Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
25.09.2013. На сёння быў запрошаны на вечарыну, прысвечаную 100-годдзю Сяргея Грахоўскага. Не змог пайсці, бо на гэты ж час яшчэ месяц таму даў згоду мастаку Алесю Квяткоўскаму выступіць у бібліятэцы імя Пушкіна на адкрыцці выставы ягоных студэнтаў, якія з ім тыдзень былі на пленэры ў Вішневе. Добра, што пайшоў да Алеся, а то зусім не было б каму пахваліць дзяцей…
“Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя”, – казаў Уладзімір Караткевіч. Трэба, але не заўсёды нашы жаданні супадаюць з нашымі магчымасцямі. І мы пішам кнігі, і яны ў нас (кажу не пра ўсіх) атрымліваюцца не лепшымі за папярэднія, а тым больш не апошнімі. Апошнімі і не трэба! Згадаўся паэт Сяргей Грахоўскі, які, калі я працаваў у “ЛіМе”, сем гадоў усё прыносіў і прыносіў новыя вершы і казаў: “Гэта мае апошнія творы…” Памёр на 90-м годзе жыцця…
26.09.2013. Прыходзіла дачка Пятра Глебкі Ларыса. У наступным годзе ёй будзе 80, а яна яшчэ жвавая і выглядае на гадоў 70. У нас да друку рыхтуюцца творы Глебкі, і, гаворачы пра кнігі, Ларыса Пятроўна сказала: “Даўным-даўно нічога не перавыдавалася бацькавага, і я, маючы некаторых ранейшых выданняў па дзясятку экзэмпляраў, час ад часу па кнізе здаю ў “Букініст”. Здаю не для грошай, а каб людзі бачылі, што быў і ёсць такі пісьменнік Глебка…”
З Брэста прыязджала Зінаіда Дудзюк. Гаворачы пра жыццё-быццё, сказала: “Хадзіла ў бібліятэку, каб пачытаць што-небудзь Людмілы Рублеўскай. Нічога няма. Усё на руках. Запісалася на 22 кастрычніка, каб узяць “Авантуры Пранціша…”
Там, дзе не адчыніш ключом, там адчыніш любоўю…
27.09.2013. Прыходзіў малады невядомы мне пісьменнік, які піша фантастыку. Прывітаўшыся і расказаўшы крыху пра сябе, ён запытаўся: “Вы мяне ведаеце?” “Не! Я першы раз Вас бачу!” – адказаў я. “Я добра свячуся ў інтэрнэце і, калі Вы мяне не ведаеце, то да свідання!” – сказаў малады чалавек і пайшоў…
Зайшоў у кнігарню. Кучы кніг, як кучы каляровай пены на марскім беразе пасля шторму…
Некаторыя, пішучы слабізну, толькі падобную слабізну разумеюць і ёй захапляюцца…
28.09.2013. Апалае лісце яшчэ не смецце…
29.09.2013. Часцей за ўсё той, хто крыўдзіцца на сяброў, сам жа іх і крыўдзіць…
01.10.2013. З братам, сястрой і яе мужам ездзіў у Пугачы. Перааралі бульбу. Назбіралі пару кашоў. Вырашылі, што болей не будзем траціць час на працу, якая толькі стамляе. Нарэшце паабразалі сухія сукі ў яблынь і сліў, скасілі крапіву, да якой летам не даходзілі рукі з касой. Цяпер наша родная сяліба стала падобнай да той, якой яна была пры жывых бацьках. І на душы палягчэла…
У вёсцы ціха. На палях пуста. Няўжо ўсе ў лес пайшлі па грыбы?
