Сёлета ў нашай краіне на дзяржаўным узроўні ўпершыню ў каляндар святочных дат унесены
Дзень бацькі. Ён адзначаецца 21 кастрычніка. А ў перыяд з 14 кастрычніка, калі святкуецца Дзень маці, па 21 кастрычніка праводзіцца бацькоўскі тыдзень.
Герой сённяшняга аповеду – Васіль Серабкоў з Ракава. Напрыканцы мінулага года яму ў адзіночку давялося прымаць няпростае лёсаноснае рашэнне – усынавіць хлопчыка-падлетка пры жывым бацьку. Так склалася, што яго любімая жонка Ірына ў росквіце сіл раптоўна памерла ад каранавіруса, пакінуўшы 14-гадовага сына ад першага шлюбу. “Яна нічога не паспела сказаць…” – задуменна, з горкім жалем і болем распавёў Васіль Міхайлавіч.
Васіль нарадзіўся на Гомельшчыне ў прыгожых мясцінах, дзе Іпуць упадае ў Сож. На ракаўскую зямлю патрапіў у маладосці – праходзіць тэрміновую службу юнака-навабранца накіравалі ў вайсковую часць, што ў Кіяўцы. Пасля звальнення вярнуўся дадому, пяць гадоў працаваў вадзіцелем у арганізацыі, але душой разумеў, што два гады арміі не проста змянілі свядомасць, а вызначылі далейшы жыццёвы шлях. І ў 1985 годзе ён вярнуўся ў асяроддзе, якое стала родным, атрымаў званне прапаршчыка.
Усё ішло сваім парадкам. Утварылася сям’я, нарадзіўся сын, камандаванне часці за ўзорнае выкананне ўскладзеных на яго абавязкаў выдаткавала ў сталіцы двухпакаёвую кватэру. Але Васіль любіў зямлю і любіў працаваць на ёй, таму займеў у Кіяўцы дачу – кожныя выхадныя спяшаўся туды з шумнага горада, каб пабыць на ўлонні прыроды. Ён таксама заядлы паляўнічы і рыбалоў – гэта не проста хобі, а часцінка самога сябе, без якой нельга ўжо існаваць. Зразумець стан і адчуванне могуць толькі аматары актыўных відаў адпачынку, якія спрадвеку былі ўласцівы мужчынам.
Прайшлі гады службы. Ажаніўся сын і пакінуў бацькоўскае гняздо. Неяк неўпрыкмет пачалі жыць кожны сваім жыццём і яны з жонкай, а пасля і ўвогуле рассталіся. Васіль амаль увесь час праводзіў на дачы, тут і спаткаў тую сапраўдную сваю другую палавінку. Адчуў гэта адразу – і душа проста ажыла.
Ірына даўно адна выхоўвала 14-гадовую Віку і 6-гадовага Вадзіма. Аліменты на дзяцей атрымлівала час ад часу – толькі калі былы муж працаваў. Каб у прамым сэнсе выжыць, бралася за любую падпрацоўку, трымала хатнюю гаспадарку – мужчынскіх рук у прыватным доме не хапала. Васіль не проста падставіў надзейнае, моцнае плячо – яны сталі адзіным цэлым. Усё рабілі разам, нават на рыбалку ездзілі ўдваіх. У іх была поўная гармонія, і, калі запыталася, ці ўзнікалі хоць калі-небудзь спрэчкі ў іх сям’і, Васіль Міхайлавіч задумаўся і пасля невялікай паўзы адказаў:
– Не прыпомню. Так, па характары я строгі, патрабавальны, часам нават суровы – гэта не толькі адбітак армейскай службы. Сам выхоўваўся ў дысцыпліне – ды яшчэ ў якой!? Матулі баяўся больш, чым бацькі: дарэчы, ёй зараз 94 гады, а камандзірскі дух так і застаўся. Урокі жыцця атрымліваў кожны дзень: падымаўся ў чатыры раніцы і разам з бацькам ішоў пасвіць кароў па лесе, бо лугі выкарыстоўваліся для сенажаці. Ніхто не пытаўся майго жадання і не звяртаў увагі на ранні час. А ўвечары так хацелася з сястрой паплаваць у рацэ… Ведаў, што маці не дазваляе і добра “пачастуе” пасля венікам, дык употайкі ўцякаў – а як жа вытрымаць, калі ўся дзетвара там бавіла час!
Не ўтрымалася, каб не пацікавіцца “рэцэптам” такіх, можна сказаць, ідэальных адносін – няўжо насамрэч ніколі за 9 гадоў сумеснага жыцця не паспрачаліся? Падстаў жа за дзень можа быць некалькі, не тое, што за гады.
– Бывала, што голас адзін на аднаго павышалі, але я тады пачынаў “гуляць у маўчанку”: хадзіў і не гаварыў ні слова. Аднак надоўга мяне не хапала, бо па характары адыходлівы, ды і кахаў Ірыну моцна. Паміж мужам і жонкай вельмі важна ўзаемаразуменне і падтрымка – яны з’яўляюцца самымі моцнымі і трывалымі каменьчыкамі падмурка сямейнага шчасця, – адзначыў мой суразмоўца.
Запыталася ў Васіля Міхайлавіча і пра ролю бацькі ў сям’і.
– Роля вельмі вялікая: ён і галава, і здабытчык, а як расце сын – асноўны прыклад для станаўлення сапраўднага мужчыны. Ніякія словы, навучанні, наказы не дапамогуць, калі ў штодзённым жыцці вы будзеце вучыць дзяцей аднаму, а на справе рабіць зусім іншае. Лічу, што дысцыпліна таксама патрэбна – як паветра: каб дзеці ведалі, што можна рабіць, а што – нельга. І да работы прывучаць неабходна – у кожнага павінны быць свае абавязкі. А калі што забараняецца, то трэба патлумачыць, расказаць, абгрунтаваць: чаму? Вось, напрыклад, Вадзім сёлета пасля дзевяці класаў паступіў у Мінскі каледж: жыве ў інтэрнаце, вучыцца самастойнасці. Спакус шмат, тым больш, што ў далечыні ад дома можна дазволіць сабе паспрабаваць многае. Пасадзіў яго і кажу: “Я не куру, мой бацька не курыў. І табе не раю, бо гэта шкодная звычка здароўя не дабаўляе. А, пакаштаваўшы і ўцягнуўшыся, адмовіцца будзе вельмі цяжка”. Думаю, што пачуў. Увогуле, ён прыслухоўваецца да маіх парад і просьбаў – калі папрашу што зрабіць, ні разу не чуў ад яго, маўляў, не хачу ці не буду.
Дзень бацькі даўно трэба было ўвесці на заканадаўчым узроўні. Гэта ўзнімае статус мужчыны, указвае на яго ролю ў сям’і, павышае адказнасць. Няхай даруюць мне мае сабраты, але ў нашым грамадствае назіраецца тэндэнцыя, што “руль кіравання” не толькі ў сям’і, але і ў многіх сферах усё часцей бярэ на сябе слабая палова. Некаторыя жанчыны проста вымушаны быць моцнымі, бо не сустракаюць на сваім шляху таго, на каго можна было б паспадзявацца. Хаця па Божай задуме ім адведзена зусім іншая роля. Трэба адраджаць спрадвечныя мужчынскія “абавязкі”, дадзеныя Чалавеку Тварцом, каб нашчадкі маглі ганарыцца сваім бацькам і з цеплынёй і ўдзячнасцю напісаць у святочнай паштоўцы: “Віншую, тата, і люблю!”
Васіль СЕРАБКОЎ
– А што, на Ваш погляд, самае галоўнае ў жыцці?
– Самае галоўнае ў жыцці – само жыццё. Яно настолькі цікавае, непрадказальнае, няпростае. Мы вучымся гэтай мудрагелістай навуцы кожнае імгненне – атрымліваем заданні і адзнакі. І пражыць яго трэба годна, каб у канцы шляху паважаць сябе.
У сямейнай пары ніколі не ўзнікала пытанне аб тым, каб Васіль усынавіў Віку і Вадзіма. У іх ёсць бацька – на жаль, толькі па дакументах. А вось увесь клопат па выхаванні і падтрымцы, як мужчына, узяў на сябе дзязя Вася – так дзеці Ірыны і па сёння звяртаюцца да Васіля Міхайлавіча. Хаця на тэлефоне Вадзіма ён падпісаны як Баця. Вікторыя ўжо даўно дарослая і самастойная, але кажа, што ёй ёсць з чым параўнаць адносіны кроўнага бацькі да сваіх дзяцей і чужога чалавека, які даўно стаў для іх родным – не на паперы, а па жыцці. Яна з прыемнай настальгіяй узгадала, як дзядзя Вася вазіў іх у сталіцу на атракцыёны, навагоднія прадстаўленні, раніцай у школу на заняткі, цікавіўся справамі, турбаваўся, каб іх дом быў поўнай чашай. Дарэчы, ён такім і стаў – ва ўсім тут бачна гаспадарская рука. Таксама дзяўчына заўважыла, што прыклад даў ім годны, навучыў многаму, а зараз і ўвогуле стаў самым блізкім чалавекам. Падкрэсліла: Вадзім ні хвіліны не раздумваў, з кім ён застанецца пасля страты матулі, а “ВКонтакте” адразу ж пасля ўсынаўлення змяніў прозвішча і імя па бацьку і стаў Серабковым Вадзімам Васільевічам. А Васіль Міхайлавіч у той жа дзень паведаміў свайму сыну Аляксандру, што ў яго з’явіўся малодшы брат. І сын падтрымаў бацьку.
Так, можна лічыць, што ўсё гэта ўмоўнасці, неабходныя па заканадаўстве. І толькі цяпер ужо бацька і сын Серабковы адчуваюць і разумеюць, наколькі сур’ёзныя, рашучыя і вельмі адказныя крокі яны зрабілі ў сваім жыцці. Агульнае гора іх злучыла і аб’яднала. Верыцца, што Ірына на нябёсах вельмі радуецца за сваіх “мужыкоў” і ганарыцца іх учынкамі, бо на такое здольныя толькі сапраўдныя мужчыны.
Алена ЗАЛЕСКАЯ