У рэдакцыю патэлефанавала Наталля Арлоўская з Ракава, якая папрасіла дапамагчы ёй вырашыць пытанне з добраўпарадкаваннем дарогі Юржышкі-Казакі.
– Сама я нарадзілася ў вёсцы Казакі. Тут бацькоўскі дом, у якім жыве мая 73-гадовая матуля. Яна часта хварэе, таму наведваю амаль кожны дзень, а бывае, што і двойчы на дзень трэба пад’ехаць: як хуткая дапамога – то лекі неабходна прывезці, то ціск памераць. Ад Ракава да павароту на Юржышкі еду 12 хвілін, а вось каб дабрацца да роднай хаты, патрабуецца ў два разы больш часу. Асфальт тут быў пакладзены ў 1991 годзе – з таго часу нармальнага рамонту дарогі не было.
У жніўні мінулага года мы напісалі калектыўны зварот у райвыканкам. Вось перада мной ліст з Валожынскага райвыканкама ад 20 верасня 2023 года, дзе паведамляецца, што работы па ямачным рамонце праезнай часткі дарогі Юржышкі-Казакі выкананы. Адказ даваў дырэктар ДРБУ № 167
Дзмітрый Князеў. Адразу ж патэлефанавала ў службу “Адно акно” і паведаміла, што прывезлі адзін коўш адпрацаванага асфальту і лапатамі рассыпалі – куды хапіла, куды – не: у Казаках засыпалі, можа, толькі дзве ямкі.
У 2022 годзе мы самі – жыхары гэтых вёсак – за ўласныя сродкі купілі шчэбень, засыпалі ім выбоіны і нават спрабавалі цэментам заліваць. Але нашых намаганняў хапіла ненадоўга: за вёскамі – лес, нарыхтоўваць драўніну туды ездзяць велікагрузныя машыны, якія хутка вывелі дарогу са строю.
Раней не было асфальту з Выганіч да Юржышкаў. Як пабудавалася аграсядзіба, адразу ж паклалі асфальтавае пакрыццё аж да Пярэжараў. А паварот на нашу дарогу, як праклятае месца: каб праехаць і не пашкодзіць мост у машыне, я, жанчына, спыняюся, выходжу і палкай мераю, якая там глыбіня ў яме, і толькі тады еду далей.
Вёскі немаленькія і жылыя: у Юржышках 60 дамоў, у Казаках – 30. Я палічыла: у нашай, напрыклад, пастаянна пражываюць 27 чалавек. А летам дачнікі – і ўсіх больш за 50 чалавек. Ёсць дзеці-школьнікі, школьны аўтобус у вёску не заязджае, а спыняецца на павароце, бо не паспее ўкласціся ў маршрут.
Мы добрасумленна плацім транспартны падатак і хацелася б ездзіць па адпаведных дарогах.
За каментарыем мы звярнуліся ў галоўную дарожную арганізацыю раёна – філіял КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”:
– Аўтамабільная дарога “Н-23777 пад’езд да вёскі Казакі ад аўтамабільнай дарогі Н-8256 Ракаў-Курдуны-Баравікоўшчына” працягласцю 1 кіламетр 752 метры мае асфальтабетоннае пакрыццё. Геаметрычныя параметры дарогі такія ж, як шырыня праезнай часткі, прадольныя і папярочныя ўхілы, цалкам адпавядае прысвоенай ёй шостай А тэхнічнай катэгорыі – адной з ніжэйшых катэгорый.
Дарога была прынята на баланс філіяла КУП “Мінск- аблдарбудс-“ДРБУ № 167” у 2001 годзе. З моманту яе прыняцця якіх-небудзь рамонтаў – бягучых, капітальных – на ёй не праводзілася. Праграмай па бягучым рамонце мясцовай сеткі дарог на 2024 год устройства новага асфальтабетоннага пакрыцця на гэтай дарозе не запланавана.
Разам з тым паведамляем, што за кошт сродкаў, выдаткаваных на ўтрыманне дарог, у спрыяльны перыяд будуць выкананы работы для прывядзення гэтай аўтамабільнай дарогі ў патрабуемы эксплуатацыйны стан: на ёй будзе зроблены якасны ямачны рамонт.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА