Общество

Макета сядзібы Рушчыцаў аднавілі па фотаздымках і ўспамінах з дзённіка мастака

На працягу 2020-2022 гадоў педагогі раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі сумесна з навучэнцамі працавалі над педагагічным праектам “Вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны краю праз узаемадзеянне з соцыумам. Фердынанд Рушчыц – майстар пэндзля з Багданава”.

Актуальнасць тэмы вызначана самім жыццём. Кожнае новае пакаленне атрымлівае ў спадчыну велізарны дар культурных каштоўнасцей. Сам ход гісторыі немагчымы без актыўнай перадачы новым пакаленням культурных дасягненняў чалавецтва, без актыўнага выхавання, бо яно і ёсць душа любой духоўнай спадчыны. Падчас хуткай глабалізацыі і урбанізацыі цяжка здзівіць чымсьці новым. А карані продкаў, іх спадчыну зберагчы трэба абавязкова, каб не называцца “Іванамі, якія не памятаюць сваяцтва”.

З гісторыяй раёна звязаны лёсы многіх знакамітых у Беларусі і за яе межамі людзей. Валожыншчына з’яўляецца радзімай сусветна вядомага мастака-пейзажыста Фердынанда Рушчыца. У раёне мала хто ведаў пра яго існаванне і цікавіўся яго жыццём. У апошнія дзесяць гадоў імя гэтага мастака загучала па-іншаму. Больш даведацца пра творчасць майстра, перадаць бясцэнны багаж пра яго творчасць будучым пакаленням – вось той пласт даследча-праектнай дзейнасці, які неабходна было падняць. Гэта і дало штуршок для распрацоўкі праекта.

Для напісання праекта вывучаўся шэраг матэрыялаў і архіўных дакументаў, біяграфічных звестак, звязаных з творчасцю Ф. Рушчыца. Была зроблена выснова, што разам з даволі разнастайнымі і шырокімі звесткамі пра творчасць мастака навучэнцы ці ўвогуле не ведаюць нічога пра яго, ці іх пазнанні павярхоўныя.

Праца са спецыяльнай, навукова-метадычнай і навукова-папулярнай літаратурай, зносіны са старажыламі вёскі Багданава далі магчымасць сфарміраваць новы погляд на існуючую праблему, абудзілі цікавасць і дазволілі ўключыцца ў творчую і даследчую дзейнасць.

У ходзе рэалізацыі праекта былі распрацаваны экскурсіі: “Зямля і неба Фердынанда”, “У ваколіцах Багданава”. У цэнтры творчасці функцыянавала выстава малюнкаў юных мастакоў “Дарогамі Рушчыца”. Прайшоў пленэр юных мастакоў, дзе таленавітыя дараванні малявалі багданаўскія краявіды.

Фердынанд Рушчыц – сусветна вядомы мастак. Ён набыў еўрапейскую славу як непераўзыдзены мастак-пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар, педагог, вучань Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы, выпускнік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, кафедры жывапісу Віленскага ўніверсітэта. Жывапісец пакінуў глыбокі след у мастацтве Беларусі і Польшчы. У 2020 годзе споўнілася 150 гадоў з дня яго нараджэння. Гэта падзея была ўключана ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Канчатковым вынікам рэалізацыі праекта стаў выраб макета сядзібы Рушчыцаў. Фотаздымкі, успаміны з дзённіка мастака, вывучэнне архіўнай літаратуры далі магчымасць аднавіць знешні выгляд былой сядзібы. А каб яе ўвасобіць у рэальнасць, давялося шмат папрацаваць з чарцяжамі, вывучыць асновы макетавання, падабраць спецыяльныя матэрыялы і ўсё рабіць з ювелірнай дакладнасцю пры дапамозе фарбаў, лінейкі, цыркуля.

Сам макет былой сядзібы Фердынанда Рушчыца атрымаўся ўнушальным і нават заварожвальным – яго па праве можна назваць сапраўдным шэдэўрам.

Сядзіба мастака Фердынанда Рушчыца

Непадалёк вёскі Багданава некалі стаяла сядзіба Багданаў, дзе ў 1870 годзе нарадзіўся Фердынанд Рушчыц.

Сядзіба Рушчыцаў займала маляўнічую тэрыторыю каля вёскі. Цэнтральная ўязная алея вяла да сядзібнага двухпавярховага дома. У ім размяшчаліся вялікая бібліятэка, архіў, збор карцін і скульптур, а таксама майстэрня мастака. Жылі Рушчыцы галоўным чынам у драўляным доме, вакол якога раслі квітнеючыя хмызнякі. Парадны фасад дома ўпрыгожваў ганак з двума парамі калон, якія абвіваў вінаград.

У 1912 годзе да дома з паўночнага боку была прыбудавана веранда, дах якой абапіраўся на шэсць філяраў. У доме меліся старыя печы, каміны, люстры, люстэркі ў рамах, разная мэбля, вырабы з карэльскай бярозы. Да дома падступаў пейзажны парк плошчай каля 4 гектараў, праз які працякаў ручай (прыток рэчкі Альшанкі) з аднаарачным мостам і дамбай. Асаблівае зачараванне парку надавала сажалка з востравам. З паўночнага боку да парку прымыкаў фруктовы сад, за якім размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы.

Улетку сядзіба напаўнялася гасцямі, сваякамі, вучнямі мастака.

Сядзіба згарэла ў ліпені 1944 года падчас вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да нашых дзён дайшлі толькі падмуркі дома, падзямеллі скляпоў, ручай і старыя дрэвы. Але, нягледзячы на гэта, тэрыторыя былой сядзібы Рушчыцаў і цяпер прыцягвае прыгажосцю навакольных пейзажаў.

На фота: Педагог дадатковай адукацыі Ірына Аляксандраўна ЗГІРСКАЯ і навучэнцы аб’яднання па інтарэсах «Самацветы»

Раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі