Интервью

Рычард Рыснік: “Я проста адным пальцам дакрануўся да высокага мастацтва…”

Напярэдадні 9 мая ў сталічным Палацы культуры ветэранаў прайшоў VIII рэспубліканскі вакальны конкурс сярод ветэранаў “Песні Перамогі”. Валожыншчыну на ім годна прадставіў Рычард Станіслававіч Рыснік – наш зямляк з Вішнеўшчыны, ад прыроды адораны вялікім талентам. На конкурсе ён выступаў з песняй валожынскіх аўтараў “Памяць”, словы да якой напісаў Алесь Пісарык, на музыку паклаў Уладзімір Гаркуша. Яшчэ адным адметным нумарам выступлення была песня “Ой, Нёман”.

Спевы для яго сталі і любімай прафесіяй, і сэнсам усяго жыцця. Сваю творчасць прысвяціў харавому спяванню, якім захапляўся з самага дзяцінства. Дзесяць гадоў Рычард Станіслававіч працаваў артыстам хору Вялікага тэатра оперы і балета, сямнаццаць гадоў аддаў Дзяржаўнаму камернаму хору Беларусі, у 2007 годзе перайшоў на работу ў Акадэмічную харавую капэлу імя Рыгора Шырмы. Самым любімым яго творам з’яўляецца “Аіда” Джузэпа Вердзі.

Р. С. Рыснік нарадзіўся ў вёсцы Галянова, што каля Вішнева, у простай сям’і: маці працавала ў калгасе ў паляводчай брыгадзе, бацька спачатку быў брыгадзірам, а пасля – вальшчыкам у лесе. Па словах суразмоўцы, меў шыкарнейшы тэнар: бывала, хрэсьбіны ці вяселле ў каго, то яго голас плыў над усімі. Дзеці заўсёды дапамагалі бацькам: і дома па гаспадарцы, і ў калгасе – палоць буракі, ірваць лён, жаць жыта сярпом умеў кожны з дваіх сыноў.

Разам з сям’ёй жыла бабуля па мацярынскай лініі: строгая, патрабавальная, акуратная, умела ўсё зрабіць – ад жаночай работы да мужчынскай, таму і камандавала парадкам. Таксама была вельмі набожная: на дварэ перадом домам стаяў крыж, які перажыў нават атэістычныя часы.

– Касцёл увесь час быў адкрыты, а побач з ім знаходзіўся клуб: старэйшае пакаленне ішло да Бога, а мы куды – безумоўна ж, у кіно. Вокны ў касцёле адкрыты, іграе арган, і людзі спяваюць. Вось гэта чароўная музыка і спевы з прыемнай настальгіяй усплываюць у памяці, – расказвае Рычард Станіслававіч.

У 1964 годзе ў Вішневе пабудавалі новую школу, і Рычард пайшоў сюды ў першы клас. Больш за 20 чалавек маленькіх вучняў прыняла настаўніца Галіна Адольфаўна Ясінчак, якая мела і музычную адукацыю: іграла на мандаліне і вяла спевы. Напэўна, адсюль і бярэ пачатак тая нябачная нітачка, якая вывела яго ў свет высокага мастацтва.

– Я спяваў з дзяцінства: памятаю, маці з бацькам пакладуць мяне малога паміж сабой на ложку і заспяваю “У суботу Янка ехаў ля ракі…” А ў школе, у першым ці другім класе, нас выбралі чатыры хлопцы, якія добра спявалі: я, Раман Данілевіч, Жэня Лаўнікевіч і Стась Зара. Мы пастаянна ўдзельнічалі ў розных школьных імпрэзах, – працягвае суразмоўца. – Дарэчы: споўнілася нам па 50 гадоў, і мы сабраліся класам. Прыехалі і хлопцы, з якімі калісьці спяваў. Яны як заспявалі, наваколле ажно закалыхалася! І мне адразу стала зразумела, чаму нас узялі ў школьную самадзейнасць.

На вялікую дарогу па прафесійнай сцежцы з гэтай кампаніі Рычард Станіслававіч выйшаў толькі адзін. Скончыўшы школу, мэтанакіравана шукаў у газеце аб’яву навучальнай установы, дзе ёсць аддзяленне спеваў, бо музычнай адукацыі не меў – у Вішневе тады яшчэ не было музычнай школы. Калі сказаў матулі, што паедзе вучыцца ў Маладзечанскае музычнае вучылішча, тая пачала адгаворваць, маўляў, ты такі худы, год да арміі, пабудзь дома. На што цвёрда адказаў: “Дай мне пяць рублёў, і я паеду”.

– Напэўна, гэта лёс такі, – працягвае герой аповеду. – Якраз Франак Пупа і Анатоль Рыбінскі ехалі паступаць у аўташколу, ну і я з імі паехаў. Раніца, Маладзечна таго толкам не ведаем, ідзем і разумеем, што пайшлі не ў той бок. Раптам выходзіць мужчына, пытаемся ў яго, як патрапіць на патрэбную вуліцу. А ён і кажа: “Адкуль вы такія музыканты ўзяліся?” Мы ж хлопцы простыя – расказалі ўсё, як на споведзі. Як пасля высветлілася, наш спадарожнік працаваў у Маладзечанскім музвучылішчы загадчыкам гаспадарчай часткі і прывёў мяне ў прыёмную камісію са словамі: “Вось, знайшоў вам яшчэ аднаго музыканта”. На вакальнае аддзяленне паступала 30 чалавек, з іх трэба было выбраць толькі 10. Чую, клічуць: “Хто на вакал? Хто на спевы? Хто на харавое?”. А я, як мая педагог пасля казала, толькі ад плуга адарваўся, думаю: што гэта такое? І куды ісці – не ведаю. Прыстроіўся за ўсімі і патрапіў на вакальнае аддзяленне.

