Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначыў 20-годдзе з моманту стварэння. З нагоды круглай даты мы сустрэліся з дырэктарам Галінай Рай.
Галіна Фадзееўна, дваццаць гадоў: многа гэта ці мала, разумееце толькі Вы. У сэнсе таго, што зроблена для людзей, – вельмі шмат. А вось для ўстановы, напэўна, толькі пачатак станаўлення.
На мой погляд, падлеткавы ўзрост. Бо да 100 гадоў чакаць вельмі доўга! Нам хочацца верыць, што мы – падлеткі: упэўненыя ў сабе. А вось развіццё службы адбываецца кожны дзень: шукаем новыя падыходы, укараняем новыя метады работы, распрацоўваем новыя праекты. Напрыклад, сёлета (адкрыю сакрэт) будзе створана рэсурсная пляцоўка па прафарыентацыі дзяцей і моладзі – менавіта ў кірунку сацыяльнай абароны. Хочам “гадаваць” сабе замену – прафесійную, бо мы – самавучкі.
Практычна толькі некалькі чалавек маюць спецыяльную вышэйшую адукацыю, і то гэта людзі, якія ці вучыліся завочна, ці праходзілі перападрыхтоўку. А ўсе астатнія – педагогі, юрысты, заатэхнікі і спецыялісты іншых прафесій.
Але людзі з вялікім сэрцам?
Гэта праўда. У нас працуюць людзі з вялікай душой і сэрцам, пачуццём міласэрнасці, інакш нельга вытрымаць такую няпростую работу. І самае галоўнае – з вялікім цярпеннем: з нашымі “кліентамі” яго не займаць. Нават своеасаблівае пачуццё гумару павінна быць, бо часам трэба настроіць чалавека на пазітыўны лад: зразумела, у кожнага ёсць праблемы, свае крыўды на жыццё, людзей, лёс. Таму даводзіцца вось у гэтым адрэзку негатыву, пра які расказваюць і якім дзеляцца, знайсці тое, што прымусіць нават у дрэннай сітуацыі адшукаць нешта харошае.
Трэба быць псіхолагам, так разумею?
Прычым прыроджаным, каб знайсці выхад з сітуацыі, якая склалася, ацаніць яе і зразумець. Мы ідзём шляхам спроб і памылак – як падказвае вопыт. А хацелася б, каб былі больш прафесійна падрыхтаваныя – мелі веды, як вырашыць праблему.
Ёсць такія навучальныя ўстановы, дзе гэтаму вучаць?
Так, у Белдзяржуніверсітэце і ў педагагічным універсітэце ёсць факультэт сацыяльнай работы.
Цікава, ці карыстаецца ён попытам у абітурыентаў?
Недахопу ў жадаючых няма. Толькі вось адукаваныя спецыялісты да нас на работу, на жаль, пакуль не прыходзяць.
А да Вас як да кіраўніка звяртаюцца людзі?
Кожны дзень. Нават з просьбай дапамагчы з сенам для каровы, бо, па іх словах, не могуць знайсці кантакт з кіраўніком сельгаспрадпрыемства. А ўвогуле, калі людзі не ведаюць, куды звярнуцца са сваім пытаннем, тэлефануюць да нас, каб падказалі, параілі, накіравалі.
З якімі праблемамі часцей за ўсё прыходзяць?
Матэрыяльная падтрымка і дапамога, аказанне паслуг сацыяльнымі работнікамі. Апошні час займаемся пажарнай бяспекай – вырашаем і такія пытанні. Выходзім на дзяцей, каб дапамаглі сваім бацькам, калі не знаходзім паразуменне з пажылымі падапечнымі. Гэта цяпер ужо ўсё ўвайшло ў практыку, а напачатку з намі сварыліся, скардзіліся. Даводзілася па-харошаму, па-добраму тлумачыць, што бацькі вас на ногі паставілі – ім таксама няпроста было, мелі шмат праблем, пакуль выгадавалі. Не кінулі вас, а чаму вы іх пакідаеце сам-насам у гэтай сітуацыі?
Сумленне трошачкі загаворыць ці не?
Ведаеце, напрыканцы размовы тон мяняюць. А вось вынік не заўсёды ёсць. Спрабуеш патлумачыць, здаецца, простыя ісціны, а ў адказ – шмат амбіцый, усе наўкола штосьці павінны.
Калі гаварыць пра матэрыяльную падтрымку, то і тут бываюць незадаволеныя аказанай дапамогай. Тады даводзіцца расказваць, колькі ў нас увогуле інвалідаў пражывае, бо некаторыя нават аб гэтым і не задумваюцца – у іх ёсць толькі свая праблема. Мы, безумоўна, з разуменнем да болі кожнага адносімся, але такую ж патрэбу ў дапамозе не менш маюць і яшчэ многія нямоглыя – інваліднасць не проста так даецца. Вось гэты індывідуальны падыход вельмі складаны – нашай камісіі даводзіцца быць справядлівымі і аб’ектыўнымі, але яго не ўсе разумеюць. І нават мы самі не заўсёды атрымліваем задавальненне ад таго, як размеркавалі дапамогу: існуе сумненне – раптам кагосьці пакрыўдзілі, ці правільна зрабілі, ці ўсе магчымасці выкарысталі?
– У нашым грамадстве, асабліва ў сучасным свеце, прасочваецца тэндэнцыя: чым больш сацыяльна арыентаваны кірунак робіць дзяржава, тым больш нашчадкі пачынаюць “забывацца” пра тых, хто ім даў жыццё? Напярэдадні навагодніх свят мне давялося пабываць у прытулках, дзе пражываюць састарэлыя людзі. Размаўляючы з бабулямі і дзядулямі, уразілася і адначасова здзівілася: большасць з іх маюць дзяцей – прытым талковых, разумных, уладкаваных у жыцці. Чамусьці яны знаходзяць апраўданне сваім дзецям – іх занятасці, зморанасці. Склалася ўражанне, што бацькі хочуць стварыць лёгкае жыццё дзецям, а не сабе пад старасць. Ніхто з іх не кажа, што яму вельмі крыўдна, бо дажываць век давялося ў чужых сценах і сярод чужых людзей. І толькі нявольная здрадніца-сляза і адведзены ў бок позірк могуць без слоў расказаць, што адбываецца на душы. Ці даводзілася Вам чуць такое апраўданне?
– Даводзілася, і не раз. І патлумачу, чаму: бо гэта – бацькі. А для іх дзеці – самае святое. Яны самыя лепшыя ў свеце, нават калі такімі не з’яўляюцца. Самыя любімыя, таму і хочацца, як і ў дзяцінстве, зберагчы іх ад цяжкасцей да канца жыцця. Дарэчы, у пажылых людзей ёсць права на аліменты з боку дзяцей, калі тыя не жадаюць удзельнічаць у іх жыцці, можна падаць у суд на матэрыяльныя выплаты, абавязаць дзяцей даглядаць за сваімі бацькамі. Ці ў інтэрнаце плаціць за іх утрыманне. Але такой магчымасцю ў нашым раёне ніхто не скарыстаўся. Гэта сведчыць пра тое, што ў бацькоў – вялікае сэрца, яны застаюцца бацькамі ў любым узросце, нават калі ім самім ужо пад сто гадоў.
А чаму ў дзяцей такія адносіны да бацькоў? Цяжка сказаць. Часам зусім нядобранадзейныя бацькі, якія ў дзяцінстве дзіцяці не надавалі дастаткова ўвагі, вялі нехарошы лад жыцця, а дзеці выраслі і ўсяляк іх аберагаюць, даглядаюць, падтрымліваюць. У нашай практыцы ёсць такі прыклад, калі шматдзетнай матулі было адмоўлена ва ўзнагароджанні ордэнам Маці. Калі яна састарэла і, скажам, не змагла ўжо абыякава жыць – як было, пакуль дзеці раслі, таму ордэн і не атрымала, то ўсе пяцёра дзяцей, якія, на здзіўленне, выраслі годнымі, досыць паспяховымі, з вялікімі пасадамі людзьмі, дабіліся таго, каб усё-такі далі ёй хоць на прыканцы жыцця дзяржаўную ўзнагароду.
На Ваш погляд, добра, што ў пажылых людзей ёсць магчымасць у старасці вызначаць свой далейшы лёс?
Я паважаю права кожнага на выбар. Стараюся нікога не асуджаць: мы ніколі не зможам зразумець, чаму чалавек рашыўся на такі крок. Усе навокал могуць лічыць, што ён зрабіў няправільна, а ён як прывядзе свае аргументы – разумееш: яго праўда. У любым выпадку, тое, што чалавек выбірае бяспечнае жыццё – ён дагледжаны, накормлены, лепш, чым жыць у адзіноце.
Ваш міністр Ірына Касцевіч, выступаючы ў нас на нарадзе, звярнула ўвагу на тое, што сацыяльная служба з кожным годам будзе толькі развівацца. Так падказвае жыццё. Калі ўсё пачыналася, ніхто не мог даць гарантыі, ці будзе запатрабавана служба ўвогуле. А рушыла яна сямімільнымі крокамі, і зараз на яе столькі ўсяго ўскладзена, што нават нельга ўявіць, як увогуле спраўляліся дагэтуль.
