Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
17.10.2010. У дзяцінстве зімой, залезшы на печ, прымасціўшыся каля пяколка і адгарадзіўшыся занавескай ад усяго свету, пісаў у невялічкі блакнот вершы. Было вельмі рамантычна, але хацелася яшчэ нечага незвычайнага. І даведаўшыся, што ў даўнія часы паэты пісалі гусіным пяром, паўдня ганяўся па вёсцы за гусямі. Раздабыўшы пяро, паспрабаваў пісаць. Нічога не атрымалася, бо пакуль выводзіў словы, прападала думка…
Цямнее. І ўсе думкі, як пчолы, вяртаюцца дахаты…
04.10.2011. Аляхновічы. У 1483 годзе ў летапісах згадваецца ваявода віленскі Алехна, і, магчыма, назва вёскі Аляхновічы мае дачыненне да яго прозвішча. А наогул сама вёска згадваецца, пачынаючы з ХVІІІ стагоддзя пад назвамі Алехнаўцы, Алехнаўка. У 1872 годзе праз вёску была пракладзена чыгунка, пабудаваны вакзал, які лічыцца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. З Аляхновіч да маіх Пугачоў праз Еленку недзе кіламетраў дзевяць. У Аляхновічах жыў настаўнік мясцовай школы Яраслаў Масеевіч Касцюк (люты 1928 – зіма 2009). Да яго некалькі разоў у госці я хадзіў з Міхасём Казлоўскім. І сёння памятаецца, як аднойчы зімой, засядзеўшыся ў Яраслава Масеевіча, мы засталіся начаваць. У тую ноч быў такі моцны мароз, што мы ў зале спалі апрануўшыся і ў шапках. Раніцай грэліся гарбатай і маімі вершамі…
Вёска Гарадок вядома з ХVІІ стагоддзя. У розныя гады належала Радзівілам, Галынскім, Карпіцкім, Тышкевічам. З’яўлялася цэнтрам культурнага, сацыяльна-эканамічнага і рэлігійнага жыцця рэгіёну. Тут адбываліся кірмашы, працавалі народныя вучылішчы, беларуская гімназія, праваслаўныя цэрквы і сінагогі. З мінулага да нашых дзён захаваліся царква (помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю) і вадзяны млын (помнік прамысловай архітэктуры з элементамі готыкі). Да маіх Пугачоў з Гарадка 8 кіламетраў. З гарадоцкай кнігарні, калі мне было дзесяць гадоў, бацькі прывезлі “Палескіх рабінзонаў” Янкі Маўра, якія сталі адным з маіх любімых твораў…
Краснае. Назва Краснае Сяло згадваецца ў ХV стагоддзі як велікакняжацкае ўладанне. З’яўлялася цэнтрам Краснасельскага староства ў Менскім павеце і ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. 15 жніўня 1908 года закладзены каменны касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Марыі Панны, узвядзенне якога было завершана ў 1912 годзе. Помнік архітэктуры неаготыкі. Думаю, што Максім Багдановіч у 1911 годзе, жывучы ў Ракуцёўшчыне, якая ў некалькіх кіламетрах ад Краснага, бачыў, як будуецца касцёл…
Плябань вядома з ХV стагоддзя. У 1800 годзе “плябан Краснасельскі канонік Казімір Харэвіч касцёл мураваны заснаваў з закрыстыяй з правага боку”. У 1872 годзе касцёл быў перабудаваны пад праваслаўную царкву. У Плябані знаходзіцца раённая мастацкая галерэя, на мясцовых могілках пахаваны паўстанцы атрада Юльяна Бакшанскага. У свой час краязнавец Міхась Казлоўскі быў правадніком для сяброў суполкі “Літаратурнае прадмесце” да гэтай магілы…
Радашковічы размешчаны на ўскрайку Мінскага ўзвышша пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка. Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1447 годзе, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. Радашковічы з’яўляліся ўласнасцю князёў Гаштольдаў, Глябовічаў, Агінскіх і Радзівілаў. У 1569 годзе Радашковічы атрымалі магдэбургскае права, а ў 1792 годзе – герб: на срэбраным полі паясная выява святога Стафана, пабітага камянямі. У 1939 годзе з Радашковіч мой дзед Юзя адпраўляўся ў войска польскае ваяваць з немцамі, а ў 1950 годзе мой бацька ішоў служыць у Савецкую Армію…
Ракуцёўшчына ўпершыню згадваецца ў ХVІІ стагоддзі. У 1897 годзе – вёска (11 двароў, 81 жыхар) і фальварак (1 двор, 17 жыхароў). У 1911 годзе ў фальварку два летнія месяцы жыў Максім Багдановіч. На жаль, калі я вучыўся ў школе, мае настаўнікі не ведалі пра Ракуцёўшчыну, якая ад маіх Пугачоў у 20 кіламетрах, а то я б схадзіў да Максіма Багдановіча з вершамі, як у 1972 годзе хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы…
Хоўхлава ў афіцыйных крыніцах згадваецца з ХV стагоддзя. У 1565 годзе пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага ў Хоўхлава прыехаў і нейкі час там жыў Сымон Будны. Менавіта ў гэтым старажытным паселішчы ім была напісана кніга “Аб зачацці сына Божага”. У памяць аб славутым жыхары некалькі гадоў назад на будынку мясцовай школы з’явілася мемарыяльная шыльда. У 1738 годзе ў заходняй частцы вёскі, на ўзвышшы, быў узведзены касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны. Храм драўляны, пабудаваны ў стылі барока з элементамі класіцызму. У 1846-47 гадах мясцовы пан Вікенцій Язвінскі збудаваў за касцёлам каменную капліцу, якая выконвала ролю пахавальні для мясцовых магнатаў. З маіх Пугачоў да Хоўхлава кіламетраў дваццаць…
09.10.2011. Учора з супрацоўнікамі выдавецтва быў у вандроўцы. Сёння адчуваю сябе крыху падпрастылым, але задаволеным тым, што не праседзеў дома перад камп’ютарам…
Усю дарогу ішоў дождж. Праязджаючы праз Смаргонь, ад нашага гіда Яраша Малішэўскага даведаліся, што вуліца, на якой была славутая Смаргонская мядзведжая акадэмія, раней называлася Мядзведжай, а цяпер носіць назву Танкістаў…
Нязжатая кукуруза каля дарог, як хрушчоўскія лясы… Месцамі на палях зелянее рунь, і, калі б не восеньскі холад, можна было б уявіць, што на вуліцы не кастрычнік, а красавік…
У аграгарадку Солы жыве паэт Мар’ян Дукса, але пра гэта ў нашым экскурсійным аўтобусе, акрамя мяне, ніхто не ведае… “4 снежня 1917 года ў Солах падпісан дагавор аб перамір’і паміж ВРК Заходняга фронта і ўпаўнаважанымі нямецкага камандвання Усходняга фронта. Упершыню ў гісторыі ажыццёўлен Ленінскі Дэкрэт аб міры” – напісана на шыльдзе, што на сельсавецкім будынку…
На азёрах лебядзі, як вялікія восеньскія гарлачыкі…
Холадна. Вёска Ізабеліна нагадала віно “Ізабэла”…
Едучы ў Астравец, назіралі за будаўніцтвам дарог, якія будуць весці да АЭС… На Астравеччыне дасведчаныя людзі ведаюць свайго земляка Іосіфа Гашкевіча, які быў дыпламатам, вучоным-мовазнаўцам, даследчыкам Японіі і Кітая. Ён жыў у маёнтку Малі. Цяпер гэта вёска. Сядзіба не захавалася… У самім Астраўцы будуюцца новыя мікрараёны для будучага персаналу АЭС…
Калі мы зайшлі ў касцёл, пачулі, як пад кіраўніцтвам манашкі пад гітару спяваюць мясцовыя дзяўчаткі песні пра Бога… Каля касцёла жоўтае апалае лісце і апенькі… Адна з нашых жанчын, убачыўшы апенькі сярод магіл каля касцёла, пачала іх збіраць у торбу. Хутка да яе далучылася другая. Калі жанчыны зайшлі ў аўтобус з апенькамі, я сказаў: “Цяпер дамоў прывязеце поўныя торбы грахоў!”…
Каля нашага аўтобуса на ўпрыгожаным чырвонымі лентамі кані, у паношаным сінім гарнітуры праехаў, як варанянскі Дон Кіхот, мужчына і, усміхаючыся, памахаў нам рукой…
Ад Варнян да Гярвятаў 10 кіламетраў… На лузе мокрыя каровы і авечкі. Без пастуха… Пад’ехаўшы да касцёла Святой Тройцы ў Гярвятах, адна з нашых жанчын выгукнула: “Францыя!” Не! Беларусь!!!
Служка Божы, які выйшаў з касцёла, адразу ж паклікаў нас за сабой паслухаць арган. Хвілін дзесяць гучаў арган, і ў храме ластаўка лятала, якую, па-мойму, ніхто, акрамя мяне, не ўбачыў. “Як яна будзе тут жыць? Наперадзе ж зіма?” – думаў я і слухаў “Аве Марыя”… У касцёле ідзе рамонт, і ў ім пахне свежай фарбай, як у школе на пачатку новага навучальнага года…
10.10.2011. Малодшы сын Пісьмянковых Лёшка вярнуўся са школы дамоў і стаў хваліцца, што сёння ў іх класе была пісьменніца. Пісьмянкоў выслухаў сына і сказаў: “Сынок, я пісьменнік не горшы за яе…” І не паспеў Алесь Уладзіміравіч сказаць усё, што хацеў, як Лёшка заявіў: “Які ты пісьменнік! Ты ж мой бацька!..”
12.10.2011. Патэлефанавала з Валожына Валянціна Гіруць-Русакевіч, каб запрасіць мяне на вечарыну, прысвечаную памяці Пятра Бітэля. 18 кастрычніка будзе дваццаць гадоў, як наш зямляк памёр і быў пахаваны ў Вішневе побач з Канстанцыяй Буйло. На жаль, не змагу паехаць, бо якраз у гэту суботу трэба быць абавязкова ў Пугачах, дзе жыве мой бацька, якому ў мінулым месяцы споўнілася 80 гадоў…
Апалыя кляновыя лісты, як абгорткі, у якіх былі вершы…
13.10.2011. У маім дзяцінстве, калі ў мамы быў вясёлы настрой, яна называла мяне “Кмітком”. Па сённяшні дзень я не ведаў, чаму, а тут раптам на працы пад вочы трапіла разгорнутая кніжка “Памяць. Валожынскі раён”, дзе ў спісках загінулых прачытаў: “Кміт Ганна Сямёнаўна, нарадзілася ў 1918 годзе, загінула ў вёсцы Крапіўнікі”. Мая мама нарадзілася ў вёсцы Лягезы ў 1930 годзе, а праз рэчку Яршоўку якраз і знаходзяцца Крапіўнікі. І, відаць, мая мама была знаёмая з малодшым братам Ганны Кміт і таму, жывучы ў Пугачах, гледзячы на мяне, узгадвала Крапіўніцкага Кмітка, на якога я быў нечым падобны…
14.10.2011. Валерый Хахлоў працаваў выкладчыкам дзіцячай музычнай школы ў Валожыне. Ён актыўна супрацоўнічаў з вакальна-інструментальным ансамблем “Надзея”, падбіраў рэпертуар, акампаніраваў, спяваў сам. З ім я пазнаёміўся ў 1984 годзе на пасяджэнні літаб’яднання “Рунь”, якое працавала пры раённай газеце. Валерый прыйшоў спецыяльна, каб са мной напісаць на беларускай мове песню пра дарогі. Праз месяц, пакуль я пісаў, Валерый Хахлоў памёр. Кампазітару было 46 гадоў…
З паэтам Уладзімірам Градоўкіным (нарадзіўся 1 студзеня 1926 года ў вёсцы Мазурына Шумілінскага раёна) я пазнаёміўся на пачатку 80-х гадоў на пасяджэнні літаб’яднання “Рунь”, на якое ён некалькі разоў прыязджаў з Івянца. У Саюз пісьменнікаў Уладзімір Градоўкін не ўступаў, бо лічыў, што паэт павінен быць вольным у жыцці і ў творчасці. Пасля сябе пакінуў пяць кніг паэзіі на рускай мове…
Гартаючы “Памяць. Валожынскі раён”, даведаўся, што 8 кастрычніка споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Уры Фінкеля. У артыкуле пра пісьменніка Вячаслаў Рагойша напісаў: “Ракаўцы – землякі Уры Фінкеля – яшчэ добра памятаюць невысокага сівога дзядулю з пышнымі вусамі. Пастукваючы сваёй нязменнай кавенькай, ён хадзіў па мястэчку, распытваў у местачкоўцаў пра іх жыццё-быццё. У панядзелак, калі ў Ракаве збіраўся вялікі кірмаш, яго можна было лёгка знайсці сярод прыезджых з навакольных вёсак – ён нешта старанна запісваў у свой нататнік. Кожны ведаў, што гэта настаўнік рускай літаратуры мясцовай дзесяцігодкі, але далёка не кожны – што ён яшчэ і вядомы крытык, таленавіты літаратуразнавец, своеасаблівы белетрыст…” Уры Фінкель напісаў аўтабіяграфічную аповесць “Паўвека таму назад”, прысвечаную падзеям 1905 года на Міншчыне. Урывак з гэтага твора быў надрукаваны ў “ЛіМе” 16 чэрвеня 1956 года. На жаль, аповесць цалкам не была надрукавана, і яе лёс невядомы. Уры Фінкель памёр 5 снежня 1957 года…
19.10.2011. Уздоўж дарогі ў раўчуку кляновае лісце, як залатая вада…
22.10.2011. Раніца. Ветрана. І чорны воран шалёна лётае ў двары, як шматок чорнай ночы, якую парвалі восеньскія вятры…
13.07.2012. У нядзелю еду ў родныя Пугачы на свята вёскі. Трэба будзе выступіць. Рыхтуючыся да паездкі, у энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі” знайшоў інфармацыю пра Пугачы, месцамі, праўда, недакладную: “Пугачы – вёска ў Залескім сельсавеце, цэнтр былога СВК “Пугачы”, за 60 км на усход ад Валожына, 10 км ад чыгуначнай станцыі Аляхновічы на лініі Мінск – Маладзечна, 60 км ад Мінска (адлегласці перабольшаныя – да Аляхновіч кіламетраў 8, а да Мінска 54). Рэльеф раўнінна-ўзгорысты, на паўднёвым усходзе цячэ ручай Мальшэўка (рачулка Малышоўка, і ўжо даўно не цячэ), злучаны з ракой Бярэзіна (прыток ракі Нёман). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Дварэц, Яршэвічы і далей па шашы Мінск – Валожын (не ўзгадана асноўная дарога – Пугачы – Ракаў і далей у Мінск). 158 гаспадарак, 417 жыхароў (2008). Вёска Пугачы вядома ў ВКЛ з XVII стагоддзя. У 1684 годзе вёска была ў Ашмянскім павеце. У 1791 годзе ва ўладанні шляхціца С. Марцінкевіча. З 1793 года ў Расійскай імперыі. У 1800 годзе 23 двары, 107 жыхароў, у Мінскім павеце Мінскай губерні, уласнасць тайнага саветніка А. Хмары. У 1870 годзе 86 жыхароў мужчынскага полу, у Дубровенскім сельскім таварыстве Мінскага павета. Паводле перапісу 1897 года, 45 двароў, 254 жыхары, хлебазапасны магазін, у Ракаўскай воласці Мінскага павета. У 1908 годзе 52 двары, 255 жыхароў. З 1921 года пад уладай Польшчы. У 1921 годзе 64 двары, 320 жыхароў. З лістапада 1939 года ў БССР. З 12.10.1940 года ў Радашковіцкім раёне Вілейскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з 25.06.1941 года да 06.07.1944 года была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах загінулі 10 вяскоўцаў. У цэнтры вёскі, каля будынка праўлення калгаса ў брацкай магіле пахаваны 24 воіны, у тым ліку салдаты, сяржанты і афіцэры 89-й стралковай дывізіі, якія загінулі ў баях супраць акупантаў, а таксама 13 мірных жыхароў, загубленых гітлераўцамі. З 20.09.1944 года ў Маладзечанскай вобласці. 26.05.1949 года арганізаваны калгас “Бальшавік”, які абслугоўвала Залеская МТС. З 20.01.1960 года ў Залескім сельсавеце Валожынскага, з 25.12.1962 года Маладзечанскага, з 06.01.1965 года зноў Валожынскага раёна Мінскай вобласці. (…)У 1959 годзе 367 жыхароў. 12.11.1966 года да Пугачоў далучана вёска Гай. У 1994 годзе 162 двары, 467 жыхароў”.
25.07.2012. Учора з Людай, з дзецьмі і Людзінай мамай адзначылі сваё срэбнае вяселле. Цешча ўспомніла, што пяць гадоў назад напісала пісьмо на радыё з просьбай павіншаваць Люду і мяне з 20-годдзем вяселля і перадаць для нас яе любімую песню. Песню перадалі, але не тую, што хацела цешча. Наш Максім, даведаўшыся, якую песню прасіла бабуля, пайшоў у іншы пакой і, знайшоўшы яе ў інтэрнэце, уключыў. Пачуўшы сваю любімую песню, цешча сказала: “Глядзі ты, праз пяць гадоў успомнілі!” і тут жа, пакінуўшы святочны стол, села бліжэй да выключанага тэлевізара і пачала слухаць. Мы з Людай і дзецьмі, усміхуўшыся, не сталі казаць, што песня гучыць з камп’ютара ў іншым пакоі…
03.11.2013. Лісце апала, і цяпер яблыкі на яблынях, як апошнія кроплі святла ў бацькоўскім садзе…