Анатолій Сямёнавіч Краўчонак ураджэнец Вілейскага раёна большую частку жыцця прысвяціў Валожыншчыне. Амаль 40 гадоў адпрацаваў галоўным ветэрынарным урачом: палову з іх у колішнім калгасе імя Леніна – дарэчы, адзінай з 27-і на той час гаспадарцы-мільянеры (!), а пасля 18 гадоў узначальваў ветэрынарную службу раёна.
Ветэрынарыя стала для вясковага хлопца не проста прызваннем – ён ёй жыў. Сумяшчаючы тэорыю з практыкай, штодня прыходзіў да больш глыбокай высновы – абгрунтаванай, падмацаванай назіраннем, вывучэннем, асэнсаваннем і адпаведнымі вывадамі. Граматны, адказны, правільны, справядлівы і адначасова просты і адкрыты. Анатолій Сямёнавіч не любіў хлусні і бачыў падманшчыкаў навылёт. Казаў так: “Ты мне праўду кажы і будзем думаць, што рабіць далей”. Становішча выпраўлялі разам і атрымлівалі цудоўныя вынікі. Дзякуючы ім, стаў удзельнікам IV Усесаюзнага з’езда калгаснікаў, які праходзіў у Маскве ў Крамлі ў сакавіку 1988 года. Як рэліквію захоўвае залаты наручны гадзіннік, уручаны там: ён спраўна, без збояў “цікае” па сённяшні дзень, бо зроблены са знакам якасці, як і большасць тавараў савецкага часу. За плённую працу галоўны ветэрынар мае шмат падзяк і грамат ад раённай і абласной улады.
А. С. Краўчонак нарадзіўся ў вёсцы Забор’е Вілейскага раёна ў сялянскай сям’і: бацька працаваў шафёрам на аўталаўцы, маці – цялятніцай у калгасе, вельмі працавітай, пры гэтым з’яўлялася дэпутатам сельсавета, карысталася вялікай павагай у акрузе. Абое франтавікі: бацька вызваляў Калінінград, маці была ў партызанах. Акрамя яго, гадаваўся брат – на сем гадоў маладзейшы. Жылі разам з дзедам Сцяпанам (па бацькавай лініі) у адной хаце. Таму ўсім “прамудрасцям” жыцця навучаў дзед: меў 8 унукаў, Анатоль – самы старэйшы. Можа, і не моцна падабалася хлапчуку дзедава “выхаванне”, бо ў 7 гадоў ён ужо мог хадзіць за плугам і баранаваць, касіць і кляпаць касу. А так хацелася разам з аднавясковай дзетварой пабегаць-пагуляць, на рэчку схадзіць! Аднак існавала правіла, якое дзейнічала безадмоўна і начыста выкрэслівала з галавы мроі-жаданні: калі навука пойдзе туга, паможа бацькава папруга. Сёння з усмешкай успамінае: “Хоць зрэдку, але давялося пакаштаваць яе “смаку”.
Вучыўся ў Забор’еўскай васьмігодцы, да ведаў быў здатны: асноўныя прадметы, якія спатрэбіліся ў далейшым, – матэматыка, хімія, біялогія – даваліся лёгка. Пытанне: кім стаць, не паўставала, бо на тэрыторыі іх Ільянскага сельсавета знаходзіўся ветэрынарны тэхнікум, і амаль уся моладзь адразу пасля школы ішла туды атрымліваць спецыяльнасць. Так зрабіў і ён. Да таго ж прачытаў калісьці на плакаце словы акадэміка Паўлава: “Медыцынскі ўрач лечыць чалавека, а ветэрынарны – чалавецтва”. Гэтыя словы і сталі галоўнай устаноўкай у прафесійным станаўленні.
“Размеркавалі мяне на ветэрынарны ўчастак у Любанскі раён, дзе адпрацаваў 8 месяцаў, і забралі ў армію, – распавядае Анатолій Сямёнавіч. – Патрапіў у Маскву ў падраздзяленне аховы ваенных аб’ектаў, дзе службу разам з людзьмі неслі паўтары тысячы аўчарак. Вось тут прафесійныя навыкі вельмі спатрэбіліся. Вучэбку скончыў на выдатна і далей вярнуўся ў родную Беларусь: быў камандзірам аддзялення службовых каравульных сабак. У падпарадкаванні меў 40 чатырохногіх памочнікаў і 15 чалавек узвода. Звольніўся ў званні старшага сяржанта.
Далей была праца загадчыка Хоўхлаўскага ветэрынарнага ўчастка Маладзечанскага раёна, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Яўгеніяй Адамаўнай, якая прыехала ў вёску Ермакі ў васьмігадовую школу настаўніцай біялогіі. Адначасова паступіў на завочнае аддзяленне ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Жылі ў будынку ветэрынарнага ўчастка, але неўзабаве яго закрылі. Таму давялося “ісці ў прымы”: жончыны бацькі пражывалі ў вёсцы Крыніца – вось так і патрапіў у наш раён.
Уладкаваўся на работу ў Валожынскую лячэбніцу: размяшчалася яна па вуліцы Пушкіна. Адпрацаваўшы чатыры гады, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Мікалай Данілавіч Лебедзеў параіў старшыні калгаса імя Леніна Міхаілу Іванавічу Уласіку забраць мяне да сябе галоўным ветэрынарным урачом. Талковы, патрабавальны кіраўнік быў – калі ты паабяцаў штосьці зрабіць, павінен выканаць, не лгаць, бо ён такога не любіў.
У гаспадарцы налічвалася 1200 галоў дойнага статка: малочнатаварныя фермы былі ў Белакорцы, Руме, Макараўцы і ў Бяляках, меліся адкормачнікі для бычкоў, дзве свінафермы. Дапамагалі мне ветурачы і спецыялісты. Трымалі дысцыпліну: за зіму ў Руме і ў Белакорцы не прападзе ніводнага цяляці. Яго пасля ацёла трэба напаіць на працягу адной гадзіны – не пазней. Чаму? Бо ў малодзіве знаходзяцца імунныя целы, якія ў далейшым засцерагаюць маладняк ад хвароб. Як гэта рабілася? Тады ж усе работнікі на фермах былі мясцовыя. Дык вось, вартаўнік уначы ішоў дадому за даяркай, каб паведаміць, што яе кароўка ацялілася. А як ёсць ацёлы – дык будзе і малако. Поспех у рабоце залежыць ад граматнасці кадраў – ведання, што адбываецца ў арганізме жывёлы, і строгага выканання тэхналогіі.
Яшчэ адзін важны складальнік добрых вынікаў – кармленне маладняку. Увогуле, усё вельмі цікава. У жывёлы, як і ў людзей, ёсць тыпы нервовай дзейнасці: халерык – самы яры такі, флегматык, меланхолік, сангвінік. І калі пры ўзважванні бачыш, што ў аднаго цяляці прывагі за месяц складаюць кілаграм, а ў іншага – 500 грамаў, іх трэба сартаваць па групах. Бо жвавы і бойкі прыйшоў, наеўся, ляжыць і жвакуе, а спакойны пакуль праціснецца да карыта, дык і есці няма чаго. Вось адсюль і пачынаецца жывёлагадоўля. Таму, будучы ўжо галоўным ветэрынарным урачом раёна, ездзіў па фермах і за гэтым сачыў. Бо падзеж тады на каго спішуць? Доктар вінаваты. А прычым тут доктар? Ёсць жа цялятніца, загадчык фермы: узважвай, параўноўвай і тасуй, як кажуць, “па масці”.
У 1994 годзе А. С. Краўчонак узначаліў ветэрынарную службу Валожыншчыны. Раённая ветэрынарная станцыя, як і зараз, размяшчалася ў Ганчарах. На той час у грамадскім статку налічвалася 12 тысяч лейкозных кароў, выяўляліся выпадкі і ў прыватным сектары. Гэта з’яўлялася сапраўднай праблемай, бо хвароба перадавалася чалавеку. Дзякуючы прафесійнаму і, можна сказаць, досыць жорсткаму падыходу праз год знайшлі толькі 2 лейкозныя цялушкі. Чатыры фермы былі туберкулёзныя – выправіць сітуацыю ўдалося, але не так хутка.
Самае важнае ў рабоце галоўнага ветэрынарнага ўрача – недапушчэнне інфекцыйных захворванняў, захаванаць пагалоўя, аднаўленне статка на высокім узроўні і прывагі. Яго часта запрашалі выступаць з гутаркамі перад работнікамі сельгаспрадпрыемстваў: расказваў проста і даступна – так, як па жыцці павінна быць. “Прыязджаў на ферму, ішоў па радзе і “чытаў” кожную жывёлу: вось гэта недаеўшы, а гэта – недапіўшы, – расказвае Анатолій Сямёнавіч. – Браў даярку і з ёй абследаваў карову, як кажуць, з галавы да ног. Я – за праўду: тут не схаваеш нічога, бо ў далейшым яно вылезе бокам. Ды і не салжэш мне – усё прайшоў-прапусціў праз свае рукі”.
Яшчэ адной заслугай А. С. Краўчонка стала адкрыццё чатырох ветэрынарных участковых лячэбніц, якіх дагэтуль не існавала: у Ракаве, Івянцы, Вішневе і Валожыне. На іх працавалі загадчык і ветфельчар, адказвалі за замацаваныя за імі гаспадаркі. Яны і з’яўляліся правай рукой галоўнага ветурача. Як вынік глыбокага і ўдумлівага падыходу да справы ў 2008 годзе наш раён са 118 раёнаў у рэспубліцы заняў 34-е месца па вытворчасці малака.
…За працай, штодзённымі клопатамі праляцелі гады – цікавыя, часам вельмі складаныя, але разам з тым плённыя, насычаныя маленькімі “адкрыццямі і подзвігамі”, якія бачыў і разумеў толькі прафесіянал, да канца аддадзены любімай справе. Чалавек гонару і годнасці, А. С. Краўчонак дасягнуў усяго сваім розумам, імкненнем і жаданнем прыносіць карысць Чалавецтву. Такое было пакаленне. І нізкі яму паклон! Шаноўны Анатолій Сямёнавіч!
Алена ЗАЛЕСКАЯ