Интервью

Яе праца – за кожным радком бюджэту

На парозе новы каляндарны год. З ім звязаны планы на будучыню. Аднак кожны разумее: усе нашы жаданні залежаць, у першую чаргу, ад фінансавых магчымасцей. Важнейшым дакументам, які вызначае перспектывы развіцця раёна, з’яўляецца яго бюджэт на 2023 год. Напярэдадні прафесійнага свята пра сістэму кіравання бюджэтнымі сродкамі, жыццёвыя арыенціры мы пагутарылі з галоўным фінансістам раёна – начальнікам фінансавага аддзела райвыканкама Святланай ЦЕРАХ.

– Святлана Эдуардаўна, заканчваецца чарговы год. Якім ён быў у фінансавым плане для нашага раёна і з якім настроем Ваш калектыў сустракае Новы, 2023 год?

– Бюджэт раёна склаўся ў суме 73983,5 тысячы рублёў. Асноўная частка сродкаў – 25305,6 тысячы рублёў, ці 34,2 працэнта – накіроўваецца на адукацыю. Расходы на медыцыну склалі 19208,8 тысячы рублёў, ці 25 працэнтаў.

Радуе той факт, што за бягучы год удалося папоўніць матэрыяльна-тэхнічную базу, правесці значны аб’ём рамонтных работ ва ўстановах адукацыі, медыцыны, культуры, на што былі выдаткаваны 518,9 тысячы рублёў. Завершана рэканструкцыя хірургічнага корпуса райбальніцы. Перад самым новым годам папоўніўся транспартны парк: закуплены 2 спецыяльныя аўтамабілі ў райбальніцу, аўтобус – у аддзел культуры.

З правядзеннем у Валожыне абласных “Дажынак” у 2024 годзе вызначаны вялікія аб’ёмы работ і вялікія сродкі на іх правядзенне. У новым годзе распачнецца рэканструкцыя і рэстаўрацыя іешывы: непазнавальна зменіцца не толькі сам будынак, але і прылеглая тэрыторыя. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту выдаткаваны 5 мільёнаў рублёў.

Канец года – даволі напружаны перыяд для работнікаў фінансавага аддзела: даводзіцца працаваць многа, каб якасна завяршыць год, не дапусціць налічэння крэдыторскай запазычанасці, а таксама размеркаваць бюджэт на наступны год.

– Як фарміруецца бюджэт і якія сферы жыццядзейнасці лічацца прыярытэтнымі?

– Фарміраванне бюджэту – работа досыць аб’ёмная, патрабуе збору інфармацыі па ўсіх кірунках бюджэтнага фінансавання і папаўнення бюджэту, з указаннем канкрэтных аб’ектаў, сродкаў і тэрмінаў, а таксама вызначэння асноўных напрамкаў бюджэтнай і падатковай палітыкі на бягучы фінансавы год. Даходы і расходы з’яўляюцца важнейшымі элементамі бюджэтнай сістэмы.
Першапачатковыя расходы ў наступным годзе – сродкі на выплату заработнай платы, аплату камунальных паслуг, прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, субсідзіраванне жыллёва-камунальных і транспартных паслуг, што аказваюцца насельніцтву, субсідыі арганізацыям, якія рэалізуюць паліва насельніцтву. Гэтыя выдаткі складаюць 86,6 працэнта расходаў бюджэту. Напрыклад, пры аплаце паслуг па ацяпленні насельніцтвам аплачваецца толькі 18,7 працэнта ад затрат. Астатняя частка (81,3 працэнта) пакрываецца субсідыямі з бюджэту.
У 2023 годзе даведзены рост па фондзе заработнай платы ў памеры 120 працэнтаў да ўзроўню бягучага года. Улічваючы той факт, што ў бюджэтных арганізацыях раёна працуюць 3258 чалавек, павышэнне зарплаты закране значную частку работнікаў.

2022 год для бюджэту раёна склаўся даволі стабільна. У параўнанні з 2021 годам чакаецца рост даходаў на ўзроўні 110,3 працэнта. Ад першапачаткова даведзенага плана даходы павялічыліся на 106,9 працэнта. Дадатковыя паступленні да канца года плануюцца ў суме 2947 тысяч рублёў. Звышпланавыя даходы дазволяць у поўным аб’ёме прафінансаваць усе прынятыя даходныя абавязацельствы.
Святлана ЦЕРАХ

Што тычыцца прыярытэтных, то гэта тыя сферы дзейнасці, што звязаны з аказаннем паслуг насельніцтву. І якую ні вазьмі – усе важныя. Важная адукацыя, бо ад яе якасці залежыць будучыня нашай краіны. Не менш важная сацыяльная палітыка, якая накіравана на абарону сацыяльна слабых катэгорый насельніцтва: аказанне матэрыяльнай дапамогі малазабяспечаным людзям, пенсіянерам, інвалідам. У прыярытэце ахова здароўя, бо галоўнае – здароўе чалавека і яго жыццё. А каб захаваць жыццё, неабходна своечасова паставіць правільны дыягназ. І тут вялікую ролю адыгрывае не толькі прафесіяналізм урача, але і наяўнасць неабходнага дыягнастычнага абсталявання. Дарэчы, у апошнія гады гэтаму надаецца вялікая ўвага.

– Што асабіста Вам прыносіць штодзённая праца?

– Асноўная частка жыцця праходзіць на рабоце, таму немалаважна, каб яна прыносіла задавальненне і паменш было стрэсавых сітуацый. Прыемна, калі ты можаш знайсці шляхі рашэння праблем, што ўзнікаюць у выніку дзейнасці бюджэтных арганізацый, калі перавыконваецца даходная частка бюджэту, і дадатковыя сродкі накіроўваюцца ў патрэбнае рэчышча.

