Івянчанка Ірына Багдановіч пасля заканчэння Беларускага медыцынскага ўніверсітэта маладым спецыялістам вярнулася на малую радзіму. Зараз яна працуе ўрачом-педыятрам Ракаўскай участковай бальніцы.
– Першы працоўны дзень прайшоў не так напружана, як я звычайна прывыкла, калі праходзіла інтэрнатуру. Было страшна, бо разумела, што ўся адказнасць кладзецца на мае плечы. Дзякаваць, што ёсць у каго запытацца, і гэта трошкі аблягчае сітуацыю.
– Як выбіралі прафесію?
– Не магу ўспомніць той момант, калі вырашыла стаць урачом. Чамусьці ў галаве заўсёды была думка вучыцца ў медыцынскім універсітэце. А пасля дзесьці на трэцім курсе матуля расказала, што я зусім маленькай – мне было 2-3 гады – на прыёме ва ўрача сказала, што буду педыятрам. Чаму? Бо ўрач заўважыла: “Вы пастаянна шмат хварэеце”. Я вырашыла, што яна злая, а я стану добрым доктарам.
– Наколькі ведаю, прахадныя балы ў медуніверсітэт адны з самых вялікіх?
– У школе мела харошы бал атэстата – у свой час ездзіла на прадметныя алімпіяды і досыць вынікова. Атрымала залаты медаль, але яго недастаткова – два гады займалася дадаткова па асноўных прадметах.
Вучыцца было няпроста. Такое паняцце, як сон, трэба забыцца, вольнага часу мала, нават у выхадныя, калі дома, у асноўным вучоба: некалькі гадзін перапынак і ізноў нешта чытаць. Калі пачалася клінічная кафедра, стала крыху лягчэй. А як бачыш, з чым табе даводзіцца працаваць, становіцца намнога цікавей. Калі вучылася, падпрацоўвала. І мне пашанцавала, бо з чацвёртага курса тры гады працавала ў аддзяленні, якое займалася прастудамі, таму было лягчэй выйсці на інтэрнатуру, чым некаторым маім знаёмым. На сёння не шкадую, што працую з дзеткамі. Дарослыя – гэта не маё.
– Як лічыце, чым адрозніваецца работа ўрача-педыятра ад урача-тэрапеўта?
– Мне падабаецца, як сказаў наш выкладчык: “Педыятр павінен быць заўсёды ў тэме ўсіх навінак у цацках і ўсіх навінак у мультфільмах. Інакш немагчыма знайсці агульную мову з маленькімі пацыентамі”. З ім цалкам пагаджуся.
– Вярнуліся на маленькую радзіму кваліфікаваным спецыялістам?
– Гэта той выпадак, калі дома і сцены дапамагаюць. У родным Івянцы месца свабоднага не было, таму размеркавалася ў Ракаўскую бальніцу і штодня езджу сюды на работу. Транспартныя зносіны добрыя – дабірацца трэба гадзіну і дзесяць хвілін. Хаця ў Ракаве мне выдзелілі пакой у інтэрнаце. На маім участку 1200 дзяцей ва ўзросце ад 0 да 17 гадоў. З 8.00 да 13.00 – прыём, а пасля палудня – візіты і работа з дакументацыяй.
– На Ваш погляд, што трэба рабіць, каб дзеткі менш хварэлі?
– Бацькам і ўрачам варта ўзаемадзейнічаць у тандэме: бацькам трэба прыслухоўвацца да таго, што кажа доктар, а нам своечасова падказаць бацькам, калі штосьці бачым. А самае важнае: каб дзіця было здаровае, яго трэба любіць.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА