На сёлетнім раённым Свяце працы ганаровым госцем урачыстасці стаў колішні старшыня райвыканкама Валянцін Іванавіч Малішэўскі. Як заслужаны ветэран працы быў узнагароджаны юбілейным медалём “100 гадоў утварэння СССР”. Валожыншчыне ён аддаў 28 гадоў: тут адбылося яго працоўнае, а пасля і кіраўніцкае станаўленне, якое стала выпрабаваннем на трываласць, бо прыпала на самы распад вялікай і магутнай краіны. Але прыроджаныя лідарскія якасці, дальнабачнасць, гаспадарлівасць, кемлівасць, хваткасць, уменне ў кожным чалавеку бачыць яго задаткі, працаваць камандай дапамаглі многага дасягнуць.
В. І. Малішэўскі нарадзіўся ў вёсцы Цэзарова Асіповіцкага раёна. Сям’я была не зусім звычайная – у маці падчас вайны загінуў першы муж і засталіся трое дзяцей. Бацька са старой шляхты, меў чатыры класы польскай школы, прайшоў усю вайну, быў паважаным чалавекам у ваколіцы – працаваў брыгадзірам. Дома ведалі: яго слова – закон. З другога шлюбу ў іх з маці нарадзіліся тры сыны: Толя, Валянцін і Станіслаў. Правілы для дзяцей былі простыя: усё можна, але толькі з дазволу дарослых. І яшчэ адно няпісанае: маці і бацьку называлі толькі на “Вы”. Працавалі на зямлі, трымалі вялікую гаспадарку, сялянскія справы рабілі разам і ўсе. Матуля цудоўна шыла, у доме мелася швейная машынка “Зінгер” 1866 года выпуску: гэта “карміцелька” дапамагала выжываць.
У школе Валянцін хадзіў у “харашыстах”: падабаліся матэматыка і фізіка – з мовамі было крыху складаней. Прафарыентацыя праводзілася такая: хто больш здольны – будзе шафёрам у калгасе, крыху слабейшы – трактарыстам. Гэта “перспектыва” юнаку не вельмі падабалася, а куды пайсці пасля заканчэння школы – толкам і не ведаў. Сябар параіў: “У мяне ў Мінску дзядзька працуе на трактарным заводзе электрыкам. Класная работа!” Так з лёгкай рукі вызначыў будучую прафесію: скончыў сталічнае прафтэхвучылішча № 31 і атрымаў 3 разрад электрамантажніка.
Першым працоўным месцам стала 2-е Мінскае мантажнае ўпраўленне, а ўжо праз тры месяцы Валянцін нёс армейскую службу ў Саратаве ў школе малодшых авіяцыйных спецыялістаў. Даслужыўся да звання старшага сяржанта – намесніка камандзіра ўзвода. Перад самым дэмбелем накіраваў дакументы для паступлення ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.
У студэнцкія гады ў Валянціна асабліва ярка праявіліся лідарскія якасці: яго абралі сакратаром камітэта камсамола электрафакультэта, на якім налічвалася 1200 камсамольцаў. Гэта давала магчымасць бываць на пасяджэннях парткама інстытута і стала сапраўднай школай кіраўніцкага вопыту.
У верасні 1976 года Валянцін Іванавіч прыступіў да абавязкаў інжынера-электрыка саўгаса “Ракаўскі”. З гэтага часу і пачынаецца яго працоўная біяграфія на Валожынскай зямлі. Ініцыятыўнага, вынаходлівага, досыць смелага, а часам і дзёрзкага работніка заўважылі і ацанілі хутка. Праз год яму далі пасаду галоўнага энергетыка, а яшчэ праз паўтара прызначылі вызваленым сакратаром парткама гаспадаркі.
Вельмі нечаканым стала рашэнне райкама партыі накіраваць Валянціна Малішэўскага старшынёй калгаса “Чырвоная гвардыя”: з 27-і гаспадарак у раёне ён знаходзіўся ў тройцы ззаду. “Прыняў калгас у канцы студзеня – кармоў для жывёлы ў запасе толькі на 20 дзён. Заходжу на фермў у Ядзейках: цялушкі на ўзнаўленні стаяць па жывот у гнаі. У мяне ў галаве не ўкладалася: як такое можа быць?!– успамінае Валянцін Іванавіч.
