130 гадоў таму ў Івянцы нарадзіўся Апалінарый Пупко – выдатны народны ўмелец, вядомы разьбяр, мастак.
Творчая спадчына Апалінарыя Фларыянавіча Пупко ўжо належыць гісторыі і ўяўляе неацэнны пласт духоўнай і матэрыяльнай культуры нацыі. Івянецкая зямля дала Беларусі таленавітага творцу – носьбіта найкаштоўнейшых, глыбінных традыцый народнага разьбярства, самабытнага мастака-жывапісца, адмысловага графіка. Будучы прадстаўніком рэнесансу беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя, ён усёй сваёй творчасцю аддана служыў Беларусі, таму яго працы знаходзяць жывы водгалас у сучасным працэсе развіцця народнага мастацтва.
Ён паходзіў з вядомага роду Пупкаў, які славіўся сваімі патомнымі майстрамі-мулярамі, ганчарамі, разьбярамі, чырванадрэўшчыкамі. З малаком маці ўвабраў у сябе дух таго творчага асяроддзя, што быў уласцівы Івянцу як буйнейшаму цэнтру народнага мастацтва, росквіт якога прыпадае на дзіцячыя і юнацкія гады Апалінарыя.
Нарадзіўся Апалінарый Фларыянавіч 12 лістапада 1893 года. Усё яго доўгае і плённае жыццё прайшло ў мястэчку, за выключэннем двухгадовай вучобы ў прыватнай гімназіі ў Мінску ды нешматлікіх вандровак у Вільню разам з братам Вацлавам, які друкаваў свае допісы ў “Нашай ніве” пад псеўданімам “Хфэлька з Івенца”.
Пасля заканчэння Івянецкага 4-гадовага вучылішча яму давялося паспытаць хлеба з працы рахункавода, затым выкладаў маляванне, чарчэнне ў школе, кіраваў самадзейным гуртком пры Доме піянераў. Праводзіў культурна-асветніцкую работу ў самадзейным Беларускім тэатры гарадка. Пры Польшчы ў 30-я гады прымаў удзел у ролі рэжысёра, акцёра і мастака-дэкаратара.
Усяму гэтаму душэўнаму ўздыму спрыялі любоў да сваёй маладой жонкі Яніны і дзяцей, а таксама найбагацейшая бібліятэка, дзе захоўваліся кнігі расійскіх, польскіх, беларускіх і іншых пісьменнікаў. Бібліятэка была канфіскавана па палітычных меркаваннях.
Смерць маленькай дачкі, а потым жонкі дадалі клопатаў у жыцці. Пад яго апекай больш чым на дзесяць гадоў засталася дачка. У 57 гадоў ён другі раз ажаніўся і ад гэтага шлюбу мае яшчэ
дзвюх дачок, хоць марыў мець наследніка – прадаўжальніка свайго роду і справы. Нялёгкая праца, боль па любімых пакінулі цяжкі асадак, што адбілася на здароўі – пагоршыўся зрок.
У той час жыхары не разумелі яго: лічылі, што выразаў “дурняў, нікому непатрэбных”. Мясцовая ўлада не заўсёды ўспрымала Апалінарыя Фларыянавіча, сцвярджаючы, што Пупко ніякіх заслуг не мае перад савецкай уладай, бо выразае не тыя партрэты – не бацькоў усіх народаў Леніна і Сталіна. За гэта яму адмаўлялі ў праве на пенсію, усяляк чынілі перашкоды ў справах – то праблемы з дровамі, то з нарыхтоўкай матэрыялу для разьбы. А людзі з усяго Савецкага Саюза, з замежжа ехалі да яго ў дом, каб зірнуць на творчасць, удыхнуць глыток даўніны, каб дакрануцца сэрцам да сапраўднага, найбагацейшага мастацтва нашага народа, пра што сведчаць шматлікія водгукі ў кнігах гасцей.
Цікавыя метамарфозы і прыгоды здараліся ў жыцці з творамі майстра. Аднойчы мясцовыя хуліганы ноччу выцягнулі з яго майстэрні скульптуру чорта, і ў імгненне вока адзін з удзельнікаў стаў цвярозым. Так уразіла яго скульптура, што той прыняў нячысціка за сапраўднага і, перахрысціўшыся, уцёк, ды так хутка, што да першых пеўняў блукаў па акрузе гарадка і не ведаў, дзе знаходзіцца.
Яшчэ адзін прыклад. Пасля таго, як немцы хутка адступілі з Івянца, і яшчэ была чуваць артылерыйская кананада, купіў гаспадар карову на базары ў аднаго партызана. А праз нейкі час апазнаў карову стары гаспадар, селянін з далёкіх хутароў, і заявіў у суд. Мастак так размаляваў карову, што сапраўдны гаспадар яе не прызнаў. Але следчы вельмі любіў жывёлу і вырашыў яе пагладзіць, пасля чаго яго рука па локаць аказалася ў фарбе. Плакалі Пупковы грошы і магарыч.
У 1916 годзе ў перыяд руска-германскай вайны фронт праходзіў у 10-15 кіламетрах ад Івянца. У гэты час будучы прафесійны рэвалюцыянер, вядомы савецкі дзяржаўны і ваенны дзеяч Міхаіл Фрунзэ быў начальнікам Усерасійскага земскага саюза фронту, які аказваў дапамогу параненым, інвалідам вайны ў найхутчэйшым выздараўленні. Адначасова праводзіў палітычную, рэвалюцыйную работу сярод салдат. Ён і заўважыў маладога пісьменнага салдата, якім аказаўся Апалінарый Пупко, і ўзяў яго да сябе пісарам. Праходзячы па вуліцах гарадка, Міхаіл Васільевіч убачыў дыхтоўны дом Пупко, зайшоў і агледзеў яго, пагаварыў з гаспадарамі і застаўся жыць. Незабыўная асоба Міхаіла Фрунзэ так зачаравала Апалінарыя Фларыянавіча, што многія яго работы былі прысвечаны гэтаму вялікаму чалавеку.
Бацькоўская хата стала для яго акадэміяй жыцця, тут сфарміраваўся яго творчы і грамадзянскі светапогляд. Фасад хаты-музея ўпрыгожаны разьбянымі карыятыдамі і ліштвамі. Побач узвышалася манументальная брама: на слупах-вушаках – рэльефныя выявы гусляра і жняі, над стрэшкай – аб’ёмная фігура арла з распасцёртымі крыламі, па цэнтры сіметрычных створак – дэкаратыўныя галовы львоў.
Уваход у веранду аздоблены рэльефамі сейбіта і местачковай мадонны з немаўляцем на руках. Шыбы размаляваны дэкаратыўнымі расліннымі букетамі пад вітраж. У самой верандзе ўсё было застаўлена скульптурамі і завешана жывапіснымі пейзажамі.
Сенцы-гасцёўня нагадвалі фонды музея, дзе можна было сустрэць культавую ўніяцкую скульптуру ХVIII стагоддзя.
Сцены і столь залы ўпрыгожаны роспісамі на гістарычную і міфалагічную тэматыку. Арганічна ў інтэр’ер упісаліся каміны, выштукаваныя з рэльефнай кафлі ХIХ стагоддзя і разьбяныя творы Апалінарыя.
Прафесійнай мастацкай адукацыі Апалінарый не атрымаў, але дадзены Богам талент патрабаваў самавыяўлення праз мастацкія вобразы. З дзяцінства з вялікай асалодай ён піша эцюды родных краявідаў акварэллю, лепіць з гліны, рэжа па дрэве, робіць малюнкі каляровымі алоўкамі.
У 1951 годзе рашэннем Баранавіцкага абласнога выканаўчага камітэта дом Апалінарыя Пупко прызнаны гістарычным помнікам. У яго работах тоіцца прыродны дар беларуса перакладаць усё ў жарт або ў нешта нерэальнае, казачнае-неверагоднае, напоўненае незвычайнымі вобразамі, зразумелымі толькі творцу.
У цяперашні час адкрыты для наведвання дом-музей А. Ф. Пупко, які размешчаны па вуліцы Камсамольскай, 87. Тут наведвальнікам пакажуць і раскажуць пра жыццёвы і творчы шлях народнага майстра.
Матэрыял прадастаўлены Івянецкім музеем традыцыйнай культуры