Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
06.06.2009. Дзяржынскі раён. Вёска Вялікія Навасёлкі. Сюды мяне з жонкай прывёз Пятровіч, каб паглядзець на рэшткі палаца, пра які ён вычытаў у кнізе, прысвечанай Мінскай вобласці. Вёска сапраўды вялікая. У ёй шмат дрэў, зелянее старадаўні парк, на ўскрайку якога мы і знайшлі двухпавярховы з чырвонай цэглы палац. Па ўсім бачна, што яшчэ гадоў дваццаць назад на ім была страха. У глыбіні парка захаваўся стары панскі маёнтак, у якім пасля вайны быў дзяцячы дом, а цяпер – бальніца. Выязджаючы з вёскі, каля дарогі сярод дрэў і кустоў заўважылі чорны крыж. На жаль, не спыніліся і не паглядзелі, хто там пахаваны. Ужо ў Мінску нам патэлефанаваў Пятровіч і сказаў, што ў Вялікіх Навасёлках мы бачылі спадчынную сядзібу старадаўняга шляхецкага роду Кастравіцкіх, які даў Беларусі пісьменніка Каруся Каганца, а Францыі – Гіёма Апалінэра…
Пятровіч прапанаваў з’ездзіць на самае высокае месца ў Беларусі – гару Дзяржынскага, якая ўзвышаецца на 345 метраў над узроўнем мора. Па дарозе ў адной з вёсак Койданаўшчыны спыняемся каля крамы, каб удакладніць, ці ў правільным кірунку едзем. Пытаюся ў жанчыны гадоў сарака, якая выйшла з крамы: “Як тут праехаць да гары Дзяржынскага?” “У Дзяржынск трэба ехаць…” – толькі пачала жанчына тлумачыць, як дабрацца ў раённы цэнтр, як я перапыніў яе: “Мы едзем з Дзяржынска. Нам трэба на гару Дзяржынскага”. “Ну тады едзьце прама, а там каля ўказальніка “Парк адпачынку “Якуцкія горкі” налева павернеце, і так даедзеце да Скірмунтавай гары. Яна самая высокая ў Беларусі…”
30.06.2009. Учора з Міхасём Башлаковым ездзіў у Смалявічы ў бібліятэку. Прэзентавалі кнігу вершаў Мікалая Пажыткава, які мае лецішча побач з раённым цэнтрам. З Мікалаем Сцяпанавічам я пазнаёміўся праз Міколу Аўрамчыка, з якім ён мае кватэры на адной лесвічнай пляцоўцы. Чалавеку ўжо за семдзесят. Ён выгадаваў дзяцей, мае ўнукаў. Чалавек шчодры і не бедны. Вершы піша даўно. Часам нешта і атрымліваецца. А самае галоўнае – Мікалай Сцяпанавіч закаханы ў загадчыцу бібліятэкі. Жанчына пра гэта ведае і не адпрэчвае яго ад сябе. І мне Мікалай Сцяпанавіч падабаецца не творамі, а сваёй закаханасцю. І, калі б ён не быў закаханым, то наўрад ці я б паехаў у Смалявічы на прэзентацыю…
29.01.2010. Прачытаў кнігу майго земляка, краязнаўца Генадзя Равінскага (15.07.1933 – 25.06.1999) “Млын жыцця”. З Генадзем Антонавічам мы сябравалі. Напачатку 90-х я неяк прыводзіў яго да сваёй цешчы ў госці – была задума звесці адзінокіх людзей. Нічога не атрымалася. Цяпер, успамінаючы нашы сустрэчы, мне сумна, што Генадзь Антонавіч не дажыў да выхаду сваёй кнігі, у якой ёсць і цікавыя занатоўкі пра Валожыншчыну, і наіўныя шчырыя вершы…
05.02.2010. У 80-я гады аўтобус Валожын – Пугачы заязджаўся ў Эпімахі. Яшчэ тады я звярнуў увагу на цагляныя сцены на ўскрайку Гіравіч, праз якія праходзіў аўтобус. І толькі сёння ад сваяка даведаўся, што тыя цагляныя сцены, якія яшчэ захаваліся, – гэта рэшткі карчмы, дзе ў 1812 годзе спыняўся Напалеон…
06.02.2010. У Крывічах ёсць памятны знак, што тут у 1918 годзе была арганізавана першая ў Валожынскім раёне камуна. Тут жа ў Крывічах ёсць могілкі, ходзячы па якіх, можна натрапіць не на адну старую магілу, на якой напісана: “Быў забіты…”
16.02.2010. Мой родны дзядзька Славік вельмі любіў геаграфію і ў дванаццаць гадоў, начытаўшыся кніжак, пачаў уцякаць з дому ў вандроўкі. Назад у Пугачы вяртала міліцыя. Бацькі, спадзеючыся задобрыць сына і думаючы, што ён больш пасля гэтага не бузе ўцякаць ад іх, купілі яму ровар. На той час, а гэта былі пяцідзясятыя гады, у нашай вёсцы было толькі два ровары. Славік амаль тыдзень катаўся ў наваколлі і раптам зноў знік. Дамоў міліцыя прывезла хлопца праз месяц – Славік, прадаўшы ровар у Мінску, купіў білет і паехаў у Сібір. Даехаў да Урала…
25.02.2013. Калі закончылася прэзентацыя кнігі Алеся Пісьмянкова “Не знікай”, да мяне падышоў Уладзімір Содаль і запытаўся: “А ці ведаеце, чаму ў Францішка Багушэвіча адзін з псеўданімаў быў Мацей Бурачок?” “Не!” – адказаў я. “У той час, калі жыў і тварыў Багушэвіч, бедныя людзі не мелі падсвечнікаў для свечак, і таму яны ставілі свечкі ў бурак. Свечка ў бураку была своеасаблівым светачам, і Багушэвіч быў светачам, таму ён і ўзяў псеўданім Мацей Бурачок. Трэба будзе сказаць мастакам, каб яны намалявалі Багушэвіча з бураком, у якім, як у падсвечніку, гарыць свечка!”
20.03.2013. З Уладзімірам Мазго ездзіў у Зэльву на адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі… Ехалі на мікрааўтобусе “Радзіміч”. Наглядзеўшыся ў акно і нагаварыўшыся з Валодзем, я кінуў вокам у люстэрка, якое ў кабіне кіроўцы, і ўбачыў, што наш кіроўца – стары і сівы – плача. Праз хвілін дзесяць ён пачаў нешта сама сабе гаварыць і смяяцца. Пасмяяўшыся, стары прыклаў руку да сэрца, пасля чаго пачаў смаркацца і кашляць. Яшчэ праз хвілін пяць кіроўца зноў заплакаў. Потым зноў смяяўся хвілін дзесяць. І я ўжо не глядзеў у акно, а ўсю дарогу да Баранавіч сачыў праз люстэрка за паводзінамі кіроўцы. На прыпынку да нас падышоў мажны з адным зубам мужык, які ехаў з намі, і сказаў: “Хачу вам прызнацца, што мы, відаць, дамоў не даедзем! Нешта з нашым кіроўцам здарылася! Ён то смяецца, то плача! Вы заўважылі гэта?” “Заўважылі!” – адказаў я, і адназубы стаў распавядаць пра тое, што ён кіроўца аўтобуса з саракагадовым стажам і ён ужо тры гады на пенсіі. Пасля размовы з адназубым мы з Валодзем усю дарогу да Зэльвы глядзелі толькі ў люстэрка, у якім наш кіроўца то плакаў, то смяяўся…
Выступілі два разы. Адзін раз у бібліятэцы перад школьнікамі малодшых класаў, другі раз у вялікай зале перад старшакласнікамі і жыхарамі Зэльвы. Усё было цудоўна. На развітанне дзеці хацелі нам зрабіць музычны падарунак, але хлопец, які адказваў за музыку, хвілін пяць пракорпаўшыся ў сваёй апаратуры, так і не змог уключыць фанаграму…
З Зэльвы выехалі на дызелі да Баранавіч. Абапал дарогі лес і снег, як у Сібіры. “А дзе ваўкі, ласі, лісіцы, дзікі?” – гледзячы з акна, час ад часу я задаваў сам сабе пытанне. На маю радасць за Слонімам я ўбачыў казулю, якая выйшла з лесу і спынілася, глядзячы на дызель…
У Слоніме Шчара не замерзла і не замялася снегам. Узгадаліся Сяргей Новік-Пяюн, Алег Лойка, Анатоль Іверс, якія тут жылі. Вада ў Шчары, як халоднае расплаўленае жалеза, з якога робяць кайданы і зброю…
У дзевяць хвілін на дзявятую гадзіну выехалі з Баранавіч на швейцарскай электрычцы. Ехалі, як ляцелі на самалёце…
24.04.2013. З Вячаславам Рагойшам, Яўгенам Лецкам, Ганнай Запартыка і Людмілай Рублеўскай ездзіў у Маладзечна на канферэнцыю, прысвечаную жыццю і творчасці Язэпа Драздовіча, якую арганізаваў Міхась Казлоўскі…
Па вагоне прайшла цыганка з дзецьмі. Ніхто нічога не даў…
“Не паліце сухую траву!” – кожны год вясной усё гучыць і гучыць з дынамікаў у вагонах. А трава ўсё гарыць і гарыць…
Лапікі снегу абапал чыгункі, як шкура з вялікай белай змяі, якая прачнулася пасля зімы і цяпер мяняе свой колер…
Чым далей ад Мінска, тым больш пусцеюць вагоны. Старыя выходзяць на сваіх станцыях, як паміраюць у свой час…
Мы гаворым пра літаратуру, нібыта больш няма пра што гаварыць…
У Маладзечне на вакзале вецер, нібыта п’яны дворнік, які нядаўна прачнуўся, мяце туды-сюды смецце і пыл…
Нас сустрэў Міхась Казлоўскі, як тутэйшы Ной…
Да бібліятэкі імя Максіма Багдановіча ідзём па вуліцы Прытыцкага. Вуліца пешаходная, як маскоўскі Арбат…
На канферэнцыю сабралася народу поўная зала. Запомніўся пытаннем мастак Кастусь Харашэвіч: “Да якога рэалізму можна аднесці творчасць Язэпа Драздовіча?”, на якое тут жа сам і адказаў: “Да нацыянальнага рэалізму!”…
