15 студзеня 2023 года Мінскай вобласці споўніцца 85 гадоў. Працягваем цыкл публікацый, прысвечаны юбілейнай даце. Цікавыя гістарычныя звесткі прадастаўлены Валожынскім краязнаўчым музеем.
У 70-х гадах Валожынскі раён на чале з такімі кіраўнікамі, як Юрый Іванавіч Шчолкін, Мікалай Данілавіч Казачонак, Аляксандр Пятровіч Анціпенка, Іван Анісімавіч Ефіменка, працягваў упэўнена рухацца наперад. Гэта былі гады далейшага развіцця і пад’ёму эканомікі.
У 1970 годзе 30 назваў вырабаў прадукцыі Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі былі адпраўлены на Сусветную выставу “Экспа-70” у Японію.
У 1970 годзе ў горадзе пачало працаваць аддзяленне Дзяржбанка.
Знакамітай падзеяй у культурным жыцці горада і раёна стала адкрыццё новага кінатэатра “Юнацтва” ў цэнтры горада. Першы сеанс адбыўся 22 лютага 1972 года кінапаказам мастацкага фільма “Маладыя”. Сеанс быў бясплатны. У свой час на сцэне кінатэатра выступалі такія знакамітыя артысты, як Рэнат Ібрагімаў, Марыя Крысталінская, Віктар Вуячыч, Яраслаў Еўдакімаў, ансамблі “Песняры”, “Сябры”, “Верасы” і інш.
У кінасетцы раёна ў той час працавалі 47 кінамеханікаў, 17-і з іх было прысвоена ганаровае званне “Ударнік Камуністычнай працы”.
У 1973 годзе прыняў юных наведвальнікаў дзіцячы сад № 3 у Валожыне.
Да святкавання 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адбывалася рэканструкцыя плошчы Свабоды ў Валожыне: добраўпарадкаванне брацкай магілы, устаноўка новага помніка вызваліцелям горада і раёна, пасадка дэкаратыўных кустоў і дрэў, абсталяванне газонаў і клумбаў.
У 1977 годзе на экранах Беларускага тэлебачання дэманстраваўся канцэрт з удзелам аб’яднанага танцавальнага калектыву Валожынскага і Івянецкага дамоў культуры. Самадзейныя артысты выканалі танцы “Лявоніха”, “Крыжачок”, жартоўныя танцы “Жаніхі”, “Буслы”, “Далікатную кадрылю”.
У верасні гэтага ж года ў новым тэлевізійным музычным фільме Беларускага тэлебачання “Напевы роднага краю” прагучалі песні настаўніка Валожынскай дзіцячай музычнай школы Валерыя Хахлова.
У 1977 годзе ў Валожыне па вуліцы Луначарскага адчыніла дзверы для навучэнцаў сельскагаспадарчае прафтэхвучылішча.
У 70-х гадах ордэн Леніна атрымалі лепшыя працаўнікі раёна: Міхаіл Антонавіч Алешка, Сяргей Канстанцінавіч Бельскі, Фёдар Паўлавіч Галоўскі, Андрэй Іванавіч Карабан, Марыя Якаўлеўна Клімовіч, Аляксандра Андрэеўна Паўлюкевіч, Іван Венядзіктавіч Танюкевіч.
(Працяг будзе)