22 красавіка — Дзень судовага эксперта
Аляксандр Зубовіч 22 гады працуе судовым экспертам. У сваёй прафесіі, такой складанай і адказнай, за гэты час ні чуць не расчараваўся, лічыць яе не толькі важнай, але і цікавай.
Пасля 9 класаў Аляксандр Віктаравіч пайшоў вучыцца ў Валожынскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча, якое закончыў з адзнакай. Пасля чаго паступіў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, дзе атрымаў спецыяльнасть “судовы эксперт-крыміналіст”. Што паўплывала на такі выбар? Напэўна, дэтэктыўныя фільмы, якія любіў глядзець і дзе не абыходзілася без прафесіянала, які прыязджаў на месца здарэння з пэндзлікам, пачынаў здымаць адбіткі, і хутка, дзякуючы яму, карціна злачынства вымалёўвалася.
Працу эксперта не назавеш аднастайнай – менавіта гэтым яна і падабаецца Аляксандру Зубовічу. Кожны дзень перад ім паўстае новая задача, прыходзіцца пастаянна знаходзіцца ў руху, у саставе следча-аператыўнай групы выязджаць на месцы здарэнняў, старацца адшукаць сляды злачынцаў. Для нашага героя гэта стала неад’емнай часткай жыцця. Калі ён знаходзіць адказ на чарговую загадку, то атрымлівае сапраўднае маральнае здавальненне, якое з лішкам кампенсуе ненарміраваны працоўны дзень і шчыльны графік.
Аляксандр Віктаравіч мае вялікі вопыт у сваёй справе. Ён упэўнены, што ідэальных злачынстваў не існуе. Заўсёды застаюцца сляды. Гэта могуць быць адбіткі пальцаў рук, абутку, аўтамабільных сродкаў і інш. Нават волас, што ўпаў з галавы злачынцы на месцы здарэння і быў знойдзены экспертам, у выніку дапаможа выявіць яго. Таму судовы эксперт пільна аглядае месца, дзе адбыліся крадзеж, дарожна-транспартнае здарэнне, забойства ці іншае, збірае рэчавыя доказы, вывучае следавую карціну, аналізуе яе, фіксуе на фота, а затым ужо ў кабінеце праводзіць выніковую судовую экспертызу рэчыўных доказаў. Шмат злачынстваў удаецца раскрыць па гарачых слядах.
Пастаянным спадарожнікам нашага героя падчас выездаў з’яўляецца крыміналістычны чамадан, які важыць каля дваццаці кілаграмаў і ўмяшчае дзясяткі прадметаў. У ім ёсць усё неабходнае для працы на месцы здарэння: палімерныя пакеты для ўпакоўкі рэчыўных доказаў, розныя віды дактыласкапічных парашкоў і плёнак, ультрафіялетавы ліхтар, лупа, пінцэты, пэндзлі, пальчаткі, компас, скотч, скальпелі, лінейкі, фотаапарат і г. д. З іх дапамогай можна апісаць памяшканне, устанавіць дакладную адлегласць паміж аб’ектамі, а значыць, аднавіць сапраўдную карціну здарэння і знайсці злачынца. Зразумела, што ў дадатак да ўсяго вышэйпералічанага абавязкова патрэбны ўласная інтуіцыя, уважлівасць і маральная вытрымка.
Самымі складанымі для Аляксандра Віктаравіча з’яўляюцца выезды на месцы здарэнняў, дзе пацярпеў ці загінуў чалавек, асабліва дзіця, падлетак. Да гэтага нельга прывыкнуць, але з часам мужчына навучыўся адкідваць эмоцыі і думаць рацыянальна, каб нішто не перашкаджала працы.
Пра свой занятак Аляксандр Зубовіч расказвае вельмі натхнёна, з іскрай у вачах. У яго памяці ўсплываюць розныя выпадкі. Гаворыць, што ў апошні час, на жаль, амаль усе здарэнні, пачынаючы ад сямейных скандалаў і завяршаючы забойствамі, адбываюцца на фоне злоўжывання спіртнымі напіткамі. Паменшылася колькасць класічных краджяжоў з дома, гаспадарчых пабудоў, затое становіцца ўсё больш махлярства ў інтэрнэце.
У сувязі з тым, што большую частку часу наш герой знаходзіцца на працы і не ведае, куды ў наступную хвіліну яго могуць накіраваць, цяжка планаваць сваё асабістае жыццё. Але сям’я, жонка і двое дзяцей, з разуменнем адносяцца да выдаткаў яго прафесіі і ганарацца мужам і бацькам.
Анжэла РАДЫНА