Интервью

Светлая радасць Хрыстова Уваскрэсення

Вялікдзень – крыніца радасці духоўнай

Улюбёныя ў Госпадзе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
Светлае і перамаганоснае свята Уваскрэсення Хрыстова сышло на зямлю, каб напоўніць душы нашы вялікай духоўнай радасцю, надзеяй на мір, шчасце, любоў, дабрабыт, а ўсю прастору – воклічам: “Хрыстос Уваскрэс!”

Ад усяго сэрца шчыра віншую вас з гэтым вялікім ратавальным святам. Ісус Хрыстос Уваскрэс, і сёння Ён з намі, каб кожная чалавечая душа ўваскрэсла для радасці і шчасця. Але тое святочнае лікаванне, якое звычайна напаўняе чалавечыя душы, сёння азмрочана падзеямі, што адбываюцца ў нашых суседзяў. Парушана галоўная Божая Запаведзь “Любові”. Хіба ж можна гаварыць пра братэрскую любоў і радавацца ад душы Светламу Уваскрэсенню, калі ў нашых суседзяў гінуць людзі, грымяць гарматы, знішчаюцца набыткі і надзея на светлую і шчаслівую будучыню, калі разлад не толькі паміж дзяржавамі, але і ўнутры сем’яў. Сёння як ніколі актуальныя для ўсіх словы святога апостала Іаана: “Калі так палюбіў нас Бог, то і мы павінны любіць адзін аднаго” (Ін. 4.11). У душах многіх людзей цемра, жах і адчай. Цяжка, бязмерна цяжка бачыць усё гэта, асэнсоўваць, што ў кожнага свая праўда, а таму зусім няма разумення. Страшны і каварны час. Брат на брата пайшоў вайной – дзяркач разладу ў славянскай хаце. Славяне знішчаюцца і духоўна, і фізічна, вынішчаюцца Вялікая Ратавальная Вера Хрыстова, традыцыі, якія складаліся вякамі на нашых землях. Многія забыліся, што Гасподзь даў чалавеку галаву, каб той думаў ёй, а не шукаў розуму ў іншым месцы, бо там яго няма. “Не стараліся мець Бога ў розуме” (Рым. 1,28).

Узмоцнім у гэтыя святыя дні сваю малітву да Збавіцеля за братоў і суседзяў, каб Бог адарыў усіх любоўю, мудрасцю і цярпеннем, бо людзям няма чаго дзяліць – наша Айчына на Небе. Удумаемся ў словы Самога Збавіцеля, з якімі Ён звяртаецца да ўсіх: “Мір вам” (Як. 20.26). Мір у душы, пад дахі дамоў, пад блакіт Нябёсаў, на нашы землі – мір усяму Сусвету”.

Сёння ў вялікай бядзе наша Царква. Мы бачым, праз якія пакуты і выпрабаванні праходзіць Святое Праваслаўе ва Украіне (быццам апынуліся ў часы Траяна і Дыяклетыяна). Цынічныя здзекі ўчыняюцца над Кіева-Пячорскай і Пачаеўскай лаўрамі – гэтымі адвечнымі святымі помнікамі Хрысціянскай Веры, у імя якой Самім Богам прынесена Вялікая Ахвяра і безліч, мільёны ахвяр бясцэнных жыццяў вернікаў. Цячэ Святая Кроў Хрыстова, кроў людская – і яна на ўсіх нас. Бо мы здрадзілі Яму – Вялікаму і Святому і распінаем яго на Крыжы, калі паднялі руку брат на брата, і толькі ў дні Страшнага Суда адкрыюцца згубныя вынікі такіх паводзін для свету і часу.

Тое, што мы бачым, не ўся рэальнасць. Цэнтр барацьбы зусім не тут – на зямлі, па-за нашым позіркам і слыхам змагаюцца сілы Бога і сатаны, Святла і цемры. Бітва ідзе на Небе, як і на зямлі.
Сілы цемры імкнуцца знішчыць Святое Праваслаўе, вырваць з душ людскіх Святую Веру, якая прыйшла ў Рускія землі праз Кіеў. Менавіта тут зарадзілася Праваслаўе, тут знаходзіцца яго калыска, і цемра жадае тут, у Кіеве, яго пахаваць – пачатак і канец (Альфа і Амега). Абвастрэнне супрацьстаяння прыйшлося на дні Вялікага поста – дні асаблівага малітоўнага і пакаяннага стану душы кожнага верніка. “Апраніцеся ў поўную зброю Божую, каб маглі вы супрацьстаяць злым намерам д’ябальскім” (Ефес. 6.11). Нам нельга забывацца пра тое, што цярпенне Госпада не бясконцае. Ён доўга чакае, каб грэшнік апамятаўся, але жорны Божыя меляць добра і беспамылкова.
Наш час паказаў, што ў дэмакратычным грамадстве Царква і дзяржава як адзіны арганізм, адзінае цэлае, і над усім гэтым Яго вялікасць Бог, усё ў Яго міласэрных руках. Відавочна, што сілы цемры не спяць і гатовы ў любы момант грызці, кусаць, ірваць для таго, каб знішчыць, растаптаць Святло Хрыстова – Святло Вялікай Пераможнай Веры, бо Ён, Гасподзь і Ратавальнік, сёння з намі, на нашай зямлі, якая заўсёды знаходзіцца пад Яго Святым благаславеннем і пад покрывам Царыцы Нябеснай. Усе Сілы Нябесныя сёння з намі, бо Уваскрэс Хрыстос.

