85 лет Минской области

Ён жа наш, ракаўскі!

Наўрад ці хто возьмецца аспрэчыць той факт, што былое мястэчка, зараз аграгарадок Ракаў – незвычайны, загадкавы, поўны таямніц і легенд населены пункт, дзе дух даўніны цудоўным чынам суседнічае з сучаснасцю, абагачае яе. Таму ўсё новае нібыта сілкуецца набыткамі мінулага. Тут жылі і жывуць дзеячы мастацтва і навукоўцы, урачы і педагогі, дзяржаўныя служачыя і індывідуальныя прадпрымальнікі, сяляне і рабочыя – цікавыя людзі, якія праслаўляюць не толькі малую радзіму, але і ўсю краіну.

Гэта зямля ўзгадавала і вядомага беларускага акцёра Анатолія Голуба. Сёння ён, карэнны ракаўчанін, падзеліцца з вамі, паважаныя чытачы, некаторымі ўспамінамі, думкамі, сакрэтамі.

– Анатолій Вячаслававіч, дзень добры! Прывітанне ад калектыву раённай газеты і Вашых прыхільнікаў, якія, дарэчы, і падказалі мне ідэю інтэрв’ю. Адразу прызнаюся: даўно знаёма з Вашай творчасцю, не аднойчы бачыла акцёра Голуба на сцэне, аднак да нядаўняга часу не ведала, што мы землякі.
– А я, між іншым, падчас кожнай сустрэчы з прадстаўнікамі прэсы падкрэсліваю сваю прыналежнасць да Ракава. Няхай не крыўдуюць жыхары раёна, аднак Валожыншчыну добра не ведаю. Родную ж вёску, якая зараз так гучна называецца аграгарадком, люблю ўсім сэрцам, аддана і шчыра. Не магу сказаць, што з той пары, як вылецеў з бацькоўскага гнязда, планаваў тут жыць. Безумоўна, асноўныя вехі маёй біяграфіі склаліся ў прывязцы да сталіцы. Аднак сёння менавіта ў Ракаве – мой дом, і я не ўяўляю для сябе лепшага месца. Магчыма, яно ёсць, аднак шукаць яго ўжо не буду.

– Давайце пра дом. Ведаеце, я калі ехала да Вас, старалася ўявіць яго. Дапускала, што чалавек творчай прафесіі ўзвёў штосьці моцна экстравагантнае, нават эпатажнае… А тут – такое!

 – Драўляны дом з самага сапраўднага бярвення – даўняя мара. І каб унутры – ніякай аздобы. Толькі дрэва, яго натуральная прыгажосць, яго непаўторны водар. Часта кажу, што будаваў жыллё амаль сваімі рукамі, бо ідэі, прыдумкі, кантроль за іх увасабленнем – мае. Ну, а што тычыцца мэблі, тут і аўтар эскізаў, і майстар – Анатолій Голуб. Запытаеце, як здолеў гэта зрабіць неспецыяліст? Музу добрую маю. Вось яна – жонка Ганна. Гэта чалавек, якому я абавязаны ўсім, у першую чаргу самым галоўным – яна падарыла мне дзяцей.

 – Можа спачатку раскажаце пра тых, хто падарыў жыццё Вам?

 – З простых, вельмі простых людзей я. Бацькі – са шматдзетных сем’яў. У дзяцінстве часта бываў у бабулі і дзядулі, якія жылі на хутары. Электрычнасці там не было, аднак вечары з газавай лямпай ва ўтульнай іх хаце – адзін з лепшых успамінаў юных гадоў. Добра помню і смак саек, якія выпякаліся ў пякарні, дзе працавала мама, якая, на шчасце, і зараз побач са мной. Я, можна сказаць, пабудаваўся на яе агародзе. Праўда, матуля мой дом лічыць дзіўным. Таты даўно няма. Ён працаваў зваршчыкам, рукасты быў. Відаць, менавіта па ім я такі малайчына, асабліва калі завітае натхненне. Шчыра скажу: мы, людзі творчых прафесій, характары маем не залатыя, можам пагарачыцца ці, наадварот, упасці  ў  дэпрэсію.

 – Ну вось і падышлі да творчасці. Адкуль акцёрскі талент у вясковага хлапчука?

– Дасталіся нядрэнныя гены. Бацька, напрыклад, лічыўся выдатным вясельным музыкантам. У той час гэта было штосьці… Скрыпка, цымбалы, гармонік і барабан. Рэзалі дык рэзалі! Я таксама нейкі час з’яўляўся прадаўжальнікам “лабухаўскай” справы. Даволі рана асвоіў гітару, а пасля адчуў, што магу спяваць. У школе з сябрамі стварылі групу – сапраўдны ВІА. Пасля таго, як спонсары купілі апаратуру, зараблялі нядрэнныя грошы.

 – Сваё дзяцінства лічыце шчаслівым?

– Яшчэ якім! Школу, настаўнікаў, сяброў успамінаю з задавальненнем. Усіх люблю, усім удзячны. Я быў актывістам. Спачатку трохі вучыцца не хацеў, але музычная “кар’ера” і спорт зрабілі з лайдака чалавека. Дзесьці з сярэдніх класаў заваяваў даволі трывалы аўтарытэт. Удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах. У маім асабістым архіве маецца рарытэтны малюнак, на якім аднакласніца Ліза Лямбовіч занатавала, як мы з адной сяброўкай выконваем іспанскі танец. Думаю, хапіла б розуму і энергіі знайсці сябе ў многіх сферах, аднак вакол мяне нібы згушчалася энергія творчасці. Педагогі, сябры, знаёмыя інакш, як артыстам, не называлі.

– У тэатральна-мастацкім інстытуце было цяжка?

– І цяжкавата, і цікава адначасова. Я ж нічога не ўмеў. Дапамагалі няўрымслівасць і непасрэднасць. У тэатральных інстытутах навучанне амаль індывідуальнае. Да гэтага трэба прывыкнуць. Большасць будучых творцаў засяроджваюцца на прафесійных дысцыплінах. А мне дык і агульнаадукацыйныя прадметы падабаліся. Добра падрос як асоба, дзякуючы гісторыі мастацтваў. Сваім педагогам, асабліва кіраўніку курса Андрэю Андросіку, шчыра ўдзячны за класічную адукацыю. Гэта падмурак маёй любімай справы, якой захоўваю вернасць, хоць спрабаваў сілы і ў іншых сферах. Ведаеце, я нядрэнны менеджар. Мог бы ў бізнесе далёка пайсці, але акцёр, які трывала засеў у душы, не адпускае. Відаць, ужо і не адпусціць.

    – І правільна зробіць! Я бачыла Ваш спектакль “Камедыя”. Хто б яшчэ так сыграў небараку Дзям’яна? Сябе, дарэчы, больш адносіце да тэатральных акцёраў ці ўсё ж –  кіношнік?

    – Проста акцёр. Параноўваць тэатр і кіно – гэта як параўноўваць зямлю і неба. На шчасце, магу ўсё. У мяне часта пытаюцца пра амбіцыі. Маўляў, чаму не з’ехаў у Маскву, там бы мог займець славу. А я не хачу. І не хацеў ніколі. Мяне ўсё задавальняе. Работы таму, хто хоча і здольны працаваць, заўсёды хапае. А заробкі… Я не сквапны. Мне і маім дзяўчатам хапае. Думаю, што, дасягнуўшы ўзросту дзвюх пяцёрак, заслужыў сабе права жыць душой і целам у камфорце. Люблю і моцную занятасць, і перыяды, калі магу дазволіць сабе пабыць дома, адпачыць, папрацаваць рукамі.

– І ўсё ж у каментарыях да інтэрв’ю з Вамі прачытала, як прыхільнікі абураюцца, што адораны прафесіянал, які ў тэатры іграе Чацкага з “Гора ад розуму”, увасабляе вобраз чэхаўскага дзядзькі Вані, у серыялах даволі часта выконвае ролі другога плана…

– Рады, што тыя, хто мяне ведае, хацелі б бачыць Анатолія Голуба толькі ў  значных ролях. Я ж упэўнены: людзям маёй прафесіі неабходна цаніць тое, што прапаноўваецца. У мяне  пад 200 роляў,  у тым ліку ў тэатрах (альтэрнатыўны, тэатр-студыя кінаакцёра, імя Горкага, сучаснай драматургіі), маё любімае радыё “Рокс-М”, канцэрты… Што б было, каб сядзеў без работы і чакаў магчымасці праявіць сваю геніяльнасць у вялікім творы? Маўляў, куды мне, такому адоранаму, далёка не самы значны вобраз? А на такіх персанажах, каб Вы ведалі, і ўдаскальваеш майстэрства. У маёй фільмаграфіі – цэлы шэраг мярзотнікаў. І ўсе яны розныя. Там жа ёсць што іграць!

 – Чула, як Вы спяваеце. Ганарыцеся гэтым уменнем?

— Увогуле ганаруся сваімі здольнасцямі. Спяваючыя акцёры ў нашым цэху – асаблівая каста. Ведаеце, як добра тым, хто спявае, падчас сустрэч з гледачамі! Я – адзін з пераможцаў конкурсу імя Андрэя Міронава “Спяваюць акцёры”. У кіно таксама спяваў, ды і на сцэне даводзілася. На экране ўпершыню з’явіўся менавіта ў вобразе музыканта – з гітарай. Гэта была вядомая казка Леаніда Нячаева “Не пакідай”. Толькі ў худым доўгавалосым юнаку мяне зараз пазнаць немагчыма.

