Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
27.08.2013. Першы восеньскі дождж пахне танным яблычным віном…
28.08.2013. Поўня, як клубок залатых нітак, што выпаў з маміных рук… Хочацца, каб мама і бацька былі разам і ў небе…
02.08.2014. Атрымаў “Полымя” № 7, дзе змешчаны ладны кавалак маёй дзённікавай прозы “Заўтра была адліга”. З гэтай нагоды з Людмілай пасядзелі ў кафэшцы. Зачытваючы мае старонкі, Людміла казала… Словам, шмат чаго казала, а я піў ваду і слухаў. Самому спадабалася: “Калі памёр мой дзед, плуг забраў сабе мой бацька. Калі памёр мой бацька, плуг забралі невядомыя мне людзі…”
Ад спёкі з Людмілай уцяклі ў Лошыцу. Апошні раз там разам шпацыравалі гадоў пятнаццаць таму. Дзеці нашы былі яшчэ малымі. Ездзілі паглядзець на рыцарскі турнір. Недзе ў нас ёсць фотка, дзе наш малы Максім стаіць каля рыцара і трымаецца за меч. Тады ён сказаў: “Буду рыцарам!”…
На ўваходзе ў парк прадаюцца марозіва, квас і вада. Чаргі аніякай. З яблынь асыпаюцца яблыкі, з дрэў пажаўцелае лісце. Хочацца разуцца. Чым глыбей у парк, тым больш людзей. Хто на лаўцы, хто пад дрэвамі, хто проста прагульваецца. Старых няма…
Сустрэлі некалькі пар маладажонаў. Нявесты ў белых, як са снегу, сукенках. Жаніхі ў чорных касцюмах, як маладыя Чычыкавы. Пазіруюць для фатографаў. То абдымаюцца, то цалуюцца. Пацалаваўшыся, адзін жаніх доўга вусны выціраў. Ад памады, а можа дзяўчына яго ўкусіла? Словам, не парк, а фотасалон…
Зайшлі ў музей. Сані, брычкі, вазы, прасы, самавары, гаршкі, скавароды, каструлі, талеркі, адзенне. Манекены, якія, відаць, яшчэ нядаўна сядзелі ў крамах, цяпер тут апрануты, як паны і паненкі ў даўнія часы. Ёсць на што паглядзець. За намі хадзіла музейшчыца. Расказвала, што тут ёсць і чаму яно тут ёсць. А можа, баялася, каб чаго не ўкралі…
Пасля музея пайшлі да вады. А там кругом моладзь, якая тут, прама ў парку, гуляе вяселлі. Шашлыкі, памідоры, агуркі, шампанскае, віно. І не трэба ніякіх рэстаранаў…Вада ў рацэ, як вылітая гарбата…
Схадзілі да рэшткаў млына, пабудаванага ў 1901 годзе па праекце І. Каселя. На цэгле свежыя надпісы кшталту: “Здзесь были…”. Сцены агароджаны слупкамі з ланцугом. З боку ракі ланцуг ужо нехта ўкраў. Зайшлі ў рэшткі млына. Над намі высокае неба, як вада, якая чакае свайго часу, каб зноў круціць жорны…
Раней у парку столькі валуноў не было, як цяпер. Яны так раскладзены сярод дрэў і яблынь, што здаецца, што гэта камяні сцен вялікага-вялікага замка, якія прараслі з зямлі…
04.08.2014. Пачатак лета. Я перайшоў у другі клас. Канікулы. З сябрамі Тонікам Руткевічам, Сашкам і Віцькам Балотнікамі каля плота сялібы дзядзькі Бурага гуляем у карты. У Пугачах пасля вяртання ад бабулі Ганны я жыву другі год. Тут шмат для мяне новага і цікавага. Гуляючы ў карты, я заўважыў, што за плотам, толькі працягні руку, у траве ляжыць маленькі, сантыментраў дзесяць, зялёны гарбузок. Ён мне так спадабаўся, што я вырашыў, калі закончым гуляць, і я застануся адзін, то абавязкова яго сарву і прынясу маме. Нагуляўшыся ў карты, я, каб ніхто не бачыў, сарваў гарбузок і прынёс дамоў. “Дзе ўзяў?” – адразу ж запыталася мама. Я прызнаўся. Мама, накрычаўшы на мяне, загадала аднесці гарбузок туды, дзе ён рос. Наплакаўшыся, я паклаў гарбузок на месца і доўгі час прасіў Бога, каб ён дапамог гарбузку прырасці да сцяблінкі, на якой ён нарадзіўся…
07.08.2014. Кожную раніцу, едучы на працу, выходжу на прыпынку, што насупраць кафедральнага сабора. Спыняюся каля прыступак, што вядуць да храма, і дзякую Богу за тое, што Ён ёсць. І я не адзін такі. І амаль кожны раз побач з намі спыняюцца мужчыны і жанчыны, якія, гледзячы на храм, прыпальваюць цыгарэты…
Часам хочацца жыць, як у рамантычных фільмах, дзе ўсё добра канчаецца…
16.08.2014. Глядзеў серыял пра Уладзіміра Маякоўскага. Добра, што гучала шмат вершаў. Дрэнна, што застрэліўся. Не люблю, калі фільм, як і жыццё, канчаецца смерцю…
02.08.2015. Прачнуўся а пятай. Гадзіны паўтары ляжаў і думаў, што трэба сказаць у Пугачах на свяце вёскі. Вырашыў доўга не гаварыць і пачытаць два вершы, напісаныя трыццаць пяць гадоў таму пра Пугачы. Разбудзіў Людмілу. Па хуткаму сабраліся і паехалі на чыгуначны вакзал. З электрычкі патэлефанаваў у Пугачы і паведаміў, што ў Аляхновічах мы будзем у дзесяць. У вагоне сабралася шмат народу. У асноўным пажылыя жанчыны, якім трэба на лецішчы. Ехалі гадзіну. У Аляхновічах нас ужо чакала Наталля Жызнеўская. На машыне ў Пугачы заехалі за хвілін дваццаць. Праязджаючы праз Еленку, узгадаў школьных сяброў, якія тут нарадзіліся. Шмат пустых хат. Сялібы зарослыя травой. Людзей зусім не бачна, нібыта ніхто ў вёсцы не жыве. На заездзе ў Пугачы спыніліся. Мы з Людмілай падарылі Наталлі свае кніжкі з аўтографамі, а яна дала мне пачытаць, калі будзе вольны час, кіпу сваіх вершаў…
Сустрэлі нас каля Дома культуры, як самых вялікіх гасцей. Тут жа напаілі гарбатай, пачаставалі булачкамі, якія нядаўна былі спечаны. Завялі ў бібліятэку, паказалі куток з маімі кнігамі і партрэтам, які ў свой час намаляваў Алесь Квяткоўскі. Для бібліятэкі мы з Людмілай падарылі свае новыя выданні…
На свята вёскі сабралася сотні паўтары людзей. Былі артысты з Валожына і ракаўскі фальклорны гурт “Гасцінец”. Першым выступіў старшыня Ракаўскага сельсавета, потым я і Людміла. Нам падарылі чайны сервіз з гравіроўкай “Жыві, мая вёска Пугачы. 2015”…
На сённяшні дзень самая старэйшая жыхарка Пугачоў – Валянціна Іосіфаўна Шніп. Ёй 88 гадоў. Яна ў школе выкладала беларускую мову і літаратуру. Гэта на яе ўроку я даведаўся, што ў дзесяці кіламетрах ад Пугачоў у Вязынцы нарадзіўся Янка Купала, да якога ў час летніх вакацый я і хадзіў з вершамі…
Падарунак атрымала і мая першая настаўніца Марыя Вікенцьеўна Шніп. У школе яна была строгай, патрабавальнай і справядлівай, як і належыць быць сапраўднаму Настаўніку…
Самы юны жыхар Пугачоў – Дзмітрый Сасноўскі. Ён нарадзіўся 1 студзеня 2015 года…
Дзякуючы святу вёскі, сустрэўся амаль з усімі сваякамі, якія яшчэ жывуць у Пугачах. З Навасёлак спецыяльна на свята прыехаў траюрадны брат майго бацькі Леанід Жыткевіч. Словам, сёння ўсе дарогі вялі ў Пугачы да Дома культуры…
Падарункаў на свяце вёскі было ўручана вельмі шмат. Гучалі песні, разам з “Гасцінцам” развучваліся танцы, дзеці малявалі, а хто хацеў, мог набыць вырабы мясцовых майстрыц, а таксама пачаставацца юшкай з блінамі…
Перад ад’ездам у Аляхновічы з Людмілай зайшлі дадому. Падкруціў у гадзінніку спружыну. Няхай у хаце не будзе мёртвай цішыні…
На палях жніво. Камбайны гудуць, буслы ходзяць і сонца ў небе, як вялікая кропля мёду…
Сёння Ілля. Павінна быць куча гнілля, а тут горача, як каля адчыненых дзвярэй лазні…
Наталля Жызнеўская адвезла нас у Аляхновічы на электрычку. Было крыху сумнавата, што свята вёскі прайшло, і адначасова радасна, што мае аднавяскоўцы не толькі ўмеюць добра працаваць, але і святкуюць, як належыць…
03.08.2015. Перад абедам на працу да мяне прыходзіў рэжысёр Валерый Анісенка. Энергічны, эмацыянальны, як вялікі творца. Пагаварылі пра літаратуру і тэатры. Развітваючыся, Валерый Данілавіч сказаў: “Будзем працаваць, а не плакаць!”
