Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
13.09.2015. Сяджу дома каля акна. У двары ў метрах дзесяці, насупраць мяне, хлапчук гадоў дванаццаці залез на дрэва. Сядзіць у кроне і назірае, хто пад ім ходзіць. Ён, відаць, думае, што яго ніхто не бачыць, бо ён не бачыць мяне, і я назіраю за ім, як ён назірае за тымі, хто ў двары. Магчыма, гэта я, яшчэ дванаццацігадовы, сяджу на дрэве, бо быў жа час, калі вось так лазіў на дуб каля нашых сотак і глядзеў на зямлю і неба, каб потым пісаць вершы. Гляджу на хлапчука з думкай: “Хаця б не зваліўся!” Праз хвілін дзесяць да дрэва падышла маці і з крыкам “Злазь, а то паб’ю!” сагнала малога на зямлю…
Згадаўся дурны жарт. Дакладней, я сам не памятаю, што і як было, а мне ўсё расказаў малодшы брат Валодзя. Бацька, вярнуўшыся з працы, лёг паляжаць і заснуў. Убачыўшы гэта, мы з братам да бацькі на ложак паклалі пад коўдру фуфайку і гумовыя боты, нібыта, накрыўшыся з галавой, з бацькам ляжыць жанчына. На стол паставілі талеркі з ядой, бутэльку і паналівалі вады ў чаркі. Самі селі за стол і прытварыліся п’янымі. Хутка з працы вярнулася мама. Далей няма чаго расказваць. З таго часу я ведаю, што над бацькамі жартаваць нельга…
15.09.2015. Удзельнічаў у святкаванні 95-годдзя Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яе дырэктар Ірына Зянько ў сваім выступленні апавяла, як у 1920 годзе жыхар Валожына стварыў бібліятэку, у якой было ўсяго некалькі соцень кніг і пяцьдзясят чытачоў. Кнігі ў асноўным былі на польскай мове, але сёе-тое і з рускай класікі. Беларускамоўных не было і блізка. Цяпер у бібліятэцы некалькі соцень тысяч выданняў. Кожны дзень да кніжных паліц прыходзяць, каб пачытаць штосьці новае, больш за сто чалавек. Прысутнічалі на свяце і дзяліліся ўспамінамі не толькі былыя супрацоўнікі бібліятэкі, але і самыя актыўныя чытачы, якім былі ўручаны падарункі – кнігі.
Пасля ўрачыстасцей разам з гасцямі з бібліятэк Валожыншчыны паўдзельнічаў у пасяджэнні народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, якім кіруе паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч. Чытаў вершы, адказваў на пытанні. Прыемна было паслухаць творы маіх старэйшых зямлячак Марыі Шакун і Соф’і Русецкай.
Сабраўшыся ехаць дадому, на вуліцы каля бібліятэкі нечакана сустрэў сябра з Маладзечна Міхася Казлоўскага. Ён прыехаў у Валожын з хлопцам па справах. Міхась падзяліўся навіной – мае кнігу “Выбраныя творы Вольгі і Сяргея Сахаравых”, якую ён падрыхтаваў і выдаў у “Кнігазборы”. Томік ёмісты – 580 старонак. У выданні добры ілюстрацыйны матэрыял. Міхась хацеў мне зрабіць падарунак, але машына была замкнёная, а ў мяне праз пяць хвілін прыйшла маршрутка. І ўсё ж без новай кнігі я дамоў не вярнуўся – Валянціна Францаўна падарыла зборнік твораў удзельнікаў “Руні” “Помнім і жывём”, у якім прадстаўлена больш за трыццаць маіх землякоў…
16.09.2015. Сыплюцца зоркі, як пясок у пясочным гадзінніку, у якім жывём мы…
Вяртаюся з працы. Следам вецер гоніць рудое лісце каштанаў, як попел недагарэлых рукапісаў, якія паліць верасень…
17.09.2015. Ноччу снілася бульба. Вялікая. Ляжыць на полі, і ніхто яе не збірае. Я іду з кошыкам, а ў ім клубкі нітак. Усе розных колераў. Бяру белы. Падкідваю ўгору, і з неба пачынае сыпацца снег. Робіцца холадна. Я прачынаюся. Цёмна. За акном белая поўня, як клубок нітак…
19.09.2015. Некалькі тыдняў таму да мяне ў выдавецтва са “Звязды” прыходзіла карэспандэнтка Дзіяна Серадзюк. З нашай бяседы атрымаўся матэрыял, які сёння змешчаны ў газеце пад загалоўкам: “Віктар ШНІП: “Калі два пісьменнікі не могуць ужыцца разам, нехта з іх графаман”. Праз два гады будзе сорак гадоў, як я друкуюся. За гэты час са мной было шмат інтэрв’ю. Большасцю я быў задаволены. На гэты раз мне захацелася гэту публікацыю змясціць у сваім дзённіку:
“У дзяцінстве ён насіў паказваць свае вершы Янку Купалу, а перад тым, як выкрышталізавацца ў адметнага беларускага паэта, паспеў пабыць і беспрацоўным, і грузчыкам. Сваімі разважаннямі пра жыццё, літаратуру і пісьменніцкае шчасце дзеліцца паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар ШНІП.
