Нясвіжскі палац Радзівілаў здаўна славіцца сваёй веліччу, але гэтымі днямі яго старажытныя залы напоўніліся асаблівым, трапяткім і малітоўным святлом. Тут прайшоў фінал знакавай падзеі ў культурным і рэлігійным жыцці краіны — ІІІ Міжнароднага праваслаўнага фестывалю духоўнай творчасці (літаратуры і музычнага, песеннага мастацтва) «Богородице похвалу воспоем».
Заснавальнікамі і арганізатарамі гэтага высокага форуму традыцыйна выступаюць Беларуская Праваслаўная Царква (пад патранатам біскупа Нясвіжскага Аўксенція) і Грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» на чале са старшынёй Алесем Карлюкевічам. Фестываль яднае чалавечыя душы праз хрысціянскія каштоўнасці, спагаду, любоў да бліжняга і высокае мастацкае слова.
Святая Валожынская зямля заявіла аб сабе на гэтым прэстыжным міжнародным форуме надзвычай ярка, магутна і шматгранна. Наш край прадстаўляла сапраўдная творчая сям’я двух пакаленняў, што плённа працуюць пры ДУК «Валожынскі раённы цэнтр культуры»: старэйшае крыло — народны калектыў літаратурна-мастацкага майстэрства «Рунь», і юная змена — гурток паэтычнага майстэрства «Летуценнік».
Жывая мудрасць і прыклад старэйшых
Асаблівае трапяткое хваляванне і бязмежны гонар выклікала прысутнасць на фестывалі Марыі Антонаўны Шакун. Чалавек-эпоха, чыё жыццё — гэта бясцэнны ўзор вернасці роднай зямлі і чалавечай працы. Кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шматлікіх паэтычных кніг, Марыя Антонаўна і сёння нясе ў свет нязгаснае святло дабрыні. Яе аўтарскі твор «Вечерняя молитва», пранікнёна прачытаны аўтарам, прагучаў пад зводамі палаца як сапраўдная малітоўная споведзь за мір, згоду і дзяцей нашай краіны. Кожнае яе слова кранала прысутных да слёз, нагадваючы, на якой глыбокай веры і шчырасці трымаецца наш беларускі народ. Гэта выступленне стала сапраўдным духоўным камертонам усіх удзельнікаў.

«Летуценнікі» разам з паэзіяй Валожыншчыны
Галоўнай адметнасцю і каштоўнасцю рэпертуару гуртка «Летуценнік» стала тое, што дзеці з гонарам прадставілі на міжнароднай сцэне творы сваіх славутых землякоў — валожынскіх аўтараў. Для большасці юных выхаванцаў гэта быў першы сур’ёзны іспыт такога маштабнага ўзроўню, але любоў да роднага слова дапамагла пераадолець хваляванне.
Самыя малодшыя ўдзельніцы здзіўлялі кранальнай непасрэднасцю і чысцінёй дзіцячага ўспрыняцця. Маленькая Кацярына Корсакава па-майстэрску тонка перадала абуджэнне прыроды ў вершы валожынскай паэткі Галіны Гражынскай «Вясна». Сапраўднай сенсацыяй стала выступленне юнай Ганны Шамагонавай: маленькая артыстка асмелілася прачытаць уласны аўтарскі твор «Сказка про пять конфет»! Смеласць і дзіцячая фантазія аўтаркі былі па заслугах уганараваны Дыпломам III ступені.
Чытальнікі дэманстравалі выдатную сцэнічную мову і глыбокае асэнсаванне духоўных тэм. З замілаваннем і трапятаннем слухалі гледачы «Малітву» Зінаіды Гасціловіч у выкананні Ганны Корсакавай, а Арцемій Трус уразіў слухачоў сталасцю пачуццяў у вершы Пятра Бітэля «Унуку». Любоўю да роднага вытоку і матчынага слова былі прасякнуты выступленні брата і сястрычкі Глеба і Анастасіі Венславовічаў, якія абралі для дэкламацыі паэзію — Лідзіі Гардынец і Тамары Бярэзінай.
Асаблівай кропкай трыўмфу стаў выступ братоў Паўла і Яўгена Жылевічаў. Іх супольнае выкананне верша Марыі Мучынскай «Братская дружба» стала ўзорам сапраўднага сямейнага яднання, яркага артыстызму і сцэнічнага майстэрства. Вынік захаплення залы і журы — заслужаны Дыплом I ступені! Акрамя таго, Павел Жылевіч выступіў на фестывалі і з уласным вершам «Вясна і месяц май», даказаўшы, што паэтычная крыніца Валожыншчыны набывае новую моц.

Выхаванка гуртка Анастасія Лебедзевіч зачаравала публіку сталым, узнёслым прачытаннем верша Ганны Рубацкай «Мае вянкі», паказаўшы высокі ўзровень выканання.

Годна падтрымала паэтычную эстафету і кіраўнік гуртка, паэтка Наталля Фадзееўна Жылевіч. Яе выступленне было адзначана дыпломам III ступені.
Пераемнасць пакаленняў
Паездка ў Нясвіж яскрава засведчыла галоўнае: у Валожынскім раённым цэнтры культуры жыве бясцэнная сувязь пакаленняў. Калі побач з такімі прызнанымі карыфеямі, як Марыя Шакун, стаяць юныя «летуценнікі», якія з павагай чытаюць творы сваіх землякоў, роднае валожынскае слова і духоўная традыцыя будуць жыць у веках.

Віншуем нашых пераможцаў і ўдзельнікаў! Дзякуй вам за годнае прадстаўленне раёна, за смеласць, шчырасць і за тое, што праслаўляеце паэтычную спадчыну Валожыншчыны на ўсю краіну! Няхай Багародзіца аберагае ваш творчы шлях!