– Правучыўся год і прызвалі ў армію. Служыў у Прыбалтыцы, там развіваць талент далей не ўдалося. Двойчы хацелі забраць у ваенны ансамбль Прыбалтыйскай ваеннай акругі, але не адпусціў зампаліт, сказаўшы: “А хто служыць будзе?” Пасля звальнення вярнуўся да вучобы і яшчэ тры гады асвойваў вельмі тонкую, спецыфічную навуку спеваў.

Вакал – вельмі складаны працэс: кожны чалавек розны, апарат розны, голас розны. Гэта як спорт, бо да нот фа, соль голас ідзе, а пасля пачынаюцца ўсялякія прамудрасці, дзе ў працэс ўключаюцца дыханне, мышцы, рэзанатары і інш. Фактычна, каб усім авалодаць, патрэбна мець талент і добрыя вакальныя даныя. Праўда, надараецца, што ўсё гэта можна развіць і даволі да прыстойных межаў – я быў сведкам такога фенамена: бывае, голас ціхі, але калі за справу возьмуцца педагогі-прафесіяналы, ён загучыць.

– Тады нават не ўсё гэта разумеў, – распавядае Рычард Станіслававіч. – Асяроддзе было такое, што слухаў толькі народную песню, таму і голас быў больш народнага складу. А тут давялося пазнаёміцца з класікай – рамансы, арыі, дзе трэба спяваць па нотах, асвойваць сальфеджыа. Безумоўна, голас выпрацоўваўся, але ішло ўсё цяжкавата. Некаторыя не заканчвалі вучобу, і не ўсе пасля атрымання спецыяльнасці пайшлі па прафесійнай сцежцы.

Дыпламаванага спевака размеркавалі ў Вялікі тэатр оперы і балета.

– Трапіў у хор опернага тэатра, – працягвае Рычард Станіслававіч. – Цікавая пачалася праца: мы вучылі оперныя партыі, сцэны з розных опер. Канешне, гэта высокае мастацтва, і ім займаецца мала людзей. Многія яго ўвогуле не разумеюць. Пасля, калі ўнікнеш больш глыбока, прыходзіць усведамленне: якая ж велічыня – гэтыя творы, паэзія, драматургія, а самі дырыжоры, салісты – людзі вышэйшай кваліфікацыі. Адначасова на сцэне працуе балет. Каб паставіць спектакль, ідзе доўгая карпатлівая работа: шыюцца касцюмы, ствараюцца вобразы, выбіраюцца светлавыя пастаноўкі, працуюць рэжысёры – рэпетыцыі, спеўкі доўжацца на працягу некалькі месяцаў. Сольны склад таксама не адзін: артысты хору рыхтуюцца і паралельна вывучаюць новы рэпертуар. Выступіць на сцэне трэба так, каб глядач паверыў у створаны вобраз.

Напрыканцы васьмідзясятых у Беларусі стварыўся Дзяржаўны камерны хор. Неяк Р. С. Рыснік сустрэў знаёмага, які там працаваў і сказаў, што ім патрэбен тэнар – тым больш з канцэртнай праграмай ехалі ў Нарвегію. Прапанова была прывабная, і ён пагадзіўся на яе.

– Прыйшлося мне папацець, – кажа Рычард Станіслававіч. – Гэта зусім іншая сфера, іншая спецыфіка спеваў. Камерны хор арганізоўваўся як папулярызатар духоўнай музыкі, дзе спяваюцца канты, літургіі, рэквіемы, творы Моцарта, Баха. Прытым у оперным усё вывучвалася напамяць, а тут ішоў паток нот. Мне не хапала музычнай адукацыі, даводзілася ўсім авалодваць самастойна – трохі “школіць” сябе. За сямнаццаць гадоў разам з хорам аб’едзіў шмат краін Еўропы.

Акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы стала яшчэ адной цікавай старонкай на прафесійным шляху.

– Гэта вялікі калектыў – 80 чалавек. І фактычна, усё, што было ў творчасці раней, спатрэбілася тут. Мы размаўлялі на агульнай мове – мове музыкі. Гастралявалі ў Польшчы, Германіі, Партугаліі, Іспаніі, Аўстрыі.

…Пабачыўшы свет і вялікія тэатральныя падмосткі, Рычард Станіслававіч Рыснік ніколі не страчваў сувязі з роднымі мясцінамі. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, ён вярнуўся ў родную бацькоўскую хату – да сваіх каранёў: працуе на прысядзібным участку, займаецца садаводствам, супрацоўнічае з Вішнеўскім сельскім Домам культуры і атрымлівае асалоду ад новага вітка жыцця. Пры гэтым вельмі сціпла заўважае: “Я проста адным пальцам дакрануўся да высокага мастацтва…”

Алена ЗАЛЕСКАЯ