Пра першы верш
Я нарадзіўся і рос у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна. Да 15 гадоў у Мінску ні разу не быў, хоць да яго 50 кіламетраў. Жыў у «сваім» свеце, у даволі закрытай прасторы. Ведаў, што ёсць «тут», а «там» нічога няма, гэта ўсё прыдумана. Магчыма, існуе, а магчыма – не… Таму я фантазіраваў. Уяўляў, што збіраю войска, вызваляю свет ад злыдняў, будую замак дзесьці сярод лесу. А калі ў мяне ўжо былі замак і войска, я думаў пра тое, што трэба жаніцца – шукаць прынцэсу… І на гэтым звычайна ўсе мае мары заканчваліся, бо дзе ж яе знайсці?
Першы верш прыдумаў, калі мне было пяць гадоў. Жыў тады ў бабулі ў вёсцы Лягезы. Гэта былі 60-я гады, і я, слухаючы размовы старэйшых, пачуў, што Амерыка кагосьці бамбіць. І мне захацелася дапамагчы змагацца з ёй. Тады я не ведаў, што Зямля круглая, а ўяўляў яе пляскатай, і што тыя амерыканцы жывуць недзе пад намі. Але ў мяне не было экскаватара, каб дакапацца да іх, а рыдлёўкай капаць глыбакавата. Затое быў суседскі калодзеж, з аднаго боку якога бяром ваду мы, а з другога – тыя, хто жыве пад намі. Я назбіраў камянёў (падумаў, што можна кінуць іх у калодзеж і трапіць каму-небудзь у лоб) і пачаў кідаць. Здавалася, нават у кагосьці трапляў… Але тут выбегла суседка, убачыўшы, чым я займаюся, накрычала на мяне. Я ўцёк і ад крыўды прыдумаў верш…
Пра кнігі і Леанарда да Вінчы
У школе ўсе вялі дзённікі – запісвалі туды нейкія пажаданні, вершы, песенькі. Калі мне было 9 гадоў, да мяне трапіў такі дзённік. Трэба было нешта напісаць, і я ўспомніў, што мама спявала адну вельмі прыгожую песню. Вырашыў па памяці яе перапісаць. Пасля мама прачытала і сказала, што гэта не тая песня, а я нешта сам прыдумляў. І тады я зразумеў, што напісаў верш.
Бацькі асабліва не звярталі на гэта ўвагі: піша – і піша, чытае – і чытае. У вёсцы галоўнае было дапамагаць па гаспадарцы. Я ўмею і касіць, і араць, але і займацца нейкай творчасцю ніхто не забараняў. Калі хадзіў паказваць свае вершы Купалу ў Вязынку (вядома ж, яго не ўбачыў, але верыў у тое, што ён ёсць), мама (якая таксама не ведала, што ён памёр), запыталася, што Купала сказаў. «Каб я пісаў вершы, а вы мне давалі больш вольнага часу, не прымушалі шмат працаваць і куплялі кніжкі». І калі бацькі паехалі купляць мне рэчы ў школу, прывезлі кнігу Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», якую я амаль вывучыў на памяць. Пасля даведаўся, што ў сябра ёсць «Палескія рабінзоны». Я вымяняў гэту кніжку на ножык, які скраў у бацькі – ён ім усё роўна не карыстаўся.
