Авторская колонка Виктора ШНИПА

Іслач

(Заканчэнне. Пачатак у № 7)

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

05.07.2022. У Людмілы сёння дзень народзін. Вераніка і Максім прыехалі павіншаваць маму. Акрамя падарункаў Людміле, дзеці прывезлі нам падарунак да 35-годдзя нашай сям’і – тры дні адпачынку ў “Іслачы”, дзе раней быў Дом творчасці. Я напісаў верш “Шчасце”, прысвечаны Людміле:

Наша сонца плыве над дарогай.
Не знікае. Не трэба знікаць.
І не мала было, і не многа
У паветры святла, каб спяваць
Прыдарожнай траве пажаўцелай,
На якой не раса, кніжны пыл.
І была ты, як ластаўка, смелай,
Прыбліжалася, як небасхіл.
Я няспешна іду за табою,
Як ідзе за ракою туман.
І ты стала вялікай ракою,
Што раздольна цячэ ў акіян.
Ты – дарога, ты – рэчка, ты – вецер.
І мы будзем шчаслівым дажджом.
Мы з табою не згубімся ў свеце,
Мы з табой да чагось дажывём –
Да чаго не дажыць анікому
Тут, на гэтай маленькай зямлі,
Дзе ўсе сцежкі вядуць нас дадому,
І дзе плачуць без нас жураўлі…

21.07.2022. Чацвер. Ізноў вельмі цёпла. Але не горача. Людміла завяршае свой адпачынак, у якім была амаль месяц. Заўтра ідзе на працу, каб 24-га са мной паехаць на тры дні ў былы Дом творчасці “Іслач”, каб адзначыць 35-годдзе нашай сям’і. На працы ў мяне спраў хапае. І часопісных, і кніжных. Асабліва кніжных, бо ў нас усяго два з паловай рэдактары – Аксана Спрынчан, Эдвард Карбановіч і Аліна Анцытовіч, якая на паўстаўкі. Таму даводзіцца мне брацца за ўсё, што не могуць зрабіць рэдактары, якія заняты іншымі кнігамі. Стамляюся і не маю магчымасці пісаць сваё. А жаданне ёсць, і натхненне ёсць.

24.07.2022. Нядзеля. 35 гадоў, як мы з Людмілай пажаніліся. Дзеці зрабілі нечаканы і вельмі прыемны падарунак – набылі для нас сертыфікат на пражыванне (з 24 па 26 ліпеня) ў “Іслач-парку”, дзе раней быў Дом творчасці пісьменнікаў. Там мы з Веранікай і Максімам на працягу гадоў шасці жылі кожнае лета амаль па месяцу. Апошні раз адпачывалі ў Доме творчасці пісьменнікаў, здаецца, у 1997 годзе. Праляцела 25 гадоў! За гэты час, едучы ў Пугачы, некалькі разоў заязджаліся, каб паглядзець, як жа выглядае месца, дзе Людміла пачала пісаць прозу. Выгляд Дома творчасці, які ўжо не належаў пісьменнікам, быў жудасны. І толькі пасля таго, як у яго з’явіўся новы гаспадар, там былі адноўлены тры трохпавярховыя катэджы і дабудавана некалькі дамкоў і рэстаран. І ўжо ладна гадоў, як тэрыторыя былога Дома творчасці пісьменнікаў прыведзена ў прыстойны, а месцамі ў шыкоўны выгляд для адпачынку. Праўда, галоўны корпус былога Дома творчасці пакуль што чакае аднаўлення.

Так атрымалася, што дабірацца да “Іслачы” давялося на таксоўцы. Заплацілі 35 рублёў. Словам, па рублю за кожны год сямейнага жыцця. Дарэчы, і ў Мінск вярнуліся за 35. Жыць выпала ў трохпавярховым катэджы – дом № 1, пакой № 4, на трэцім паверсе. Да засялення было яшчэ сорак хвілін, і мы, пакінуўшы рэчы на вахце, вырашылі пагуляць па тэрыторыі “Іслач-парка”.

Падышлі да галоўнага і не адноўленага будынка былога Дома творчасці пісьменнікаў. На дзвярах замок і папярэджанне, што падыходзіць блізка нельга, бо ўсё можа разваліцца. Паглядзелі ў вокны. Нічога цікавага. Лавак, на якіх мы сядзелі дваццаць пяць гадоў таму, няма. Нават і следу ад іх не засталося. На ходніках, якія складзены з цэментных пліт, і па якіх, відаць, ніхто ўжо не ходзіць, як хадзілі мы раней, вырас мох, а паміж стыкамі пліт расце трыпутнік. Сумна, але і прыгожа…

Дзе даўней жылі пісьменнікі, у некаторых пакоях дрэвы… На балконе пакоя, дзе мы ў свой час жылі, расце ялінка… З некаторых акон тырчаць трубы, як ствалы гармат, якія ўжо не страляюць. Па іх цурчыць вада… На ўездзе ў “Іслач-парк” на аўтобусным прыпынку захвалася старая вялікая жоўтая шыльда, на якой напісана “Дом творчасці пісьменнікаў”. Дрэвы на тэрыторыі “Іслач-парка”, па-мойму, за мінулыя дваццаць пяць гадоў не падраслі. І самае галоўнае – ніводнае не спілавана. І здалося, што мы з Людмілай трапілі ў 1997 год…

Схадзілі да рэчкі. У Іслачы вада па-ранейшаму халодная, і стронга ў ёй, як ільдзінкі, не растае… На стромкім беразе Іслачы пасядзелі на лаўцы, пакаталіся на арэлях. Тут жа палюбаваліся соснамі, у якіх яшчэ ў мінулым стагоддзі агаліліся карані. Дрэвы стаяць, трымаючыся за родны бераг і за неба…

Сёння нядзеля, і амаль уся тэрыторыя для стаянак і каля катэджаў занята машынамі. А ў той час, калі мы былі маладымі, машыны былі ў дырэктара і галоўнага бухгалтара Дома творчасці пісьменнікаў, і рэдка ў каго з пісьменнікаў, якія прыязджалі адпачыць і паспрабаваць напісаць новы твор.

Некалі наш малы Максім запусціў угору цацачны бумеранг. Ён заляцеў на сасну і там некалькі гадоў правісеў. Не забылася і не забудзецца…

Засяліўшыся ў свой пакой, парадаваліся, што ў ім ёсць усё, каб пражыванне было камфортным. А раней жа было, што пры засяленні заўсёды нечага не хапала, або нешта не працавала. Праўда, і цэны былі памяркоўныя. Ды і жыльцы не з задзёртымі насамі. Адзін раз мы жылі па суседстве з сям’ёй машыніста пасажырскага цягніка. Дзякуючы яму, пасля вяртання ў Мінск мы з Людмілай бясплатна з’ездзілі ў Брэст.

Вечарам, калі толькі пачало змяркацца, гуляючы каля галоўнага корпуса былога Дома творчасці пісьменікаў, мы з Людмілай пачулі, як там за сценамі нехта пагруквае. Страшнавата. І, узгадаўшы Караткевіча і яго “Чорны замак Альшанскі”, я назваў тое, што засталося ад Дома творчасці, Чорным домам пісьменнікаў.

Па тэрыторыі “Іслач-парка” па-гаспадарску адзін за адным ходзяць два сабакі. Вялікі – чорны, і ў два разы меншы за яго – светла-руды. Нікога не баяцца, але і нікога не чапаюць. І ніхто іх не баіцца.

Наша Міёна засталася дома. Даглядаць яе прыехаў Максім. Сын паскардзіўся, што наша Міка нічога не хоча есці. Ляжыць і глядзіць перад сабой.

Лугавіна каля Іслачы напоўнілася туманам. Нашы мясціны, дзе купаліся з дзецьмі, а потым ляжалі на пяску, параслі травой. І ўсё ж тыя камяні і каменьчыкі, з якімі гулялі нашы малыя, ляжаць ля вады, як шматкроп’і…

Пачуўшы нашы галасы, з някошанай высокай травы ўзляцела шэрая чапля. Адразу ж узгадалася, як мы з дзецьмі хадзілі ў піянерскі лагер на нейкае музычнае свята. Ішлі па сцежцы ў высокай траве і напаткалі змяю. Потым увесь час, як жылі ў Доме творчасці, баяліся хадзіць па незнаёмых мясцінах. Сцяжыну ў піянерскі лагер нам паказаў гісторык і пісьменнік Мар’ян Віж. Ягоная мама там працавала.

Адзначыць 35-годдзе вяселля мы пайшлі ў рэстаран “Стронга”. Таннага там нічога няма. Але ж у нас юбілей! І мы крыху пасвяткавалі. Былі ў прасторнай зале доўгі час адны. Слухалі музыку, Людміла піла іспанскае шампанскае, а я абляпіхавую гарбату, і елі. Усё смачна. Да ўсяго, у рэстаране працуе аўтарская кухня, і ўсе стравы падаюцца ў прыгожым афармленні, як на конкурсе.

