Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
13.10.2009. Гэтымі восеньскімі днямі дома так горача, што немагчыма сядзець, а на працы гэтак жа холадна. Дарога на працу і назад, як шлях паміж печчу і лядоўняй.
16.10.2009. Да мяне на працу прыходзіла дачка перакладчыка Язэпа Семяжона Наталля. Гадоў пяць не бачыліся, таму не адразу пазнаў. Амаль паўтары гадзіны расказвала пра бацьку і свайго дзядзьку Максіма Танка. Яўген Іванавіч за два тыдні да смерці паклікаў да сябе Наталлю і папрасіў, каб прасачыла, калі ён памрэ, каб не пахавалі на Маскоўскіх могілках. “Не хачу я там ляжаць побач з некаторымі, а хачу быць з бацькамі ў роднай зямлі!” – казаў Максім Танк і, гледзячы ў акно, каб пляменніца не бачыла слёз, пытаўся: “Няўжо ўсё, што я напісаў і зрабіў, дарэмна і нікому не патрэбна?” “Не дарэмна! Яно патрэбна нам, беларусам, і сёння, і заўтра, і праз сто гадоў спатрэбіцца!” – адказала Наталля.
13.11.2009. Учора ўдзельнічаў у вечарыне, прысвечанай 100-годдзю Максіма Лужаніна, якая праходзіла ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Невялікая зала была запоўнена ў асноўным слухачамі Акадэміі МУС. Вечарына пачалася з праслухоўвання выступлення Максіма Лужаніна, якое было запісана на яго сямідзесяцігоддзе. І толькі загучаў запіс, як адразу на голас паэта аднекуль прыляцеў вялікі чорны матыль. Убачыўшы яго, празаік Анатоль Бутэвіч прашаптаў мне на вуха: “Гэта Максім Лужанін…” А як закончыўся запіс, дык і чорны матыль невядома куды знік…
23.12.2009. Калі ў школе на ўроках матэматыкі я ад настаўніцы пачуў, што Лабачэўскі – матэматык і творца неэўклідавай геаметрыі, то я адразу нашага вясковага Лабачэўскага прызнаў за вялікага матэматыка, і ён быў для мяне матэматыкам да таго часу, пакуль не скраў у нас з гарышча сала. І яшчэ. У суседа было прозвішча Балотнік, і я пра яго думаў, што гэта пад яго кіраўніцтвам было сялянскае паўстанне недзе там у Расіі. І доўгі час прыглядаўся да яго, баючыся, каб ён у маіх Пугачах не ўчыніў паўстанне супраць калгаснага строю. Пра свайго ж прапрадзеда Кандрата думаў, што гэта ён Кандрат Крапіва, якога байкі я вучу ў школе… Словам, мае Пугачы для мяне былі цэлай краінай, у якой ёсць усё, пра што напісана ў кніжках.
28.12.2009. У цэнтры Пугачоў, дзе аўтобусны прыпынак і крама, стаіць самая старая ў нашай вёсцы хата. Ёй недзе гадоў 150. Пры мне там жылі Вярбіцкія. На адной палавіне хаты была іх сям’я, на другой – калгасная бібліятэка. Раней там жылі сем’і старшынь калгаса, была крама. А напачатку гэта хата належыла мясцовым яўрэям, якія ў ёй трымалі гандлёвую лаўку. Мой дзед Юзя часта заходзіў у яе і набываў цыгарэты і выпіўку. Часам яму давалі напавер, бо ведалі, што ён разлічыцца. А разлічыцца дзед мог, бо яму з Амерыкі стрыечныя сёстры прысылалі даляры. Відаць, прысылалі шмат, бо дзед аднойчы так напіўся, што пачаў у даляры загортваць махорку і раздаваць сабутыльнікам, каб курылі, і яны курылі. Цяпер самая старая хата ў Пугачах пустуе…
29.12.2009. У канцы 30-х гадоў у вёсцы Лягезы ў Маціеўскіх, якія жылі па суседстве з сям’ёй маёй мамы, згарэла хата. Куды ім было дзецца з васьмю дзецьмі? І яны прыйшлі да маіх дзеда Міхася і бабулі Ганны, у якіх сваіх дзецяй было васьмёра. І так у адной хаце жылі дваццаць чалавек, пакуль Маціеўскія будаваліся. З пажару мала што ўдалося выратаваць. Мая маленькая мама адразу звярнула ўвагу на суседчын хлеб, які быў не чорнага, а залатога колеру. І яна адразу ж шэптам папрасіла ў сваёй маці: “Хачу залатога хлеба…” Суседка пачула і дала дзяўчынцы лусту. Хлеб быў з мякіны.
05.01.2010. Шосты клас. Школьныя спаборніцтвы па безе на лыжах. Я вырашыў удзельнічаць у іх. Бегчы трэба было цэлы кіламетр. Я прыбег трэцім. Мой сусед і аднакласнік Сашка Балотнік заняў першае месца. Яму далі ганаровую грамату, а мне – нічога. Было вельмі крыўдна, а тым больш, што за нашымі спаборніцтвамі сачылі дзяўчаты. Сашка сваю грамату павесіў дома ў куце, у якім вісела ікона. І калі я прыходзіў да Сашкі, то заўсёды ўспамінаў пра сваё трэцяе месца.
У сёмым класе зноў былі спаборніцтвы па безе на лыжах, у якіх я адмовіўся ўдзельнічаць, і мне па фізкультуры паставілі тройку. Сашка заняў першае месца, і яму зноў далі ганаровую грамату, якую ён пачапіў побач з першай узнагародай. У восьмым класе Сашка зноў перамог, і яго адправілі на спаборніцтвы ў Ракаў, з якога ён вярнуўся з граматай за другое месца.
Закончыўшы школу, я паехаў вучыцца ў Мінск, стаў друкавацца ў газетах, а Сашка застаўся ў вёсцы. Выдаўшы першую кніжку вершаў, я неяк зайшоўся да аднакласніка ў госці, і мы ў час размовы ўспомнілі пра нашы спаборніцтвы на лыжах. І так паразуспаміналіся, што кончылася тым, што Сашка сарваў з-пад іконы свае ганаровыя граматы і схаваў у шуфляду.
09.01.2010. З сястрой Валяй іду з Дубраў з электрычкі да бацькоў у Пугачы, каб разам з імі сустрэць 1979 год. Аўтобусам не паехалі, бо з-за мяцеліцы не ходзіць. Я іду па гурбах першым, сястра спяшаецца за мной, але ўсё роўна мае сляды мяцеліца замятае, і ёй даводзіцца ісці па цаліку, як і мне. Да роднай вёскі дзесяць кіламетраў. Час ад часу прыпыняемся, каб адпачыць. Зрэдку перамаўляемся пра нялёгкую дарогу, але маўчым пра тое, ці варта было ў такое надвор’е ехаць да бацькоў…
Зімой пасля школы амаль кожны дзень на Малышоўцы з сябрамі гуляў у хакей. Гулялі без канькоў, клюшкі былі з крывых бярозак, а замест шайбы выкарыстоўвалі абцас з кірзача або гумовіка. Не было такой зімы, каб ніводнага разу не былі ў мяне падбіты вочы шайбай або клюшкай. Ды і ногі, і рукі былі ўсе ў сіняках. Траўмы былі балючымі, але ж задавальненне ад забітых галоў было большым…
Не паспяваў толкам сысці снег з сенажаці, якая была за нашымі соткамі, як я з сябрамі пачынаў гуляць у футбол. Паглядзець на нашу гульню збіралася шмат людзей, сярод якіх хапала дзяўчат. І мы часам так загульваліся, што дамоў не хадзілі абедаць.Трава амаль не расла, бо мы яе стоптвалі, і нас бацькі недзе ў канцы траўня пачыналі ганяць з сенажаці. Мы перабіраліся на школьны двор, і там не давалі спакою вартаўніку, які баяўся, што павыбіваем вокны ў школе. Дзякуючы таму, што сярод нас быў сын старшыні калгаса, нам, калі я ўжо заканчваў школу, на краі вёскі за лазняй каля вялікай сажалкі было спецыяльна зроблена футбольнае поле. Перайшоўшы на новае месца, мы хутка закінулі гульню, бо сюды ніхто з нашых балельшчыкаў не даходзіў…
10.01.2010. Мой даўні сябар Лёня Шчарбінскі нарадзіўся ў Гудах, што ў кіламетрах дваццаці ад маіх Пугачоў. Я пасябраваў з ім на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя дзякуючы літаб’яднанню “Рунь” пры раёнцы. Лёня служыў прапаршчыкам у Кіяўцы. Мы былі маладыя, і мы пісалі вершы. Вяртаючыся з Валожына з літаб’яднання, мы перасаджваліся на свае аўтобусы ў Ракаве. Перад тым, як развітацца, ішлі ў ракаўскую сталоўку. Садзіліся за столік, які стаяў за калонай, частаваліся і чыталі вершы. Прыгод ніякіх не было, але я і сёння памятаю смак тых катлет, салатаў і вараных яек, якія мы тады елі. І вельмі шкада, што тая старая сталовая і крамы, якія былі каля яе, некалькі гадоў назад згарэлі…
Свой чарговы вайсковы адпачынак Лёня Шчарбінскі ўзяў у лістападзе. Заехаўшыся па мяне ў Пугачы на матацыкле з каляскай, сябрук павёз мяне да сябе ў Гуды, каб разам схадзіць у грыбы. Па дарозе Лёня расказаў, што зусім блізка ад яго вёскі знаходзіцца Малая Люцінка, дзе больш за сорак гадоў жыў і тварыў класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Заехаліся, каб паглядзець на ліпу, якую садзіў пісьменнік, але яе ўжо не было – няўдумлівыя людзі спілавалі.
Прыехаўшы ў Гуды, мы пайшлі ў грыбы. Я шукаў баравікоў і таму, калі праз паўгадзіны блукання па лесе мы сустрэліся, я здзівіўся – у Лёні быў поўны кошык грыбоў, а ў мяне – пуста. Аказалася, у лістападзе не трэба шукаць баравікоў, бо ў гэты час растуць зялёнкі, падзялёнкі і курачкі, пра якіх я ніколі не чуў у сваёй вёсцы, і іх у нас не збіралі…
Гляджу на сваю старэнькую і нямоглую маму, якая і ўноч, і ўдзень то ляжыць, то сядзіць на канапе, дзе пад падушкай схаваны каляндар, а ў насоўцы крыху грошай, і бачу ў ёй пасажырку на невядомым вакзале, якая чакае свайго цягніка, час прыходу якога не ведае і яна сама…
14.01.2010. Тэлефанаваў літаратуразнавец Уладзімір Казбярук. Яму пад 90. Я думаў, што пачне прасіць, каб выдалі новую кніжку, а ён падзякаваў мне за задавальненне, якое ён атрымаў ад прачытання маіх балад у “Полымі”. Узгадаліся такія ж званкі ад Адама Мальдзіса, Уладзіміра Юрэвіча, Эдзі Агняцвет… Асабліва я быў уражаны тэлефанаваннем Эдзі Сямёнаўны, з якой зусім не быў знаёмы асабіста. Беручы прыклад са старэйшых, і я, калі што з прачытанага вельмі спадабаецца, тэлефаную аўтару і кажу пра гэта…
21.01.2010. Аўтобус “Мінск – Пугачы” праходзіць праз Бузуны, якія знаходзяцца ў чатырох кіламетрах ад Ракава. У маім юнацтве жыхароў гэтай вёскі называлі “кітайцамі”, з-за якіх часам не толькі мне было цяжка набыць білеты ў Мінску, каб паехаць дамоў. Аднак вёска славілася не толькі тым, што ў ёй жыло вельмі шмат людзей, але і тым, што яе жыхар Франц Іосіфавіч Зяневіч з 1912 па 1918 гады служыў на крэйсеры “Аўрора” і прымаў удзел у штурме Зімняга. Прайшоў час, і ў аўтобусе “Мінск – Пугачы” заўважна паменела пасажыраў, і ці хто ўжо з бузуноўцаў не тое што ганарыцца, а ці ведае, што іх аднавясковец быў рэвалюцыянерам…
27.01.2010. Гэта было даўно. Паэт Пятро Прыходзька ішоў у краму праз новабудоўлю і ўваліўся ў катлаван. Спрабаваў вылезці, але не змог. Пачаў крычаць: “Людзі! Памажыце! Людзі! Я паэт Прыходзька! Памажыце!” Крыкі пачулі будаўнікі. Падышлі да катлавана і бачаць, што нейкі мужык, магчыма, злодзей, выкачаны ў гліну, просіць дапамагчы вылезці і называе сябе паэтам. “А чым дакажаш, што ты паэт?” – запытаўся самы кемлівы і цвярозы будаўнік у Прыходзькі. Пятро Фёдаравіч не разгубіўся і пачаў чытаць свае вершы…
07.02.2010. Жыў-быў у вёсцы стары паэт. Час ад часу пісаў вершы, а так займаўся гаспадаркай, якая прыносіла немалы прыбытак. У семдзесят ён меў кніжачку вершаў. У дзяцей былі свае сем’і, і ён жыў спакойна з жонкай, і так бы, відаць, і далей жыў, але аднойчы суседзі яму сказалі, што яго старая гуляе з мужыкамі. “Людзі кажуць, што ты маеш хахаляў! Ці праўда гэта?” – запытаўся паэт у жонкі. “Ну і што, калі я маю? Табе ж семдзесят!” – адказала жанчына, якой ужо было семдзесят два гады. Пакрыўдзіўся паэт і сышоў з хаты. Стаў жыць у Мінску ў адзінокай дачкі. Летам дачка купіла бацьку пуцёўку ў санаторый і адправіла старога падлячыцца. Прыехаў паэт у санаторый, афармляе дакументы, і тут да яго падыходзіць