Заехалі на Ракаўскія могілкі да
бацькоў. Паблізу з’явілася яшчэ адна магіла…
03.10.2013. На працы холадна. Можна было б змерзнуць, калі б не ўзгарачаныя восенню наведвальнікі…
04.10.2013. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылася прэзентацыя зборніка “Ісці на святло лабірынтамі даўніх падзей”, прысвечанага памяці Віталя Скалабана. Па-мойму, на імпрэзу прыйшлі ўсе, хто атрымаў запрашэнне па пошце, бо супрацоўнікам архіва не было дзе сесці, і яны стаялі каля дзвярэй. Выступленні былі лаканічнымі і змястоўнымі, як архіўныя дакументы. Ад Ганны Запартыка мы даведаліся, што цяпер у архіве-музеі ёсць асабістая справа Віталя Скалабана пад № 500…
09.10.2013. Выступаў у гімназіі-каледжы імя І. Ахрэмчыка на адкрыцці літаратурнага клуба “Пад белымі крыламі” перад будучымі музыкамі з 2 і 9 класаў. Дзеці сядзелі і слухалі спакойна, толькі адзін другакласнік разоў дзесяць задаваў пытанні: “Чаму? Як? Дзе? Адкуль? З чаго?” Ён мне і запомніўся. Завуць малога Каміл…
10.10.2013. Арына Ястраб прынесла ў выдавецтва санеты свайго мужа, мастака Фёдара Ястраба. У іх дома бяда. Па словах дактароў, Фёдару засталося жыць максімум год. Ён ужо не ходзіць і дрэнна размаўляе. Да хваробы мастак напісаў шмат санетаў і склаў з іх шэсць невялічкіх кніжак. Пяць Арына разнесла па прыватных выдавецтвах, а шостую Фёдар захацеў, каб выдала “Мастацкая літаратура” і распаўсюдзіла па школах. Заўтра буду чытаць санеты…
15.10.2013. Пайшоў дождж. Адразу ўсплыла ў памяці родная хата, у якой працякае страха. Усплыла і хутка патанула ў шуме восеньскага дажджу…
17.10.2013. З вялікай сумкай, у якой можна панесці свінню кілаграмаў на 200, прыходзіў паэт Сяргей Вераціла. Быў не адзін, а з мастаком Ігарам Кашкурэвічам. Сяргей хоча выдаць у нас новую кнігу ў афармленні Ігара. Гаворачы пра Арлена Кашкурэвіча, я згадаў сваю баладу. Пачытаў. Тут жа Ігар сказаў: “У бацькі ёсць карціна, на якой стары чалавек, нахіліўшыся, падбірае апалае лісце. На пахаванні мы неслі яе, як ікону. Твая балада вельмі сугучная з ёй, хоць ты карціну і не бачыў. Сёння ж верш дам пачытаць маме”. Развітваючыся, Вераціла пакінуў мне літровы слоік вараных кабылак. Цяпер не ведаю, што рабіць з грыбамі. Я кабылак не люблю…
Тэлефанаваў Леанід Маракоў. Пытаўся: “Як там разыходзіцца мая атамная кніга пра галоўную вуліцу Мінска?” “Яшчэ не ўзарвалася!” – адказаў я.
18.10.2013. “Я знайшоў сабе атамную сяброўку! Дзевятнаццаць гадоў! Піша прозу атамную! Па-руску. Сказаў, каб пісала па-беларуску! Будзе атамная пісьменніца! Дам пачытаць. У мяне былі на пачатку атамныя абзацы, а ў яе кожны сказ атамны!” – пахваліўся знаёмай дзяўчынай Леанід Маракоў.
19.10.2013. Ідучы праз сквер, падняў самы прыгожы кляновы ліст. Другі бок ліста быў увесь у брудзе…
Калі бацька жыў у Мінску на кватэры, я па суботах пёк для яго бліны і яешню. Рабіў так, як мама, ранкам адпраўляючы мяне малога да бацькі на поле, дзе ён касіў дзялку аржанішча. Хутка будзе год, як я не пяку бліны так, як мама…
У “ЛіМе” ў рэцэнзіі на зборнік “Закаханы ў Снягурку” Алена Мікус узгадала і мяне: “Апавяданне, якое дало назву кнізе, – адно з лепшых. Яно закрывае зборнік, таму з’яўляецца яркім і вельмі запамінальным штрыхом рознакаляровага малюнка. Тэкст “Закаханы ў Снягурку” напісаны В. Шніпам – аўтарам, які дасканала валодае стылем класічнага пісьма, што выразна прасочваецца ў творы. Апавяданне здольна выклікаць настальгічнае адчуванне дзяцінства, такой добрай юначай няўрымслівасці, якая ёсць толькі ў гэтым узросце. Яно шматузроўневае, бо адначасова перадае як хлапчуковую эмацыянальнасць, так і настраёвасць дарослага, пяцідзесяцігадовага мужчыны. Прычым зроблена гэта ўсяго ў некалькіх радках, надзвычай тонкіх і запамінальных…” Алены Мікус не ведаю, таму ўдвая прыемна было чытаць такое пра сябе. А маглі ж напісаць, што гэта самы горшы твор у зборніку, які “не ўражвае і не запамінаецца”. У нас могуць і не чытаўшы выказацца…
25.10.2013. Літары, як ніткі, якімі да паперы прышыты думкі…
01.11.2013. Учора на 69-м годзе жыцця памёр мастак Аляксей Кузміч. Я з ім пазнаёміўся больш за дваццаць гадоў таму, працуючы ў часопісе “Беларусь” у аддзеле культуры. Нейкі час мы крыху сябравалі, і я часта бываў у майстэрні мастака, што ў Траецкім прадмесці. Цяпер у нас у кватэры вісіць ягоная карціна “Мадонна. Умиление. 1995 г.” з подпісам: “Дорогим Виктору Шнипу и его мадонне Людмиле Рублевской. С любовью! Алексей Кузьмич. 11 августа 1996 г.”
У выдавецтва прыходзіў расійскі касманаўт Алег Навіцкі, які нарадзіўся ў Чэрвені. Мы выдаём пра яго кнігу, напісаную ягонай жонкай Юляй. Даючы падпісаць выдавецкую дамову, я сказаў: “У нас яна па-беларуску”. Пачуўшы гэта, Алег узяў дакумент і пачаў для жонкі адразу чытаць яго на рускай мове…
03.11.2013. Лісце апала, і цяпер яблыкі на яблынях, як апошнія кроплі святла ў бацькоўскім садзе…
04.11.2013. Сніліся Пугачы. Я сядзеў у Гаіку на беразе сажалкі і лавіў рыбу. Рыба была вялікая, як гумовыя боты, якія другі год стаяць каля бацькавага ложка…
05.11.2013. Прачнуўся ў тры гадзіны ночы. Самі па сабе з душы прараслі радкі, прысвечаныя бацькам:
Без вас сумуюць Пугачы,
І вы ўсё бачыце з нябёс.
Пра вас нам памяць берагчы,
Як беражэ ўсіх нас Хрыстос…
Быў у Нацыянальнай бібліятэцы на вечарыне Вячаслава Адамчыка, прысвечанай ягонаму 80-годдзю з дня нараджэння. Выступоўцаў было нямнога – Адам Мальдзіс (расказаў пра паездку з Адамчыкам у Вільню, дзе яны атрымлівалі прэміі за лепшыя публікацыі ў маладзёжным друку), Алесь Бадак (узгадаў, як ён служыў у Манголіі і ў час службы атрымаў бандэроль з кнігай ад Адамчыкаў), Міхась Тычына (амаль даказаў, што Вячаслаў Адамчык адзін з лепшых празаікаў. Ён мог атрымаць званне народнага пісьменніка Беларусі, але яму не далі), а я расказаў пра свае сустрэчы з Вячаславам Уладзіміравічам у іх дома, куды прыходзіў да яго сына Адама Глобуса, і апошнюю сустрэчу ў “ЛіМе”, куды пісьменнік завітаў ужо зусім хворы і, развітваючыся з намі, сказаў: “Бывайце, хлопцы, я да вас сюды ўжо болей не прыйду ніколі…”
06.11.2013. Выдалі ладную кнігу Валянціны Паліканінай. У час падрыхтоўкі рукапісу да друку я з паэткай шмат гаварыў і пра яе вершы, і наогул пра жыццё-быццё, і Валянціне захацелася зрабіць са мной інтэрв’ю для часопіса “Гаспадыня”, дзе яна працуе. І вось сёння мы пагаварылі. У мяне быў добры настрой і я натхнёна разважаў пра ўсё, пра што цікавілася Валянціна. Думаю, што наша размова была не з шэрагу “ты – мне, я – табе”…
10.11.2013. У суботу і ў нядзелю з Людмілай праводзілі рэвізію сваёй хатняй маёмасці. Вынес на сметніцу каля сотні відэакасет, якімі даўно не карыстаемся, бо цяпер ужываем відэадыскі і фільмы глядзім у інтэрнэце. Я выкладаў касеты з пакетаў, і тут жа чатыры чалавекі, хапаючы іх адзін у аднаго з рук, забіралі сабе. Старэйшы мужчына, узяўшы некалькі касет, пацікавіўся: “А кніжкі будзеце выкідаць?” і, пачуўшы, што не будзем, сказаў: “Правільна! Я таксама кніжкі цаню!”