Па-за планам канферэнцыі выступіла настаўніца Маладзечанскай СШ № 12 Алена Сымановіч. Дваццаць гадоў таму яна вучылася на філфаку ў Вячаслава Рагойшы. Пачала выступленне з віншавання Вячаслава Пятровіча з ордэнам Скарыны, а закончыла: “Мне, Вячаслаў Пятровіч, Ваш падручнік па літаратуры не падабаецца. Ён вельмі складаны. Не для нашых дзяцей!”…
Ад’язджалі са станцыі “Фестывальная”. Міхась Казлоўскі, паказваючы на могілкі, якія непадалёк, сказаў: “Там на ўзгорку пахаваны Мікола Ермаловіч…”
Пасля Ермаловіча ўзгадалі Міколу Капыловіча. “На вечарыну, якая была прысвечана Міколу, з Мінска аніводзін ягоны таварыш-пісьменнік не прыехаў, хоць і абяцалі…” – уздыхнуў Міхась Казлоўскі і перавёў размову на весялейшае, на Язэпа Драздовіча…
Дамоў ехалі, гаворачы пра літаратурную крытыку. Людміла ўсё запісала на дыктафон, каб не зніклі цікавыя думкі Вячаслава Рагойшы і Ганны Запартыка…
Абапал дарогі высякаюцца кусты і выразаюцца вялікія дрэвы. Пні, мокрыя ад соку, свецяцца ў рудой траве, як патэльні, на якіх пячэцца наша будучыня…
Вярнуліся дамоў, нібыта пабываўшы ў гасцях Язэпа Драздовіча. І радасна на душы, і сумнавата…
23.03.2014. З Алесем Квяткоўскім, Вікторыяй Ільінскай і старшынёй Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ездзіў у Ваўкавыск. У ваенна-гістарычным музеі імя Баграціёна ўдзельнічаў у адкрыцці выставы Квяткоўскага “Песні дрыгвы”…
Нёман вяртаецца ў берагі. Белы лебедзь, як першая кветка на вадзе…
Каля дарогі на ўзлессях пралескі і кураслепы. Ад іх светла і радасна. Сумна ад прыдарожных крыжоў з вянкамі са штучных, ужо аблезлых, кветак…
Буслы ходзяць па лугах, нібы шукаюць нешта імі схаванае мінулай восенню, калі збіраліся ў вырай…
Слонім. Дарога на Жыровічы. Там у манастыры жыве паэт Алег Бембель. Падумалася, што паэтам толькі і жыць у манастырах…
Рэчка Шчара. Цячэ, як наша тлумнае жыццё, у адным кірунку…
Заехалі ў вёску Сынкавічы. Пабылі каля царквы Святога Архангела Міхаіла (Міхайлаўская царква), якая з’яўляецца адным з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў Беларусі. Было шмат людзей. На машынах, раварах, пяшком. Калі глядзеў на храм, у маёй душы прагучалі словы: “Наш гонар. Жывём у Еўропе…”
Ваўкавыск. Нас у музеі зачакаліся. Алесь застаўся развешваць свае карціны, а спадар Астаповіч павёў мяне паглядзець касцёл святога Вацлава і старыя могілкі, дзе пахаваны невядомыя польскія салдаты і два савецкія, якія загінулі ў вайне 1918-1920 гадоў. Тут жа помнік паўстанцам 1863 года. На могілках чыста. Адчуваецца, што тут святое места для многіх жывых…
У Музеі імя Баграціёна мне прапанавалі паглядзець экспазіцыю, прысвечаную вайне 1812 года. У свой час я быў у Барадзіно. Наш музей, па-мойму, не горшы…
Экспазіцыя войнаў 1914-1918 і 1939-1945 гадоў уражвае.“Песні дрыгвы” Алеся Квяткоўскага да 14 красавіка будуць асвятляць і прыгожыць музей. Зброя, якая несла смерць ворагам і нашым прадзедам, цяпер тут будзе тры тыдні не самай галоўнай…
Пасля адкрыцця выставы схадзілі на Шведскую гару. Гэты курган па легендзе насыпаны на брацкай магіле шведаў, што загінулі пры штурме Ваўкавыска ў 1656 годзе. На самай справе – гэта старажытнае гарадзішча. Высокае. Я ледзьве ўзышоў. З гары ўсю Беларусь не ўбачыў, але бачна далёка-далёка. Там-сям гарэла сухая трава, і дым поўз па зямлі, нібыта на нас наступалі ворагі…
На ўсёй Шведскай гары выпалена сухая трава, і гару можна цяпер называць Чорнай гарой…
Дамоў ехалі, як пшаніцу прадаўшы, але не спалі…
11.05.2015. Мастак Дзмітрый Сарока падарыў мне свой каталог карцін. Мы з ім землякі. Ён нарадзіўся ў вёсцы Крапіўнікі, што ў паўкіламетры (праз рачулку Яршоўку) ад Лягез, дзе я гадаваўся да школы ў бабулі Ганны. Мастацтвазнавец Таццяна Лявонцьева ва ўступным слове да выдання піша: “Сароку адначасова можна назваць і рэалістам, і імпрэсіяністам. Яго пейзажам уласцівы светлы настрой, паэтычнасць і адмысловы рамантызм мастакоў старой школы, штосьці непераходзячае і вечна запатрабаванае, што будзе цікава людзям у розныя эпохі і часы. І яшчэ адно трэба падкрэсліць, самае галоўнае, на мой погляд, ва ўсіх яго працах – глыбокая нацыянальная прыналежнасць да роднай зямлі, да роднай Беларусі”. 9 траўня Дзмітрый, наведваючы могілкі родных, заехаўся ў Крапіўнікі. Якраз дома была мая стрыечная сястра Аня. Пазнаёміўся. Паўспаміналі з ёй тыя Крапіўнікі, калі ў вёсцы было шматлюдна, і Яршоўка светла цякла і цякла за небакрай, куды заходзіць сонца…
24.05.2015. Сёння Людміла была экскурсаводам па Кальварыйскіх могілках. Правесці экскурсію папрасіў наш знаёмы спадар Алег, які прывёз у Мінск поўны аўтобус людзей з Магілёва. Дзве гадзіны мы хадзілі па могілках. Час ад часу я дапаўняў Людміліны аповеды пра знакамітых дзеячаў культуры і іх родных, якія спачываюць на Кальварыі. Потым разам з магілёўцамі мы наведалі Прылукі, дзе стаіць палац Чапскіх. З 1872 года Прылукі былі ўладаннем вядомага калекцыянера і нумізмата Эмерыка Чапскага, а з 1897 года – ягонага сына Юрыя (Ежы). Цяпер у палацы месціцца інстытут аховы раслін. У палацы Чапскіх быў зняты першы ў БССР мастацкі фільм “Лясная быль”. Гэта чорна-белае нямое кіно выйшла на экраны 26 снежня 1926 года.
Агледзеўшы палац, мы паехалі ў вёску Воўкавічы, дзе ў 1904 годзе быў збудаваны касцёл Сэрца Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі. Асноўную частку сумы на будаўніцтва ахвяраваў граф Е. Чапскі. У 1950-я гады касцёл быў зруйнаваны. Непадалёк месца, дзе быў касцёл, узвышаецца вялікі чорны мармуровы крыж. Гэта магіла жонкі фундатара касцёла Юзэфы Караліны Чапскай. Помнік быў зроблены ў Варшаве, а потым прывезены на могілкі.
Далей экскурсія працягнулася без нас. У Станькаве і Койданаве мы з Людмілай былі. У Мінск вярнуліся на прыгарадным аўтобусе, задаволеныя знаёмствам з магілёўцамі і экскурсіяй…
01.10.2017. Вечарэе. Святло хаваецца ў пазалацелай лістоце дрэў, што на Мухлі. Вецер з захаду. Мора далёка-далёка. А я чую, як яно шуміць, і бачу чаек над хвалямі. Суседу Дзіму пра гэта не прызнаюся, бо ведаю, што ён скажа: “Здурэў, Віцёк! Здурэў!”
Батарэі ў кватэры, як з лёду. І смешна, і грэшна, бо хочацца сказаць: “Хутчэй бы вясна!”
Не абавязкова пісаць вершы, каб прызнацца восені ў любові. Можна падняць з калюгі жоўты кляновы лісток і проста прынесці дадому…