Пасля абеду зайшоў зямляк з Ракава. У шортах, сандалях на босыя ногі, у саколцы, у капелюшы. Загарэлы. Словам, прыгожы, як каўбой у час адпачынку. Набыў у аддзеле рэалізацыі дзявяты том Уладзіміра Караткевіча. Наш Ракаў рыхтуецца да свайго 550-годдзя. Я пішу “наш Ракаў”, бо ўжо трэці год, як Пугачы адносяцца да Ракаўскага сельсавета. Уся святочная праграма названа радком з майго верша “Мы маем гонар свой, мы Ракаў маем…”
Гадзіннік на руцэ, як кайданка, якой ты прыкаваны да часу, у якім жывеш…
13.08.2015. Быў на Вайсковых могілках. Сёння Дзень памяці Якуба Коласа. Прыехаўшы на паўгадзіны раней, чым трэба было, абышоў пісьменніцкія магілы. Пакланіўся Кузьму Чорнаму, Міхасю Клімковічу, Паўлюку Трусу, Усеваладу Ігнатоўскаму, Алесю Гурло, Валянціну Таўлаю, Аркадзю Моркаўку…
Сярод магіл апалае лісце, як тое, што засталося ад паперы, якая была на пісьмовых сталах у той дзень, калі пісьменнікі пайшлі ў лепшы свет… Ад помніка да помніка павуцінка, як тэлефонны дроцік…
Зайшоў у царкву Аляксандра Неўскага. Прыцемкі. Запаліў дзве свечкі. Пасвятлела ў храме і ў маёй душы…
Да магілы Якуба Коласа прыйшлі яго родныя, супрацоўнікі музеяў, пісьменнікі і карэспандэнты. Пасля ўскладання кветак каля помніка гучалі словы ўдзячнасці Песняру і вершы. Людзі, якія праходзілі міма, прыпыняліся на хвіліну, слухалі. Сярод прысутных, відаць яшчэ не разумеючы, што адбываецца, бегала маленькая праўнучка Якуба Коласа. Прыгожая і непасрэдная, як сапраўдная Паэзія…
16.08.2015. Хадзіў да Алеся Квяткоўскага. Ён рыхтуецца да выставы ў Гародні. Гаворачы пра творчасць, я прапанаваў Алесю намаляваць карціну “Чорны квадратасланечнік” і падарыў яму для натхнення свой верш:
Чорны квадратасланечнік –
гэта чорны квадрат Малевіча
і сланечнік Ван Гога,
якія аб’ядналіся,
каб чорным пчолам Квяткоўскага
было не сумна
у гэтым белым свеце,
дзе чорны сланечнік –
гэта чорнае сонца,
гэта чорнае вока вечнасці,
гэта шматкроп’і
з ненапісаных вершаў Апалінэра,
і ты малюеш чорны квадратасланечнік
як пачатак свету,
у якім знайшлося месца
і для нас з табою.
17.08.2015. Лета адыходзіць ад нас, як мора ад берага, і апалае лісце, як пясок…
На дзявяты паверх выдавецтва, як на дзявятае неба, прыйшоў аўтар. Стаўшы на калідоры каля акна, ён убачыў аблокі, як Альпійскія горы, на якіх пасуцца швейцарскія авечкі. Прыгожыя і безабаронныя. І аўтару захацелася кінуць сваю пісаніну і пайсці ў пастухі. Але раптам падышоў рэдактар і запытаўся: “Вы да мяне?”
21.08.2015. Па скверы следам за мной бяжыць белы сабака. Малы, як цацачны. Жанчына крычыць услед: “Не бойцеся! Я нядаўна яго карміла!”
