Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
14.08.2014. Раніца. Дождж, як пачатак патопу. Стаю на прыпынку на Нямізе. Вуліца павольна ператвараецца ў раку. Спыняецца патрэбны мне аўтобус, і я еду ў ім, як у чоўне дзеда Мазая мокры заяц…
16.08.2014. Глядзеў серыял пра Уладзіміра Маякоўскага. Добра, што гучала шмат вершаў. Дрэнна, што застрэліўся. Не люблю, калі фільм, як і жыццё, канчаецца смерцю…
17.08.2014. Нядзеля. Тры дні засталося да вандроўкі ў Еўропу. Людміла прастыла. Цяпер сядзіць дома, чакае Максіма з мора. Сёння сын прыязджае ў 15.45, а я еду да сястры Валі ў Сокал на святкаванне яе дня народзінаў…
Мяне і брата Вову на стацыі метро “Магілёўская” забраў на машыне сын Валі Сяргей са Светай. Дома былі Віця і Надзя. Нагаварыліся, наўспаміналіся. У Валі доўгі час жыла наша мама, і ў яе дома яна памерла. Адчувалася прысутнасць мамы. Думаю, мама радавалася, што мы сабраліся…
З мора вярнуўся Максім. Загарэлы, пахудзелы і задаволены. І мы таксама задаволеныя, што ён нарэшце вярнуўся дахаты…
19.08.2014. Вечар. Зазвінеў мабільнік. Гляджу — звоніць дзядзька Шура з Пугачоў. Адразу ж у сэрцы і галаве трывога: “Што там здарылася?”. Побач з нашай хатай каля плота на вуліцы прарвала калонку, і вада цячэ ў наш сад і да фундамента хаты. Дзядзька патурбаваў і сястру Валю, каб мы тэрмінова званілі ў Валожын у аварыйку. Праўда, калонка калхозная, а не наша, але, адным словам, зноў вада, і зноў нам бяда. Адчуванне такое, што сама хата, застаўшыся без гаспадароў, прыцягвае да сябе няшчасце…
6-7.09.2014. Не паспеў ачуняць ад дарог, як зноў дарога. Заслаўль. Два дні ўдзельнічаў у святкаванні Дня беларускага пісьменства. Людзей мора. Адны прыязджалі на электрычках, другія ад’язджалі. Музыка, песні, вершы, танцы і кнігі, кнігі, кнігі. Шмат было і пісьменнікаў. Адны са мной віталіся, некаторыя абдымаліся, другія паглядалі здалёку, а трэціх я ўпершыню бачыў і толькі сёння даведаўся, што яны ёсць…
8.09.2014. Прыходзіў Анатоль Вярцінскі. Прынёс дазвол на публікацыю вершаў у падручніку. Раней такіх правіл не было і, відаць, далей не было б, калі б адзін з літаратараў не пачаў падаваць у суд на ўсіх, хто ягоныя творы ўключыў у зборнікі і падручнікі, не запытаўшыся ў яго. Наконт усяго гэтага Анатоль Ільіч сказаў: “Чалавек сам сябе выкрэслівае з беларускай літаратуры. Розум абмежаваны, а вось дурнота бязмежная…”
8.09.2014. Дваццаць восем гадоў таму ў Маскве, калі я вучыўся ў Літінстытуце на ВЛК, да мяне ў інтэрнацкі пакой на Дабралюбава пазнаёміцца прыйшла Людміла Рублеўская…
Сёння майму бацьку было б 83…
11.09.2014. Даведаўся, што 4 жніўня памёр паэт Святаслаў Макаль (сын паэта Пятруся Макаля). Яму было крыху за пяцьдзесят. У 1992 годзе Святаслаў выдаў кнігу вершаў “Дзверы насцеж”. Па сённяшні дзень памятаю ягоныя немудрагелістыя радкі:
11.09.2014. “А я нешта павесялеў!”— сказаў я і ўспомніў, што так часам мне казаў бацька пра свой настрой, калі я ў Мінску даглядаў яго. Бацьку, каб павесялець, хапала добра паесці. А я павесялеў з таго, што напісаў верш. Цяпер думаю, ці есці грыбы, якія сын прывёз з лесу і якія цяпер варацца. Грыбы варацца ўжо другую гадзіну, а я час ад часу падыходжу да каструлі і, гледзячы на вар, сам сабе кажу: “Па-мойму, тут большая палова атрутных грыбоў!”. Шкада выкідаць, але і есці страшна…