– Ці накладвае прафесійная дзейнасць адбітак на Ваша паўсядзённае жыццё?

– У тым плане, што грошы любяць падлік. Таму стараюся прывучаць сваіх блізкіх да эканомнага і правільнага расходавання грошай.

– Як фінансіст-прафесіянал, ці можаце сказаць, што існуе магія лічбаў?

– Зразумела, лічбы адыгрываюць пэўную ролю ў жыцці людзей. У многіх ёсць любімыя лічбы, якім яны надаюць нейкае значэнне. У мяне такіх лічбаў няма, ці не заўважала гэтага. Аднак да лічбы 13 адношуся з асцярожнасцю, у асаблівасці калі дата выпадае на пятніцу, стараюся не планаваць у гэты дзень важных спраў.

– Раскажыце, калі ласка, пра выбар прафесіі?

– У час майго дзяцінства, напэўна, больш аднагодкаў марылі стаць настаўнікамі. Быць настаўнікам хацела і я. У старэйшых класах прываблівала прафесія ўрача, аднак жудасна баялася крыві і баюся да гэтай пары, таму такі варыянт нават не разглядала. Калі паступала ў Мінскі фінансава-эканамічны каледж, гэта быў выпадковы выбар. На выдатна скончыла 8 класаў, а ў той час з такім атэстатам бралі без экзаменаў. Вось і вырашыла выкарыстаць магчымасць: падала дакументы на самую прэстыжную спецыяльнасць – “дзяржаўны бюджэт”. Накіраванне на работу атрымала ў фінансавы аддзел нашага райвыканкама, у склад якога ўваходзіла падатковая інспекцыя: я займалася налічэннем і зборам падаткаў, а таксама праверкамі. Каб налічыць падаткі, даводзілася праводзіць падворны абход, раздаваць плацежныя дакументы, а часам збіраць падаткі ў злосных неплацельшчыкаў. У 1990 годзе падатковая інспекцыя стала самастойнай адзінкай, і работа фінансістаў была накіравана ў большай ступені на выкананне расходнай часткі. Тады нават не думала, што застануся на гэтым месцы. А ў выніку сёлета 1 жніўня споўнілася 35 гадоў, як працую ў фінансавым аддзеле. У калектыве – 7 чалавек, усе прафесіяналы на сваіх участках, таму пытанні вырашаем разам.

– Што лічыце самым галоўным у жыцці?

– Напэўна, як і для кожнага чалавека, самае галоўнае – гэта сям’я і шчасце маіх дзяцей. Хочацца, каб яны дасягнулі пэўных поспехаў, але пры гэтым заставаліся сапраўднымі людзьмі. Таксама хочацца, каб як мага даўжэй на зямлі пражыла матуля. Жыць у гармоніі з сабой, умець бачыць прыгажосць і радавацца жыццю.

– Што цэніце ў людзях? Чаго ніколі не даруеце?

– Дабрыню, шчырасць, справядлівасць, сумленнасць, прастату, адкрытасць, гатоўнасць падтрымаць і дапамагчы. А вось чаго ніколі не дарую, не магу адказаць. Напэўна, такія выпадкі не сустракаліся і, дай Бог, каб ніколі не здарыліся.

– Як праводзіце вольны час, чым захапляецеся?

– Вольнага часу не так многа. Вельмі люблю вырошчваць кветкі, і летам гэты занятак забірае шмат часу. Таксама люблю лес, збіраць грыбы – напэўна таму, што нарадзілася ў вёсцы Вуглы, якая з усіх бакоў акружана лесам. Люблю гатаваць – асабліва займацца выпечкай.

– Ці можаце пацвердзіць, што навагоднія святы – пара сапраўдных цудаў?

– Кожны чалавек, у якім бы ўзросце не быў, заўсёды ў нейкай ступені верыць у цуды. І я не з’яўляюся выключэннем. Хочацца верыць у тое, што ўсё лепшае збудзецца, а горшае забудзецца.

– Падзяліцеся, калі ласка, рацэптам сваёй фірменнай стравы?

– У маёй сям’і ўсім падабаецца мясны рулет “Святлафор”. Рыхтуем фарш, як для катлет, раскладаем на цэлафанавы пакет, папярэдне намочаны вадой. Асобна бяром балгарскі перац (можна замарожаны) трох колераў: чырвоны, жоўты, зялёны, наразаем кубікамі і выкладваем на катлетную масу каляровымі палоскамі. Зверху пасыпаем цвёрдым сырам, нацёртым на тарцы. Пасля ўсё скручваем у рулет, паступова аддзяляючы цэлафанавы пакет, акуратна кладзём на фольгу і зашчыпваем канцы. Выпякаць у духоўцы 40-45 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў. За 5 хвілін да заканчэння прыгатавання можна раскрыць фольгу, каб рулет падрумяніўся. Ён смачны і гарачы, і халодны.

– Што б пажадалі валожынцам у Новым годзе?

– Як ад фінансіста, ад мяне чакаюць, у першую чаргу, пажадання фінансавай стабільнасці. Але я хачу пажадаць таго, што не мае цаны: моцнага здароўя. Наступны год – год Ката. Няхай ён будзе лагодны, каб вас акружалі любоўю і пяшчотай дарагія і блізкія людзі, павагай – калегі па рабоце і навакольныя. Мірнага неба над галавой і міру ў вашых сэрцах. Ну, і фінансавай стабільнасці таксама.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