12.11.2013. У сеціве пад загалоўкам “Вынікі працы Мабільнай бібліятэкі МТС: лідары Топ-10 – Быкаў, Гарэцкі, Рублеўская і Колас” з’явілася інфармацыя: “Мабільны аператар МТС падвёў вынікі першага тыдня працы «Мабільнай бібліятэкі» на плошчы Якуба Коласа. Наведвальнікі загрузілі на мабільныя прылады больш за 36 тысяч кніг, а
аўдыторыя віртуальнай чытальнай залы перавысіла 4700 чалавек. Лідарамі па колькасці запамповак сярод прадстаўленых на віртуальных стэлажах твораў сталі кнігі замежных і беларускіх аўтараў, як сучасных, так і класікаў. Самай папулярнай, паводле версіі жыхароў і гасцей Мінска, стала англійская паэтка і раманістка Шарлота Бронтэ. Таксама прыцягнуў увагу мінскіх кнігачытаў амерыканскі фантаст Рэй Брэдберы. Прыкладна аднолькавую папулярнасць заваявалі Гётэ, Уайльд, Уэлс і Гамер. Сузор’е замежных класікаў паспяхова дапоўнілі і беларускія прозвішчы, паведамляе
прэс-служба МТС: аўдыторыя «Мабільнай бібліятэкі» аддае перавагу творам Васіля Быкава, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа і Людмілы Рублеўскай”. У “Мабільнай бібліятэцы” 800 назваў кніг…
13.11.2013. У апошнія гады жыцця
бацькоў мне часта снілася пустой родная хата. Цяпер хата сапраўды пустая…
17.11.2013. Пятровіч звазіў мяне ў Пугачы. У вёсцы холадна, змрочна, чорна, нібыта нядаўна бушаваў пажар, які быў затушаны восеньскім дажджом… На лавачцы на аўтобусным прыпынку нікога няма. Мамы тут ужо ніколі не будзе… Гадзіннік чакаў, калі я зноў яго завяду… На падлозе мёртвая пчала… Не пчаліная матка… Па вуліцы гучна праехаў трактар, нібыта на хвіліну расчыніўся паралельны свет, дзе ўсё яшчэ гудзіць вясковае жыццё… На калаўроце павуціна, як рэшткі воўны, якую прала мама… Варотцы ў сад паваліліся, не дачакаўшыся гаспадароў… У траве ў садзе знайшоў яблык, нібыта цёплы вугаль у прыску… Цішыня, ці гэта я аглух…
Вяртаюся ў горад, нібыта ўсплываю са дна нашага часу, дзе ўсё яшчэ існуе жыццё…
23.11.2013. Аляксей Пятроў у свой час для “Мастацкай літаратуры” вярстаў і рабіў дызайн некалькіх кніг, за якім мы потым на конкурсах “Мастацтва кнігі” атрымлівалі вышэйшыя ўзнагароды. Аляксей жыве на суседняй вуліцы ад мяне. У скверыку, праз які яшчэ нядаўна я хадзіў да бацькі на кватэру, мы сёння сустрэліся. Пагаварылі пра жыццё-быццё. Запомнілася сказанае Аляксеем: “Надвор’е, як у фільмах Аляксея Германа…”
24.11.2013. Па тэлеканале “Беларусь 3” глядзеў фільм пра тэатральнага рэжысёра Валерыя Раеўскага, які быў зняты ў 2008 годзе. Дарэчы, ягоны сын вучыўся ў адным класе з нашай дачкой Веранікай, і мы з Валерыем Мікалаевічам час ад часу сустракаліся на бацькоўскіх сходах. Фільм канчаецца тым, што рэжысёр, пайшоўшы са свайго лецішча да могілак і пазваніўшы ў званы ў невялічкім храме, спыняецца каля магілы і кажа: “Не хочацца мне паміраць…” Валерый Раеўскі памёр 19 лістапада 2011 года…