Марына МАЛЯЎСКАЯ званне лепшага сацыяльнага работніка сёлета пацвердзіла, увайшоўшы ў тройку пераможцаў абласнога конкурсу.
–Вельмі прыемна, калі тваю працу заўважаюць і адзначаюць,– кажа Марына Феліксаўна.
Сацыяльны работнік даглядае 14 пажылых людзей, якія пражываюць у вёсках Сівіца і Вуглы Івянецкага сельсавета. За час яе работы колькасць абслугоўваемых на ўчастку павялічылася на 50 працэнтаў: на дадзены момант доглядам ахоплены 100 працэнтаў грамадзян, у тым ліку і тыя, што пражываюць у аддаленых і маланасеных пунктах.
– Усе мае падапечныя – харошыя людзі, – працягвае Марына Маляўская. – І хоць кожны са сваім лёсам, жыццёвымі абставінамі, характарам і нават норавам, падыход змагла да іх знайсці. Трэба быць пазітыўным чалавекам і любіць людзей. Трэба ўмець слухаць і размаўляць, не пакрыўдзіць словам.
Маючы штодзень зносіны з умудронымі жыццёвым вопытам людзьмі, яна шмат чаму навучылася, многае пераасэнсавала.
–Не раз задумваюся: чаму бацькі становяцца цяжарам для сваіх дзецей? – разважае Марына Феліксаўна. – Яны ўсё разумеюць і балюча ўспрымаюць, але ніколі не скардзяцца і не наракаюць – заўсёды стараюцца апраўдаць нашчадкаў, знайсці нейкія тлумачэнні. Яны ж нас гадавалі і не пакінулі, хаця клопатаў мы таксама шмат дастаўлялі. Трэба памятаць, што жыццё падмануць нельга: як мы ставімся да сваіх бацькоў, так і дзеці будуць ставіцца да нас у старасці.