У 12 гадоў упершыню паглядзеў фільм пра Леанарда да Вінчы. У дзяцінстве будучы мастак быў вельмі назіральным, усё занатоўваў, і я таксама стаў нешта запісваць і маляваць. Пасля быў перапынак, але з 18 гадоў, дзякуючы фільму пра Леанарда да Вінчы, я вяду дзённік. Пішу ў інтэрнэт – Жывы часопіс, Фэйсбук, але нешта заношу і ў сшытак.
Пра мову і выбар прафесіі
Школа ў Пугачах была цалкам беларуская, дома ўсе па-беларуску гаварылі, іншай мовы я і не чуў, хіба толькі па тэлевізары і па радыё. З рускай сутыкнуўся, калі паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, мне было 15 гадоў. Экзамены здаваў па-беларуску, але, прабыўшы два тыдні ў горадзе, прыехаў дамоў і пачаў гаварыць па-руску. А тады сам сабе думаю: чаму гэта я не гавару так, як бацькі? І з таго часу стаў размаўляць толькі на роднай мове. Пытанняў наконт таго, на якой мове пісаць, таксама ніколі не ўзнікала.
Да нас на бульбу прыязджалі студэнты з Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, і дома жылі выкладчыкі. Яны параілі паступаць да іх. Ну я і паступіў… Часам шкадую: мне трэба было скончыць 9-ы і 10-ы класы, каб не было потым ніякіх прыгод. Але ў старшыя класы трэба было хадзіць за сем кіламетраў у Дубравы – далёка.
Прыехаўшы ў Мінск, дасылаў вершы ў розныя газеты. У 16 гадоў мне прыйшло запрашэнне з «Чырвонай змены» на літаб’яднанне «Крыніцы» ад Яўгена Крупенькі. Пайшоў, і першым, каго там сустрэў, быў Яўген Гарадніцкі, мой зямляк з Ракава. Ён тады працаваў у выдавецтве з мастаком Міколам Селешчуком. Я крыху маляваў, і, каб мог падзарабіць, Яўген прывёў да яго. Селяшчук даў мне кніжку на афармленне. Я ўзяў, нешта маляваў, а пасля падумаў: «Які я мастак?» – і вярнуў кніжку.
Пра станаўленне
Літаб’яднанне стала для мяне своеасаблівай школай. У 23 гады выйшла мая першая кніжка. Пасля гэтага мяне адразу прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Пасля заканчэння тэхнікума сем гадоў быў беспрацоўным. Працаваць на будоўлі не мог: як высветлілася падчас практыкі, баюся вышыні. Калі скончыў тэхнікум, нават не пайшоў забіраць дакументы. Існаваў за кошт ганарараў, зрэдку нейкія грошы браў у бацькоў, працаваў грузчыкам на лікёра-гарэлачным заводзе. А жыў я творчасцю. Калі прыехаў паступаць у Маскву ў Літінстытут, мне сказалі: «Ты сапраўдны паэт, а то ўсе тут правільныя».
Час вучобы найбольш паспрыяў творчаму раскрыццю. Я сябраваў з літоўцам, украінцам, рускім і палякам. Мы чыталі вершы, абмяркоўвалі, перакладалі адзін аднаго. Сама вучоба была творчая, бо вучыліся не 18-гадовыя студэнты, а асобы, якія ўжо ўваходзілі ў Саюзы пісьменнікаў. У 25 гадоў я быў самы малодшы на курсе.
Дзякуючы сустрэчы з Людмілай Рублеўскай, я стаў амаль кожныя выхадныя хадзіць у тэатры, музеі. Сябры нават казалі: «Нас на бабу прамяняў».
Не хачу нікога пакрыўдзіць, але калі два пісьменнікі, муж і жонка, не могуць ужыцца разам, нехта з іх графаман. Не кажу, што мы такія ўжо вялікія, але сапраўдныя творчыя людзі разумеюць, хто што піша. Жонка – першая чытачка, і ад яе няма ніякай зайздрасці, поўнае разуменне.
