Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 г. Валожына Галіна ЛУШНОВА стала пераможцай раённага конкурсу “Настаўнік года-2023”. На заключным этапе спаборніцтваў у творчай самапрэзентацыі Галіна Васільеўна расказала: “Я – настаўнік, я шчаслівая адчыняць дзверы ў новы свет – свет замежнай мовы, свет сучасных моўных культур, захапляючых вандровак, адкрыццяў, поспеху, а галоўнае – новы свет СЯБЕ, дзе кожны вучань стварае сваю асобу, творыць, развіваючы сваё меркаванне і талент…”
– Галіна Васільеўна, ужо крышачку ўлягліся перажыванні, турботы. Ці прыйшло ўсведамленне поспеху?
– Нічога не змянілася ў маім жыцці абсалютна. І сам удзел у конкурсе – гэта была ўсё роўна мая работа: рабіла тое, што звычайна раблю кожны дзень на ўроках. Адно толькі выключэнне – чаму, дарэчы, моцна здзіўлена: зайшла ў магазін, да мяне пачалі падыходзіць з віншаваннямі незнаёмыя людзі. Тое ж адбываецца і на вуліцы. Калегі па рабоце як падтрымлівалі – так ва ўсім і падтрымліваюць, як адносіліся добра – так цудоўна ставяцца і зараз, як вучыла дзяцей раней – так вучу іх і цяпер.
– Адказнасць павялічылася? Як Вы лічыце?
– Галоўнае ў нашай прафесіі – вялікая доля адказнасці. Бо табе даверылі самае дарагое, што ёсць у людзей, – сваіх дзяцей. Што тычыцца мяне, працую заўсёды па максімуме – як магу і ўмею. Працягваю так рабіць і далей.
– У душы прысутнічаюць прыемныя хваляванні?
– Прыемна ад таго, што ў гімназіі працую ў коле аднадумцаў – вельмі паважаю, цаню сваіх калег, усяму вучуся ў іх, а два апошнія месяцы нас згуртавалі асабліва. Яны – тая надзейная апора, якая дапамагла мне выйграць. Як не дзіўна гучыць, прыемным быў і сам перыяд падрыхтоўкі да конкурсу: гэта вялікі этап творчай работы, які прынёс мне задавальненне.
– Калі Вам прапанавалі пазмагацца за званне лепшага настаўніка Валожыншчыны, уяўлялі, што гэта такое?
– Ведала добра, бо была ў складзе журы конкурсу. Нічога новага не бачыла і скажу шчыра: не думала ні пра перамогу, ні пра званне.
– Аднак знаходзіцца ў журы і быць удзельнікам – зусім розная справа?
– Згодна. Седзячы ў зале ў складзе журы, разумела, што даваць урок – складана: кожны твой рух, слова, позірк знаходзяцца пад увагай вачэй, і вачэй дастаткова патрабавальных. І хоць зала досыць добразычлівая, спаборніцтвы ёсць спаборніцтвы. Калі ж сама стала канкурсанткай, напачатку адчувала сябе больш-менш спакойна. Першы этап быў завочны: мы прадстаўлялі відэаўрок і апісвалі педагагічны вопыт. На другім этапе праводзілі ўрок у незнаёмым класе і паказвалі майстар-клас. А вось на заключным этапе перад выхадам на сцэну хвалявалася вельмі: не за сябе – баялася падвесці тых, хто адказваў за маё выступленне. Чалавек я эмацыянальны, таму, зразумела, хацелася імправізаваць: дарэчы, некалькі разоў адхілілася ад сцэнарыя, аднак усё прайшло добра.
– Разам з Вамі ў творчай відэапрэзентацыі ўдзельнічалі Вашы вучні.
– Мае вучні – мае натхняльнікі: мяне захапляе іх жаданне даведвацца штосьці новае, жаданне знайсці інфармацыю, адабраць яе, сістэматызаваць, зрабіць вывады, усё лагічна звязаць. Такія простыя агульнавучнёўскія навыкі потым будуць неабходны ім для паспяховай сацыялізацыі. Гэта ведаю і гэта запатрабавана часам. Сапраўднае задавальненне атрымліваю, калі вучні пасля ўрока кажуць: “Ой, клас, прыйду дадому, пачну з англійскага…” Лічу вось такія жывыя, шчырыя эмоцыі самай лепшай пахвалой для сябе. Значыць, матывацыя ў вучня да прадмета высокая, дамашняе заданне пасільнае, цікавае і магчымае.
– А любімчыкі ёсць?
– Упэўнена, любімчыкі ёсць у кожнага чалавека – немагчыма да ўсіх ставіцца аднолькава: да кагосьці адчуваеш большую сімпатыю, да кагосьці – меншую. У мяне, як не дзіўна, гэта не заўсёды выдатнікі. Калі кажу, што мне падабаецца вучань, гэта азначае, што мне падабаюцца яго адносіны да вучобы, да прадмета, да таго, якія ён ставіць перад сабой мэты і як выбудоўвае сваю адукацыйную траекторыю. Досыць часта гэта вучні, якія сутыкаюцца з нейкімі праблемамі ў маім прадмеце. Бачу дакладна і кажу бацькам: “Крышачку пачакайце, ваша дзіця працуе і хутка праявіць сябе”. І заўсёды, яшчэ не было такога выпадку, маю рацыю.
Мой прадмет – вусны прадмет. Для таго, каб вучні загаварылі на англійскай мове, трэба разбіць лёд маўчання і ўвесці іх у атмасферу іншамоўных зносін. Гэта няпроста – ёсць страх быць незразумелым, зрабіць памылку. Увогуле, навучанне – вялікая праца. І пытанне толькі ў тым, наколькі настаўнік можа матываваць, падтрымаць вучня і кожны раз старацца яго прыпадняць на прыступку вышэй. Сітуацыя поспеху вельмі важная для ўсіх і ў любой прафесіі. Для дзіцяці-вучня – тым больш. Па жыцці не сустракала ніводнага чалавека, які б не хацеў быў паспяховым: кожны жадае быць “топ” – свабодным, запатрабаваным, класным.
– Вы – стратэг, распрацоўшчык, псіхолаг. Разумееце, колькі прафесій увасабляеце? Выкладаць беларускую, рускую мовы прасцей, бо мы размаўляем на іх кожны дзень. Вам жа трэба ўкласці іншую культуру, адносіны да мовы, жаданне ёй навучыцца?
– Не магу сказаць, што нейкі прадмет лягчэйшы – усе досыць сур’ёзныя. Мой насамрэч асаблівы. Мне неабходна навучыць гаварыць, пісаць, чытаць на незнаёмай мове, пры гэтым закрануць усе сферы зносін: гісторыю, геаграфію, фізіку, хімію, навуку, мастацтва, спорт, сусвет, міжнародныя адносіны. Шматграннасць прадмета застаўляе педагога мець шырокі кругагляд. Каб падрыхтавацца да ўрока, трэба ведаць усе апошнія павевы: напрыклад, палітычная сістэма, кіраўнікі краін, міністры і гэтак далей. Міжпрадметныя сувязі на ўроку англійскай мовы праяўляюцца вельмі ярка.
– Наколькі ведаю, па першай вышэйшай адукацыі Вы – настаўнік геаграфіі, тым не менш выкладаеце ўвесь час англійскую мову?
– Родам я з горада Петрыкава, што на Гомельшчыне. Скончыла школу з медалём і свой выбар зрабіла сама. Была дастаткова амбіцыйнай дзяўчынай і адразу паступіла ў Белдзяржуніверсітэт на геафак. Калі прыехала ў Мінскую вобласць, разумела, што я – іншая: па тэмпераменце, зносінах і нават па жыццёвых каштоўнасцях. Адным словам – паляшучка. А палешукі насамрэч іншыя: гіперадказныя, вельмі працавітыя, шчырыя і сумленныя. Пытанні фінансавага дастатку ў іх ніколі не стаяць на першым месцы. Яны цвёрда ўпэўнены, што толькі дзякуючы свайму імкненню, старанню і руплівасці чагосьці можна дасягнуць у жыцці. І ганарацца гэтым. Вы можаце не паверыць, але ў нашай мясцовасці не прынята так доўга песціць сваіх дзяцей і далей дапамагаць ім амаль на працягу ўсяго жыцця. Таму прыжывацца было няпроста.
Дзякуючы маёй школьнай настаўніцы замежнай мовы Ніне Іванаўне Калбаска – педагогу ад Бога, англійскую мову ведала добра. Заўважыла мае здольнасці і выкладчык замежнай мовы ва ўніверсітэце. Вучылася ў спецгрупе на кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін і маю пасведчанне экскурсавода з веданнем англійскай мовы. Да таго другую вышэйшую адукацыю атрымлівала ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі менавіта на факультэце англійскай мовы, які скончыла з адзнакай. На той час навучанне праводзілася толькі стацыянарна, таму давялося пакінуць на тры гады сям’ю і зноў стаць студэнтам.
– Разумею, што Вы любіце не толькі вучыць, але і самі атрымліваць веды?
– Мой выбар па жыцці – вучыць і вучыцца! З задавальненнем наведваю ўсе семінары, вабінары, практыкумы, бо гэта – развіццё. 9 гадоў з’яўляюся кіраўніком гімназічнай школы маладога настаўніка “Дыялог”. У маладых калег вучуся крэатыўнаму сучаснаму падыходу да навучання – і яно незвычайнае, кожны раз зараджаюся ад іх энтузіязмам і нястрыманай энергіяй. Зносіны з імі даюць магчымасць крытычна зірнуць і на сваю работу. Бо школа – гэта дзеці, і тут ёсць толькі адзін прынцып: настаўнік для вучня. Адказнасць наша за гэтыя вось 45 хвілін не проста даць трывалыя веды, але і выхаваць юную асобу. Паверце, кожнае маладое пакаленне – яно іншае. І калі настаўнік не будзе мяняць падыходы да навучання, ён не зможа быць паспяховым адназначна. Ці, як мінімум, не зможа эфектыўна навучаць дзяцей.
17 студзеня споўнілася роўна 30 гадоў, як прыйшла на работу ў гімназію. Мне пашанцавала ў жыцці працаваць побач з педагогамі-прафесіяналамі: цудоўным кіраўніком Тамарай Іванаўнай Інфаровіч, Ліліяй Фёдараўнай Балашка, якая ўклала ў мяне ўсю сваю душу і веды. Ім вельмі ўдзячна за прафесійнае станаўленне – яны заўсёды былі для мяне мудрымі, разумнымі дарадцамі не толькі ў рабоце, а і ў жыцці.
– Што дае Вам прафесія ў штодзённым побыце?
– Работа настаўніка – гэта цэлае жыццё. Яна цалкам яго арганізуе, дае магчымасць кожныя 45 хвілін атрымліваць задавальненне – усё залежыць толькі ад педагога. Бо, калі ідзеш у клас, тут хітраваць нельга – з дзецьмі трэба весці сябе сумленна і адкрыта.
– Наперадзе Вас чакае больш адказны этап: прадстаўляць Валожыншчыну на абласных спаборніцтвах. Гатовы да новых іспытаў?
– Разумею, але пакуль не гатова. Пастараюся прыкласці максімум намаганняў, каб апраўдаць аказаны давер.
– Жадаем поспехаў і ўпэўненай перамогі!
– Дзякуй!
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Алены ЧАКУР