Общество

Алена Рубан і яе чарговая ўзнагарода

Вучаніца 10 “А” класа сярэдняй школы № 1 г. Валожына Алена Рубан паказала бліскучыя вынікі на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”, увайшла ў лік лепшых і атрымала Дыплом III ступені.

У школьніцы гэта не першая ўзнагарода такога ўзроўню. У мінулым годзе ў падобнай алімпіядзе яна стала ўладальніцай Дыплома II ступені.

З дзяцінства Алене падабаецца займацца рукадзеллем. У вольную хвіліну яна любіць вязаць, шыць і вышываць. Да алімпіяднага руху дзяўчыну далучыла настаўнік Іна Леанідаўна Кербедзь, за што старшакласніца ёй вельмі ўдзячна. Педагог займалася са сваёй вучаніцай на пазашкольным факультатыве, пасля ўрокаў і па суботах. Дома дзесяцікласніца самастойна вывучала тэорыю, шмат чытала дадатковай літаратуры.

Уласным вынікам удзелу ў алімпіядзе Алена ў прынцыпе задаволена. Гаворыць, што і тэарэтычны, і практычны туры сёлета былі больш складанымі, чым у мінулым. З некаторымі пытаннямі, на якія патрабавалася адказаць, наогул, не прыходзілася сустракацца. Аднак трывалыя веды дапамаглі справіцца з большасцю заданняў.

У практычным туры стаяла задача вырабіць чахол для сонечных акуляраў з камбінаваннем двух відаў тканіны: баваўнянай і ільняной. Гэта дастаткова складана, бо дэталі неабходна было злучыць такім чынам, каб унутраны бок вырабу быў без дадатковых адкрытых зрэзаў. Прыйшлося прыдумваць спосаб, як гэта зрабіць больш дакладна.

Кожная алімпіяда для нашай юнай гераіні – гэта не толькі выпрабаванне, дзе ёсць магчымасць праявіць сябе, але і новыя знаёмствы і вопыт. Прыемна сустракацца са сваімі аднагодкамі, з якімі ты маеш шмат агульных інтарэсаў, адкрываць для сябе нешта новае ў, здавалася б, звыклых для цябе рэчах.
Віншуем Алену Рубан з узнагародай і жадаем далейшых поспехаў!