 – З Вашых персанажаў у ваеннай форме, напэўна, можна сабраць цэлую роту…

– Не ведаю наконт роты, аднак іх на самай справе шмат. І даюцца яны мне без цяжкасці. Ведаеце чаму? Я  ж былы салдат! Усё як належыць – два гады тэрміновай службы. Армія стала добрай школай жыцця. Пабыў механікам-вадзіцелем, спяваў у хоры, маляваў карты і схемы… Хіба гэта лішняе? Спадзяюся, жыццё будзе доўгім. Раптам спатрэбіцца.

 – Вы пішаце вершы, музыку… Натхненне наведваецца часта?

– Хапае мне таго натхнення. На самай справе мог бы, як кажуць, страчыць без перапынку, аднак – навошта? Проста дзеля таго, каб грузіць кагосьці тым, які я творчы? Мне такое не патрэбна. Я даўно ў ладзе са сваімі здольнасцямі, магчымасцямі, амбіцыямі. Карацей гаворачы,  рэаліст. Добра адчуваю імклівасць часу, разумею, што не маладзею, таму імкнуся атрымліваць асалоду ад кожнага імгнення. Хачу любіць сваіх блізкіх і каб яны любілі мяне, рабіць тое, што жадае душа, і ніколі не траціць сілы на прабіванне сцен, якія прабіць немагчыма. Усіх грошай не заробіш, усіх званняў не збярэш…

– У Інтэрнэце прачытала пра Вашы ўзнагароды. Якая самая дарагая?

– Усе, хоць асаблівага значэння ім не надаю. Большасць – за творчасць. Але ёсць і незвычайная – медаль “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АС”. Трапіў туды ў час службы. Не магу сказаць, што ўспаміны прыемныя. Аднак яны – старонка маёй біяграфіі.

 – Маеце дзвюх дачок. Як лічыце, яны могуць захварэць бацькавай прафесіяй?

 – Могуць, канешне. Таленавітыя абедзве. І разумныя. Я адгаворваць не буду, але хацеў бы, каб на акцёрства стаўку не рабілі. Цяжкая прафесія, нервовая, не стабільная… Каб даказаць, што чагосьці варты, неабходна ахвяраваць многім. Я, напрыклад, сваё асабістае шчасце, дом, сям’ю займеў даволі позна. Шчаслівы, што Усявышні паслаў мне цудоўную жонку. Вось хто разумее мяне на 100 працэнтаў. Яна і сама з нашай індустрыі, але дзеля таго, каб годна гадаваць дзяцей і мяне любімага, закінула прафесійныя амбіцыі, працуе ў ракаўскай бібліятэцы, на высокім узроўні вядзе нашу гаспадарку, з’яўляецца маім асабістым псіхолагам, дарадцам, плячом, на якое можна аперціся ці на ім жа паплакаць.

 – Многія акцёры любяць расказваць байкі. Вы таксама?

 – А як жа! Раскажу, як у дзяцінстве, яшчэ падлеткам зрабіў спробу пазнаёміцца з іншымі мясцінамі Валожыншчыны. З’явілася магчымасць паехаць у летні лагер у Сакаўшчыну. Месца добрае, аднак мне не вельмі спадабаўся адпачынак – мала згушчонкі ўзяў. Моцна любіў гэты прадукт-антыстрэс. Каб затарыцца, вырашыў скарыстаць чахол ад акардэона, бо чамадан быў малаваты. Уяўляеце, колькі бляшанак прыпёр з сабой? Я надта ўпарты быў, не хацеў хадзіць па струнцы, важатых не слухаў, за што добра атрымліваў, а затым здымаў стрэс  згушчонкай. Як усю з’еў, так зразумеў, што пара “рабіць ногі”, а тут яшчэ адна з важатых прычапілася: “Хлопчык з акардэонам, ну калі ты нам сыграеш?” Карацей, уцёк я.

 – Калі любіце даваць парады, можа штосьці параіце нашым чытачам?

 – О, у гэтым я прафесіянал. Мудрэйшы з мудрэйшых! Мне і сапраўды здаецца, што ў большасці выпадкаў ведаю, як і што каму належыць рабіць. За парады ўзнагароды не бяру. І з вас не вазьму, а параю наступнае: не ўпускайце ў сваё жыццё таксічных людзей, бо, акрамя атруты для душы, яны вам нічога не дадуць. Незважаючы на тое, кім яны даводзяцца, уцікайце ад іх як мага хутчэй і далей. Абяцаю: жыццё адразу стане гарманічным.

 – Дзякуй, Анатолій Вячаслававіч! Творчага поспеху Вам і сямейнага дабрабыту!