Менавіта так гавораць пра народны калектыў літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь” раённага цэнтра культуры яго шматлікія прыхільнікі. І такое народнае званне дарагога каштуе!
Чацвёрты год паэтычнай супольнасцю Валожыншчыны кіруе Наталля Жылевіч – удзельніца калектыву з 27-гадовым стажам. За гэты непрацяглы час “рунеўцы” значна актывізаваліся: з’явіліся новыя аўтары і новыя кніжкі, якіх выдадзена больш за 30. Сёння Наталля Фадзееўна – наша суразмоўца.
– “Рунь” ведаюць усе ў раёне і, у першую чаргу, дзякуючы Валянціне Францаўне Гіруць-Русакевіч. Доўгі час “Рунь” працавала пры раённай газеце. Ля вытокаў гэтага творчага аб’яднання, калектыву ўжо на сённяшні дзень, былі такія знакамітыя людзі, як Пятро Бітэль, Віктар Шніп, Генадзь Равінскі, сама Валянціна Францаўна, браты Янушкевічы. Але адбыліся змены, і “Рунь” перайшла працаваць пад крыло раённага цэнтра культуры. Гэта быў 1994 год, і сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту нашага далучэння. Праз тры гады – 14 ліпеня 1997 года – было прысвоена званне народнага аб’яднання.
– Колькі тады было ўдзельнікаў і наколькі падраслі зараз?
– Выраслі мы і ў колькасным, і ў якасным стане. Напачатку было чалавек восем (згодна з журналам 1994 года). У асноўным гэта былі дзеці, затым да “Руні” ў розныя гады далучыліся такія майстры слова, як Мікалай Палякоў, Антон Гедроіць, Вацлаў Харук, Сяргей Маляўскі, Марыя Шакун, Зінаіда Гасціловіч, Дзмітрый Краскоўскі, Святлана Жыдовіч, Ядвіга Кужоўнік, Аляксандр Грынкін, Уладзімір Буракоўскі і іншыя. Я сама прыйшла ў 1997 годзе і да кожнага з іх адносілася з найвялікшай павагай, для мяне яны былі і назаўсёды застануцца недасягальнай веліччу талента і майстэрства.
У 90-я гады членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі з’яўляліся толькі Валянціна Гіруць-
Русакевіч і Міхась Курыла. А зараз можам пахваліцца тым, што такога высокага звання ў нас удастоіліся дзевяць аўтараў.
Узровень “рунеўцаў” расце – яны пішуць, пішуць і вельмі шмат друкуюцца ў розных перыядычных выданнях: нашай раёнцы, “Літаратуры і мастацтве”, “Мінскай праўдзе”, “Метамарфозах”, “Здароўі пенсіянера”, у калектыўных зборніках Саюза пісьменнікаў Беларусі. І гэта, напэўна, дзякуючы таму, што змяніўся час: стала больш магчымасцей. Кожны сам змог набіраць свае тэксты, што таксама немалаважна. З’явілася даступнасць друку – стала больш выдавецтваў розных, многія выдаюць уласныя зборнікі нават за свой кошт.
А калі ўвогуле гаварыць пра новыя кніжкі, то ў нашага аўтара Людмілы Садоўскай ёсць кніжка аднаго верша, які перакладзены на 23 мовы свету! Бачыце, кніжкі зусім незвычайныя. Ёсць кніжкі-размалёўкі: напрыклад, у Марыі Мучынскай – размалёўка пра жыхароў лесу. Яе прэзентавалі ў дзіцячым садку № 2 “Вясёлка”, на базе якога створана дашкольнае лясніцтва. Вы б ведалі, колькі радасці было ў дзетвары, калі яны яе чыталі, размалёўвалі!
За апошнія тры гады “рунеўцамі” выдадзены 32 кніжкі – розныя кніжкі, рознымі аўтарамі.
Кніжкі, бясспрэчна, заслуга аўтара, але без дапамогі нашага метадыста Галіны Іосіфаўны Гражынскай яны б пабачылі свет значна пазней. Яна дапамагае надрукаваць вершы тым, хто не можа гэта зрабіць. Акрамя таго Галіна Гражынская і сама выдатна валодае словам і заўсёды гатова дапамагчы малодшым калегам. Без перабольшвання магу сказаць, што большая частка штодзённай “руціннай” работы ляжыць на яе плячах.
– Ведаю, што рэалізавалі вельмі цікавы праект з нестандартным падыходам да аўтарства.
– Праект – “Кніга разам з аўтарам”, у якім прынялі ўдзел Марыя Антонаўна Шакун і вучні СШ № 1 райцэнтра (праект пачаўся, калі яны заканчвалі 1-ы клас, а завяршыўся, калі былі ў 3-м). Уяўляеце, які гэта ўзровень: масціты аўтар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі прыйшоў да першачкоў, даў ім свае вершы з прапановай зрабіць да іх малюнкі. Не ведаю, ці многія на гэта пагадзіліся б.
Дзеці хуценька разабралі вершы – каму які спадабаўся, нешта пыталіся ў Марыі Антонаўны, гутарылі. А ім жа ўсяго шэсць гадоў. Вы не можаце паверыць, калі мы даслалі мастакам-прафесіяналам тыя простыя малюнкі, наколькі яны захапляліся дзіцячай непасрэднасцю. А калі выйшла ў друк кніжка, яна мела поспех – і не толькі ў нас: у Маладзечне на фестывалі была запатрабавана, ёй цікавіліся, набывалі.
А я настолькі задаволена, што настаўніца Святлана Георгіеўна Косік падхапіла нашу ініцыятыву і ўзяла на сябе вялікі пласт педагагічнай работы. Ізноў жа, прэзентацыя кніжкі прайшла пры поўнай падтрымцы настаўніцы і бацькоў маленькіх мастакоў. А вынікам такой сумеснай працы стала тое, што трое дзяцей з гэтага класа атрымалі перамогу ў конкурсе “Маладыя галасы”. Удзельнічала значна больш.
Зараз распачалі праект пад назвай “Жывое слова”. Робім яго для сябе, дзе дзеці – удзельнікі гурта паэтычнага майстэрства “Летуценнік” – і самі аўтары чытаюць вершы. Мы робім аўдыя- і відэазапісы. Чым ён выкліканы? Тым, што людзі сыходзяць. На жаль, за апошнія гады мы такія страты панеслі, якія нічым нельга папоўніць. І нічога вярнуць нельга. Адышлі на нябёсы Валянціна Гіруць-Русакевіч, Дзмітрый Краскоўскі, Сяргей Маляўскі, Вацлаў Харук, Софія Русецкая. Гэта сталпы, на якіх трымалася “Рунь” усё жыццё. Засталіся толькі лічаныя запісы іх галасоў. Таму для мяне асабіста стала такім важным – паспець, зрабіць, запісаць маладых і сталых, каб стварыць аўдыя- і відэаархіў творцаў нашай Валожыншчыны. А вершы тых, каго ўжо няма побач з намі, чытаюць “летуценнікі”.
– Наколькі амалоджваюцца “рунеўцы”?
– Самы старэйшы наш аўтар Яўген Зялкоўскі – яму 90 з хвосцікам. Ксенія Родзевіч – яшчэ школьніца. Мы не амалоджваемся, а прырастаем новымі, маладымі талентамі. Ёсць зусім юныя паэты – удзельнікі гуртка “Летуценнік”: Лера Стасяловіч, Каця Турляй і інш. Мне цешыць тое, што мой унук Павел піша. Напэўна, самае галоўнае – ты прыходзіш, а ў дзяцей гараць вочы.
Вы ж бачыце, што дзеці самі да нас ідуць – вось, дарэчы, як і сёння.
– А мяне здзіўляе і нават уражвае, што ў інтэрнэтаўскі век ёсць дзеці, якія захапляюцца творчасцю – без прымусу, па сваёй ініцыятыве. Гэта вашы новыя аўтары?
– Ёсць чытальнікі, а ёсць тыя, што пачынаюць пісаць. Яны прыводзяць з сабой сяброў – спачатку за кампанію, а далей – хто ведае: можа каго з іх і муза наведае.
– Чытаць чужыя вершы – вялікая навука, бо няпроста перадаць чужыя эмоцыі, пачуцці, стан душы. Наколькі зразумела па юных наведвальніках, у бліжэйшы час збіраецеся прыняць удзел у чарговым конкурсе?
– Мы ўдзельнічаем ва ўсіх конкурсах, якія прапануюць. І прыемна, што ў кожным атрымліваем дыпломы. Вось толькі некаторыя з перамог: Аляксандр Кулак стаў дыпламантам конкурсу да 80-годдзя Мінскай вобласці; Марыя Шакун стала пераможцай конкурсу сярод ветэранаў працы, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а Надзея Агіевіч і Зінаіда Гасціловіч – яго фіналістамі; Таццяна Васільева перамагла ў конкурсе “Мы вайну ўзгадваем вершамі”; Наталля Сельвясюк і Галіна Радына-Марцінкевіч дайшлі да фіналу конкурсу “Браслаўская абіцель”.
Больш за ўсё дыпломаў на рахунак нашага калектыву прынеслі Марыя Мучынская, Людміла Садоўская і Наталля Жызнеўская – напэўна, таму, што яны накіроўваюць свае вершы на конкурсы, агучаныя ў інтэрнэце. Думаю, што кожным “рунеўцам” варта ганарыцца нашаму раёну. Гэта залаты фонд Валожынскага краю.
Калі вяртацца да таго часу, калі мы былі юнымі, ладзілася шмат вечарын: іх праводзіла Надзея Мацвеева. Але кніжак не выдавалі. А вось Валянціна Францаўна ўзняла “Рунь” на больш высокі ўзровень. І калі я прыйшла сюды працаваць, быў вельмі цяжкі перыяд – бо не стала таленавітага творцы, кіраўніка, аднадумца, сябра. Асабіста для мяне і, думаю, для кожнага “рунеўца” – гэта вялікая страта: і сёння за яе сталом сяджу і яго не змагу змяніць, бо, здаецца, ён не дае мне рабіць памылкі. Безумоўна, шмат рабілася і да яе. Але ўжо столькі, колькі ўклала душы ў справу Валянціна Францаўна, не зрабіў ніхто. Першыя кніжкі пры ёй былі выдадзены – на сёння ў нас чатыры калектыўныя зборнікі. Рыхтуецца пяты.
