У ліпені споўніцца 55 (?!) гадоў, як Мікалай Іосіфавіч Горушка працуе на Івянецкім участку раённай ветэрынарнай станцыі. Доўгі час кіраваў гэтай службай у гарпасёлку. Больш таго, жыў і жыве ў адным і тым жа будынку, дзе размешчаны сам участак. З жартам заўважае, што пяцьдзясят пяць гадоў хадзіў на работу праз кухню. Сказаць, што ён прафесіянал – мала. Цяжка падабраць такое слова, якое б ёмка і дакладна вызначыла яго ўклад у ветэрынарыю раёна. Скажу сціпла, але ад душы: спецыяліст ад Бога. Просты вясковы хлопец сам выбраў прафесію і жыццёвую дарогу. Нягледзячы на ўсе “спакусы”, быў і застаецца граматным і кампетэнтным у рабоце, добрым і чулым сярод людзей.
М. І. Горушка нарадзіўся ў вёсцы Сугвазды. Бацькі былі простыя калгаснікі: бацька даглядаў цялят, матуля хадзіла ў паляводчую брыгаду. У сям’і выхоўваліся яшчэ двое дзяцей: малодшы на два гады брат і на адзінаццаць – сястра.
– Бацькі добрыя па характару былі, але выхоўвалі жорстка. Змалку прывучалі да працы, казалі, каб не падманвалі, стараліся. Фактычна нам і гуляць не было калі. Бацька раніцай дасць цялятам, а ў шэсць гадзін будзіць нас з братам, каб гналі пасвіць, – кажа Мікалай Іосіфавіч. – Мне гадоў восем, брату – шэсць. Ляжам пад сонца і заснём. Старшыня Іван Іванавіч Кулачэнка едзе і бачыць, што цяляты на дарогу выйшлі. Пабудзіць нас, цялят згонім – вось такія былі работнікі. Матуля апоўдзень паесці што прынясе, і так пасём да вечара.
Бядноцтва было – я яшчэ хадзіў у школу ў лапцях і з сарачковай торбачкай, якая зашпілялася на белы гузік. Вучыцца самі хацелі: ніхто нас не застаўляў і не кантраляваў. Памятаю, як настаўніца пачатковых класаў Навасадаўскай школы Лідзія Антонаўна Скакун пакіне нас пасля заняткаў, і сама з намі застаецца, а вечарам вядзе, як ягнят, дадому. Не было ніякіх палачак-лічылачак: бацька ў запалках спаліць серныя галоўкі, складзе ў карабок – на іх і вучыліся лічыць. У чацвёрты клас пайшоў у Сугваздаўскую васьмігодку. Да вясны вучыліся: як толькі надыходзілі веснавыя канікулы – ішлі на работу ў калгас. Адразу за бараной хадзілі з коньмі, пасля – за плугам.
Мая працоўная кніжка была заведзена ў 1959 годзе, калі мне было 12 гадоў. Памятаю, што ў ёй напісана: “атрымаў 150 кілаграмаў жыта”. Грошай жа ніхто не плаціў. Маці масла саб’е і вязе прадаваць – трэба ж адзенне за нешта купіць. Узгадваецца, як у пост купіць селядцоў па рубель сорак сем за кілаграм, пасмажыць на патэльні, муку ў вадзе раскалбоціць і туды вылье. Вось гэту “падліванку” елі ўсёй сям’ёй лыжкамі з агульнай вялікай міскі разам з бульбай у лупінах.
Такога, як цяпер выядаюць, і кожны па асобку, мы не бачылі. Заколяць бацькі кабана, засоляць і падвесяць у свіране. Хочацца ж таго мяса ці кілбасы, але вісіць надта высока. Неяк жа дабяромся, і хоць з’ялчэе да лета ўжо, але такое яно смачное, бо даставалася рэдка.
Скончыў сем класаў, пайшоў працаваць прычэпшчыкам і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. Прачытаў у газеце аб’яву і хацеў паехаць ажно ў Ефрэмаў у Расію вучыцца на трактарыста. А тут неяк у нас дома захварэў бычок. Выклікалі ветэрынарнага ўрача Сямёна Хадзінскага. Разгаварыліся. Ён і кажа: “Чаго табе ехаць невядома куды – паступай у Ільянскі тэхнікум”. Сабраўся, а дома нават сала не было, бацька паехаў у Клерымонты купляць. Вучыўся на сумленне, грошай ніхто не даваў. Пасля заканчэння быў накіраваны ў саўгас “Падбярэззе”. Як зараз памятаю, прыехаў 8 мая і заначаваў у Зоі Макараўны Задоры – надта хацелася, каб раней пачалася працоўная дзейнасць. А ў чэрвені ўжо забралі ў армію. Служыў у Падмаскоўі ў горадзе Дзмітраве. Мая спецыяльнасць – інструктар ваенных сабак, вучыў іх выконваць каманды для аховы сталіцы на стратэгічных блокпастах.
Знаёмства з райветстанцыяй ў М. І. Горушкі адбылося яшчэ падчас вучобы ў тэхнікуме – яго накіравалі сюды праходзіць вытворчую практыку. Ветэрынарная служба тады размяшчалася ў старым будынку па вуліцы Чапаева. Галоўны ветурач раёна Мікалай Іванавіч Галавач накіраваў будучага маладога спецыяліста ў Гародзькі – ездзіў са старэйшымі работнікамі па калгасах. Пасля атрымання дыплома ўладкаваўся сюды на работу. Прапанавалі паехаць працаваць на ветучасткі ў Яршэвічы ці Івянец. Але гэтыя населеныя пункты ні аб чым не гаварылі, бо ні ў адным з іх ён ніколі не быў. Выбраў Івянец. З 29 ліпеня 1969 года і бярэ пачатак яго працоўная дзейнасць у гарпасёлку.
– Мяне адразу ж прызначылі загадчыкам. У гэтай участковай лячэбніцы працаваў санітар Міхаіл Іванавіч Наркевіч. У яго многаму навучыўся, бо ён – практык, – расказвае Мікалай Іосіфавіч. – Абслугоўвалі два калгасы: “Рассвет” і “Верны шлях”. У “Рассвеце” – дзевяць вёсак, у “Верным шляху” – адзінаццаць. У кожнай вёсцы былі фермы, абавязкова, канюшня. Мы адказвалі за вакцынацыю – рабілі прышчэпкі супраць параціфу, сібірскай язвы, яшчуру, класічнай чумы, лептаспірозу, рожы, аўескі і інш, а таксама займаліся лячэннем жывёлы, асабліва ў прыватным сектары. Най той час на ўчастку мелася пад 50 найменняў медыкаментаў, акрамя вакцын.
Пачынаецца рабочы дзень, і – ці летам, ці зімой – садзімся ў воз і едзем на кані праз лес адразу на Адамкі. Там цялятнік быў – тут палечым жывёлу. Тады едзем у Пілюжына на кароўнік і цялятнік. Потым – на кароўнік і цялятнік у Вуглы, далей на Дубкі, Сівіцу, Рудню, свінарнікам і аўчарняй у
Пагарэлцы заканчвалі аб’езд адной гаспадаркі.
У “Верны шлях” было дабірацца цяжэй. Саджуся на аўтобус: сумка з вакцынай на баку, як у паштальёна, і еду да Кіяўца. Выходжу і цераз лес – кіламетры тры – іду на Галімцы: там свінаферма і кароўнік. Далей хто на кані падвязе, можа, дзе які бензавоз ці малакавоз праедзе ды падхопіць. Увогуле, маршрут тут такі: Мешкуці-Курдуны-Баравікоўшчына-Падневічы-Часнакі-Пральнікі-Гуды-Урублеўшчына-Петрусоўшчына-Галімцы-Баяршчына-Якуцева. Некаторых вёсачак ужо і няма на карце.
Людзі таксама трымалі шмат скаціны – з яе ж і жылі. Зараз і ўявіць цяжка, колькі цэлае лета мы тапталі двароў – хадзілі вакцыніравалі свіней, забіралі кроў у кароў на даследаванне на бруцылёз, туберкулёз, пасля – на лейкоз. Усё рабілі бясплатна. Лічы, не было таго дня, каб не выязджалі. Прыеду дадому, а толькі ў нашай ветлячэбніцы на ўсю вуліцу быў адзін тэлефон. Ноччу званок: целіцца кароўка. Запрагаю каня і паехаў – дапамагчы ж чалавеку трэба. Бывае, што і да раніцы затрымаюся, прыязджаю – і на працу.
З цягам часу ветурачы івянецкага ўчастка пачалі абслугоўваць калгас “Камсамолец”. А гэта восем вёсак, і трыццаць тры вёскі калгаса імя Карла Маркса. Забяспечылі двума адзінкамі тэхнікі: “ГАЗ-51” – амбулаторыя і “ГАЗ-69” – “казёл”. Да шасці чалавек павялічыўся і штат работнікаў. Прыйшлі ўрачы Кандратовічы: бацька з дачкой Сцяпан Міхайлавіч і Святлана Сцяпанаўна, Генадзій Станіслававіч Цынкевіч, санітар Міхаіл Міхайлавіч Варатніцкі, два вадзіцелі.
За пяць з паловай дзесяцігоддзяў працы Мікалаю Іосіфавічу давялося пабачыць дзве значныя эпідэміі сярод жывёлы: чуму і туберкулёз. Трапіўся і трыхінялёз, якога, як сцвярджае, “наеўся” і сам. Было страшнавата, бо не на словах ведаў, чым магло ўсё скончыцца – смяротныя выпадкі сярод людзей, і не раз, рэгістраваліся на Івянеччыне. Дзякаваць Богу, усё абышлося.
…У народзе трапна падмячалі: “Хто самы запатрабаваны на вёсцы? Ляснік, брыгадзір і доктар. Брыгадзір каня дасць і соткі адмерае, ляснік дроў выдзеліць, а доктар палечыць”. Прафесія дапамагла стаць Мікалаю Іосіфавічу чалавекам з вялікай літары. І гэта званне ён годна нясе па жыцці.
Алена Залеская