Урачыстасць Хрыстова Уваскрэсення нагадвае нам, што Святым хрышчэннем мы злучаны з Богам і нясём на сабе Яго імя, адчуваем тую падтрымку і дапамогу, якой ён ахіляе нас, усяляе ў нашы душы надзею, веру, любоў. Ён з намі, дык звернемся да Ратавальніка з малітвай аб міры і братэрскай любові. Усім нам жыць на гэтай зямлі – зямлі, якую падараваў нам Бог, зямлі, якую пакінулі нам у спадчыну нашы продкі. Гэта яны зберагалі яе для нас, палівалі сваім потам і крывёй. Вера Хрыстова і зямля-карміцелька дасталіся нам у спадчыну, дык будзем старацца зберагчы гэтыя каштоўнасці, гэты цудоўны скарб, каб перадаць іх у рукі нашых нашчадкаў – дзяцей і ўнукаў.

Мір вам, мае дарагія, шчасця, здароўя на доўгія гады і літасці Божай над усімі намі. Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануюць любоў, разуменне і ўзаемапавага, а ў душах – неўміраючая Велікодная радасць. Няхай у кожным доме, у кожнай сям’і галоўным гаспадаром і дарадчыкам будзе Бог. Няхай будуць атулены цеплынёй і пяшчотай дзеці, старыя бацькі, няхай ніколі не будзе канфліктаў паміж братамі, суседзямі, калегамі. Няхай заўсёды з усімі намі будзе Уваскрэслы Хрыстос і Яго Святое благаславенне. Няхай нашы сэрцы азараюцца святлом выратавальнага Вялікадня, і Нябесных Вышынь дасягне велічны вокліч, што перапаўняе нашы душы:

“Хрыстос Уваскрэс!”

“Сапраўды Уваскрэс!”

З Божым благаславеннем – Благачынны Валожынскай акругі,

настаяцель прыхода Святых Роўнаапостальных цара Канстанціна і царыцы Алены


ў Валожыне протаіерэй
Дзмітрый АГІЕВІЧ

Хрыстос Уваскрэс!

На працягу двух тысячагоддзяў менавіта гэтымі словамі Святая Царква ўрачыста абвяшчае людзям добрую вестку пра выратаванне, якое дараваў нам Бог. У гэтых словах – агонь нашай веры, сіла любові, аснова надзеі, краевугольны камень Царквы, сутнасць новазапаветнага паслання свету, нязгаснае святло асветы і крыніца натхнення, стрыжань хрысціянскага жыцця і ўся наша будучыня.
Што б не адбывалася ў зменлівым свеце, часам мяцежным і раздзіраемым супярэчнасцямі, якія б цяжкасці і выпрабаванні не выпадалі на нашу долю, мы ведаем, веруем і прапаведуем: велікодная радасць пра Уваскрэслага Збавіцеля звастаецца нязменнай і ўсёпераможнай.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл

Невымоўнай радасцю напоўнены нашы сэрцы, і гэта радасць не зямная, а нябесная, яна вышэй за ўсякае іншае чалавечае перажыванне. Водгукі гэтага духоўнага лікавання, перажытага апосталамі і жанчынамі-міраносіцамі, мы чуем у кожным слове песнапенняў велікоднай службы.

Мы ведаем прычыну і аснову гэтай урачыстасці: “Хрыстос Уваскрэс з мёртвых, першанец з памерлых” (1 Кар. 15,20). Таму ні смерць, ні грэх, ні пекла не пануюць больш над намі. І разам з прарокам Асіем і апосталам Паўлам мы смела ўсклікнем: “Смерць! Дзе тваё джала? Пекла! Дзе твая перамога?” (1 Кар. 15,55).

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін

Падрыхтоўваючы чалавецтва да той радасці, якую “вока таго не бачыла, вуха не чула і на сэрца чалавеку не прыходзіла тое, што ўгатаваў Бог тым, хто любіць Яго” (1 Кар. 2,9). Гасподзь зноў азарае нас Святлом Свайго Уваскрэсення, каб развеяць усякую цемру, здольную пасяліць у чалавечае сэрца тугу і засмучэнне.

У дні Светлага Хрыстова Уваскрэсення малітоўна жадаю ўсім у поўнай меры далучыцца да ўрачыстасці вечнай Пасхі, бо Хрыстос – святло міру; хто пойдзе за ім, той не будзе хадзіць у цемры, а будзе мець святло жыцця” (Ін. 8,12). Дык няхай жа промні Яго невымоўнага святла развеюць змрок грахоўных заганаў, выганяць усялякае зло, а сэрцы напоўняць мірам і дабрынёй.

Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел