На сцэне Валожынскага раённага цэнтра культуры адбылася творчая імпрэза паэткі, перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі — Зінаіды Гасціловіч.
З гэтай нагоды ў Валожын прыехалі госці з Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, сярод якіх старшыня аддзялення Леанід Крыванос і сакратар секцыі мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі.
Падчас канцэрту гучалі пераклады рускіх класікаў на нашую родную беларускую мову ў выкананні вучняў сярэдняй школы №1 горада Валожына Паліны Паляк, Карыны Паплаўскай і Амаліі Мінгіновіч. На сустрэчу з Зінаідай Геранімаўнай прыехала таксама і ўдзельніца калектыву «Рунь» — Лідзія Гардынец, якая звярнулася да паэткі з віншавальным словам.
Галіна Гражынска прачытала пераклад байкі Івана Крылова «Квартэт», які быў ацэнены гледачамі на высокім узроўні. Вельмі шчыра і кранальна гучалі словы паэткі і ўнучкі вядомага беларускага пісьменніка, нашага земляка Пятро Біталя — Тамары Бярэзінай. Уласны верш прысвяціла Зінаідзе Геранімаўне паэтка, перакладчык, удзельніца калектыву «Рунь», член Еўразійскай творчай гільдыіі – Марыя Мучынская. Асабліва ўсім спадабалася песня «У глыбіні Сібірскіх руд», што была перакладзена Зінаідай Гасціловіч і якую так кранальна выканала салістка цэнтра культуры Вольга Дзедуль.
У аўтарскім выкананні прыгучалі пераклады вершаў вядомага барда Уладзіміра Высоцкага. Гучнымі апладысментамі віталі гледачы пераклад верша Андрэя Вазнясенскага «Сага», які быў тэатралізаваны і прагучаў у выкананні Аляксея Германа і Дар’і Нахай. Шчырыя словы віншавання ад імя калектыву выказала паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі — Марыя Шакун, якая таксама прачытала ўласны верш «Паэт». Напрыканцы сустрэчы Зінаіда Гасціловіч падзякавала кожнаму прыхільніку і кожнаму артысту, а завяршыла творчы вечар паэтка, спявачка і удзельніца Народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства «Рунь» Людміла Краснадубская прыгожай патрыятычнай песняй «Беларусь».