Каб наша служба не была такой дынамічнай, цікавай, разнапланавай, як чалавек, які любіць пастаянны рух – бегаць, прасіць, дабівацца, арганізоўваць, напэўна б, не працавала тут. Мне патрэбен вынік. Па-першае. А па-другое, мяне трымае мой калектыў: у ім ёсць разуменне, павага, жаданне рабіць усё са стопрацэнтнай аддачай. Няхай гэта не прывядзе да першага месца ці да высокіх дасягненняў – важна, каб у нас саміх было задавальненне ад таго, што робім. Гэта і будзе наш лепшы вынік: калі разумееш, што зрабіў усё, што мог.
Мы да ўсяго прызвычаіліся. Успамінаю, калі ў 2006 годзе прыйшла на пасаду дырэктара цэнтра, тады таксама было многа кірункаў у рабоце. А зараз іх параўнаць нават цяжка. Мы дадаткова адкрылі два новыя дзённыя аддзяленні – для інвалідаў і для пажылых людзей, дзе ідзе работа штодзень. Тут ёсць магчымасць кожнаму адчуваць сябе патрэбным, вучыцца нечаму новаму і нават адкрываць таленты. За гады ўтварыліся дружныя калектывы з ініцыятывамі і пажаданнямі.
Вы прыйшлі на пасаду дырэктара досыць маладой. Можаце сказаць, што за гады работы тут памудрэлі і пасталелі не па ўзросце?
Бясспрэчна. Зусім па-іншаму стала глядзець на жыццё. Адназначна. Стала звяртаць увагу на тое, пра што калісьці нават і не думала. Ізноў жа, пра тое, што бацькі стануць пажылымі і будуць мець патрэбу ў дапамозе і доглядзе. І давядзецца прыняць на сябе гэту ношу.
Напачатку цяжка было ўсё гэта ўсведамляць і ўспрымаць?
Адразу было складана прымаць правільныя рашэнні, бо разумееш, што вопыту не хапае. У мяне такі метад кіравання, што маё рашэнне не адзінкава правільнае. У нас, як у гульні “Што? Дзе? Калі?”: калі ёсць праблема, збіраемся разам з загадчыкамі аддзяленняў, маім намеснікам, галоўным бухгалтарам – людзьмі, на якіх трымаецца цэнтр, кожны выказвае сваё бачанне, і прымаем рашэнне. А надараецца, што вырашыць пытанне трэба імгненна: тады рашэнне прымаю асабіста, без абмеркавання.
Што можаце сказаць пра калектыў? Наколькі ён змяніўся за гады?
Цэнтр утварыўся ў 2004 годзе. Палічылі: тых, хто працуе з самага пачатку, толькі адзінаццаць чалавек разам з сацыяльнымі работнікамі засталося.
Ідэі прыходзяць з практыкі. Мы першымі ў рэспубліцы пачалі працаваць з прафілактыкай дэменцыі. Пасля зразумелі, што ёсць такая недаацэненая праблема, як падзенні ў людзей пажылога ўзросту, якія прыводзяць да пажыццёвай інваліднасці і часам да смерці. Цяпер свой вопыт папулярызавалі на ўсю краіну – яго будуць укараняць усе цэнтры. Наш праект перамог у конкурсе “105 ідэй развіцця галіны”. Дзелімся напрацоўкамі, метадычным матэрыялам.
Людзі надзейныя?
– Як былі раней, так і сёння застаюцца надзейнымі. Праўда – у кожным упэўнена. У нашай службе трэба быць добрым, гібкім, заўсёды гатовым – як піянер.
Чым стала для Вас работа за васямнаццаць гадоў?
Я сама тут вырасла і “выгадавала” сваю арганізацыю – у нас такі ўзаемаабмен: мы адзін без аднаго – нішто. У кожнай арганізацыі павінен быць лідар, які возьме на сябе адказнасць, прыме рашэнне, якое можа стаць лёсаносным для чалавека.
Можна сказаць, што Вашы законы пішуцца жыццём?
Няма адзінага рашэння на ўсе выпадкі жыцця. Сітуацыі, здавалася б, аднолькавыя, а выхад з іх – розны.
Чаго б Вам яшчэ хацелася на гэтай рабоце?
Планы карэкціруюцца кожны дзень – усё мяняецца вельмі хутка. Два-тры гады – і штосьці новае ў заканадаўстве. Толькі паспяваеш разабрацца, вырашыць, наладзіць работу – пачынай нанова. А калі крыху памарыць, хочацца, каб жыццё было такім, каб нашы людзі ніколі не мелі патрэбы ў сацыяльнай абароне.
Пажаданні калектыву з нагоды юбілею?
Новых праектаў, новых дасягненняў, ніколі не спыняцца – рухацца толькі наперад. Быць такой дружнай камандай, якая ёсць.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