Сельское хозяйство

Паклікала поле аратых

Сельгаспрадпрыемствы актыўна вядуць сяўбу ранніх яравых культур.

У “Падбярэззі” веснавыя пасяўныя палеткі складаюць 260 гектараў – сеюць у асноўным ячмень. Набылі 5 тон эліты гэтай культуры, усё астатняе насенне – сваё. Аб гэтым расказаў дырэктар гаспадаркі Аляксандр Барада.

Механізатар Аляксандр ПАТРЭБКА

– Сяўбу ў нас вядзе на трактары “МТЗ 35-22” у агрэгаце з сеялкай “АПП-6Д” Аляксандр Патрэбка. На полі з 7 раніцы. Ужо засеяў 20 запланаваных гектараў аўса і 30 гектараў зернебабовых, – патлумачыў Аляксандр Мікалаевіч. – Азімыя выйшлі з зімы нядрэнна, зараз займаемся іх падкормкай. Перад гэтым уносілі мінеральныя ўгнаенні для шматгадовых траў. Пакуль задзейнічаны адзін пасяўны агрэгат, ёсць яшчэ “СПУ-6”, яго выкарыстаем на сяўбе грэчкі. Арганізавалі харчаванне, абеды рыхтуем самі на базе сталовай былой Падбярэзскай школы. Кормім тых, хто ходзіць у брыгаду, і тых, хто працуе на тэхніцы: у асноўным сталуюцца 12-14 чалавек.

Дзмітрый ШОСТАК, Галіна ГРЫБ, Мікіта НАСУТА і Іван МАРУКЕВІЧ

Напачатку мінулага тыдня ў гаспадарку прыехаў будучы малады аграном Мікіта Насута. Сам ён са Шчучынскага раёна, заканчвае Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, цяпер тры тыдні праходзіць тут пераддыпломную практыку. Разам з начальнікам участка – можна сказаць, аксакалам сельгаспрадпрыемства Галінай Грыб, вопытным вадзіцелем на падвозцы насення Іванам Марукевічам і паляводам Дзмітрыем Шостам яны шчыравалі на полі каля вёскі Вароні.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА