеем (вазіў на машыне) былі на Ракаўскіх могілках. Помнік, які зроблены нашым бацькам, нам спадабаўся. Схадзілі ў майстэрню і аплацілі за работу. Крыху пастаялі ў чарзе. Шмат хто заказвае помнікі ў Ракаве. Потым пабылі на каталіцкіх могілках. Я паказаў, дзе пахаваны бацькі пяці братоў Янушкевічаў. На могілках шмат людзей — усе рыхтуюцца да Радаўніцы.
29.04.2014. Радаўніца. Мой сябра Лёня Шчарбінскі, едучы з жонкай адведаць родных, падвёз мяне да Ракаўскіх могілак. Была палова дванаццатай. Спыніліся ў метрах трохстах, бо бліжэй не пад’ехаць. Вельмі шмат машын і людзей. Дзве гадзіны прабыў з бацькамі…
Паблізу мяне да магілы сваёй маці прыйшоў мужчына з кошыкам, з якога дастаў цукеркі, апельсіны і паклаў пад крыж. Пагаласіўшы, узяў пляшку піва і стаў піць. П’ючы, расказаў суседзям пра тое, што яму 55 гадоў і што ён вельмі-вельмі любіў маці, якая перад смерцю доўга мучылася, хварэючы на рак…
Побач да магілы жанчыны, якая пражыла 59 гадоў, хлопец з дзяўчынай прывялі пад рукі бабулю. Старая была абута ў тапкі, на нагах вязаныя шкарпэткі. Так хадзіла мая мама…
Пасля таго, як бацюшка Максім пасвянцаў помнік маіх бацькоў, я пайшоў да магілы мамінага брата Пашкі. Ідучы сярод помнікаў і людзей, думаў пра тое, што іду сярод мёртвых і жывых, якіх я не ведаў і ведаць не буду, але цяпер яны для мяне, як родныя…
Каля магілы дзядзькі Пашкі былі мае дваюрадныя браты Сяргей, Ігар і Мішка Лемяшонкі са сваёй маці і сваякамі. Цётка Марыя пахваліла помнік, які мы паставілі бацькам…
Сяргей з жонкай запрасілі мяне ў госці. Не адмовіўся, бо я і ехаў у Ракаў, каб не толькі пабыць з бацькамі, а і наведаць сваіх родных, з якімі, на жаль, апошнім часам бачымся толькі на пахаваннях…
У Сяргея дома быў сын з жонкай і дачка з малой, а да іх далучыліся цешча і маці. Успаміналі памерлых, гаварылі пра дзяцей. Сяргеева цешча згадала, што чытала ў газеце мае творы. Дарэчы, дачка майго брата Вольга Лемяшонак, ходзячы ў школу, пісала вершы. Друкавалася ў раёнцы і ў зборніку “Валожыншчына літаратурная”. На маё пытанне “Ці пішаш цяпер?” адказала: “Не да вершаў…”
Вяртаючыся ў Мінск, палічыў сваіх дваюрадных братоў і сясцёр. Іх у мяне 24 і больш за 50 дваюрадных пляменнікаў. З сёстрамі і братамі зрэдку бачымся, а вось пляменнікаў некаторых і не ведаю…
23.05.2014. Ездзіў у Дубравы. У вагоне электрычкі паблізу са мной села жанчына гадоў сарака. Стройная, з маладзёжнай стрыжкай. Прыгожая. З пяццю дзецьмі. Дзве дзяўчынкі і тры хлопцы. Усе дагледжаныя, добра апранутыя. Старэйшаму, які ўсю дарогу маўчаў і глядзеў у вакно, трымаючы вудачку, гадоў чатырнаццаць. Малодшаму хлопчыку гадоў пяць. Ён то з аднаго месца ўстане і перойдзе на другое, то назад вернецца. Непаседа. Старэйшая дзяўчынка гадоў трынаццаці слухала музыку. Малы захацеў піць і праз хвіліну пляшка была парожняй, бо раптам усіх засмажыла. У кожнага дзіцяці і ў маці срэбныя крыжыкі на срэбных ланцужках. Жанчына ўсю дарогу ўсміхалася. Я глядзеў на шчаслівую маці і яе малых і ўспамінаў сваю бабулю Ганну, у якой было восем дзяцей. У бабулі Параскі чацвёра. У маёй маці трое. А ў нас з Людмілай двое…
На станцыі Дубравы мяне чакаў з машынай мой сваяк Леанід Жыткевіч і мой сябра Міхась Казлоўскі. Адразу паехалі ў школу. Будынак вялікі, трохпавярховы. Гадоў дваццаць пяць таму ў школе вучылася 680 дзяцей. У 2010 годзе было 66 вучняў, а цяпер 54. Праз хвілін дзесяць у актавай зале сабралі школьнікаў. Я выступіў. На развітанне развучыў з дзецьмі двухрадковы верш Алеся Пісьмянкова: “Без марожанага гіну, а з марожаным ангіна!”. На маё пытанне “Хто з вас піша вершы?” рукі паднялі дзве дзяўчынкі…
Паехалі паглядзець хату, дзе доўгі час жыў паэт Вячаслаў Міхасёнак. Нарадзіўся ён 9 студзеня 1941 года на Пастаўшчыне. Скончыў музычна-педагагічнае вучылішча і Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. Настаўнічаў у Дубраўскай школе. З 1988 года жыў у Слуцку, працаваў у Прошчыцкай школе, а затым у СШ № 8 настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Арганізаваў і кіраваў працай грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы” ў Слуцку. Друкаваўся ў часопісах «Маладосць», «Родная прырода», газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”. Памёр Вячаслаў Васільевіч 13 лістапада 2002 года.
У госці да Вячаслава Міхасёнка нярэдка прыязджаў Уладзімір Караткевіч. Яны сябравалі. Караткевіч нейкі час хацеў купіць каля Дубраў лецішча. І купіў бы, калі б жыў. Хата Міхасёнка пустая. Нехта нейкі час у ёй жыў, а цяпер прыкмет жыцця ў ёй няма. Усё зарастае травой і быльнягом. Побач з хатай на вуліцы калодзеж. З яго Караткевіч піў ваду. У суседнім доме жыла жанчына, з якой Міхасёнак сябраваў і якая, калі прыязджаў Уладзімір Сямёнавіч, прыходзіла ў госці. Гаворачы пра гэта, Міхась сказаў: “Відаць, недзе ў хаце, якая пустуе, ці на гарышчы ляжаць кніжкі Караткевіча з аўтографамі. Вось бы паглядзець!”
Дзве гадзіны хадзілі па могілках. Я адведаў сваіх бабулю Параску і дзеда Юзю, прабабулю Магдалену і прадзеда Андрэя, а таксама іншых сваякоў, многіх аднавяскоўцаў і аднакласнікаў.
28.06.2014. З Людмілай і яе маці ездзілі на Чыжоўскія могілкі. Прыбралі магілу Людмілінай бабулі Часлаўскай Пелагеі Максімаўны (4.10.1903-27.01.1986). Могілкі зараслі высокай травой, але бачна, што на Радаўніцу людзі наведвалі сваіх родных. І цяпер шмат наведвальнікаў. Сярод магіл, а іх тут калі не мільён, то тысяч трыста дакладна, сябе адчуваеш спакойным, і ўсё, што адбываецца па-за могілкамі — гэта як на іншай планеце, дзе існуе сваё жыццё. Тут сваё жыццё. І людзі каля магіл, як памерлыя, якія ажылі і прыбіраюць сваё вечнае жыллё. Вяртаючыся ад бабулі, пайшлі іншым шляхам, а не тым, што заўсёды хадзілі. Прайшлі каля магіл, дзе пахаваны цыганы. У іх помнікі, як у цароў. Праўда, сярод цыганоў шмат баронаў. Кожны раз, прыязджаючы на Чыжоўскія могілкі, думаю, каб знайсці хоць адну магілу, дзе пахаваны пісьменнік. І сёння маё жаданне споўнілася. Знайшоў Сымона Блатуна (10.05.1937-2.04.1970). На помніку два радкі паэта: ”Бывайце гоні, рэкі, паплавы. Я адлятаю ў свой далёкі вырай…”
10.11.2014. Прыязджаў краязнаўца Міхась Казлоўскі, каб паглядзець вёрстку і афармленне кнігі Язэпа Драздовіча, якую ён склаў. Выданне атрымоўваецца вельмі шыкоўнае, а галоўнае — у ім будзе прадстаўлены амаль увесь Драздовіч. З Міхасём паўспаміналі нашы зямляцкія сцежкі-дарожкі, па якіх апошнім часам неяк не выпадае пахадзіць. Цяпер Міхась працуе над томікам Вячаслава Міхасёнка (доўгі час жыў і працаваў настаўнікам у Дубравах), дзе будуць і вершы, і проза, і ўспаміны пра Караткевіча, і ліставанне. Рукапіс ужо мае назву “Зазімак” — так кнігу пры жыцці хацеў назваць Вячаслаў…
20.12.2014. Учора вечарам з Маладзечна патэлефанаваў Міхась Казлоўскі і паведаміў сумную навіну — на 73-ім годзе жыцця памёр пісьменнік Янка Галубовіч, які пісаў для дзяцей. Адразу ж узгадалася Ракуцёўшчына, дзе апошніх гадоў пятнаццаць кожную вясну на дзень памяці па Максіму Багдановічу збіраліся маладзечанскія пісьменнікі, краязнаўцы, мастакі, супрацоўнікі бібліятэк. З Мінска прыязджаў я з сябрамі, але часцей за ўсё адзін. Збіраліся на станцыі Уша і потым пешкі ішлі ў Ракуцёўшчыну. Ян Янавіч (так яго называў Міхась Казлоўскі, а за ім і ўсе астатнія) звычайна адставаў ад моладзі, бо балела сэрца, і нярэдка ў фальварак мы (Казлоўскі, Галубовіч і я) прыходзілі апошнімі. Па дарозе гаварылі пра нашу родную Віленшчыну, пра літаратуру, пра жыццё-быццё. Ян Янавіч на ўсё меў сваю думку і не баяўся яе сказаць. Часам і на мяне “наязджаў” па выдавецкіх справах. Гаварыў шчыра, але так, што на Яна Янавіча не магчыма было пакрыўдзіцца. Ён любіў Вязынку. Ён любіў Купалу і землякоў. Ён не лез на сцэну, каб выступіць, каб “засвяціцца”, але ён ніколі не адмаўляўся ад сустрэч з чытачамі. Я з ім не сябраваў, але мы з ім былі землякамі. Незадоўга перад смерцю Ян Янавіч папрасіў жонку, каб, калі ён памрэ, пахавала ў Дубравах. З мінулай нядзелі сярод маіх прадзедаў, дзядоў і аднавяскоўцаў будзе спачываць пісьменнік Янка Галубовіч…
20.04.2015. Заўтра Радаўніца. Каля роднай хаты сяджу на лаўцы з бацькамі. Глядзім на заходзячае сонца…
21.04.2015. Радаўніца. Чорны кот, як чорны манах, сядзіць каля брамы на Кальварыйскія могілкі…
(Заканчэнне будзе).