Общество

Вось бы ездзіць як па масле…

Пытанні ўтрымання і рамонту дарог – тэма, якая хвалюе не толькі абслуговыя арганізацыі. Яна выклікае занепакоенасць і ў жыхароў, асабліва аўтамабілістаў, якія пры руху на транспартным сродку яскрава адчуваюць усе нязручнасці – хібы, ямы і іх паследкі.

Так, нараканняў на нездавальняючы стан дарог у Валожыне шмат. Здаецца, рамантуюць-
падлатваюць, але, як кажуць у народзе, знаку мала.

У горадзе за стан дарог адказвае жыллёва-камунальная гаспадарка. Усяго на абслугоўванні ў камунальнікаў па раёне каля 600 кіламетраў. На 2023 год з мясцовага бюджэту на ўтрыманне і рамонт аб’ектаў прыдамавых тэрыторый, добраўпарадкаванне, вулічна-дарожныя сеткі і вулічнае асвятленне выдаткаваны 2 мільёны 300 тысяч рублёў. Амаль чацвёртая частка сродкаў – 603 тысячы 102 рублі – прадугледжана на ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі, якая ўключае ў сябе падмятанне і ўборку тэрыторый тратуараў, пасыпку пясчана-солевай сумессю і бягучы рамонт дарог.

У арганізацыі складзены план неабходных работ. Па разліках спецыялістаў менавіта на бягучы рамонт дарог неабходна больш за 3 мільёны рублёў. Самыя вялікія ўкладанні патрабуюцца на рамонт асфальтабетоннага пакрыцця і замену дарожнага борта ў райцэнтры па вуліцах Шчарбіны (653 тысячы на 1,1 кіламетра дарогі), Беларускай ад вуліцы Камарова (852 тысячы на 1,775 кіламетра), Чапаева (422 тысячы на 1,3 кіламетра), па вуліцы Леніна (349 тысяч на 1,62 кіламетра). На жаль, на вышэйпералічаныя расходы пакуль няма фінансавання. Пры гэтым з рэспубліканскага бюджэту 450 тысяч выдзелены на рамонт 1,1 кіламетра дарогі па вуліцы Пушкіна і 250 тысяч – на 0,47 кіламетра па Максіма Горкага.

Усяго сёлета плануецца адрамантаваць больш за 10 участкаў дарог агульнай працягласцю каля 6 кіламетраў, у тым ліку па вуліцах Гагарына, 50 гадоў Кастрычніка, Савецкай, Янкі Купалы, на плошчы Свабоды, а таксама ў Івянцы і Ракаве. Работы будуць праводзіцца на працягу 2-4 кварталаў.
Патрабуюць капітальнага рамонту і дарогі ў населеных пунктах: па вуліцах Нагорнай у вёсцы Ратынцы, па Заслонава ў Івянцы, у Ракаве па Юбілейнай, у вёсцы Арлоўшчына, а таксама на мосце па вуліцы 1 Мая ў Івянцы. На будаўніча-мантажныя работы неабходны 2 мільёны 300 рублёў, аднак сродкаў на гэта няма.

Па словах намесніка дырэктара па будаўніцтве Валожынскага жылкамунгаса Андрэя Ліштвана, два гады таму на баланс камунальнікаў былі перададзены ўсе вуліцы ў вёсках. А ў нашым раёне больш за 400 населеных пунктаў. Для таго, каб прагрэйдзіраваць дарогу ці расчысціць снег, даводзіцца ехаць за 60 кіламетраў – далёкасць адлегласці патрабуе немалых выдаткаў. Што тычыцца дарог у самім Валожыне, рамонт мэтазгодна праводзіць толькі пры спрыяльным надвор’і – інакш уся работа будзе змарнавана. У горадзе самую вялікую праблему ўяўляе гарыстая мясцовасць: падчас таяння снегу ці дажджу вада сцякае зверху, збіраецца ў выбоінах, а водаадводаў няма. Каб іх зрабіць, патрэбны вялікія грошы.

Начальнік участка добраўпарадкавання Таццяна Кузянкова патлумачыла, што ямачны рамонт можна рабіць круглы год, але толькі пры плюсавай пагодзе. Займаецца гэтай справай спецыяльная брыгада і зімой – робіцца не ўсё без разбору: у першую чаргу залатваюць ямы, якія ўяўляюць небяспеку, для падтрымання тэхнічнага стану дарог. Для рамонту выкарыстоўваецца сумесь бітуму і шчэбню. Яна падаграецца і ўкладваецца, але паверхня абавязкова павінна быць сухой. Таццяна Іванаўна зазначыла, што вясной ямачны рамонт пачнуць рабіць, калі сярэднясутачная тэмпература будзе 5-10 градусаў цяпла.

Алена Залеская