Сярод работнікаў будаўніцтва на раённую Дошку гонару будзе занесены машыніст экскаватара 6 разраду Валожынскага ПМС Аляксандр РЫНКЕВІЧ.
Аляксандр Уладзіміравіч – адзін з самых вопытных работнікаў, у арганізацыі працуе з 1999 года. Калісьці ў нашым прафесійна-тэхнічным вучылішчы атрымаў дыплом трактарыста шырокага профілю. Пачынаў на трактары “МТЗ” – траляваў і вазіў лес на пілараму. Потым атрымаў 2 экскаватары, а нядаўна далі яшчэ трактар 3022. У сезон заняты перазалужэннем зямель, а зімой – чысціць каналы, разбірае завалы, што майструюць бабры на мастах. Цяпер асноўныя тры аб’екты – у Забрэззі, за Гарадзечнам і ў Даўбенях.
– Сваю працу люблю, больш падабаецца рабіць на экскаватары, – расказвае прафесіянал. – Як домікі будавалі, даводзілася катлаваны пад фундамент выкопваць, рыць траншэі пад падвод газу, вады, каналізацыі. Было шмат работы і па меліярацыі. У калектыве працавалі 200 чалавек – з раніцы ўся тэрыторыя тэхнікай была застаўлена. За дзесяцігоддзі прадпрыемства перажывала розныя часы – і заняпад, і ажыўленне. Цяпер работа ёсць, заработную плату сталі плаціць большую – усё гэта надае надзею. Проста не варта сумаваць – трэба рабіць сваю работу сумленна і якасна, а ўсё астатняе наладзіцца. У нас жа спецыфічная работа. Людзі па абывацельску думаюць, што меліярацыя нікому не патрэбна, і толькі той, хто ёй займаецца, разумее: без меліярацыі затапіла б паўраёна. А тут адзін нічога не зробіш. І мая працоўная перамога – гэта заслуга ўсяго калектыву.