22 снежня – дзень энергетыка
Аляксей ЗЯНЬКО – самы малады работнік Валожынскіх электрасетак. Але стараннасць і імкненне да прафесійнага росту дапамаглі заслужыць павагу сярод вопытных калег па працы.
Аляксей працуе электраманцёрам. На работу прыйшоў у жніўні 2021 года пасля заканчэння Маладзечанскага політэхнічнага каледжа. Да выбару будучай прафесіі падышоў больш з практычнага боку, нягледзячы на тое, што на той час скончыў толькі 9 класаў: спачатку пацікавіўся ў калектыве валожынскіх энергетыкаў, ці возьмуць яго пасля атрымання спецыяльнасці сюды на працу, а пасля ўжо свядома, з упэўненасцю падаў дакументы ў навучальную ўстанову і адвучыўся чатыры гады.
Малады работнік адзначае, што патрапіў у прыемны калектыў – усе падказваюць, дапамагаюць, навучаюць, ніхто не сварыцца, калі штосьці не ведаеш ці не ўмееш. Працуе ён у брыгадзе майстра Мікалая Жукоўскага. Вопытны старэйшы калега адзначае, што А. Зянько хутка ўнікае ў работу, усім цікавіцца, а часам нават і сам можа даць слушную параду. “З яго выйдзе талковы спецыяліст”, – падкрэсліў Мікалай Уладзіміравіч.
Асноўная работа брыгады – рамонт і эксплуатацыя ліній электрасетак напружаннем 0,4-10 кВ. Зона абслугоўвання досыць вялікая – ад вёскі Дворышча, дзе ідзе старая маладзечанская дарога, да Дайноўкі. Клопат электрыкаў – якасна і бесперабойна даць электра-энергію спажыўцам.
Майстар расказвае, што працуюць яны на папярэджанне аварый, праводзяць мадэрнізацыю ліній электрасетак – мяняюць правады, апоры, замяняюць ліхтары на святлодыёдныя.
Нядаўна чацвёра сутак дапамагалі спраўляцца з паследкамі стыхіі ў Магілёўскай вобласці, – кажа Мікалай Жукоўскі. – Выехалі на спецыялізаванай машыне 29 лістапада ў 4 гадзіны раніцы за 370 кіламетраў ад нас. Працавалі ў горадзе Чэрыкаў – такім жа маленькім, як наш Валожын. У іх тады выпала вялікая колькасць снегу, утварыліся снежныя завалы, галалёд на дрэвах. З-за непагадзі галіны дрэў сагнуліся ў дугу і леглі на правады. Людзі засталіся без электрычнасці і вельмі дзякавалі, калі ў дамах ізноў з’явілася святло.
Зараз Аляксей Зянько вучыцца далей. “Хачу крыху падняцца ў кар’еры – дзеля гэтага ёсць добрая магчымасць. Без адрыву ад вытворчасці паступіў на аграэнергетычны факультэт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Атрымліваю спецыяльнасць інжынера, – расказвае Аляксей Сяргеевіч. – Вышэйшая адукацыя дае новыя веды, больш шырокае паняцце некаторых нюансаў. У будучым хацелася б стаць майстрам ці дыспетчарам – на высокія пасады “не заглядваў”.
Каб стаць добрым, кваліфікаваным спецыялістам, адных ведаў мала – трэба мець жаданне развівацца, рухацца наперад. Аляксей стараецца і сваёй руплівай працай штодня пацвярджае: молада – не зелена.
Алена ЗАЛЕСКАЯ,
фота аўтара