30.08.2015. З Людмілай глядзелі фільм Андрэя Хржаноўскага “Полторы комнаты, или Сентиментальное путешествие на Родину” пра Іосіфа Бродскага. Гэты фільм зняты па творах паэта, па ягоных малюнках і матэрыялах біяграфіі. Пасля прагляду ёсць над чым падумаць і пра што пагаварыць, і потым перачытаць вершы Бродскага, пачаўшы з радкоў: “Не выходи из комнаты, не совершай ошибку. Зачем тебе Солнце, если ты куришь “Шипку”?”
Ранкам з Людмілай хадзілі ў Свята-Пятра-Паўлаўскі сабор. Стаялі на ўваходзе. Народу – не прайсці. Як ніколі, было вельмі шмат дзяцей. І толькі, як людзі пачалі разыходзіцца, даведаліся, што ўсе маліліся за новы навучальны год. Мы з Людмілай шчасліва ўсміхнуліся: “У школу нам дзяцей збіраць не трэба. Вераніка ўжо трэці год працуе, а Максім на пятым курсе Беларускай акадэміі мастацтваў…”
Жоўты бярозавы ліст прыліп да шыбы, як мне напамін пра адзін дзень, што застаўся да верасня…
31.08.2015. З нагоды пачатку навучальнага года ўзгадаўся вершык з маіх школьных гадоў: “Першы клас купіў каўбас. Другі смажыў, трэці еў, а чацвёрты праз дзюрачку глядзеў…”. Прыемна было ў трэці клас ісці, а ў чацвёрты не хацелася…
Мая хата стаіць на беразе дня, як на беразе мора. І сонца павольна апускаецца за небакрай, нібыта баіцца напалохаць мяне сваім знікненнем…
Спілаваная бяроза, падаючы, чаплялася галінамі за неба, і сыпаліся на зямлю зоркі і залатая лістота. Толькі зорак ніхто не бачыў…
16.08.2016. Сястры Валянціне споўнілася 55 гадоў. Яе дзеці Надзя і Сярожа арганізавалі цудоўнае свята ў рэстаране “Амстэрдам”. Віншуючы сястру, я ўзгадаў, што да пяці гадоў не ведаў, што ў мяне ёсць сястра, бо з васьмі месяцаў гадаваўся ў бабулі Ганны ў Лягезах. Валін муж Віця папрасіў мяне падрабязней распавесці пра тыя часы. Давялося ў каторы раз дзяліцца ўспамінамі.
Людміла і брат Вова даўно ведаюць, што я, жывучы ў бабулі, дзядзьку Ваню і цётку Алю называў татам і мамай. І вось аднойчы, калі я чакаў іх з працы, а іх усё не было і не было, я запытаўся ў цётак, якія праходзілі міма: “А дзе мае бацькі?”. Цёткі наперабой адказалі: “У цябе бацькоў няма! Гэтыя бацькі – не твае!”. Я доўга плакаў і, калі вярнуліся дадому цётка Аля і дзядзька Ваня, запытаўся, ці праўда, што яны не мае бацькі. “Мы твае родныя дзядзька і цётка. І мама, і бацька ў цябе ёсць, і сястра ёсць! Ты ў наступную нядзелю нікуды з дому не хадзі. Мама і сястра прыедуць у госці!” – прытуляючы да сябе, супакоіла мяне цётка Аля. І ў наступную нядзелю ў Лягезы прыехалі на ровары мама і мая сястра Валя.
Распавядаючы пра сваё дзяцінства, я амаль заўсёды чую пытанні: “Навошта цябе мама аддала ў Лягезы? Няўжо так цяжка было гадаваць двух дзяцей?” Мяркуйце самі: “Да нараджэння сястры Валі ў маіх бацькоў не было сваёй хаты. Бацькі ж майго бацькі не вельмі былі задаволеныя нявесткай, бо ў іх была іншая на прыкмеце. Бацькі працавалі, а даглядаць мяне павінны былі дзед і бабуля. Яны ж мяне асабліва не глядзелі. Я часта быў галодны і мокры. І вось восенню праведаць маю маму прыехаў з Лягез у Пугачы яе брат Віця. Убачыўшы мяне недагледжанага і вярнуўшыся дадому, ён расказаў сваёй маці, маёй бабулі Ганне, пра мяне, сказаўшы, што я магу не перазімаваць. І было вырашана забраць мяне ў Лягезы. І мяне васьмімесячнага бабуля Ганна забрала да сябе…” Адным словам, у гэтым годзе споўнілася пяцьдзясят гадоў, як я пазнаёміўся са сваёй роднай сястрой Валяй, якая сёння адзначыла сваё 55-годдзе…
У траве жоўты ліст ляжыць, нібы хаваецца, бо яшчэ не восень, а ён зляцеў з дрэва…