Сёлетні год – юбілейны для калектыву раёнкі: 10 кастрычніка спаўняецца 85 гадоў з моманту выхаду першага нумара газеты.
За гэтай датай стаіць надзвычай багатая і насычаная гісторыя выдання, якую стваралі людзі. Гэта яны ў любое надвор’е, ды і ў любую пару года выконвалі рэдакцыйныя заданні – здабывалі патрэбную інфармацыю, аналізавалі яе, а пасля, перажываючы самыя салодкія мукі – мукі творчасці, выкладалі свае думкі на паперы. Які ж аглушальны строкат друкаваных машынак стаяў тады ў кабінетах!
Калектыў раёнкі ля адміністрацыйнага будынка (плошча Свабоды, 4), дзе размяшчалася рэдакцыя больш за сорак гадоў: 1981-1982 гады
Магчыма, нашым папярэднікам працавалася прасцей – у тым сэнсе, што іх работа была больш запатрабавана. Нездарма ж тыражы раёнкі білі ўсе рэкорды. Самы “ўраджайны” – 1978-ы, калі колькасць падпісчыкаў дасягнула 9700 і трымалася, лічы, на адным узроўні да 1990 года.
Аб такой колькасці экземпляраў сёння можна толькі марыць. У наш век камп’ютэрызацыі і інтэрнэту газета не надта ў пашане. Падпісваюцца на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі не вельмі ахвотна. За кожны падпісны экземпляр даводзіцца пазмагацца. Але, дзякуй Богу, ёсць кагорта аддадзеных прыхільнікаў – і іх шмат. Яны па-ранейшаму аддаюць перавагу інфармацыі ў друкаваным выглядзе, каб вагу яе можна было адчуць у далонях, каб можна было пагартаць старонкі, удыхнуць галавакружны пах друкарнай фарбы.
Ведаеце, да гэтай пары кожны свежы нумар “Працоўнай славы”, прывезенай з друкарні, бяру з хваляваннем, пашанай і цеплынёй. Хаця, здавалася б, можна было б і прывыкнуць. Але ж – не прывыкаецца! Як пісаў паэт: “Времена не выбирают – в них живут и умирают”.
Вось і мы – цяперашнія працаславаўцы – стараемся трымаць марку сваіх папярэднікаў. За апошні час калектыў змяніўся на палову, і працаваць “навічкам” ой як няпроста! Калісьці мэтр газетнага слова, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ветэран журналістыкі Сямён Ісакавіч Штэйнер вельмі трапна казаў: “Інфармацыя ляжыць пад нагамі – яе толькі трэба заўважыць і падняць”. Рэаліі сённяшняга дня патрабуюць ад карэспандэнта, лічы, імгненных дзеянняў: заўважыў, сфатаграфаваў, накіраваў на рэдакцыйны месенджар і напісаў. Усё робіцца ў рэжыме анлайн. Такія патрабаванні вірлівага часу і пакалення next. І з пастаўленай задачай калектыў выдатна спраўляецца!
Рэдакцыйная кухня вельмі насычаная і цікавая: работнікі “Працоўнай славы” жывуць ад чацвярга да чацвярга – у гэты дзень газета накіроўваецца ў друкарню, і пачынаецца планаванне новага нумара.
Газетная справа трымаецца на пастаянным пошуку цікавых падзей, незвычайных фактаў і, безумоўна ж, на ініцыятыве. Ужо пасля палудня ў чацвер, а, бывае, і ў пятніцу зранку ідзе сбор інфармацыі для напісання матэрыялаў. Рэдка, але бывае, што ў панядзелак некалькі газетных старонак ужо гатовы. А іх жа 20-ць! У асноўным свае нататкі, замалёўкі, карэспандэнцыі, артыкулы журналісты пачынаюць аддаваць у панядзелак, асабліва масава – у аўторак і сераду. Тады ж, у сераду, разгортваецца канчатковае “звядзенне” газеты, афармленне яе ў новы інфармацыйны прадукт. Надараецца ўсялякае. Бывае і так, што ў апошні момант “вымалёўваецца” якая-небудзь важная тэма, якую неабходна тэрмінова асвятліць у нумары. Паверце, “папацець” даводзіцца добра!
Заспакаенне прыходзіць толькі тады, калі апошняя старонка накіравана ў друкарню.
Колішні рэдактар Таццяна Алексееўна Шаблыка мудра казала: “Газета жыве адзін дзень”. Гэта значыць, у пятніцу, калі чытач атрымлівае свежы нумар. А ў ім – жыццё Валожыншчыны: падзеі, факты, каментарыі, людзі і лёсы. На наступны дзень – гэта ўжо гісторыя, якую годна робіць “Працоўная слава”!
Гісторыю ствараюць людзі. Так і ў раёнцы: нямала тых, хто прыйшоў сюды адразу ж пасля атрымання дыплома і застаўся адданым прафесіі ўсё працоўнае жыццё. Любіў сваю работу, гарэў ёй. І пры гэтым у кожнага журналіста быў свой “почырк”, стыль напісання, знаёмы і зразумелы ўжо па першых радках. Для кожнага, хто працаваў у свой час у газеце, рэдакцыя стала другім домам. Бо творчы калектыў – гэта своеасаблівая атмасфера, вельмі трапна апісаная ў гімне журналістаў:
Правде в жизни верные во всем,
Этой правды негасимый свет
От своих блокнотов донесем
До потомков через толщу лет.
Трое суток шагать, трое суток не спать
Ради нескольких строчек в газете:
Если снова начать, я бы выбрал опять
Бесконечные хлопоты эти.
Алена Залеская