Пра беларускую літаратуру
Літаратура не стаіць на месцы, яна як жывы арганізм. Калі я пачынаў пісаць у 70-я, 80-я гады, тады паўсюль былі «пратаптаныя сцежкі», рамкі, у якія пісьменнікі ці ўваходзілі, ці не. Але мы і цяпер можам бачыць, хто ў іх стараўся не ўпісвацца: Караткевіч, Барадулін, Стральцоў, Разанаў. Многія пісьменнікі нешта пісалі для «рамак», а нешта – па-за імі. Атрымлівалася штосьці сваё, і яны разумелі, што гэта застанецца. Былі часы, калі ў кнігах павінны былі быць нейкія «паравозікі» – пра камсамол, пра партыю. Калі няма – узнікаюць пытанні: кніжка не адпавядае часу. Цяпер шмат змянілася, кожны знайшоў сваю нішу, людзі сталі пісаць тое, што ім хочацца. І сапраўды, на кожны твор знойдзецца свой чытач. Пісьменнікі розныя, і я лічу, што гэта добра.
Нядаўна я рыхтаваў зборнік «Проза і паэзія маладых», там больш за 40 аўтараў узростам да 35 гадоў. Я бачу, што яны зусім па-рознаму пішуць. Майму пакаленню 30 гадоў назад у галаву такое не прыходзіла, бо мы глядзелі на старэйшых. Калі я ў 80-я гады пазнаёміўся з Адамам Глобусам, мы з іншымі пісьменнікамі збіраліся ў яго і пісалі хоку. Склалі кніжку, але ў выдавецтве яе «зарэзалі» праз нязвыклую форму. Цяпер такой праблемы няма, моладзь адчувае сябе вольнай, а таксама што беларуская літаратура – гэта частка еўрапейскай літаратуры.
Сёння ў літаратуры захоўваецца рэалізм, толькі называецца ён па-іншаму – нон-фікшн (непрыдуманая літаратура). Празаікі крыху гультаяватыя: раней пісалі ад рукі, пасля друкавалі, працавалі доўга. А цяпер хутка набіраюць на камп’ютары, ды яшчэ і выбіраюць кароткія формы: 50 старонак – гэта ўжо раман. І героі нашага часу – у гэтых кароценькіх запісах. Мы героі, і пісьменнікі – героі.
Беларуская (вобразна кажучы) «Вайна і мір» напісана. Гэта цудоўна зрабілі пісьменнікі, якія перажылі калектывізацыю, вайну. А датычна аб’ёмаў эпапеі, дык добры верш у чатыры радкі часам больш значны, чым паэма ў 4 тысячы радкоў.
Дарэчы, чытачы нашы непатрабавальныя самі да сябе. Калі папросіш іх назваць сучасных беларускіх пісьменнікаў, якіх яны ведаюць, яны скажуць, што не ведаюць – і ганарацца гэтым.
Даволі шмат прыходзіць у выдавецтва людзей, якія лічаць сябе пісьменнікамі і просяць выдаць іх кніжку. Але не ўсё, што напісана і раздрукавана, з’яўляецца мастацкім творам. Няма школы, стылю. Пісьменнік павінен пачынацца з маленькага апавядання і паступова рухацца ў сваім развіцці. А калі чалавек адразу на 500 старонак піша – можа быць, вядома, ён геній, але, як правіла, нічога геніяльнага ў такіх творах няма.
Пра шчасце і каштоўнасці
Мы не цэнім тое, што ў нас ёсць. І толькі паглядзеўшы на чужое, звяртаем увагу на нашы каштоўнасці. Мы цікавыя свету не ўраджаем бульбы. Гэта ўсё добра, але яно кожны год мяняецца, а творы мастацтва застаюцца. А яшчэ Беларусь за мяжой ведаюць перадусім дзякуючы спорту. І гэта нармальна: найперш ідуць гладыятары, а пасля ўжо спевы.
Кожнае пакаленне шчаслівае і няшчаснае па-свойму. Але мы шчаслівыя тым, што жывём у сваім часе. Творчыя людзі шчаслівыя тым, што ім Бог даў нешта сказаць, пакінуць пасля сябе. Шчасце беларускага паэта ў тым, што ён – паэт. Трэба ва ўсім бачыць станоўчае, нельга заганяць сябе ў кут і шукаць ворагаў. Варта помніць, што жыццё сённяшнім днём не канчаецца, заўтра прыйдзе Мудры Гісторык і раскажа пра ўсё, што было”.






