Да 38-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС
У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2021 года № 75 “Аб пераліку населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання” на тэрыторыі Мінскай вобласці ў зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем знаходзяцца 69 населеных пунктаў, з іх у нашым раёне – 23, што складае 33,3 працэнта ад агульнай колькасці. З іх на тэрыторыі Вішнеўскага сельсавета – 2 населеныя пункты, у Дорскім – 3, Івянецкім – 10, Пяршайскім – 8. Радыяцыйна-гігіенічная сітуацыя на тэрыторыі раёна характарызуецца як стабільная і кіруемая.
Спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзіцца дзяржаўны санітарны нагляд па пытаннях радыяцыйнай бяспекі пры эксплуатацыі крыніц іанізуючага выпраменьвання, пры будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю, правядзенне радыяцыйнага кантролю і радыяцыйна-гігіенічнага маніторынгу прадуктаў харчавання, пітной вады і іншых аб’ектаў знаходжання і пражывання чалавека.
У 2023 годзе ў радыелагічнай лабараторыі даследавана 287 проб харчовай прадукцыі і сыравіны. Перавышэнне ўтрымання цэзію-137 зарэгістравана ў адной пробе – у чарніцах, сабраных прыкладна ў раёне вёскі Белакорац (ягады былі набыты з рук): у іх утрымлівалася 202 Бк/кг пры норме 160 Бк/кг. За 2022 год даследавана 288 проб харчовых прадуктаў, перавышэнняў не ўстаноўлена.
У мінулым годзе таксама даследаваны на ўтрыманне стронцыю-90 у лабараторыі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя тры пробы малака і бульбы з прыватнага сектара аграгарадка Сівіца: перавышэнняў не ўстаноўлена.
Ажыццяўляецца кантроль за рэалізацыяй дзікарослых ягад і грыбоў, у тым ліку на рынках прыватнымі асобамі. Праводзяцца маніторынг выканання патрабаванняў пры нарыхтоўцы металалому ў сямі нарыхтоўчых пунктах, наглядныя мерапрыемствы за выкананнем патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі пры эксплуатацыі рэнтгенаўскіх апаратаў ва ўстановах аховы здароўя.
Рэкамендуем грамадзянам, уладальнікам аграсядзіб, іншым зацікаўленым асобам не забывацца пра праблему магчымага радыяцыйнага забруджвання харчовай прадукцыі. У лабараторыі РЦГіЭ, якая знаходзіцца ў Валожыне па вуліцы М. Горкага, 23, на бясплатнай аснове ажыццяўляецца правядзенне лабараторных даследаванняў прадукцыі, якая дастаўляецца і рэалізуецца фізічнымі асобамі. Асабліва важна рабіць лабараторны кантроль за адпаведнасцю ўстаноўленым радыелагічным паказчыкам садовай і дзікарослай прадукцыі, грыбоў, мяса дзікай жывёлы.
Таксама неабходна спыненне фактаў несанкцыянаванага гандлю па-за ўстаноўленымі месцамі (абочыны трас, дарог, тэрыторыі паблізу рынкаў, магазінаў), бо ў такіх выпадках не забяспечаны радыяцыйны кантроль прадукцыі, якая рэалізуецца. Санітарна-эпідэміялагічная служба настойліва рэкамендуе насельніцтву ўстрымацца ад набыцця тавараў і харчовых прадуктаў у месцах неўстаноўленага гандлю.
Спадзяёмся, што ў нашым неспакойным свеце больш не будзе аналагаў чарнобыльскай аварыі.
Ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС пацярпелі 56 раёнаў рэспублікі. З севазвароту было выведзена 2,65 тысячы квадратных кіламетраў сельгасугоддзяў. Радыеактыўнаму забруджванню падверглася амаль чацвёртая частка ляснога фонду Беларусі. З карыстання выведзены 22 радовішчы мінеральна-сыравінных рэсурсаў. 479 населеных пунктаў спынілі існаванне. Закрыты 9 перапрацоўчых заводаў аграпрамысловага комплексу, 54 калгасы і саўгасы.
Усе гэтыя гады ідзе рэабілітацыя не толькі людзей, але і зямлі. За пасляаварыйны перыяд плошча тэрыторыі Беларусі, забруджанай цэзіем-137, скарацілася практычна ўдвая.
Святлана МАРЧЫК,
урач-гігіеніст раённага цэнтра
гігіены і эпідэміялогіі