Усё далей у гісторыю адыходзіць гераічная эпапея Вялікай Айчыннай вайны – самай жудаснай з усіх войнаў, якія перажыла мая родная Беларусь. Пра яе не апісаныя ў падручніку гісторыі аповеды я чула ў сваёй сям’і, у сям’і майго прадзядулі, які быў яе ўдзельнікам. Тады, у дзяцінстве, мне не было страшна, і тую першую экскурсію ў Хатынь яшчэ ў пачатковай школе я памятаю не зусім яўна. Таму сёлета, калі наш настаўнік Віктар Іванавіч Залатар аб’явіў пра чарговую паездку ў Хатынь, мы з аднакласнікамі палічылі, што гэта і будзе сапраўдны і непаўторны ўрок гісторыі.
Весела і хутка праляцеў час у дарозе, але калі аўтобус звярнуў з трасы Лагойск-Плешчаніцы на лясную асфальтаваную дарогу, у салоне стала ціха. Мы глядзелі на прыгожы заснежаны лес і думалі. Кожны думаў пра сваё і, як мне здаецца, яшчэ і пра сваю дарогу, дарогу жыцця. Якой яна будзе заўтра, калі мы перажывём выніковыя іспыты і выйдзем з роднай школы на новы свой шлях. Трывожна… Вельмі трывожна…
Вось удалечыні паказаліся абрысы Хатыні. Не, не той прыгожай беларускай вёскі, а сённяшняга мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.
Помнік “Непакораны чалавек” як бы вітае нас на дарозе да комплексу. Правобразам гэтай скульптуры паслужыў жыхар вёскі, які выжыў, каваль Іосіф Камінскі. Ён трымае на руках свайго памерлага сына. Цяжка ўявіць сабе, што перажыў бацька, убачыўшы, што сталася з маленькім хлопчыкам, які нікому не зрабіў нічога дрэннага.
Здаецца, так і застыла на вуснах пытанне: “За што? Чым вінаватыя дзеці?” Ды нічым. Проста нелюдзі хацелі паказаць усяму свету, што яны гаспадары на ўсёй зямлі.
Пякучым болем у сэрцы адгукаецца кожны звон. А іх 26 – роўна столькі, колькі было спалена хат. Журботна, гулка і трывожна звіняць хатынскія званы па загінуўшых… І, калі чую гэты звон, усё халадзее ўнутры, а цішыня, якая стаіць паміж гэтымі звонамі, здаецца злавеснай.
Моўчкі крочым далей па вуліцы Хатыні. Мяне зацікавіў адзін з фрагментаў мемарыяльнага комплексу “Могілкі вёсак”. Што гэта? Адказ на сваё пытанне я атрымала ў ходзе экскурсіі.
Акупанты знішчылі ў Беларусі, акрамя Хатыні, яшчэ тысячы вёсак разам з іх жыхарамі. Але адзіныя ў свеце могілкі вёсак можна ўбачыць толькі ў Беларусі. Магіла вёскі… Не аднаго чалавека, не двух, а ўсёй вёскі, у якой жылі дзясяткі і сотні людзей. Людзей, якія сеялі хлеб, гадавалі дзяцей і марылі пра лепшую будучыню.
Яшчэ вельмі страшна і балюча было бачыць у нішах “Сцяны памяці” дзіцячыя цацкі. Ну не павінны так бяздумна гінуць дзеці! Бо яны не зрабілі нічога дрэннага, яны не паспелі пазнаць жыццё. Гэта несправядліва. Дзеці – гэта будучыня любой краіны.
Хатынь – гэта не толькі боль па загінуўшых, але і гонар за мужнасць і стойкасць народа, гэта разуменне таго, які хісткі мір, бо ў наш час недастаткова любіць мір – трэба ўмець і быць гатовым яго абараняць.
Ганна САСТРАЎЧУК