Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
13.02.2010. На кніжнай выставе каля нашага стэнда цэлы дзень былі людзі. Адны куплялі кнігі, другія цікавіліся коштам, трэція раілі, што выдаць. Пазнаёміўся з зямлячкай з-пад Ракава Галінай Іосіфаўнай. Яна ў свой час вучылася ў Аксакаўшчыне ў тэхнікуме разам з маім аднакласнікам Сашкам Балотнікам. Ведае маіх сваякоў у Лягезах і Ракаве. Цяпер жыве ў Заслаўі. Купіла некалькі кніжак для ўнука. Успамінаю пра яе, і на душы светла. Зямлячка, як сваячка…
16.02.2010. Зіма, як патоп. Гляджу ў акно, як у ілюмінатар карабля, які сеў на белыя падводныя рыфы…
21.02.2010. Ідзе дробны бялюткі снег. Месцамі перамяло палявую дарогу. З бацькам на возе, што на колах ад трактарнага прычэпа, едзем пад Татарскія па салому на кароўнік. Вялізны замецены стог сярод поля, як белы будынак без вокнаў і коміна. Праз паўгадзіны, нагрузіўшы воз, вяртаемся ў Пугачы, пазначаючы свой шлях залатымі ніткамі саломы…
У 1979 годзе я ўпершыню са школьным сшыткам, у якім былі акуратна перапісаны творы, прыйшоў у выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Хлопцы-паэты параілі занесці вершы ў “Дзень паэзіі-80” складальніку Вадзіму Спрынчану. “Мы напісаныя ад рукі творы не прымаем і не разглядаем!” – убачыўшы мой сшытак, катэгарычна заявіў Вадзім Браніслававіч. Я пачаў прасіць: “Ну хоць пачытайце! Можа іх не варта і перадрукоўваць!” “Выдавецтва разглядае толькі аддрукаваныя на машынцы творы!” – паўтарыў гаспадар кабінета. “У мяне няма машынкі! І, можа, ці варта мне траціць грошы на перадрук. Пачытайце…” – не здаўся я. “Ну добра. Пакіньце. Праз тыдзень зойдзецеся забраць свой сшытак”, – сказаў Вадзім Браніслававіч і правёў мяне з кабінета. На наступным тыдні я зноў прыйшоў у выдавецтва. На стале ў Вадзіма Спрынчана ляжаў мой сшытак і каля дзесяці аркушаў паперы з маімі перадрукаванымі творамі, якія складальнік “Дня паэзіі-80” выбраў да друку…
22.02.2010. Вясновая паводка. Якраз у гэты час у школе вакацыі. Абуўшы бацькавы гумовыя боты і ўзяўшы нататнік, іду ў затоплены Гаік. Дабіраюся да купіны, на якой расце бярозка, і саджуся, як пісаў паэт Алесь Пісьмянкоў, думаць вершы. Навокал вада, і я гляджу ў ваду, і бачу неба, у якім плывуць аблокі, чапляючыся за леташнюю мёртвую траву. У школе вывучаем “Новую зямлю”, і мне хочацца напісаць нешта падобнае, але сваё. Нічога ў галаву не прыходзіць, і я, праседзеўшы гадзіны дзве сярод паводкі і потым яшчэ набраўшы вады ў боты, вяртаюся дахаты…
23.02.2010. Два тыдні не хадзіў у школу – хварэў адзёрам, і свае чатырнаццаць гадоў сустрэў у ложку. Ляжаў з высокай тэмпературай, і часам думаў, што памру. Вокны ў хаце былі занавешаны, каб у мяне ад святла не псаваўся зрок. Мне было страшна і хацелася жыць. І калі я ачуняў, і ўпершыню выйшаў на вуліцу, дзе навокал ужо амаль растаў снег і ў агародзе ў аблітай граззю траве капаліся чарнюткія, аж бліскучыя, шпакі, я заплакаў. Пастаяўшы хвіліну, сеў на лаўку каля хаты. Паветра пахла жыццём. У чыстым небе, як у калодзежнай вадзе, шавялілася залатое сакавіцкае сонца. Паглядзеўшы на яго, я чыхнуў, і ў мяне з носа пайшла кроў. На нейкі момант спалохаўшыся, заціснуў пальцамі нос. Кроў чырвонай змейкай папаўзла па руцэ і схавалася пад рукавом, пакінуўшы за сабою чырвоную палоску, нібы святочную стужку…
02.03.2010. Канец працоўнага дня. Я ўжо думкамі ў дарозе дахаты. Тэлефонны званок вяртае да рэальнасці: “Вас турбуе празаік Цодзік Кацман! Мне патрэбен Віктар Шніп!” “Я Вас слухаю…” – адказваю, успамінаючы хто гэта такі Цодзік Кацман. “Ці прачыталі мой рукапіс?” – хрыплым голасам пытаецца празаік. Не паспяваю нічога сказаць, як чую: “Я там Вам двухтомнік здаваў! Спадзяюся, Вы яго не згубілі!” “А чаму не трохтомнік?” – “Трохтомнік да майго юбілею выходзіць у Маскве. А Вы абяцалі два тамы!” – “Нічога я не абяцаў!” – “Дык Вы, відаць, рукапіс згубілі!” Я пачынаю думаць, як не пасварыцца з Кацманам, а ён заяўляе: “Гадоў пяць назад мы ў адной кампаніі выпівалі, і я тады Вам даў свой рукапіс. Вы яго не згубілі?” – “Не… Не згубіў… здаецца…” – “Тады я Вам прызнаюся. Я ў Вас даўно закаханы!” – кажа Цодзік Кацман. “Няўжо?” – разгублена пытаюся я. “Прыязджайце да мяне ў гасцініцу…” – кажа незнаёмец і… пачынае рагатаць, і я пазнаю свайго даўняга сябра з Маладзечна Міхася Казлоўскага.
09.03.2010. Cваячніца пісьменніка N, паехаўшы ў Казахстан уздымаць цаліну, выйшла там замуж за мясцовага. Праз некалькі гадоў жанчына прывезла мужыка да сябе ў вёску, каб пазнаёміць з раднёй. Вечарам казах перад сном выйшаў на вуліцу і праз хвіліну з крыкам прыбег назад у хату: “Ай-яй-яй! Гэта ж трэба! І ў вас ёсць поўня ў небе!”
15.03.2010. “А потом меня постигла серьезная болезнь – я влюбился”, – пісаў Іван Бунін. А нас апошнім часам усё наведваюць несур’ёзныя хваробы: то птушыны грып, то свіны, а то проста галава баліць…
Чытаю лісты, якія пісаліся пятнаццаць гадоў таму закаханым адзінокім мужчынам да замужняй жанчыны. Яму тады было 50, і ён называў сябе “Стареющим мавром с диктаторскими замашками”. Любоўная гісторыя закончылася, і паўгода таму жанчына пажаўцелыя лісты ў поліэтыленавым пакеціку вярнула мужчыну, бо пабаялася далей трымаць іх дома. Сёння мужчына прынёс свае лісты ў выдавецтва, каб выдаць іх у кнізе, прысвечанай сваёй творчасці…
16.03.2010. Учора патэлефанаваў прафесар-пенсіянер: “У 1985 годзе ў газеце “Знамя юности” мне было заказана растлумачыць моладзі, што такое шчасце? Я працу нядаўна закончыў, і ў мяне атрымалася 140 старонак. Можна я вам прынясу іх для выдання?” Пасля працяглай размовы пра выдавецкія справы і пра тое, што такое шчасце, я пагадзіўся, што прафесар-пенсіянер прынясе рукапіс кнігі, і я пагляджу яго. У дзесяць гадзін раніцы стары прыйшоў да мяне. Заглядаю ў папку, а там… вершы…
18.03.2010. У канцы працоўнага дня тэлефонны званок: “Гаспадзіна Шніпа можна пачуць?” Гадаючы, з якой жа гэта краіны мне тэлефануюць, адказаў: “Я слухаю…” – “Гэта Вас турбуе Гулезава. Як там мая кніжка?” – “Якая Ваша кніжка?” – “Как стать первой свиньей?” – “Помню такую. Яе рыхтуе гаспадзін Юрась Пацюпа. Тэлефануйце яму”, – адказаў я…
19.03.2010. Тэлефонны званок ад васьмідзесяцідвухгадовага доктара тэхнічных навук вярнуў мяне ад думак, як правесці выхадныя, да працы: “Ну як там мая кніжка вершаў? Калі будзеце выдаваць?” “Хутчэй за ўсё выдаваць ніколі не будзем!” – чэсна адказаў я. “Як гэта не будзеце выдаваць? Я ўжо сорак два гады доктар навук, і я ведаю, як трэба пісаць вершы! Вершы павінны быць з рыфмамі і з назвамі!” – занерваваўся стары. “А каго з паэтаў Вы любіце?” – пацікавіўся я, каб перавесці размову на іншы лад. “Нікога я не люблю!” – “Не можа быць такога! І Барадуліна не любіце?” – “Не люблю, бо ў яго вершаў вельмі шмат…”
20.03.2010. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь у лісце да замужняй жанчыны піша: “Я болен тобой! Я люблю тебя. Я хочу только тебя. А ты, зараза, спишь…”
21.03.2010. У двары з машыны прадавалі бульбу. Купіў пятнаццаць кілаграмаў. Успомніліся маці і бацька. Захацелася ў вёску, і не на адзін дзень. Ды дзе там – праца, як ланцуг, не пускае…
25.03.2010. Уся Свіслач вызвалілася ад лёду. І цяпер чайкі на вадзе, як лапікі нерасталага снегу…
Прыходзіла пажылая жанчына. Прыносіла казкі пра хітрых лісічак, пра шустрых зайчыкаў, пра старых мядзведзяў, якім дзвесце гадоў. Я жанчыне сказаў, што мядзведзі столькі не жывуць, а яна мне: “Гэта ж казка!” “Ну добра! Няхай жывуць!” – пагадзіўся я, але казкі вярнуў назад. Развітваючыся, казачніца прызналася: “Да пенсіі я вельмі шмат працавала. Цяпер мне няма чаго рабіць, дык я казкі пішу…”
29.03.2010. Сяброўка нашай сям’і Людміла Шчарбінская нарадзілася ў 1957 годзе. Якраз у той час быў запушчаны ў космас першы савецкі спадарожнік. Тады Людміле было ўсяго тры тыдні, але яна і сёння нібыта памятае, як маці, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, вынесла яе на вуліцу і паказала, што над імі ў небе пралятае спадарожнік…
07.04.2010. Вярнуўся з электрычкі. Стомлены, але задаволены. Ездзіў у Маладзечна і ў вёску Хоўхлава. Сустрэчы з чытачамі арганізаваў краязнавец Міхась Казлоўскі. У Хоўхлаве ў другой палове XVI стагоддзя жыў і працаваў Сымон Будны – адпаведная шыльда прымацавана на будынку мясцовай школы. Захаваўся і касцёл (дакладней яго фундамент), які памятае славутага асветніка. Касцёл драўляны, і ён у свой час гарэў, але быў адноўлены. З Хоўхлава да маіх Пугачоў 14 кіламетраў…
13.04.2010. У гэтым годзе на Радаўніцу на могілкі ў Дубровы не паехаў. Збіраюся пазней. Дамовіўся з Анатолем Блашчыцыным (Шніп па маці) пазнаёміцца з Леанідам Жыткевічам у Навасёлках. Ён не толькі аднакласнік Анатоля, але і наш блізкі сваяк. У вольны час Леанід малюе, і цяпер у яго ўся хата завешана карцінамі. Гадоў сто назад нашы могілкі былі ў Навасёлках, якія непадалёку цяперашніх Дуброўскіх. Каля Навасёлкаў ёсць і пахаванні французаў, якія загінулі ў час вайны 1812 года…
14.04.2010. Па МТV усёй сям’ёй кожны вечар глядзім конкурс дызайнераў-мадэльераў “Подиум”. І я амаль кожны раз успамінаю сваю бабулю Параску, якая і пры паляках, і пры саветах была швачкай. Яе як цудоўную майстрыху людзі ведалі далёка ад нашых Пугачоў. Бабуля сама прыдумляла фасоны адзення, кроіла, шыла і вучыла іншых. Гэтым усё жыццё і пражыла. Я і сёння памятаю сшытыя ёю касцюмы, сукенкі, блузкі, бравэркі, кажухі, штаны-галіфэ, і часам адчуваю плячамі цяпло ад палітца, якое яна мне справіла да майго першага класа…
22.05.2010. Вярнуўся дамоў з вандроўкі ў Дубровы. У Дуброўскай школе даведаўся, што ў маіх Пугачах 3 ліпеня 1928 года нарадзілася мясцовая мастачка Яўгенія Мікалаеўна Васілеўская. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, яна паступіла на завочнае аддзяленне Маскоўскага мастацкага ўніверсітэта, дзе вучылася пяць з паловай гадоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта 12 гадоў працавала настаўніцай малявання ў Дуброўскай школе. Потым была лабаранткай у калгасе. Выйшаўшы на пенсію, працягвае па сённяшні дзень маляваць. Яе карціны ўпрыгожваюць школу, ёсць у дамах аднавяскоўцаў і ў царкве вёскі Дубровы. Я хацеў пазнаёміцца з мастачкай, але, на жаль, мне сказалі, што яе якраз сёння няма дома…
23.05.2010. У Навасёлкі знаёміцца з траюрадным дзядзькам Леанідам Жыткевічам, які цяпер на пенсіі і ў вольны час малюе, давялося ехаць аднаму – Людміла падпрастыла, а сын Максім паехаў з аднакласнікамі ў Тальку на экскурсію. Анатоль Блашчыцын – мой далёкі сваяк – уляцеў у электрычку на Маладзечна за хвіліну да адпраўлення. Усю дарогу прагаварылі, таму гадзіна язды праляцела незаўважна.
У Дубровах нас ужо чакаў Леанід на машыне. Побач стаяў нейкі дзіўны трактар, за рулём якога сядзеў стары. Да яго залезла пажылая кабета з электрычкі, і яны паехалі. Леанід паведаміў, што гэты трактар чалавек змайстраваў сам. Яму цяпер 77 гадоў.
Па дарозе ў Навасёлкі спыніліся каля Дуброўскай царвы, дзе якраз ішла служба – Анатоль захацеў пакінуць памінальныя запіскі. У царкве было каля дзесяці чалавек. Збудаванне драўлянае. На ўваходзе вісіць шыльда: “Беларуская праваслаўная царква ў імя Нараджэння Прасвятой Багародіцы. Адноўленая ў 90-х гадах ХХ стагоддзя стараннямі свяшчэнніка Іаана Крупко”. Святар у Дубровах вядомы і як паэт. Асобныя ягоныя вершы краязнавец Міхась Казлоўскі дапамог надрукаваць у маладзечанскіх газетах. У храме шмат ікон. Многія тканыя. Напрыканцы службы ў царкву была занесена шырокая сіняя лава – пачалася падрыхтоўка да адпявання памерлага. Памёр пяцідзесяцітрохгадовы Руды з Навасёлкаў. Леанід не змог успомніць, як яго завуць. Адстаяўшы да канца службу, мы працягнулі сваю дарогу…
24.05.2010. Пасля царквы Леанід Жыткевіч павёз мяне і Анатоля Блашчыцына ў Дуброўскую школу. Нас ужо чакалі дзве настаўніцы, якія правялі экскурсію па кабінетах і школьным музеі. На калідорах і ў класах ціха – у суботу дзеці не вучацца. Гадоў пятнаццаць назад тут было каля 400 вучняў. Дзеці хадзілі не толькі з Дуброў, але і з далёкіх вёсак. Да маіх Пугачоў сем кіламетраў. Мог тут канчаць дзесяцігодку і я, калі б пасля васьмі класаў Пугачоўскай школы не паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Цяпер у школе 66 вучняў.
У свой час у школе працаваў паэт Вячаслаў Міхасёнак, які сябраваў з Уладзімірам Караткевічам і які шмат разоў бываў у Дубровах. Уладзімір Караткевіч з Адамам Мальдзісам бывалі і ў маіх Пугачах – хадзілі ў госці да свайго сябра Паўла Дзюбайлы, які ў нас працаваў настаўнікам. Анатоль Блашчыцын загарэўся жаданнем зрабіць адпаведную шыльду і прымацаваць яе на будынак Пугачоўскай школы. Харошая ідэя. Трэба будзе неяк яе ажыццявіць.
Калідоры Дуброўскай школы ўпрыгожаны карцінамі Яўгеніі Васілеўскай. Заглянулі ў школьны краязнаўчы музей. Усё зроблена з густам і з любоўю да роднай вёскі і людзей, якія ў ёй жылі і жывуць. У музеі захоўваюцца здымкі выпускных класаў, на якіх шмат знаёмых твараў. Дамовіліся з настаўнікамі, што я прыеду да іх восенню, калі пачнецца новы навучальны год, каб выступіць перад школьнікамі.