12.09.2014. Прыходзіў доктар філалагічных навук Алесь Бельскі. Яго можна слухаць бясконца. І пра літаратуру, і пра наша жыццё-быццё. Думаю, што студэнты філфака любяць Алеся Іванавіча. З ім добра. Алесь абяцаў да канца года прынесці зборнік выбраных вершаў паэтаў, якія загінулі на вайне. Выдадзім у серыі “Паэзія ХХ стагоддзя”. З выдавецтва пайшлі разам, і амаль гадзіну ішлі да майго прыпынку, стаялі, успаміналі тых, каго ўжо з намі няма. Шкадавалі, што амаль не перавыдаюцца пісьменнікі, на творах якіх мы выраслі, якія былі ў нас настаўнікамі. Ад Алеся даведаўся (яму казалі знаёмыя выкладчыкі з універсітэта), што пасля смерці Вольгі Казловай (кватэра была прададзена) кнігі і часопісы з рэдкімі аўтографамі пісьменнікаў і дзяржаўных дзеячоў валяліся на сметніцы, і ў іх капаліся бамжы. Алесь і сёння шкадуе, што, калі быў у гасцях Вольгі Васільеўны незадоўга да яе смерці і яна яму прапанавала ўзяць са сваёй бібліятэкі ўсё, што хоча, ён пасаромеўся гэта зрабіць…
12.09.2014. З Людмілай хадзілі ў тэатр аднаго актора “Зніч”, які паказвае спектаклі ў культурным цэнтры касцёла св. Сымона і св. Алены. Запрашэнне атрымалі раніцай ад гаспадыні тэатра Галіны Дзягілевай. Сёння пачатак новага тэатральнага сезона, які для “Зніча” стаў дваццаць пятым, і пачаўся ён спектаклем “Любіць” на вершы Анатоля Вярцінскага. Ідучы ў касцёл, мы думалі, што там сабярэцца шмат нашых знаёмых. Прыйшлі. Са знаёмых сустрэлі Анатоля Вярцінскага і Уладзіміра Васілевіча. Аднак зала была амаль поўная. У асноўным школьнікі, для якіх і адрасаваны спектакль. За маёй спінай сядзела маладая пара і, калі пачаўся спектакль, хлопец сказаў: “Ух ты! Па-беларуску!” Спектакль ішоў амаль паўтары гадзіны. Недзе ў яго сярэдзіне Галіна Аляксееўна закашлялася і папрасіла вады. Пакуль супрацоўніца тэатра несла кубак, на сцэну выйшаў Анатоль Вярцінскі і прапанаваў акторцы адпіць з яго пляшачкі. Дзягілева не адмовілася, і тут жа ўся зала ўзарвалася апладысментамі. Атрымалася так, нібыта гэта ўсё было па сцэнарыю. Калі спектакль закончыўся, слухачы хвілін дзесяць не разыходзіліся. Некаторыя школьнікі фатаграфаваліся з Дзягілевай і Вярцінскім, дарылі кветкі…
13.09.2014. Некалькі дзён таму фотамайстра Юрый Іваноў запрасіў на сённяшні дзень у Мінскую ратушу на ўрачыстую перадачу сваёй фотакарціны “Лятучка. 1987 год” у музей сталіцы. З Людмілай выйшлі зараней, каб прагуляцца па святочных вуліцах. Зайшлі ў кнігарню “Цэнтральная”, дзе сустрэлі Зміцера Юркевіча. Ён запрасіў нас на прэзентацыю часопіса, які прысвечаны Тадэушу Рэйтану. Імпрэза адбудзецца ў Палацы мастацтваў 26 верасня. Потым мы няспешна пайшлі да ратушы. Паслухалі выступленні аркестра, народных хораў. Зайшлі ў ратушу і адразу трапілі на выставу Юрыя Каралевіча «Рэмінісцэнцыя», на якой прадстаўлены жывапісныя партрэты гістарычных дзеячаў Беларусі. З мастаком я пазнаёміўся сёлета ў Вязынцы пад час свята паэзіі. Усяго на выставе прадстаўлены пятнаццаць партрэтаў. У асноўным гэта самыя значныя асобы: вялікія князі Гедымін, Альгерд, Кейстут, Вітаўт, Ягайла, прадстаўнікі дынастыі Радзівілаў. Карціны ўражваюць. Яны надаюць ратушы значнасць. На імпрэзу да Юрыя Іванова прыйшлі народныя артысты Ігар Лучанок і Эдуард Зарыцкі, народны мастак Іван Міско, і яшчэ шмат вядомых людзей. Вёў імпрэзу кінарэжысёр Аляксандр Карпаў-малодшы. На перадачы фотакарціны музею Мінска прысутнічала і гераіня самога здымка, якому ўжо дваццаць сем гадоў. Жанчына па сённяшні дзень працуе на камвольным камбінаце. З прыемнасцю паслухалі песні з рэпертуара мулявінскіх “Песняроў” у выкананні Анатоля Кашапарава. Выступіў і я. Пачытаў вершы. Пасля імпрэзы ўсе фатаграфаваліся, абменьваліся думкамі пра свята. А мы з Людмілай, крыху пабыўшы сярод бамонду, пайшлі ў “Планету Сушы”…
