Интервью

Акно ў жыццё

Чарнобыльская аварыя на атамнай электрастанцыі 26 красавіка 1986 года змяніла свет назаўжды. Найбуйнейшая катастрофа ў галіне атамнай энергетыкі паказала, што мірны атам можа быць зусім не мірным. Чарнобыльскі жах велізарным радыеактыўным воблакам распоўзся на сотні кіламетраў практычна па ўсёй Еўропе. У 1986-1992 гадах у ліквідацыі наступстваў аварыі ўдзельнічалі 526250 чалавек з усіх куткоў вялікай краіны СССР. У іх ліку – Міхаіл ХАРЭВІЧ з пасёлка Багданаў, удастоены медаля “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”.

Міхаілу Браніслававічу ішоў 31-ы год, калі адбыўся выбух у Чарнобылі. Жыў ён у Багданаве, а працаваў вадзіцелем “МАЗа” ў Ашмянскім аўтапарку. Напрыканцы ліпеня па распараджэнні кіраўніцтва для пераадолення наступстваў аварыі яго накіравалі спачатку ў Жыткавічы, пасля – у Рэчыцу.

– За 200 кіламетраў з Хойнікаў вазіў на Брагін, а затым у 30-кіламетровую зону гліну: там размяшчаўся вялікі-вялікі кар’ер, як называлі паміж сабой – “магільнік” – зямля з рэшткамі Чарнобыльскай станцыі, – расказвае ліквідатар. – Пасля на яе высыпалі 1 метр гліны, бо яна не прапускае радыяцыю. Адчыняць кабіну ці выходзіць з яе пры выгрузцы не дазвалялася. Таксама ў кабіне знаходзілася вядро з вадой: едзеш, яно качаецца, разлівае ваду і не дае ўзнімацца пылу. Кожны дзень перад выездам у рэйс праводзілі спецыяльную апрацоўку адзення, а калі вяртаўся, на прапускным пункце замяралі дазіметрам дозу радыяцыі. Апарат проста зашкальваў і тады яго адключалі. Пытаюся: “Навошта адключылі, няхай пакажа, колькі “назбіраў”?” Чую ў адказ: “Тэхніка можа не вытрымаць і зламацца”. Увечары абавязкова прымаў душ са спецыяльным салявым растворам, які выдавалі ва ўпакоўцы. Прабыў там месяц. Поруч працавалі “мазісты” з розных аўтапаркаў Мінскай, Гродзенскай абласцей. Маіх калег там пабывала 26 чалавек, на сёння іх засталося толькі сем. А праз год адправілі ў Магілёўскую вобласць у заражаную зону: вазіў пясок на будаўніцтва дарог. Працавалі ад цямна да цямна, таму ўправіліся раней за вызначаны тэрмін – за тры тыдні.

Медаль “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС” заснаваны Дзяржкамітэтам СССР па працы і сацыяльных пытаннях 14 мая 1990 года. На адным баку медальёна намаляваны чырвоны крыж. У цэнтры размешчаны круг. Унутры круга – пунсовая кропля крыві, змешчаная ў блакітны круг і прабітая радыеактыўнымі часціцамі, пазначанымі літарамі з грэцкага алфавіта (альфа-, бэта- і гама-прамяні, як прынята ў фізіцы). Па ўсёй акружнасці пракладзены цёмны кант з надпісам “Удзельніку ліквідацыі наступстваў аварыі”. Унізе на залатым выступе – абрэвіятура “ЧАЭС”.
За гэтым няхітрым знакам пашаны чарнобыльцам стаяць чалавечая трагедыя, чалавечае жыццё, чалавечы подзвіг і, вядома ж, гістарычны ўрок, які абышоўся занадта дорага.