незнаёмая жанчына, на гадоў пятнаццаць маладзейшая, і прапануе пасяліцца разам у адным пакоі. Паэт напачатку аднекваўся, а, даведаўшыся, што гэтай жанчыне цыганка наваражыла, што яна прыедзе ў санаторый і пазнаёміцца з дзядком, з якім будзе доўга і шчасліва жыць, згадзіўся. З санаторыя паэт адразу ж паехаў жыць да новазнаёмай жанчыны, і ўжо з ёй жыве дзесяць гадоў. Прыязджаючы да дзяцей у вёску, чуе ад былой жонкі: “Вяртайся дамоў! Трэба адзін аднаму дараваць! Вяртайся…”
09.02.2010. Сваёй хаты напачатку мы не мелі і жылі ў бацькавых бацькоў – маіх дзеда Юзі і бабулі Параскі. Дзед працаваў у калгасе, быў адукаваны, любіў пагаварыць. Бабуля была швачкай, і пра яе ведалі далёка ад Пугачоў. Мела нават вучняў. Аднак усё ж мы жылі беднавата, і, калі мне споўнілася восем месяцаў, гадаваць мяне забрала бабуля Ганна (пражыла сто гадоў), маміна мама, у невялікую, усяго 10 хат, вёску Лягезы, ля якой працякае рачулка Яршоўка. У Лягезах, што ў пяці кіламетрах ад Пугачоў, я і гадаваўся да школы.
Быў я хлапчуком цікаўным і непаслухмяным. Зімой вечна цягаў за сабой саначкі і збіраў на іх сухое галлё, абламанае з дрэў вятрамі. Цягаў галлё пад хату, складаў у кучу. Для чаго? Цяпер не памятаю. Але час ад часу за яго на мяне пакрыквалі маміны браты – дзядзькі Ваня і Віця, і маміны сёстры – цёткі Шура і Аля. Яны на той час яшчэ сваіх сем’яў не мелі і глядзелі за мной, як за родным сынам. Расказвалі розныя гісторыі, бралі мяне на вечарынкі, на кірмаш у Ракаў і ў Яршэвічы.
Бабуля Ганна (дзявочае прозвішча Маціеўская) адна выгадавала васьмёра дзяцей. Муж яе, Міхаіл, загінуў у 1944 годзе – падарваўся на міне, едучы ў Ракаў. Ад выбуху ацалелі мой дзядзька Ваня, што сядзеў на возе ззаду з коцікам на руках, і жарабятка. Яшчэ я сам з дзядзькам Ванем пасвіў нашчадка таго жарабяткі, амаль казачнага чырвонага каня. І калі часам дзядзька прыходзіў з працы нецвярозы, ён расказваў мне пра сваю бяду, якую перажыў, будучы хлапчуком. Расказваў так, што сам плакаў, і ад слёз не мог утрымацца і я…
З дзядзькам Ванем, які ў вёсцы Русакі працаваў конюхам, я даглядаў коней і нават некалькі разоў хадзіў з ім у начное. Дзядзька мяне любіў, і я яго называў татам, а цётку Алю – мамай. І калі прыйшоў час майго вяртання ў Пугачы (трэба было ісці ў школу), мяне не хацелі аддаваць маім бацькам. Ды і я сам не хацеў некуды з’язджаць з Лягезаў. І цяпер, калі еду з Мінска ў Пугачы каля Лягезаў, у мяне ад успамінаў на вачах слёзы…
10.02.2010. Летам 1967 года ў адзін дзень у Лягезах адбыліся два вяселлі – жаніўся мой дзядзька Ваня і выходзіла замуж цётка Аля. Тады ўпершыню я і пазнаёміўся бліжэй са сваёй роднай сястрой Валяй, якая на год маладзейшая за мяне. Мы з ёй адразу пасябравалі, і нібыта не было тых гадоў, калі мы гадаваліся не разам. У Пугачы мяне з поўным мехам цацак праводзілі амаль усе Лягезы, і ўсе плакалі. У той дзень па дарозе дамоў, а ў нас ужо была свая хата, мы трапілі пад вялікую навальніцу. Казалі, што той дождж быў мне на шчасце…