14.09.2014. За вакном цемра, як мёртвая вада…
15.09.2014. Па дарозе да Петрапаўлаўскага сабора я ізноў бачыў народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага. Ён ішоў з двумя кавенькамі, час ад часу спыняючыся, разглядаючы людзей, якія абганяюць яго і якія ідуць насустрач. Расціслаў Іванавіч, якому 5 лютага наступнага года будзе 85 гадоў, ішоў прыгожа, як і належыць ісці народнаму артысту. Любуючыся Расціславам Янкоўскім, я з жалем падумаў, што, відаць, ніхто, акрамя мяне, не ведае, хто гэты стары, які ледзьве ідзе па Нямізе, як і я не ведаю, што за пажылы мужчына сядзіць у інвалідным вазку на ўваходзе ў дворык Петрапаўлаўскага сабора…
16.09.2014. У паветры праплыла павуцінка, якой былі завязаны дзверы ў восень…
17.09.2014. Выступаў у школе № 43, што на вуліцы Галадзеда. Прыемна было паслухаць “Баладу Ефрасінні Полацкай”, якую па памяці прачытала вучаніца. Чытала выразна і слова ў слова. Балада напісана даўно, а я і сёння на памяць яе не ведаю. Па-мойму, яна складаная для завучвання…
18.09.2014. Удзельнічаў у запісе тэлепраграмы “Дыя@блог P. S.”, што выходзіць на канале “Беларусь 3”. Вядучыя — Навум Гальпяровіч і Анатоль Зэкаў. Праграма пра гумар і гумарыстаў. Я на лаўры вялікага гумарыста ніколі не прэтэндаваў і цяпер не прэтэндую, але так атрымалася, што сёння вядучыя даказалі мне, што я ўсё ж і сур’ёзны, і вясёлы. Перад тэлезапісам грымёрша напудрыла мяне, і я, паглядзеўшы ў люстэрка, сам сабе ў думках сказаў: “Харош! Асабліва ў змроку!” Пасля мяне запісваўся гумарыст Міхась Мірановіч. Сваёй чаргі ён чакаў амаль гадзіну. Ідучы на запіс, мы яму далі заданне напісаць новых эпіграм. Сказаў, што напісаў. Выйшаўшы са студыі на вуліцу, я ўбачыў грымёршу, сімпатычную дзяўчыну, якая сядзела на ганку і няспешна піла каву. І цяпер на вольным паветры, дзе з дрэў ападае першае залатое лісце, яна была прыгажэйшай, чым тады, калі мяне рыхтавала да гумару…
18.09.2014. Быў у Інстытуце журналістыкі на кафедры “Літаратурная работа (Рэдагаванне)”, куды мяне запрасіў на 0,25 стаўкі на працу Віктар Іўчанкаў. Напісаў заяву на працу, запоўніў план на навучальны год. Цяпер у мяне будуць свае студэнты. Потым залікі, экзамены. Словам, і я стаў “дацэнтам”…
19.09.2014. У выдавецтва прыходзіў мужчына. Пяцьдзесят дзевяць гадоў. Жанаты. Мае будаўнічую фірму. Зімой ён быў на цёплым моры. Там здзейснілася ягоная мара — мець каханку, якая б працавала настаўніцай. Жанчыне сорак гадоў. Разведзеная. Сын ужо дарослы. Закаханы мужчына за дзевяць месяцаў напісаў каля паўтысячы вершаў. Піша, хаваючыся ад жонкі і дзяцей, у пакоі, дзе стаіць акварыум. Блізкія думаюць, што ён да адурэння палюбіў рыбак. Каханка вершы набірае на камп’ютэры, правячы граматычныя памылкі. Словам, мужчына мне ўсё расказаў, як “паэт паэту”, пакінуўшы на памяць свае творы.