Па словах Міхаіла Браніслававіча, напачатку тыдні два ў роце адчуваўся прысмак цынку, а пасля ён знік. Больш вопытныя таварышы па рабоце патлумачылі, што арганізм ужо “набраў” пэўную колькасць. Ніякіх іншых праяўленняў уздзеяння радыяцыі не было. Праўда, у першы прыезд на Гомельшчыне якраз паспявалі сады. Як на тое ліха, яблыкі і грушы выселі настолькі наліўныя, сакавітыя, прыгожыя, што, можна сказаць, самі прасіліся ў рот. Але кожны быў папярэджаны: есці іх нельга. Аднак адзін з вадзіцеляў усё-такі не ўтрымаўся і з’еў грушу. У небаракі пасля пачалася такая дыфтэрыя, што паўмесяца не мог спыніць расстройства страўніка.
Людзей з населеных пунктаў вывезлі – у сваіх дамах засталіся толькі састарэлыя: яны не пажадалі пакідаць роднае гняздо. І безгаспадарчая жывёла, якая паводзіла сябе бы адурманеная.
– Еду па дарозе, бачу – конь стаіць. Сігналю некалькі разоў, а ён – ні з месца, ніяк не рэагуе. Настолькі шкада стала, што выйшаў з машыны, прагнаў яго, каб не трапіў пад колы, – расказвае суразмоўца.

Чарнобыльскі пыл не прайшоў дарэмна: ліквідатар перанёс шэсць аперацый на розныя органы. А восем гадоў таму пачаў знікаць голас. Звярнуўся да ўрачоў, тыя паставілі дыягназ – анкалогія. Перанёс 35 доз хіміятэрапіі, але нічога не дапамагло. Была складаная аперацыя на горла, доўгая рэмісія. Сёння Міхаіл Браніслававіч размаўляе, але шэптам і ўпэўнены, што толькі Усявышні ў чарговы раз пакінуў яму акно ў жыццё.

– Знаходзячыся ў чарнобыльскай камандзіроўцы, двойчы амаль не загінуў, – узгадвае Міхаіл Харэвіч. – Я раніцай люблю паспаць, а з Вілейкі старэйшы дружак раней уставаў і першы загружаўся. Мне пасля даводзілася выстаяць доўгую чаргу пад загрузкай. Вось ён і кажа: “Як сам устану, тыркану цябе ў бок”. Так і зрабіў на наступны дзень. Я ўстаў, апрануўся і ціхенька пайшоў за ім, завёў машыну і перш за яго выехаў. Загружаліся асфальтам – з Рэчыцы вазілі ў Хойнікі. Да месца назначэння засталося рукой падаць – еду па гравійцы і бачу, што ў мяне ў машыне борт адляцеў. Давялося спыніцца, каб усё ўладкаваць. Якраз у гэты час ён мяне абагнаў, праехаў і пад бункер першы стаў. А там бункер набіваюць можа пад тон 300 асфальтам. Быў ужо канец жніўня, таму ён дрэнна сыпаўся, і тады ўключалі вібратар. Тэхніку сваю ён пакінуў і накіраваўся да мяне. Якраз у гэты момант абрываецца бункер, падае прама на яго машыну і цалкам уганяе яе ў зямлю – толькі чуваць было, як прыёмнік гаварыў. Убачыўшы такое, мы абодва анямелі і не маглі зрушыцца з месца. У галаве маланкай пранеслася думка: “Каб не той борт, пад загрузкай першым павінен быў быць я і сто працэнтаў у гэты час сядзеў бы ў кабіне”. Во як усё Гасподзь уладкаваў, што мы абодва засталіся жывыя, а да смерці былі лічаныя секунды.

Другі раз, як гліну на “могільнік” вазіў, хоць і забаранялася, але давялося выйсці з машыны, бо гліна да борта прысохла, і ён не адкрываўся. Я за кувалду і давай біць па машыне па раме. Гліна раптам уся як пайшла на борт, трос страховачны не вытрымлівае, абрываецца, вырывае пад’ёмнік. Кузаў узняўся. Я давай саскокваць, але калашой зачапіўся за нешта і паспеў толькі адхінуцца, як чую, што кузаў з моцным лязгам падае назад. Прыехаў да хаты і ўбачыў сівую пасму на валасах. Ізноў Бог паслаў выратаванне – абышоўся моцна збітымі каленямі і сур’ёзнай траўмай рукі: яе выцягвалі і лячылі доўга.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА