У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” прайшла выстава Міхаіла Станкевіча “Натхненне ад роднай прыроды”.
У раённай газеце мы ўжо расказвалі пра гэтага таленавітага чалавека – выдатнага разьбяра па дрэве і аматара падарожжаў па рэках Беларусі. Работы і фотаздымкі неардынарнага творцы нікога не пакідаюць раўнадушнымі, а ён заўсёды з радасцю дзеліцца ўласнымі набыткамі. Кожны наведвальнік выставы ўпэўніцца, наколькі аўтар умее бачыць прыгожае і злавіць патрэбны момант.
Вясковы хлопец з Гародзькаў у дзяцінстве праводзіў шмат часу на рацэ. Калі вырас, душа мужчыны імкнулася здзейсніць падарожжа па роднай Бярэзіне, але штодзённыя клопаты і турботы адсоўвалі задуму на больш позні час. І вось аднойчы з сябрам-аднадумцам ім удалося адправіцца на лодцы ў невялікае, усяго на пару гадзін, падарожжа па Іслачы. Пачатак быў пакладзены. З таго часу штогод у цёплую пару года мужчыны ладзяць водныя паходы, якія доўжацца па некалькі дзён. З цягам часу ў іх з’явіліся паплечнікі, падабралася добрая каманда.
На прэзентацыі выставы Міхаіл Васільевіч распавёў пра свае сплавы па рэках Беларусі за апошнія гады і пракаментаваў фотаздымкі, якія зрабіў. Недзе за 25 гадоў на лодцы ён з сябрамі пакарыў усе рэкі роднай краіны, акрамя Буга. У мінулым годзе пабывалі на Нёмане, Заходняй Дзвіне і, канешне ж, Бярэзіне, менавіта з яе мужчыны штогод пачынаюць водныя падарожжы. Наш герой упэўнены, што тут самыя прыгожыя краявіды, да таго ж гэта рака заўсёды розная: падчас разліваў хуткае цячэнне падмывае берагі, валіць дрэвы і інш. Таленавіты фотамастак стараецца ўвасобіць убачанае ў здымках. Заўсёды ў захапаленне прыводзяць кадры з адлюстраваннем у воднай плыні.
Вось на фоне лесу непадалёк Бакштаў стаіць адзінокае дрэва з бусліным гняздом. На жаль, з ім звязана сумная гісторыя. Маленькае бусляня выпала з гнязда, павісла між галінак і не змагло адтуль выбрацца – так і загінула. На наступны год гнязда там ужо не было.
А як чароўна выглядае лясное возера паблізу вёскі Высокае, што каля Кашчэлічаў. Большасць жыхароў Валожыншчыны пра яго нават не ведаюць. Надзвычай цудоўна на здымках паказана зімовая прырода. Здаецца, дзе аўтар мог убачыць такую прыгажосць? Аказваецца, зусім побач. Выключна выглядае наша Валожынка, што сфатаграфавана з мастка на вуліцу Набярэжную. На здымках экалагічная сцежка ў Белакорцы, краявіды з моста на ўездзе ў гэты населены пункт. Цікава бачыць незвычайнае ў такіх знаёмых кожнаму месцах.
На выставе можна было ўбачыць прыбярэжны дубовы гай з роўнымі радамі шматгадовых дрэў, паміж якімі пасуцца коні. Гэты цудоўны куток знаходзіцца на беразе Шчары – самага буйнога прытоку Бярэзіны. Вялізны камень ляжыць у вадзе перад упадзеннем Шчары ў Нёман. На паўтара метра ўзвышаецца ён над паверхняй вады, глыбіня ракі ў гэтым месцы каля двух метраў. Можна толькі здагадвацца, наколькі ён яшчэ ўрос там у дно. На Чорным возеры за Бакштамі, што з’яўляецца старыцай нашай Бярэзіны, вельмі шмат затопленых дрэў. Такое своеасаблівае відовішча. Ніхто іх не вымае, не парадкуе, як звалілася, так і ляжыць. А непадалёк на рацэ праз пару метраў адзін ад другога ляжаць у вадзе чорныя, нібыта ў сажы, розных памераў камяні. Калі і адкуль яны там узяліся, ніхто не ведае.
На Бярэзіне ад Бакштаў аж да Нёмана шмат прыгожых куточкаў, дзе вельмі рэдка ступае нага чалавека. Падчас плавання на гэтым участку сустракаецца ўсяго адна невялічкая вёсачка. Цудоўная прырода радуе вока, так і просіцца ў аб’ектыў фотакамеры.
Міхаіл Васільевіч разам з сябрамі ўжо строіць планы на адпачынак на наступнае лета, разам распрацоўваюць маршруты плавання. Ім хочацца яшчэ многае ўбачыць, атрымаць новыя ўражанні і станоўчыя эмоцыі. Пажадаем падарожнікам новых водных паходаў і творчага натхнення.
Анжэла РАДЫНА