– Чаму ён будзе прысвечаны?
– Мы вырашылі не прысвячаць яго ніякай тэме – у ім будзе сабрана сучасная паэзія Валожыншчыны. Ёсць ужо і назва рабочая: “З калыскі натхнення”. Кожны аўтар сам выбіраў, які верш яму прадставіць. Большасць ужо даслалі. Людзі сталага ўзросту маюць на гэта час, а вось тым, хто працуе, трэба сесці, выбраць і даслаць. Некаторым – нават дапрацаваць напісанае. Разумееце, каб верш трапіў у кніжку, трэба падумаць, бо гэтыя радкі на гады, дзесяцігоддзі – для патомкаў. Нават прачытаць верш са сцэны лягчэй. Я сама так адношуся – з такой павагай да кожнага слова: калі ўжо напісана, то каб гэта было важна не толькі для цябе, але і для іншых.
Вельмі рада, што маладыя аўтары з’яўляюцца. Аксана Мітрошчанкава пісала з дзяцінства, развівалася ў творчасці, выдавала кніжкі і зараз яна папоўніла рады членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яна піша вельмі многа, за кароткі час выдала дзіцячую кніжку і кнігу для дарослых. І, наколькі ведаю, мае некалькі рукапісаў кніг вершаў і прозы.
А вось, напрыклад, Марыя Мучынская пачала пісаць толькі ў сталым узросце, але ўжо выдала, мабыць, звыш дзясятка кніг толькі за апошнія чатыры-пяць гадоў. Наогул, яна генератар ідэй, носьбіт нашай беларускай мовы па ўсім свеце. З’яўляецца членам Міжнароднага саюза пісьменнікаў. Знайшла стасункі з паэтамі з іншых краін – літаральна на днях прыязджала паэтка-беларуска з суполкі “Сузор’е”, што аб’ядноўвае беларусаў, якія жывуць ва Узбекістане. Марыя Уладзіміраўна ездзіла туды, чытала там свае вершы і вось зараз, дзякуючы ёй, у нас ужо завязаліся міжнародныя сувязі.
– Да “Руні” далучаюцца ўсё больш паэтаў і пісьменнікаў.
– Гэта знакамітыя творцы: Тамара Бярэзіна, Тамара Аўсяннікава і Лідзія Гардынец з Маладзечна. Яны з задавальненнем прыязджаюць на ўсе нашы мерапрыемствы і пасяджэнні. Не абыходзяцца нашы сустрэчы і без песень самадзейнай паэткі, кампазітара і выканаўцы Людміла Краснадубскай, што прыязджае з Ліды. Дарэчы, многія з нашых “рунеўцаў” пішуць не толькі вершы, але і музыку. Гэта Галіна Філяноўская, Наталля Сельвясюк, Дзмітрыя Завацкі, Уладзімір Ціханоўскі, Наталля Жызнеўская.
А калі каго зацікавіць гэты расповед, запрашаю наведваць нашы мерапрыемствы – проста зайсці ў нашу літаратурную гасцёўню. А ўжо калі хто мае талент да вершаскладання – прыносіць свае творы, як гэта зрабілі новыя ўдзельнікі Вольга Пратасевіч, Вера Глінская, Ганна Якубоўская, Наталля Панкратава, Ірына Гаўрыс і іншыя.
– “Рунь” пасябравала і з інтэрнэтам?
– Маем сваю старонку – называецца “Рунеўцы”, нас можна знайсці ў Інстаграме, паглядзець у Цік-Току. Усё гэта зноў жа дзякуючы маладым. Прыйшоў Аляксей Герман, ён быў у Валянціны Францаўны, а нядаўна вярнуўся з войска і расцвіў. Стварыў нашу старонку ў ВКантакце і канал на Ютубе.
– Вы ўжо чацвёрты год кіруеце паэтычнай супольнасцю Валожыншчыны. За такі непрацяглы час ёсць дасягненні, перамогі. Кажуць, што паэты – народ цікавы, не кожнаму зразумелы, але пры гэтым адкрыты і добры. Як Вам працуецца ў творчай сям’і?
– А і праўда, у мяне зараз дзве сям’і, і кожнай з іх я ўдзячна. Родным і блізкім, што даюць магчымасць усю сябе аддаваць “рунеўцам”, а “рунеўцам” удзячна за дапамогу ў працы і падтрымку ў цяжкія і шчаслівыя хвіліны жыцця. Ведаеце, неяк пасля аднаго мерапрыемства пачула ў зале: “Рунь” у нас застаецца брэндам!” Так прыемна, мы самі вельмі ўсцешаны, што з гонарам працягваем справу нашай любімай Валянціны Францаўны Гіруць-Русакевіч.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