Невялікі матэрыял у газеце знайшоў сваіх чытачоў за тысячы кіламетраў
На мінулым тыдні на электронную пошту рэдакцыі прыйшоў наступны ліст:
У артыкуле “Пакуль мы памятаем, мы жывём”, надрукаваным у № 91 за 29 лістапада, напісана пра добрыя справы ветэранаў-кіраўнікоў аграрнай галіны Валожынскага раёна. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі шэраг актывістаў савета старэйшын наведалі месцы апошняга спачыну сваіх былых калег. Дзякуючы інтэрнэту і раённай газеце гэта адразу стала вядома ўсім чатыром дзецям аднаго з тых, хто ўнёс істотны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі Валожыншчыны. Мікалай Іванавіч Галубцоў пайшоў з жыцця прама на рабоце. Яму было 58 гадоў. Яго дзеці цяпер ужо самі ветэраны працы – жывуць і ў Беларусі, і ў Расіі.
Ад усіх нас: Лідзіі, Уладзіміра, мяне – Рамуальды і Мікалая хачу выказаць шчырае дзякуй ветэранскай арганізацыі кіраўнікоў аграрнай галіны Валожынскага раёна і яе актывістам Зігмунту Сільвестравічу Лужынскаму, Валерыю Фёдаравічу Селівону, Міхаілу Аляксандравічу Барахоўскаму, Міхаілу Васільевічу Станкевічу і Анатолію Баляслававічу Протасу за памяць пра сваіх былых калег, у тым ліку і пра нашага бацьку Мікалая Іванавіча Галубцова. Нам дорага ўсё, што звязана з яго імем. І хоць з дня яго смерці прайшло больш за 46 гадоў, але добрая памяць, якую ён пакінуў пасля сябе, жыве да гэтай пары.
М. І. Галубцоў быў першым старшынёй калгаса ім Сталіна, які пазней перайменавалі ў “Рассвет”, а зараз гэта сельгаспрадпрыемства “Сівіца”. Больш за 20 гадоў аддаў рабоце на сельскагаспадарчай ніве. Якая гэта праца, яго калегі – і былыя, і сённяшнія – ведаюць не на словах. Ведалі і мы, яго дзеці, – безумоўна, не ў такой ступені. Мы проста бачылі бацьку рэдка. Ён уставаў вельмі рана, каб самому быць у курсе спраў і на жывёлагадоўчых фермах, і ў полі, і ў механічнай майстэрні… Але напачатку ўсё гэта трэба было стварыць: узараць, пасеяць, пабудаваць.
У канторы раніцай быў нядоўга – часцей за ўсё знаходзіўся на вытворчасці. Людзі па ўласных справах прыходзілі і да нас дадому. Не памятаю такога выпадку, каб ён не адклаў абед і не пагатарыў з тым, хто яго чакаў.
Як бы ні быў заняты бацька, а раённую газету, “Советскую Белоруссию” і часопіс “Огонек” выпісваў і чытаў заўсёды. У раёнцы звяртаў увагу на матэрыялы пра вопыт работы ў іншых гаспадарках і аператыўныя зводкі. Кіруючы гаспадаркай, Мікалай Іванавіч звяртаў увагу на развіццё сацыяльнай сферай. На цэнтральнай сядзібе ў вёсцы Сівіца з’явіліся клуб, бібліятэка, была пабудавана калгасная лазня. На месцы расстрэлу ў гады Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхароў вёскі Вуглы за сродкі калгаса ўстанавілі помнік, пачалі хадзіць аўтобусы, якія звязвалі вёскі гаспадаркі з гарпасёлкам Івянец. Бацька нязменна выбіраўся дэпутатам мясцовага Савета дэпутаў.
Калі зараз, праз гады і дзесяцігоддзі, мы прыязджаем на сваю маленькую радзіму, бачым тут цудоўныя дарогі, чысціню і дагледжанасць населеных пунктаў, цэлыя вуліцы новых дамоў у аграгарадках. І вельмі ганарымся справамі сваіх землякоў. Ёсць у гэтым фундаменце аддадзенай любові да сваёй зямлі і праца дарагога нам чалавека.
Ну а ў далёкай Цюмені падрастае другі Мікалай Іванавіч Галубцоў – яго праўнук.
Рамуальда ЯЦКОВА,
член Саюза журналістаў Расіі, ветэран працы, г. Бранск