20.09.2014. Дзякуючы прафсаюзнай арганізацыі выдавецтва, са сваімі супрацоўнікамі ездзіў у вандроўку па маршруце: Мінск— Ліда—Мураванка— Жалудок— Мінск. Люда сказала: “Для нас гэта працяг нашай нядаўняй дарогі па Еўропе…”
У Ліду ехалі па маёй роднай Валожыншчыне. Час ад часу я дапамагаў Ярашу Малішэўскаму (наш гід) расказаць пра мясціны, якія мы бачылі праз аўтобуснае вакно…
На ўваходзе Лідскага замка нас чакаў навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун. Я з ім знаёмы, і ён, павітаўшыся са мной, потым на працягу ўсёй экскурсіі стараўся гаварыць так, нібыта ўся экскурсія толькі для мяне. Алесь піша вершы. Здаецца, мае кніжку. Увесь час хацеў нас завесці ў музей Валянціна Таўлая, што побач з замкам. На жаль, большасць нашай групы не загарэлася жаданнем зайсці да паэта…
У Лідзе было Свята горада. Вакол замка гандлёвыя палаткі, шмат людзей, нібыта мы трапілі ў тыя часы, калі жылі князі…
Экскурсавод Алесь па знаёмству мне дазваляў фатаграфавацца з экспанатамі замка. Калі я сеў за гасцінны княскі стол, да мяне падсела дачка нашай супрацоўніцы, і атрымаўся здымак: кароль Ягайла і Соф’я Гальшанская…
Каля гасцініцы “Ліда” стаіць скульптура камандзіровачнага. Мясцовыя, убачыўшы нас, сказалі, што трэба узяцца за нос скульптурнага мужыка. Для чаго? Не растлумачылі…
Потым мы паехалі ў Мураванку, дзе стаіць Свята-Раства-Багародзіцкая царква-крэпасць абарончага тыпу. Яна размешчана ў цэнтры вёскі на ўзвышшы. Пабудавана ў 1524 годзе з цэглы. Значна пашкоджана ў 1656 годзе ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, але праз некалькі гадоў адноўлена. У 1706 годзе храм трапіў пад гарматны абстрэл шведскага войска Карла XII і ў пашкоджаным стане стаяў спустошаны да пачатку 19 стагоддзя, потым быў адноўлены. Адлюстраваны мастаком В. Гразновым у 1860-я гг. Выгляд храма значна зменены ў час капітальнага рамонту 1871-72 гг. У 1920-я гады царква была перароблена пад касцёл. Набажэнства ў храме адноўлены ў 1988 годзе (прастольнае свята 21 верасня)…
Побач за агароджай царквы стаіць хата, на сцяне якой вісіць партрэт Сяргея Ясеніна, над якім прымацаваны кветкі. Каля плота стаіць вядро з яблыкамі. Відаць, у хаце жыве чалавек, які любіць паэзію і які, магчыма, сам піша вершы…
Лазілі на вежы. Вінтавыя лесвіцы вузкія і крутыя. На званіцы сядзелі галубы. Мы іх напалохалі, і яны паляцелі высока ў неба, каб расказаць былым абаронцам царквы, што сюды прыйшлі не ворагі, а свае людзі…
У вёсках Лідчыны і Шчучыншчыны вельмі шмат старых закінутых хат. Ды і многія тыя, у якіх жывуць людзі, выглядаюць не лепей. Гледзячы на іх, успамінаў сваю родную ў Пугачах…
Наведалі Жалудок. На ўскрайку мястэчка (Фарны канец) быў драўляны кармеліцкі кляштар, фундаваны ў 1686 годзе Казімірам Францкевічам і прыстасаваны (пасля скасавання ў 1832) у 1839 годзе пад лазарэт эстляндскага егерскага палка. Пад алтаром крыпта з пахаваннямі, сярод іх пахаванне падскарбія надворнага А. Тызенгаўза — уладальніка Жалудка. Пасля касцёла мы заехалі паглядзець палацава-паркавы ансамбль Святаполкаў-Чацвярцінскіх пачатку ХХ стагоддзя. Ён знаходзіцца ў Жалудку. Мы яго адразу не знайшлі, таму два разы туды-сюды праехалі праз невялічкую вёску Зара Камунізму…
Дамоў вярталіся, нібы з мінулых стагоддзяў…