У рэстаране ёсць кніжная шафа з маленечкай часткай кніг, якія былі ў бібліятэцы Дома творчасці пісьменнікаў. Сярод выданняў, што выжылі, – трохтомнік Міколы Лобана, кніжка Генрыха Далідовіча і яшчэ кніг дзесяць беларускамоўных. Ну і тут жа прываблівае да сябе кніга Уладзіміра Ліпскага “Грошык і таямнічы кошык”, што выйшла ў 2022 годзе. Бачылі малую з мамай, якія гэту кніжку бралі і гарталі.

Спаць было душнавата, бо трэці паверх за дзень награецца сонцам. Адчынялі акно. А там шум і гам (нядзеля ж!), як і ў тыя далёкія часы, калі і мы былі шумлівымі. Праўда, у гадзіны дзве на вуліцы стала ціха.

25.07.2022. Панядзелак. Другі дзень, як мы з Людмілай у “Іслач-парку”. Прачнуўшыся, як звычайна, а шостай, стаў успамінаць нашы адпачынкі ў Доме творчасці пісьменнікаў.

Першы раз прыехалі ў Дом творчасці ў жніўні 1991 года. Вераніцы было ўсяго два гады з маленькім хвосцікам. На адпачынак з дачкой мы адважыліся разам з сябрамі, у якіх дачцэ пайшоў чацвёрты годзік.

У 1992 годзе мы пазнаёміліся з мастацтвазнаўцай Надзяй Вусавай і яе сынам Іллёй. Па прапанове Надзеі ў гэтым жа годзе з восені я стаў вадзіць нашу Вераніку ў Мастацкі музей у студыю “Цюбік” вучыцца маляваць. І ўсё было недарэмна. Цяпер наша Вераніка – мастачка з вышэйшай адукацыяй.
У 1993 годзе ў нас нарадзіўся Максім. І мы нікуды не выбіраліся з горада.

З 1994 года ў Доме творчасці пісьменнікаў, пакуль ён працаваў, бывалі кожнае лета, і часам па два разы за сезон.

З мастачкай Маргарытай Шкурпіт і яе дзецьмі збіралі ягады, размаўлялі пра мастацтва і жыццё-быццё. Вечарамі слухалі, як іграе на гармоніку і спявае каля вогнішча літаратуразнавец Генадзь Шупенька. Пісьменнік Уладзімір Юрэвіч лячыў мне жывот, калі я атруціўся ў нашай сталоўцы. Пісьменніца Валянціна Коўтун кожную раніцу бегала да Іслачы і купалася ў сцюдзёнай вадзе, і ўсіх запрашала рабіць так, як яна. Паэт Сяргей Грахоўскі распавядаў пра тое, што перажыў у трыццатыя гады і пазней. Дзіцячы пісьменнік Авяр’ян Дзеружынскі спяваў у лесе і не заціхаў, калі падыходзілі да яго. Паэт з Масквы Пятро Кошаль выбіраўся на паўгадзіны з нумара пасядзець на лавачцы, пакурыць і пахваліцца аб’ёмам працы, якую ён зрабіў за дзень. А ён тады кляпаў нейкія энцыклапедыі, што карысталіся попытам. Перакладчык Уладзімір Анісковіч вучыў мяне вязаць для лазні бярозавыя венікі. І яшчэ шмат з кім было розных цікавых і не вельмі сустрэч…

Сёння ж, паснедаўшы, пайшлі ў Ракаў да Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай. І не проста пайшлі ў госці, а каб разам з імі ўзгадаць Уладзіміра Караткевіча, які ў гэты дзень 38 гадоў таму адышоў у лепшы свет. Ішлі тым жа шляхам, якім хадзілі ў маладосці. Сцяжыну праз лес не знайшлі. Зарасла дрэвамі.

На ўездзе ў Ракаў сустрэліся з велізарным трактарам з плугамі. Узгадалася, як раней па гэтай жа вуліцы пастухі гналі статак кароў. Цяпер у Ракаве кароў не бачна.

У Ракаве прайшлі каля дома нашай цёткі Марыі Лемяшонак. У двары ні людзей, ні курэй. Цвітуць кветкі. Магчыма, яна ў сыноў або ў царкве.

На аўтавакзале на лаўках некалькі чалавек. Нікога знаёмага. Прайшлі каля крамы “Сала”. Не спакусіліся. На хвілінку прыпыніліся каля маёнтка Фэліка Янушкевіча. Трэба неяк да яго напрасіцца ў госці.

Да Рагойшаў з Дома творчасці зайшлі за 50 хвілін. Нас сустрэлі, як родных. Мы прыйшлі на пару гадзін, а прабылі ажно пяць. Наша з Людмілай гасцяванне пачалося з экскурсіі па музеі Рагойшаў і з успамінаў Вячаслава Пятровіча пра Уладзіміра Караткевіча, які нярэдка гасцяваў у іх. І каб распавесці, пра што нам распавядаў Вячаслаў Пятровіч, трэба доўгат пісаць, таму скажу трыма словамі: “Было вельмі цікава!” А потым Вячаслаў Пятровіч і Таццяна Кабржыцкая павадзілі нас па сваім садзе, у якім расце больш за дваццаць парод розных дрэў. А колькі ў садзе кветак! І самая нечаканая – чырвона рута. Недзе з паўгадзіны каля азярыны любаваліся дзівоснымі рыбамі. А колькі ў садзе валуноў! Узгадалася кніжка Людмілы “Шыпшына для Пані”, у якой ёсць раздзел “Сад камянёў”. Узгадалася вёска Лягезы, дзе каля сотак дзядзькі Вані ляжыць велізарны валун. Я на ім любіў сядзець, як на востраве, сярод зялёнага мора травы. І ў Пугачах на Юстынавай гары таксама ёсць велізарны валун, на якім я любіў пісаць вершы. Гадзіны дзве хадзілі па садзе Рагойшаў, дзе ў кожнага куточка свая гісторыя і свая паэзія.

Пілі гарбату, елі торцік, радаваліся сустрэчы і атрымлівалі падарункі, сярод якіх Вячаслаў Пятровіч падарыў сваю кніжку “Там, дзе бруіцца Іслач…”, што выйшла ў 1991 годзе. І падпісаў нам: “Дарагім нашым сябрам Людміле і Віктару на згадку пра ракаўскую мясціну, дзе яны тварылі, адпачывалі і гадавалі сваіх дзетак, а таксама і іхнім дзецям, каб не забывалі, дзе яны раслі. Вячаслаў Рагойша, Таццяна Кабржыцкая. Ракаў, 25 ліпеня, 2022. Р.S. Віншуем з 35-годдзем вашага вяселля!”

У “Іслач-парк” мы з Людмілай вярталіся, як з цудоўнага мастацкага твора, які напісаны Вячаславам Рагойшам і Таццянай Кабржыцкай, дзе пераплецены стагоддзі і людскія лёсы, неба і зямля, травы і дрэвы, вада і вецер, і ва ўсім жыве Любоў, Вера і Надзея.

26.07.2022. Трэці дзень, як мы з Людмілай жывём у “Іслач-парку”. Другую ноч спалі спакойна, бо амаль прывыклі да новага месца. Раніца выдалася сонечнай. Паветра пахне яловай смалой. Спяваюць птушкі. Схадзілі паснедаць у рэстаран. Не плацілі, бо сняданкі ўваходзяць у аплату пражывання. Усё смачна.

Сёння вяртаемся дадому, таму вырашылі абысці ўсе нашы любімыя мясціны. Сфоткаліся на ўваходзе ў былы галоўны корпус Дома творчасці пісьменнікаў. Праз вокны заглянулі ў фае будынка. Нічога добрага там не ўбачылі. Сам Дом збудаваны ў выглядзе квадрата, унутры якога даволі ладная прастора. У 90-я гады мы там фоткаліся з дзецьмі каля вялікага валуна. Уваходы ў квадрат перакрыты. Але я знайшоў слабое месца агароджы, і мы з Людмілай зайшлі туды, куды імкнуліся. Высокая трава і дрэвы. Наш любімы валун на месцы, але каля яго нарасло кустоўя. Сфоткаліся. Узгадаліся рэшткі Храма ў Дубравах, дзе сярод сцен нарасло бяроз і асін.

Прайшліся сцяжынай, якая нам знаёмая з тых даўніх часоў, калі мы з дзецьмі хадзілі праз лес аж пад самы Ракаў і потым купаліся ў Іслачы, якая ў тым месцы шырокая і глыбакаватая і мае шырокі пясчаны бераг. Паелі чарніц. Палюбаваліся высокімі стройнымі соснамі. Надыхаліся паветрам.

Вярнуўшыся ў свой нумар, сабралі рэчы, каб вяртацца дадому. Аказалася, што па мабільным у “Іслач-парк” таксоўку не выклікаць. Людміла пайшла на вахту, дзе ёй дапамаглі знайсці машыну. І нам пашанцавала – малады таксіст адвозіў у “Іслач” Акадэміі навук людзей, і ён нас забраў праз дзесяць хвілін у Мінск. Праз сорак хвілін былі дома. Міёна абрадавалася. Не ела ж амаль тры дні. Чакала нас.