Першае, з чаго пачаў, – паехаў па Мінскай вобласці шукаць кармы. За зіму “пераабуў” якія можна было трактары МТЗ на гусенічны ход – глеба цяжкая, сугліністая. За першае лета пабудаваў цэлую вуліцу – 14 катэджаў з водаправодам у доме, пасля – дзіцячы сад на 30 месцаў, капітальна адрамантаваў школу-васьмігодку. Добра разумеў: не будзе жылля, сада, школы, ФАПа, пошты – не будзе работнікаў. Падтрымку і садзейнічанне ў многіх арганізацыйных пытаннях аказваў райвыканкам, ды і сам стараўся наладжваць стасункі. Сабраў агульнакалгасны сход і кінуў кліч: “Людзі, у вас жа дзеці працуюць у іншых гарадах на розных пасадах: хто чым можа дапамагчы роднай гаспадарцы? Прыходзьце, расказвайце, будзем разам аднаўляць жыццё. Ініцыятыву пачулі і падтрымалі. Пабудавалі малочнатаварную ферму на 400 галоў дойнага статка і абавязкова пры ёй – лазню. Пры гэтым пачалі развіваць падсобныя промыслы: самы магутны – станцыя тэхабслугоўвання з капітальным рамонтам аўтамабіляў. Наколькі не хацеў напачатку сюды ісці працаваць, настолькі цяжка пасля развітваўся з гэтым калгасам. І калі ўжо мяне перавялі першым намеснікам ва ўпраўленне райсельгасхарчу, я не атрымліваў такога задавальнення ад штодзённай працы, як у “Чырвонай гвардыі”.
Дзелавыя кіраўніцкія здольнасці Валянціна Малішэўскага заўважыў першы сакратар райкама партыі Канстанцін Канстанцінавіч Хвянько. “Адзначу: з усіх першых асоб раёна ён быў самы высокапрыстойны, высокачалавечны і інтэлектуальна падрыхтаваны кіраўнік, з якім было вельмі камфортна працаваць, – працягвае Валянцін Іванавіч. – Галоўнае яго правіла: калі табе далі заданне і ў цябе штосьці не атрымліваецца, прыходзь, расказвай і будзем разам вырашаць.
Працуючы старшынёй райвыканкама, я не бачыў вялікіх праблем: узнікае якое-небудзь вострае пытанне, на яго ёсць мінімум два варыянты рашэння. Іх і павінен прымаць кіраўнік. Гэтаму мяне навучыў яшчэ камандзір у арміі. Калі прыйшоў у раён, ацяпленне ў горадзе было на мазуце. Таму трэба было дачакацца чаргі ў Маладзечне: загнаць туды цыстэрну з мазутам, пачакаць, каб яна там суткі прастаяла, стала вадкай, і каб пасля яе можна было прывезці ў Валожын і зліць. Старажылы памятаюць, як клалі цэглу ў духоўку газавай пліты і ацяплялі так кватэры. Так было насамрэч.
Працавалі камандай. Былі Зігмунт Лужынскі, Уладзімір Уэльскі, Аляксандр Рамановіч, Анатоль Кулак – тэхналагічна граматныя спецыялісты і памочнікі. Я абапіраўся на сваё акружэнне – ніколі не прымаў сам рашэнне, заўсёды раіўся, бо адна галава – добра, а тры – яшчэ лепш.
За гады Валожынская зямля стала для мяне роднай. Завітаўшы сюды, адчуваю сапраўдную асалоду – ад зносін з людзьмі, з якімі працаваў, любуюся моладдзю, якая вырасла і працягвае нашы традыцыі. Безумоўна ж, узгадваюцца маладыя гады: работа ў раёне, вельмі разумныя, мудрыя і таленавітыя кіраўнікі – Ягоўдзік, Драгун, Шчуцкі, Поль, Целяжэвіч, Глябовіч. Для мяне гэта вельмі дорага, бо яны стаялі ля вытокаў майго станаўлення як спецыяліста, як кіраўніка, а пасля мы разам рабілі справу. І сумленна прызнаюся: мне не сорамна за маю работу”.
• 15 студзеня 1990 года прыняла першых пацыентаў новая шматпавярховая сучасная паліклініка.
• У 1991 годзе пачаўся мантаж новай лініі на Валожынскім ільнозаводзе. Яна дазволіла вырабляць з нізкагатунковага валакна нятканыя матэрыялы, якія з поспехам выкарыстоўваліся ў абутковай і мэблевай прамысловасці.
• У верасні 1993 года на плошчы Свабоды ў Валожыне завершана будаўніцтва новага ўнівермага.
• У кастрычніку 1993 года адкрылася гарадская пральня самаабслугоўвання, адначасова быў здадзены ў эксплуатацыю будынак гарадской аптэкі.
• У лютым 1994 года гарадская кацельня пачала працаваць на прыродным газе.
• Вядзецца пракладка газаправода па вуліцах Валожына.
• Завяршаюцца будаўнічыя работы па ўзвядзенні будынка кулінарнага камбіната.
• Набылі прапіску ў мікрараёне прыватнай забудовы райцэнтра, што ў бок вёскі Мінці, новыя вуліцы: імя Максіма Багдановіча, імя Агінскага, імя Максіма Гарэцкага, Дружная.
Валожынская зямля насамрэч дала мэтанакіраванаму, разумнаму і валявому кіраўніку вельмі многае: яна стала добрай стартавай пляцоўкай у далейшае вялікае жыццё. У 2002 годзе Валянціна Малішэўскага прызначылі намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя краіны, а праз пяць гадоў – начальнікам Галоўнага ўпраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прырода-ахоўных комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі.
Алена ЗАЛЕСКАЯ