Са святам Вялікадня звязаны шматлікія традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Найперш гэта датычыцца фарбавання яек, выпякання пірагоў, прыгатавання тварожнай пасхі. Гэтыя сімвалы Светлага Уваскрэсення Хрыстова вядомыя кожнаму чалавеку з дзяцінства.
Раней для фарбавання велікодных яек у адзін колер выкарыстоўвалі толькі прыродныя фарбавальнікі, у першую чаргу шалупінне цыбулі. Іншыя колеры атрымлівалі з дапамогай моцных раслінных адвараў. Яйкі, што распісвалі асаблівым арнаментам, называлі пісанкамі. Зараз ужываюцца яшчэ харчовыя фарбавальнікі і спецыяльныя налепкі. Кожная гаспадыня стараецца, каб яйкі былі прыгожымі і радавалі вока, а таму асвойвае нейкія новыя спосабы іх прыгатавання.
Напярэдадні святочных дзён у раённым цэнтры культуры прайшоў майстар-клас па роспісе яек “Велікодныя яйкі”. Правяла яго кіраўнік гуртка раённага цэнтра культуры Лізавета Шакун. Дзеці з задавальненнем вучыліся ўпрыгожваць яйкі з дапамогай гуашы. Спачатку кожны прыдумаў малюнак, нанёс яго алоўкам, а пасля прыступіў да асноўнага этапу. Праца з рознакаляровымі фарбамі падарыла ім цудоўны вясёлы настрой. Справа рухалася, і хутка юныя ўдзельнікі майстар-класа ўбачылі вынікі сваіх намаганняў.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара